«Што за фікцыя?», «Неабачлівая ветлівасць», «Паштавікі ўсё могуць», «Каханне і залікі».

ШТО ЗА ФІКЦЫЯ?

 

Усе малыя цікаўныя. Яны хочуць рабіць, як дарослыя.

 

Яну Радзюкевічу пяць гадоў. У аўтобусе маці дастае квіток.

 

— Йа-а! Я хачу прабіць! — адразу вырвалася ў малога.

 

Маці дазволіла. Каб дацягнуцца, малы стаў каленьмі на крэсла. Дарослыя з лёгкасцю ціснуць на кампосцер. Ян зрабіў тое ж. Кампосцер дужэй за яго, квіток ацалеў. Без роздуму малы ўдарыў па ім. Прабіў білет. Шчаслівы ад поспеху, ударыў другі раз. Не зразумеў, чаму мама крычала: “Не бі двойчы!”.

 

— Нельга прабіваць другі раз, цётка кантралёрка падумае, што квіток выкарыстаны, стары, — матчыны словы былі першай навукай хлопчыку пра кантралёра.

 

Чамусьці менавіта ў гэты час яна з’явілася. Ян памятае яе заяўленне дасюль. Яна была вышэй за яго ў два разы. Таўсцей разоў у восем. Праціскваючыся ў праходзе, штурхаючы пасажыраў, галасістая падышла да маці.

 

Праз гады ён зразумеў: кантралёрцы трэба было захапаць адпаведную колькасць “зайцаў”.

 

— У вас што за фікцыя?

 

Па квітку бачна, што ён прабіты, хоць і двойчы, але адным кампосцерам. Пра старанне малога дружна сведчылі пасажыры.

 

Усё было марна. Да фікцыяў пасажыраў кантралёрка прывыкла, нікога не чула. Прабіць новы білет хітрай ашуканцы-пасажырцы з дзіцем рэзонна не дазволіла.

 

Вынік — патрапаныя матчыны нервы. Яну, наадварот было надта цікава з’ездзіць у міліцыю, паглядзець, як маці выплачвала штраф, паслухаць абсалютна невінаватых сталых людзей. Ужо ў тым маладзюсенькім узросце пераканацца, як могуць на абсалютна роўным ціхім месцы ствараць фікцыі разумныя адказныя людзі. Як пасля таленавіта яны выкручваюцца, не прымаюць ніякія доказы сведкаў, двурушна даказваюць інструкцыйную праўду.

 

НЕАБАЧЛІВАЯ ВЕТЛІВАСЦЬ

 

У аўтобусе Ян Радзюкевіч прабіў талон, агледзеўся. Ехаць далёка, ён адразу плюхнуўся на вольнае крэсла. Праз два прыпынкі ўзняўся, саступіў месца прыгожай інтэлігентнай жанчынцы гадоў пад пяцьдзесят:

 

— Садзіцеся, калі ласка.

 

У танклявіцы, да якой звяртаўся хлопец, змяніўся позірк, твар выцягнуўся. Замест падзякі яна абуральна выдыхнула:

 

— Няўжо я падобна на старую?

 

Васьмікласнік спачатку не зразумеў, што ёй не спадабалася.

 

— Не, вы глядзіце! Ён “садзіцеся” кажа! Можа, мяне цяпер ужо на пенсію адправіш? Ты ведаеш, колькі мне гадоў?

 

— Не ведаю, канешне…

 

— Дык чаго мяне за бабку прымаеш? Табе падабаецца здзеквацца з дарослых?Хлопец моўчкі пашыўся ў другі канец аўтобуса, здзіўлена буркнуў “прабачце”. Жанчына яго не чула. Не супынялася. Да яе далучыліся суседкі. Палка абмяркоўвалі сучасную моладзь. Нават прыстойны жэст маладыя ўхітрацца ператварыць у здзек.

 

Для большасці людзей з аўтобуса здарэнне ператварылася ў вясёлае мерапрыемства сярод паўсядзённай шэрасці, для Яна Радзюкевіча — у чарговае расчараванне пакаленнем, якое так імкнецца вучыць і выхоўваць. Тупыя дарослыя тупа далдонілі абы-што.

 

ПАШТАВІКІ ЎСЁ МОГУЦЬ

 

 Мы з сябрам загадзя дамовіліся пра ўсё. Перапісваемся мы даўно, адзін аднаму шлём кнігі, дыскі. Амаль заўжды пошта прыходзіць са сціплаю паметкаю — “пашкоджана пры перасылцы”, “атрымана ў пашкоджаным выглядзе”.

 

Мы намерыліся праверыць паштавікоў. Толькі не прадбачылі сур’ёзнасці задумы.

 

Ён пісаў да мяне ліст. Звычайны ліст, як шэраг іншых. Апрача ліста з тэкстам у канверт паклаў дзесяць даляраў, на якіх акуратна, тоўстымі вялікімі літарамі вывеў: “ХАБАР”. Усім вядома, што на пошце нярэдка працуюць умекі з вялікай прагай да спажывы за кошт кліентаў. Такія даглядакі не могуць прапусціць незаўважна канверт з грашыма.

 

Атрыманы ліст я агледзеў. Усё быццам добра. Патэлефанаваў сябру, даведаўся, што грашовая папера ў атрыманым лісце ляжыць не тым бокам, якім яе паклаў сябар. Эксперымент удаўся! Іншых доказаў і не трэба.

 

Пятрусь і два прыяцелі ведалі, як заварочвалі дзесяць даляраў у ліст-пісьмо.

 

Нешта не спадабаліся нашыя грошы супрацоўнікам пошты — не ўзялі.

 

Калі б на гэтым усё скончылася, я быў бы рады. Так здарылася, што праз тыдняў колькі на працы мне прапанавалі новае месца. Болей аплатнае. Згадзіўся з радасцю.

 

Нечакана я атрымаў позву з’явіцца да следчага ў міліцыю. Глупства зялёнае! Памылка! Не пайшоў. Прыйшла другая позва.

 

— Вы не памыліліся? — званю. На працы выслужваюся. Сяджу запазна. Няма часу з дзеўкаю сустрэцца, а тут…

 

— Фінансавая праблема. Трэба разабрацца. — Адразу пагроза: — Не прыдзеце ў прызначаны тэрмін — напішам пісьмо ў таварыства, вызваляць для прыходу да нас.

 

— Напішаце на сваім бланку?

 

— У нас другіх няма.

 

Знайшлося ў іх некалькі сведкаў. Адзін з іх паштавік. Яны ўсё могуць. Даказваюць, што неаднаразова я атрымліваў хабар у канверце. Наш жарт згуляў супраць нас.

 

Мяне яшчэ не звольнілі. Але адносіны з калегамі сталі напружаныя. Яны нібыта мяне ў чымсьці падазраюць, у вольную хвілю не заўважаюць.

 

Хачацца спадзявацца, што судовая справа ўсё верне на сваё месца. Мілітошы ўсё хацелі спусціць на тармазах. Паступіў сігнал, мы праверылі. Але загарэлася наша самалюбства. У нас ёсць сведкі з абодвух бакоў. Няхай клявузнік-паштавік заплаціць штраф і кампенсацыю. Як растлумачыць суддзі, што сябар слаў толькі дзесяць даляраў і што гэта не хабар? Як увогуле растлумачыць каму, навошта мы перасылалі дробязныя грошы з такім надпісам па пошце? І хто паверыць гэтаму?

 

КАХАННЕ І ЗАЛІКІ 

 

Не істотна, класціся спаць а дванаццатай гадзіне ночы ці а палове чацвертай раніцы. У любым выпадку лепшы сродак выспацца – праспаць першую пару. Дзейсны прыём.

 

Цікава, што ёсьць першасным, пачуцці ці адчуванні? Пачуваць любоў так жа рэальна, як боль? Якія нейроны (ці штось іншае?) мозгу пераносяць каханне? Мікракосм. Ды пайшоў ён да халеры. Хоць па шляху праз паветра можна вераб’ёў папужаць. Я вынятак? У такім выпадку з якога правіла?

 

Кожны хоча мець кавалак уласнай чатырохмернай прасторы. Гэта натуральнае права. Чаму тады ані ў якой канвенцыі правоў чалавека не зацверджана права на гравітацыю? Канвекцыйныя струмяні здольныя падымаць планер па-над зямлёю. Ад чаго тады зранку ўчора такі туман? А сёння ў галаве не меншы смутак?

 

Збольшага, ніколі не намагаўся супраць волі нешта вывучыць, штосьці зрабіць, кагосьці атрымаць. Не даваў шмат высілкаў на ажыццяўленьне чагось, не імкнуўся да пэўнай мэты. Што атрымлівалася – прымаў, што не ўдавалася – забываўся. Рабіў усё, да чаго меў ахвоту. Ішоў па плыні лёсу. Меркаваньне простае: дзе маю здольнасці, там нешта будзе; дзе няздатны, можна і варта не напружвацца. Можа падаецца, аднак адчуваецца адстутнасць неабходнага досведу. Адбываюцца змены. Так больш не дзеіцца.

 

Пакіньце мяне. Не ўсе. Некаторых я не магу адпускаць. Моцныя пачуцці аніяк не заціхамірыць. А ты, Сымон, выйдзі за браму. Зараз жа. Яна цябе даўно не кахае, ты ведаеш. Вызваляй аўдыторыю. Не хапае паветра. Мая галава вам не інтэрнат.

 

Другія суткі суму. Мітушуся. Месяц чацверты. Ані каліва не атрымліваецца. Нясу трызну. Ці яна мяне нясе. Ужо дзень пяты. Прызнанне не знаходзіць свайго афармлення. Бо сапраўдныя думкі не з’яўляюцца на языку. Усё толькі адбітак уласнай прасторы ва пазаўчорашні дзень, калі бачыўся з ёю.