“Вяртайся дамоў! Трэба адзін аднаму дараваць! Вяртайся…”
Жыў-быў у вёсцы стары паэт. Час ад часу пісаў вершы, а так займаўся гаспадаркай, якая прыносіла немалы прыбытак. У семдзесят ён меў кніжачку вершаў. У дзяцей былі свае сем’і і ён жыў спакойна з жонкай і так бы, відаць, і далей жыў, але аднойчы суседзі яму сказалі, што яго старая гуляе з мужыкамі. “Людзі кажуць, што ты маеш хахаляў! Ці праўда гэта?”—запытаўся паэт у жонкі. “Ну і што калі я маю? Табе ж семдзесят!”—адказала жанчына, якой ужо было семдзесят два гады. Пакрыўдзіўся паэт і сыйшоў з хаты. Стаў жыць у Мінску ў адзінокай дачкі. Летам дачка купіла бацьку пуцёўку ў санаторый і адправіла старога падлячыцца. Прыехаў паэт у санаторый, афармляе дакументы і тут да яго падыходзіць незнаёмая жанчына на гадоў пятнаццаць маладзейшая і прапануе пасяліцца разам у адным пакоі. Паэт напачатку аднекваўся, а, даведаўшыся, што гэтай жанчыне цыганка наваражыла, што яна прыедзе ў санаторый і пазнаёміцца з дзядком, з якім будзе доўга і шчасліва жыць, згадзіўся. З санаторыя паэт адразу ж паехаў жыць да новазнаёмай жанчыны і ўжо з ёй жыве дзесяць гадоў. Прыязджаючы да дзяцей у вёску, чуе ад былой жонкі: “Вяртайся дамоў! Трэба адзін аднаму дараваць! Вяртайся…”

 

vik-shnip.livejournal.com