Казкі для дарослых

 

 

У адной дзяўчынкі была любімая цацка – Ружовая качачка. Дзяўчынка, колькі сябе памятала, столькі помніла і сваю Ружовую качачку. Цацка тая была пластмасавая, таму з часам яна і парэпалася, і падрапалася, і пачала страчваць пяшчотна-ружовы колер. Нігледзячы ні на што дзяўчынка любіла сваю цацку, сваю Ружовую качачку. З ёй яна тры разы на тыдзень прымала гарачую ванну. Без Ружовай качачкі дзяўчынка ў ванну ніколі не залазіла. Качачка абавязкова пускалася паплаваць па празрыстай вадзе, перад прыняццем ванны. Паціху-патроху дзяўчынка вырасла ў вялікую і тоўстую дзяўчыну, а яе Ружовая качачка моцна састарэла. Напярэдадні свята ўсіх закаханых і святога Валянціна, дзяўчына, гуляючы па крамах, убачыла чырвоную качачку.

 

Чырвоная цацка была рыхтых Ружовая качачка, адно што колер крыху іншы, крыху цямнейшы і крыху гусцейшы. Дзяўчына набыла сабе новую цацку, а старую яна выкінула ў вядро са смеццем. Увечары дзяўчына пачала набіраць ванну і пусціла па вадзе новую бліскучую чырвоную качачку. Праз нейкі час вялікая дзяўчына распранулася і залезла ў прыемную цяплыню. Дзяўчына выпрасталася і заплюшчыла вочы. Яна не бачыла, як у ванную бязгучна заляцела Ружовая качачка. Яна пачала расці, павялічвацца і шырыцца ва ўсе бакі. Яна павялічылася так, што заняла ўсю вольную прастору ў ванным пакоі. Дзяўчына расплюшчыла вочы і пабачыла вакол сябе старую парэпаную ружовую пластмасу, якая павольна і няспынна наплывала на яе. Ружовая пластмаса націснула на дзяўчыну так, што той давялося сыйсці пад ваду і тамака захлынуцца. Праз якую гадзіну маці тоўстай дзяўчыны знайшла сваю дачку мёртвай у ваннай поўнай чыстай вады, на якой нерухома стаяла Ружовая качачка, Услед за дактарамі, маці палічыла гэтую заўчасную смерць за недарэчны выпадак, які здарыўся ў дзень святога Валянціна, на свята ўсіх закаханых і ўсіх раўнівых.

 

adam-hlobus.livejournal.com