Жыў некалі маленькі чалавек, якога звалі Нігль, і яму трэба было выпраўляцца ў доўгую вандроўку. Ён не хацеў ісьці, адна думка пра тое была яму непрыемнай, але ён ня мог адмовіцца. Бо ведаў, што аднойчы давядзецца ўсё ж пайсьці, ды не сьпяшаўся з падрыхтоўкай.

Нігль быў мастаком. Ня вельмі пасьпяховым, часткова таму, што рабіў шмат іншых справаў, бальшыня якіх былі невыноснымі яму, але ён спраўляўся зь імі досыць добра, калі ня мог ад іх пазбавіцца, што, на ягоную думку, здаралася занадта часта. Законы ў ягонай краіне былі даволі строгімі. Былі таксама іншыя перашкоды. Па-першае, ён час ад часу ленаваўся і не рабіў зусім нічога. Па-другое, ён па-свойму быў добры. Але добрае сэрца ў яго было асаблівае: яно часцей прымушала яго пачувацца няўтульна, чым нешта рабіць. І нават калі ён нічога не рабіў, усё адно працягваў бурчэць, выходзіў зь сябе і лаяўся (збольшага на сябе самога). У любым выпадку ўсё тое ж добрае сэрца прыводзіла Нігля да выканання выпадковай працы для ягонага суседа, містэра Пэрыша, які кульгаў на адну нагу. Часам Нігль нават дапамагаў іншым людзям, што жылі далей, калі тыя прыходзілі па яго. А яшчэ ён зноў і зноў узгадваў пра сваю вандроўку, пачынаў складваць некаторыя рэчы, але безвынікова; у такія часы ён мала маляваў.

Ён меў карціны, большасць зь якіх былі надта вялікімі і амбітнымі для ягоных здольнасьцяў. Ён быў з тых мастакоў, хто лепш малюе лісты, чым дрэвы. Ён мог шмат часу прысьвяціць аднаму лісьціку, спрабуючы злавіць ягоныя абрысы, зьзяньне і мігценьне кропляў расы на краечках. Але ён хацеў намаляваць цэлае дрэва з усімі лісьцікамі ў адным стылі і ўсё ж рознымі.

Была адна карціна, якая асабліва непакоіла яго. Усё пачалося зь ліста, злоўленага ў ветры, і стала дрэвам, дрэва расло, выпускала бясконцую колькасьць галінак і неверагодныя карані. Дзіўныя птушкі прыляцелі і пасяліліся на галінах, іх трэба было таксама дадаць на карціну. А потым вакол дрэва і за ім, у прагалах паміж лісьця і сукоў, адкрыўся краявід, там былі лясы, якія цягнуліся за далягляд, і горы з засьнежанымі вяршынямі. Нігль губляў цікавасьць да іншых сваіх карцінаў альбо прымацоўваў іх да краёў сваёй цудоўнай карціны. Ужо хутка палатно стала такім вялікім, што яму давялося абзавесціся лесвіцай, ён бегаў па ёй уверх і ўніз, дадаючы нейкі штрых тут, прыбіраючы мазок там. Калі да яго прыходзілі людзі, ён паводзіўся дастаткова ветліва, хаця нэрвова круціў алоўкі з ягонага стала. Ён слухаў, што яны мелі сказаць, але пры гэтым думаў аб сваім вялікім палатне, для якога ў садзе быў пабудаваны высокі навес-майстэрня (на тым месцы некалі расла бульба).

Ён ня мог пазбавіцца свайго добрага сэрца. “Як бы я хацеў быць больш рашучым!” – часам казаў ён сам сабе, маючы на ўвазе, што ён жадаў бы ня так моцна пераймацца празь беды іншых людзей. Але ўжо доўгі час ён не абураўся. “Што б там ні было, я мушу скончыць гэтую карціну, маю сапраўдную карціну, перад тым як выпраўлюся ў тую клятую вандроўку”, – так ён часцяком казаў. І ўсё ж Нігль пачынаў разумець, што ня зможа бясконца адкладаць гэтую справу. Ягоная карціна мусіць спыніцца ў росце і завяршыцца.

Аднойчы Нігль стаяў крыху наводдаль ад сваёй карціны і разглядаў яе надзвычай уважліва і крытычна. Ён ня мог зразумець, што думае пра яе, і яму хацелася мець сябра, які мог бы выказаць сваё меркаваньне. Увогуле, карціна не задавальняла яго, і ўсё ж здавалася прыгожай, адзінай насамрэч прыгожай карцінай у свеце. У той момант яму вельмі хацелася б убачыць, як ён сам уваходзіць і пахлопвае сам сябе па спіне са словамі (вельмі шчырымі): “Неверагодна цудоўна! Я бачу, што ты хацеў сказаць. Працягвай маляваць і ні пра што ня думай! Мы зможам дамагчыся пэнсіі для цябе, і ў цябе ўсё будзе”.

Тым ня менш не было аніякае пэнсіі. І ён ведаў адну важную рэч: яму трэба засяродзіцца, працаваць, працаваць шмат і бесперапынна, каб скончыць карціну нават цяперашняга памеру. Ён закатаў рукавы і пачаў засяроджвацца. Ён спрабаваў цягам некалькіх дзён не займацца больш нічым. Але зьявілася неверагодная колькасць перашкодаў. Не было ладу ў ягоным доме, давялося быць прысяжным у горадзе, далёкі сябра захварэў, містэр Пэрыш злёг з болем у спіне, а наведвальнікі працягвалі прыходзіць. Была вясна, і ўсім хацелася выпіць гарбаткі на свежым паветры, а ў Нігля быў маленькі ўтульны дом, які стаяў у некалькіх мілях ад горада. Ён кляў усіх у думках, але ня мог адмовіць таму, што сам запрасіў іх яшчэ ўзімку, калі зусім ня думаў пра “перашкоды”, якія ходзяць па крамах і п’юць у горадзе гарбату са знаёмымі. Нігль спрабаваў зрабіць сваё сэрца больш жорсткім, але безвынікова. Было шмат рэчаў, ад якіх ён ня мог адмовіцца, незалежна ад таго, ці былі яны абавязковымі. Былі таксама рэчы, якія ён проста вымушаны быў рабіць, не зважаючы на свае думкі. Некаторыя наведвальнікі звярталі ягоную ўвагу на тое, што сад выглядае даволі закінутым, таму варта чакаць Інспэктара. Мала хто зь іх ведаў пра ягоную карціну, але каб і ведаў, не было б вялікае розніцы. Сумняюся, што гэта падалося б ім важным. Я нават скажу, што тая карціна сама не была добрай, але мела добрыя вобразы. Дрэва, у любым выпадку, было займальным. Нават якімсьці ўнікальным. Такім быў Нігль, хаця ён быў вельмі звычайным і крыху дурнаватым маленькім чалавекам.

І вось час стаў для Нігля вельмі каштоўным. Ягоныя знаёмыя ў далёкіх гарадах пачалі ўспамінаць, што маленькаму чалавеку трэба здзейсніць пэўную цяжкую вандроўку, і некаторыя нават падлічвалі, наколькі доўга ён яшчэ зможа адцягваць момант сыходу. Яны ўсё думалі, хто ж будзе займацца ягоным домам і ці будзе сад больш дагледжаны.

Прыйшла восень, вельмі вільготная і халодная. Маленькі мастак быў у сваёй майстэрні. Ён стаяў на лесьвіцы, спрабуючы злавіць на вяршыні засьнежанай гары сонца на захадзе, якое вызірала толькі ля кончыка аднаго лісціка на галінцы дрэва. Ён ведаў, што хутка давядзецца сысьці, можа нават у пачатку года. Часу было толькі каб скончыць карціну, і тое не зусім, бо былі яшчэ пэўныя моманты, для якіх ён мог толькі зрабіць накіды, каб акрэсліць, што ён хацеў сказаць.

Раптам у дзверы пагрукалі. “Уваходзьце!” – рэзка адказаў Нігль і спусьціўся зь лесьвіцы. Стаў на падлозе і круціў свой пэндзлік. Тое быў сусед, Пэрыш, ягоны адзіны сапраўдны сусед, бо ўвесь іншы люд жыў досыць далёка адсюль. Насамрэч Нігль ня вельмі любіў Пэрыша, часткова за тое, што ў яго заўсёды нешта здаралася і яму трэба была дапамога, а яшчэ таму што ён не цікавіўся мастацтвам, але шмат крытыкаваў усё, што датычылася садоў. Калі Пэрыш глядзеў на сад Нігля (што здаралася часта), ён бачыў збольшага пустазельле, а калі глядзеў на Ніглявы карціны (што здаралася рэдка), ён бачыў толькі зялёныя і шэрыя плямы і чорныя лініі, якія ня мелі для яго аніякага сэнсу. Ён часта выказваўся пра пустазельле (суседзкі абавязак), але замоўчваў сваё меркаванне пра карціны. Ён думаў, што гэта ветліва зь ягонага боку, але не разумеў, што хоць гэта і было ветліва, аднак недастаткова. Дапамога з пустазеллем (і, магчыма, захапленне карцінамі) была б нашмат лепш.

“Ну, Пэрыш, што здарылася?” – спытаў Нігль.

“Я не павінны замінаць табе, ведаю”, – сказаў Пэрыш (нават не зірнуўшы на карціну). – Упэўнены, што ты вельмі заняты”.

Нігль і сам збіраўся сказаць нешта такое, але страціў гэты шанец. Таму адказаў толькі: “Так”.

“Але мне няма да каго звярнуцца”, – сказаў Пэрыш.

“Разумею”, – адказаў Нігль, уздыхнуўшы. Такі ўздых робіцца нібыта пра сябе, але і так, каб яго пачулі. “Што я магу зрабіць для цябе?”

“Мая жонка ўжо некалькі дзён хварэе, і я пачынаю хвалявацца”, – сказаў Пэрыш. “І вецер сарваў палову чарапіцы з майго даху, і вада ліецца ў спальню. Думаю, мне трэба запрасіць доктара. І будаўнікоў таксама, але ж яны прыедуць няхутка. Я падумаў, можа, у цябе ёсць крыху дошак і палатна, каб дапамагчы мне, я змог пратрымацца так дзень-два”. І цяпер ён зірнуў на карціну.

“Ох-ох-ох! – сказаў Нігль. – Бедны! Я спадзяюся, што ў тваёй жонкі толькі прастуда і нічога страшнага. Я хутка прыйду і дапамагу табе перанесці хворую ўніз”.

“Дзякуй вялікі, – адказаў даволі халодна Пэрыш. – Але ў яе не прастуда, а гарачка. Я б не прыйшоў да цябе, каб была толькі прастуда. І мая жонка ўжо ўнізе. Я не змог бы хадзіць з падносам уверх і ўніз, не з маёй нагой. Але я бачу, што ты заняты. Прабач, што панепакоіў. Я вельмі спадзяваўся, што ў цябе знойдзецца крыху часу, каб паклікаць доктара, калі ты зразумееш маё становішча, і яшчэ каб паклікаць будаўнікоў, калі ў цябе насамрэч няма матэрыялаў, каб пазычыць мне”.

“Канечне, – адказаў Нігль, хоць у ягоным сэрцы былі зусім іншыя словы, і сэрца ў той момант было проста спакойным, а не добрым. – Я магу схадзіць. Я пайду, калі ты так хвалюесься”.

“Я хвалююся, вельмі. Хацеў бы я ня быць кульгавым”, – адказаў Пэрыш.

І вось Нігль пайшоў. Самі разумееце, было няёмка. Пэрыш быў ягоным суседам, а да ўсіх іншых далёка ісці. У Нігля быў ровар, а ў Пэрыша не было, ён і ня змог бы на ім ездзіць. Пэрыш кульгаў на адну нагу, сапраўды кульгаў, і нага пры гэтым балела. Пра ўсё трэба было памятаць, як і пра ягоны кіслы твар і пісклявы голас. Канечне, у Нігля была карціна і вельмі мала часу, каб яе скончыць. З гэтым мусіў у першую чаргу лічыцца Пэрыш, а не Нігль. Але Пэрыш не лічыўся з карцінамі, і Нігль ня мог паўплываць на гэта. “Кінь гэта!” – сказаў ён сам сабе, калі сядаў на ровар.

Было вільготна і ветрана, дзённае святло згасала. “Больш ніякай працы сёння!” – думаў Нігль, і ўвесь час пакуль ехаў, ён кляўся сабе ці ўяўляў, як кранае пэндзлем гару і россып лісця побач, які ён упершыню ўявіў увесну. Ягоныя рукі сьціскалі стырно ровара. Зараз ён за межамі майстэрні, але яскрава бачыць, як зрабіць той бліскучы россып, што абрамляе абрысы гары ўдалечыні. Але сэрцам мастак адчуваў страх, што ўжо ня будзе магчымасьці гэта зьдзейсьніць.

Нігль знайшоў доктара і пакінуў цыдулку будаўніку. Ягоная кантора была зачыненая, той ужо пайшоў дадому, да сваёй сям’і. Нігль і сам ужо прамок наскрозь і яго прадзьмула. Доктар выправіўся не адразу па прыезьдзе Нігля. Ён быў у Пэрышаў толькі на наступны дзень, што было яму вельмі зручна, бо цяпер доктар атрымаў ужо двух пацыентаў у суседніх дамах. Нігль ляжаў у ложку з высокай тэмпературай, дзівосныя вобразы лісця і галінак ствараліся ў ягонай галаве і на столі. Яму ня стала лягчэй ад навіны, што ў місіс Пэрыш была звычайная прастуда, і жанчына ўжо магла ўзнімацца. Нігль павярнуўся тварам да сцяны і паглыбіўся ў думкі пра лісьце.

Мастак правёў пэўны час у ложку. Вецер працягваў дзьмуць. Ён сарваў добрую частку чарапіцы Пэрыша і крыху Ніглавай таксама, ягоны дах пачаў працякаць. Той будаўнік не прыехаў. Дзень ці два Ніглю было ўсё адно. Потым ён асцярожна падняўся, каб паесці (у Нігля не было жонкі). Пэрыш не заходзіў, дождж уплываў на ягоную нагу і яна пачала балець, а жонка была занятая тым, што вымаківала ваду і абуралася, што “гэты містэр Нігль” забыўся паклікаць будаўніка. Каб ёй раптам спатрэбілася пазычыць нешта, то яна адправіла б містэра Пэрыша і здаровага, і хворага, але ёй нічога не спатрэбілася, і Нігль заставаўся адзін.

У канцы тыдня Нігль прыцягнуўся ў сваю майстэрню. Ён паспрабаваў ускараскацца па лесвіцы, але ў яго закруцілася галава. Мастак сеў і паглядзеў на карціну, але ў гэты дзень у ягонай галаве не было ззяння лістоты і выяваў гор. Ён мог бы намаляваць далёкі краявід пясчанай пустэльні, але ў яго не было моцы.

На наступны дзень Нігль пачуваўся нашмат лепш. Ён залез на лесвіцу і пачаў маляваць. А толькі паглыбіўся ў працэс, як зноў нехта пагрукаў у дзверы.

“Чорт!” – сказаў Нігль. Але дзверы адчыніліся, нібыта ён ветліва сказаў “Уваходзьце!”. На гэты раз тое быў нейкі высокі мужчына, зусім незнаёмы.

“Гэта прыватная студыя, – сказаў Нігль. – Я заняты. Ідзіце прэч!”

“Я Інспэктар дамоў”, – адказаў мужчына і паказаў сваю візітоўку так, каб Нігль на лесвіцы мог яе бачыць.

“Вой!” – сказаў Нігль.

“Дом вашых суседзяў зусім у кепскім стане”, – сказаў Інспэктар.

“Ведаю, – адказаў Нігль. – Я пакінуў цыдулку будаўніку ўжо даўно, але ён так і не прыйшоў. А потым я хварэў”.

“Разумею, – сказаў Інспэктар. – Але цяпер вы не хворы”.

“Але ж я не будаўнік. Пэрыш мусіць падаць заяўку ў Гарадзкі Савет і атрымаць дапамогу ад Аварыйнай службы”.

“Яны займаюцца зараз горшымі пашкоджаннямі, чым тут, – сказаў Інспектар. –У даліне была моцная паводка, і многія сем’і засталіся без жытла. Вы мусілі дапамагчы вашаму суседу зрабіць часовы рамонт і перадухіліць павелічэньне пашкоджаньняў і затратаў на іх. Гэта закон. Тут мноства матэрыялаў: палатно, дошкі, водатрывалая фарба”.

“Ды дзе?” – абурыўся Нігль.

“Вось тут!” – адказаў Інспектар і паказаў на карціну.

“Мая карціна!” – усклікнуў Нігль.

“Так, яна, – сказаў Інспектар. – Але дамы ў першую чаргу, гэта закон”.

“Але я не магу…” Нігль больш нічога не сказаў, бо ў гэты момант увайшоў яшчэ адзін чалавек. Вельмі падобны да Інспектара, як ягоны двайнік: высокі, апрануты ва ўсё чорнае.

“Хадземце! – прамовіў той. – Я кіроўца”.

Нігль ледзь зьлез зь лесьвіцы. Яму здалося, што ягоная гарачка вярнулася, галава ўзмакрэла, ён адчуў холад.

“Кіроўца? Кіроўца?” – мармытаў ён. “Кіроўца чаго?”

“Ваш і вашага экіпажа”, – адказаў чалавек. “Экіпаж быў замоўлены ўжо даўно. І вось ён прыбыў. І чакае. Памятаеце? Сёння дзень пачатку вашае вандроўкі”.

“Гэтага яшчэ не хапала!” – сказаў Інспектар. “Вам давядзецца паехаць, але гэта кепска – пачынаць вандроўку, пакідаючы недаробленыя справы. У любым выпадку, мы ўсё яшчэ можам выкарыстаць гэтае палатно”.

“Ох, Божухна!” – усхліпнуў бедны Нігль. “Але ж яна… яна яшчэ нават ня скончаная!”

“Ня скончаная?” – спытаў Кіроўца. “Думаю, з ёй у любым выпадку ўжо ўсё скончана. Хадземце!”

Нігль пайшоў, сцішаны. Кіроўца ня даў яму час, каб сабрацца, кажучы, што той мусіў зрабіць усё раней і што яны спозняцца на цягнік. Адзінае, што мог зрабіць Нігль, гэта схапіць маленькую торбу ў калідоры. Ён знайшоў там толькі скрыню з фарбамі і нататнік з накідамі: ні табе ежы, ні вопраткі. Яны акурат паспелі на цягнік. Нігль пачуваўся вельмі стомленым і сонным, ён амаль не разумеў, што адбываецца, калі заваліўся ў сваё купэ. Яму было ўсё адно, куды трэба ехаць і навошта. Цягнік амаль адразу заехаў у цёмны тунэль.

Нігль прачнуўся на вялікай цьмянай станцыі. Дзяжурны ішоў па платформе і крычаў, але крычаў не назву станцыі, а “Нігль!”

Нігль хутка выйшаў і зразумеў, што забыў сваю маленькую торбу. Ён хацеў вярнуцца, але цягнік ужо сыйшоў.

“Вось вы дзе!” – выгукнуў Дзяжурны. “Сюды! Што? Ніякіх рэчаў? Вам давядзецца пайсці ў Працоўны дом”.

Ніглю было блага, ён страціў прытомнасць на платформе. Яго забрала хуткая дапамога і прывезла ў шпіталь Працоўнага дома.

Мастаку не падабалася, як з ім абыходзяцца. Лекі, якія яму давалі, былі горкімі. Чыноўнікі і служкі былі грубымі, маўклівымі і строгімі, і ён ня бачыў больш нікога, акрамя вельмі суровага доктара, што час ад часу заходзіў да яго. Было такое адчуванне, што ён у турме, а не ў шпіталі. Ніглю даводзілася шмат працаваць у прызначаныя часы, ён быў землякопам, цесляром, фарбаваў дошкі адной і той ж змрочнай фарбай. Яму не дазвалялася выходзіць на двор, а вокны вялі толькі ў памяшканні. Яго трымалі ў цемры шмат часоў запар, “каб мог падумаць”, казалі яны. Ён згубіўся ў часе. Яму нават не станавілася лепш, ён не адчуваў аніякага жадання рабіць нешта, нават класціся спаць.

Цягам першага стагоддзя ці каля таго (я толькі перадаю ягоныя ўражаньні), Нігля ўсё яшчэ хвалявала мінулае, але дарэмна. І толькі адну рэч ён паўтараў сабе, лежачы ў цемры:

“Лепш бы я зайшоў сам да Пэрыша, як толькі ўзняўся моцны вецер. Я мусіў. Першыя адарваныя чарапіцы было б легка замацаваць. Тады б місіс Пэрыш не захварэла. І я б не захварэў таксама. І ў мяне было б на цэлы тыдзень больш часу”. Але паступова ён забыўся на тое, на што яму патрэбны быў тыдзень. Цяпер ён пераймаўся толькі наконт сваёй працы ў шпіталі. Ён думаў, як хутчэй адрамантаваць рыпучую падлогу, як перавесіць дзверы ці падправіць ножку стала. Пэўна, ён стаў больш карысным, але ніхто не казаў яму пра гэта. Аднак тое наўрад магло быць прычынай таго, што маленькага чалавека трымалі там так доўга. Можа, яны чакалі, што яму палепшае, мераючы гэтае “лепш” нейкімі сваімі мэдычнымі стандартамі.

У любым выпадку, бедны Нігль ня ведаў таго прыемнага жыцця, да якога ён раней звык. Нічога яго не радавала. Але нельга адмаўляць, што ў яго з’явілася, скажам так, пачуццё задавальнення: хлеб лепшы за варэнне. Ён мог цяпер пачынаць працу, як толькі пачуе званок, і адкладаць яе, як толькі празвініць наступны, усё было акуратна і гатовае да працягу ў патрэбны момант. Цяпер шмат чаго адбывалася зь Ніглем за дзень, ён заўсёды даводзіў да канца ўсе свае маленькія справы. У яго не было “часу для сябе” (за выключэннем сну ў спальні-каморцы), і ўсё ж ён станавіўся майстрам свайго часу, ён стаў разумець, як трэба абыходзіцца з ім. Ня варта спяшацца. У ягонай душы быў спакой, ён навучыўся адпачываць па-сапраўднаму.

Раптам увесь ягоны расклад быў зменены, Ніглю амаль не дазвалялі спаць. Яго забіралі з цяслярскай майстэрні і штодня адпраўлялі капаць. Ён пераносіў гэта даволі добра. Шмат часу прайшло, пакуль у ягонай галаве не пачала ўзнікаць лаянка, на якую ён даўно забыўся. Ён працягваў капаць, спіна здавалася яму зламанай, рукі сталі шурпатымі, ён адчуваў, што ня можа больш падымаць радлёўку. Ніхто не падзякаваў. Але прыйшоў доктар і паглядзеў на яго.

“Досыць! – сказаў доктар. – Адпачынак у цемры”.

Нігль ляжаў у цемры, цалкам адпачываючы. І паколькі ён зусім нічога не адчуваў і ня думаў, ён мог бы праляжаць так гадзіны ці гады, як ён сам казаў. Але цяпер Нігль чуў галасы, якія ня чуў ніколі раней. Пэўна, тое была Мэдычная Камісія, ці, магчыма, Сьледчая Камісія, яны былі зусім побач, можа, у суседнім пакоі, куды былі адчыненыя дзверы, хаця Нігль ня бачыў святла адтуль.

“Цяпер справа Нігля”, – сказаў Голас, суровы, яшчэ суровейшы за доктараў.

“Што там зь ім?” – спытаў Другі Голас, які можна было б назваць спакойным, але не мяккім – аўтарытэтны голас, у ім адначасна чуліся надзея і смутак. “Што там з тым Ніглем? Ягонае сэрца на правільным месцы”.

“Так, але яно не зусім правільна працавала”, – адказаў Першы Голас. “І ягоная галава была кепска прыкручаная, ён увогуле ледзь думаў. Уявіце, колькі часу ён згубіў, нават калі не забаўляўся! Ён ніяк не мог сабрацца ў сваю вандроўку. Ён быў даволі забяспечаным, і ўсё ж прыбыў сюды з пустымі рукамі, мы мусілі пасяліць яго зь беднякамі. Баюся, гэта складаны выпадак. Яму лепш яшчэ крыху пабыць тут”.

“Магчыма, горш яму ад гэтага ня стане, – сказаў Другі Голас. – Канечне, ён проста маленькі чалавек. Ён ня быў прызначаны для нечага вялікага, і ён ніколі ня быў моцным. Давайце зірнем на Запісы. Вось некалькі важных пунктаў”.

“Так, але мала што з гэтага дапаможа даследванню”, – адказаў Першы Голас.

“Вось яшчэ, – сказаў Другі Голас. – Па натуры ён мастак. Ня тое каб добры, але Ліст Нігля па-свойму зачароўвае. Ён шмат пакутаваў дзеля сваіх лісьцяў. Але ён ніколі ня думаў, што гэта робіць яго важным. У Запісах няма ніводнага слова пра тое, што ён наўмысна ігнараваў законы”.

“Але таму ён не павінны быў ігнараваць так шмат законаў”, – сказаў Першы Голас.

“Тым ня менш, ён адгукнуўся на шмат просьбаў”.

“Невялікая заслуга, бальшыню з іх лёгка было выканаць, і ён называў іх Перашкодамі. У Запісах шмат разоў сустракаецца гэтае слова разам з мноствам скаргаў і дурной лаянкі”.

“Маеце рацыю, але яны ўсе былі перашкодамі для яго, ён жа проста маленькі чалавек. І вось яшчэ: ён ніколі не чакаў нічога ў Адказ, як гэта называюць іншыя, такія, як ён. Ёсць справа Пэрыша, якая прыйшла пазней. Ён быў суседам Нігля, ні разу нічога для яго не зрабіў і вельмі рэдка выказваў хоць якую ўдзячнасць. Але ў Запісах няма ніводнага слова пра тое, што Нігль чакаў Пэрышавай удзячнасці, здаецца, ён нават ня думаў пра гэта”.

“Так, гэта аргумент”, – сказаў Першы Голас. – Але вельмі нязначны. Думаю, Нігль шмат чаго ня памятае. Тое, што ён мусіў рабіць для Пэрыша, ён выкідаў з галавы як непрыемныя абставіны, з якімі даводзілася лічыцца”.

“Усё ж вось яшчэ паведамленне, – сказаў Другі Голас. – Тая мокрая роварная вандроўка. Гэта мне хацелася б падкрэсліць асобна. Падобна да сапраўнай ахвяры: Нігль падазраваў, што губляе свой апошні шанец скончыць карціну, і таксама падазраваў, што клопаты Пэрыша былі беспадстаўнымі”.

“Думаю, вы занадта чапляецеся за гэта, – адказаў Першы Голас. – Але апошняе слова за вамі. Канечне, гэта вашая задача, правільна інтэрпрэтаваць факты. Часам яны таго вартыя. Вашыя прапановы?”

“Мне падаецца, што гэты выпадак патрабуе вельмі акуратнага вырашэння”, – сказаў Другі Голас.

Ніглю падумалася, што Голас прагучаў як ніколі высакародна. Таму Акуратнае Вырашэнне падалося яму незлічонымі багатымі падарункамі і запрашэннем на каралеўскі баль. І раптам Ніглю стала сорамна. Акуратнае Вырашэнне ягонай справы захлынула яго, ён пачырванеў у цемры. Гэта было падобна да адчування, калі ты атрымліваеш публічную ўзнагароду, і пры гэтым ты і ўсе навокал ведаюць, што ўзнагарода незаслужаная. Нігль схаваў свой сорам у грубай прасціне.

Стала ціха. Потым Першы Голас, вельмі блізкі, звярнуўся да Нігля:

“Ты ўсё чуў”, – сказаў ён.

“Так”, – адказаў Нігль.

“Ну, і што ты маеш сказаць?”

“Можаце распавесці мне пра Пэрыша? – спытаў Нігль. – Я хацеў бы зноўку пабачыць яго. Спадзяюся, ён ня вельмі хворы? Вы можаце вылечыць ягоную нагу? Я дрэнна клапаціўся пра яго. І, калі ласка, не пераймайцеся наконт мяне і яго. Ён быў вельмі добрым суседам і прадаваў мне вельмі танна добрую бульбу, што эканоміла мне шмат часу”.

“Няўжо? – сказаў Першы Голас. – Рады чуць гэта”.

Зноў стала ціха. Нігль чуў, што Галасы аддаляліся. “Добра, я згодны, – ён здалёк пачуў Першы Голас. – Няхай пяройдзе на наступны этап. Заўтра, калі хочаш”.

Нігль прачнуўся і ўбачыў, што ягоныя фіранкі рассунутыя, а маленькая каморка поўніцца сонечным святлом. Ён падняўся, знайшоў зручную вопратку, якую пакінулі для яго; тое была ўжо не шпітальная форма. Пасля сняданку доктар агледзеў ягоныя параненыя рукі, намазаў іх адмысловым бальзамам, ад якога яны ўмомант загаіліся. Ён даў Ніглю парачку добрых парадаў і пляшку тоніка (на ўсялякі выпадак). Познім ранкам Ніглю далі печыва і келіх віна, а яшчэ прынеслі квіток.

“Вы можаце хоць зараз ісці на станцыю, – сказаў доктар. – Дзяжурны прыгледзіць за вамі. Да пабачэння”.

Нігль выйшаў з галоўнага ўваходу, крыху паміргаў. Сонца было вельмі яркае. Ён думаў, што трапіць у вялікі горад, адпаведна памеру станцыі, але памыліўся. Ён быў на вяршыні ўзгорка, зялёнага, пустога, вымеценага моцным ветрам. Навокал нікога не было. Далёка ўнізе ён убачыў ззяючы дах станцыі.

Ён рэзка рушыў убок станцыі, але не спяшаючыся. Дзяжурны адразу яго заўважыў.

“Сюды!”, – сказаў той і правёў Нігля на платформу, дзе ўжо стаяў прыемны маленькі цягнік мясцовага прызначэння, адзін вагон і маленькі лакаматыў, абодва яркія, чыстыя і нядаўна пафарбаваныя. Усё выглядала так, нібыта гэта самы першы выезд цягніка. Нават рэйкі, што ляжалі перад цягніком здаваліся новымі, яны блішчэлі. Сядзенні былі зялёнымі, ад іх сыходзіў прыемны пах свежай смалы ў цёплых сонечных промнях. Вагон быў пусты.

“Дзяжурны, а куды ідзе гэты цягнік?” – спытаў Нігль.

“Ня думаю, што ўжо прыдумалі назву”, – сказаў Дзяжурны. “Але вам мусіць спадабацца”. Ён зачыніў дзверы.

Цягнік адразу ж паехаў. Нігль адкінуўся ў сваім сядзенні. Маленькі лакаматыў пыхаў праз глыбокі танэль з высокімі зялёнымі сценамі і блакітным небам замест даху. Здалося, што няшмат часу прайшло, калі лакаматыў засвісцеў, прытармазіў і цягнік спыніўся. Тут не было аніякае станцыі, ніякіх знакаў, толькі прыступкі ўверх па зялёных сценах. Наверсе была брамка ў акуратнай агароджы. Каля брамкі стаяў ягоны ровар, ці ён выглядаў як ягоны, і там была жоўтая шыльдачка, прымацаваная да дошчачкі, на якой вялікімі чорнымі літарамі было напісана: НІГЛЬ.

Нігль штурхнуў брамку, ускочыў на ровар і пакаціўся ўніз насустрач вясноваму сонцу. Перш чым ён заўважыў, што сцяжынка, з якой ён выехаў, знікла, ягоны ровар ужо ехаў па цудоўнай траўцы. Яна была зялёнай і блізкай, можна было разгледзець кожну асобную травінку. Яму здавалася, што ён ужо недзе бачыў ці марыў пра гэты травяны луг. Чамусьці ўсе павароты сцежкі былі яму знаёмыя. Канечне, яна то апускалася, то ўздымалася, усё было правільна. Вялікі зялёны цень ляжаў паміж Ніглям і сонцам. Нігль падняў вочы і зваліўся з ровара.

Перад ім стаяла Дрэва, ягонае Дрэва, скончанае. Яно было як жывое, кожны лісцік раскрываўся, галінкі раслі і схіляліся ад ветру, акурат так, як Нігль шмат разоў уяўляў іх, але так і не змог перадаць. Ён глядзеў на Дрэва, а потым павольна падняў рукі і развёў іх у бакі.

“Гэта падарунак!”, – сказаў ён. Ён радаваўся свайму мастацтву і выніку таксама, але лічыў Дрэва сапраўдным падарункам.

Ён усё яшчэ глядзеў на Дрэва. Усё лісце, што ён рабіў, было хутчэй такім, якім ён яго ўяўляў, а не намаляваў, і тут было шмат іншага, што ён бачыў толькі ва ўласнай фантазіі, і шмат таго, што ён мог бы прыдумаць, калі б меў на тое час. На іх нічога не было напісана, гэта былі выкшталцоныя лісцікі, але яны былі датаваныя так дакладна, як каляндар. Найбольш прыгожыя з іх, самыя характэрныя, найлепшыя ўзоры стыля Нігля, былі створаныя пры дапамозе містэра Пэрыша – не было іншай магчымасці замацаваць іх.

На Дрэве гнездавалі птушкі. Неверагодныя птушкі, як яны спявалі! Яны стваралі сем’і, гадавалі дзяцей, распраўлялі крылы і ляцелі спяваць у Лес, нават калі Нігль глядзеў на іх. Цяпер ён убачыў Лес, які прасціраўся ў іншым баку і сыходзіў удалечыню. Далёка-далёка ззялі Горы.

Праз некаторы час Нігль павярнуў да Лесу. Не таму што яму надакучыла дрэва, проста яму здалося, што ягоная галава праяснілася, ён бачыў, што дрэва расце, нават калі ён не глядзіць на яго. І ён пайшоў, ён адкрыў для сябе дзіўную рэч: Лес, канечне, быў далёка, але ён мог дайсці да яго, і нават увайсці ў яго, а той ня згубіць сваёй прыгажосці. Раней ён ня мог проста наблізіцца да нечага далёка, бо тады яно станаваліся звычайным наваколлем. Цяпер жа ён адчуваў вялікае жаданне хадзіць па зямлі, таму што калі ты ідзеш, табе ўвесь час адкрываецца нешта новае. Падвоеная, патроеная, і нават пачацвераная адлегласць азначалі падвоенае, патроенае і пачацверанае хараство. Ты можаш ісці і ісці, і мець цэлы свет у межах свайго саду, ці нават на карціне (калі табе так больш падабаецца). Ты можаш ісці і ісці, але, пэўна, не бясконца. Вунь Горы ўдалечыні. Яна набліжаюцца, вельмі павольна. Яны нібыта не належаць да карціны, хіба як шлях да нечага іншага, слабы ўсполах паміж дрэваў ці зусім іншае, наступны этап – іншая карціна.

Нігль гуляў, але не проста так. Ён старана вывучаў асяроддзе. Дрэва было скончанае, але ня скончаныя ягоны справы – “Проста гэта нешта іншае, ня тое, што было раней” – падумаў Нігль. Але ў Лесе яшчэ мноства няскончаных прастораў, над якімі трэба было працаваць і думаць. Больш нічога ня трэба мяняць, усё як трэба, але ўсё трэба давесці да завяршэння. Нігль вельмі дакладна ўяўляў гэтае завяршэнне.

Ён сядзеў пад прыгожым далёкім дрэвам, падобным да Вялікага Дрэва, але своеасаблівым, калі ўважліва прыгледзецца, і разважаў, дзе пачаць працу, дзе яе скончыць, і колькі яшчэ засталося часу. Але ён ня мог скласці дакладны план.

“Канечне!” – усклікнуў ён. “Мне патрэбны Пэрыш. Ён ведае нашмат больш за мяне пра зямлю, расліны і дрэвы. Гэта месца ня можа быць маім уласным паркам. Мне патрэбная дапамога і парады, трэба было адразу падумаць пра гэта”.

Ён падняўся і накіраваўся да таго месца, дзе ён вырашыў распачаць працу. Ён зняў паліто. Потым ён убачыў, што з прыхаванай ад людскіх поглядаў западзіны на яго са здзіўленнем глядзіць нейкі чалавек. Ён абапіраўся на рыдлёўку ды ня ведаў, што рабіць. Нігль прывітаў яго: “Пэрыш!”

Пэрыш паклаў на плячо рыдлёўку і падыйшоў да яго. Ён усё яшчэ крыху кульгаў. Яны не размаўлялі, толькі ківалі галавой, калі трэба было ісці адзін за адным, але цяпер яны ішлі поруч. Моўчкі Нігль і Пэрыш вырашылі, дзе дакладна будзе маленькі дом і сад, які таксама быў патрэбны.

Пакуль яны разам працавалі, Нігль зразумеў, што цяпер з іх дваіх ён лепш умеў размярковаць час і завяршаць усе справы. Цяпер Нігль больш захапляўся будаўніцтвам і садоўніцтвам, а Пэрыш часцей глядзеў на дрэвы, асабліва на Дрэва.

Аднойчы Нігль быў заняты тым, што садзіў кусты для агароджы, а Пэрыш ляжаў на траве побач, уважліва глядзеў на прыгожыя і маленькія жоўтыя кветачкі, што раслі на зялёным лузе. Нігль ужо даўно пасадзіў шмат такіх пад сваім Дрэвам. Раптам Пэрыш падняў вочы, ягоны твар ззяў на сонцы, ён пасміхаўся.

“Гэта цудоўна!” – сказаў ён. “Я павінны быць тут. Дзякуй, што папрасіў за мяне”.

“Глупства. Я ня памятаю, што казаў, але ў любым выпадку, таго было недастаткова”, – адгукнуўся Нігль.

“Не, дастаткова”, – сказаў Пэрыш. “Яны адпусцілі мяне раней. Той Другі Голас, ты ж памятаеш, ён адправіў мяне сюды. Сказаў, што ты жадаеш бачыць мяне. Я абавязаны табе гэтым”. “Не. Гэтым ты абавязаны Другому Голасу. Мы абодва абавязаныя”, – адказаў Нігль.

Так яны жылі і працавалі разам, ня ведаю, як доўга. Варта сказаць, што спачатку яны час ад часу разыходзіліся ў меркаваннях, асабліва калі стамляліся. А стамляліся яны толькі ў першыя дні. Яны заўважылі, што кожнаму з іх далі пляшку з тонікам. На іх былі цэтлікі з надпісам: Прыняць некалькі кропляў з Веснавой вадой перад сном.

Яны знайшлі Вясну ў сэрцы Леса, некалі даўно Нігль уяўляў яе, але не наважыўся маляваць. Цяпер ён зразумеў, што гэта была крыніца, якая блішчэла ўдалечыні і давала сілы ўсяму, што расло на зямлі. Ад некалькіх кропляў вада рабілася нясмачнай, нават горкай, але яна давала моц і праясняла галаву. Яны адпачывалі ў адзіноце, прыняўшы ваду, а потым яны ўзнімаліся і радасна браліся за справы. У такія часы Нігль марыў пра новыя кветкі і расліны, а Пэрыш заўсёды дакладна ведаў, як і дзе іх лепш пасадзіць. Яшчэ да таго, як тонік скончыўся, яны перасталі адчуваць патрэбу ў ім. Пэрыш больш не кульгаў.

Іхняя праца ўжо набліжалася да заканчэння, і яны дазвалялі сабе даўгія шпацыры, глядзелі на дрэвы, на кветкі, на святло, абрысы і на краявіды. Часам яны разам спявалі, але Нігль адчуваў, што ўсё часцей і часцей ён глядзеў у бок гор.

Вось прыйшоў час, калі дом у западзіне, сад, трава, лес, возера і ўсё навокал было скончанае, у сваім уласным стылі. Вялікае Дрэва патанала ў квецені.

“Мы мусім скончыць сёння ўвечары”, – аднойчы сказаў Пэрыш. “А потым мы выправімся ў сапраўды даўгую вандроўку”.

Яны выйшлі на наступны дзень і ішлі пакуль не дайшлі да самага Края. Ён быў нябачны, канечне, не было лініі, плота ці сцяны, але яны ведалі, што дайшлі да мяжы краіны. Яны ўбачылі чалавека, які быў падобны да пастуха. Ён ішоў да іх, спускаўся па парослым травой схіле, што вёў у Горы.

“Вас правесці?” – спытаў ён. “Ці жадаеце вы ісці далей?”

На імгненне цень прабег паміж Ніглям і Пэрышам. Нігль ведаў, што ён яшчэ ня хоча туды ісці, але падсвядома разумеў, што мусіць зрабіць гэта. Але Пэрыш не хацеў і не быў гатовы да гэтага.

“Я пачакаю сваю жонку”, – сказаў Пэрыш Ніглю. “Ёй будзе самотна. Я спадзяюся, што яны прышлюць яе ў свой час пасля мяне, калі яна будзе гатовая, і калі ў мяне ўсё будзе падрыхтавана. Цяпер дом збудаваны, мы зрабілі яго настолькі добрым, якім маглі, і я хацеў бы паказаць яго ёй. Яна зможа палепшыць яго, думаю, больш утульным. Спадзяюся, ёй спадабаецца гэтая краіна”. Ён павярнуўся да пастуха: “Ты праваднік? Ты можаш сказаць мне назву гэтай краіны?”

“А ты ня ведаеш? Гэта краіна Нігля. Гэта карціна Нігля збольшага. Хіба што тут яшчэ ёсць сад Пэрыша”.

“Карціна Нігля?” – здзіўлена ўскрыкнуў Пэрыш. “Гэта ты ўсё прыдумаў, Нігль? Ніколі б не падумаў, што ты такі разумны. Чаму ты не сказаў мне?”

“Ён даўно спрабаваў сказаць табе, але ты не глядеў. Некалі ў яго былі толькі дошкі і палатно, а ты хацеў адрамантаваць імі дах. Гэта тое, што ты і твая жонка называлі Бязглуздзіцай Нігля, ці Гэтага Доўбня”.

“Але ж гэта ўсё зусім не падобнае…” – сказаў Пэрыш.

“Не, гэта толькі імгненне”, – сказаў чалавек. “Але ты мог бы заўважыць тое імгненне, калі б толькі паспрабаваў”.

“Я не даваў табе сапраўдны шанец”, – сказаў Нігль. “Я ніколі не спрабаваў патлумачыць. Я раней называў цябе Старым Землякопам. Але што з таго? Мы жылі і працавалі разам. Справы маглі быць лепшымі, але не былі. Нам трэба яшчэ раз сустрэцца, я думаю. Мы можам зрабіць яшчэ шмат рэчаў разам. Да пабачэння!“ Ён сардэчна паціснуў руку Пэрышу, рука была добрай, мяккай, шчырай. Ён адвярнуўся на хвіліну. Квецень на Вялікім Дрэве зіхцела нібы полымя. Птушкі лёталі ў паветры і спявалі. Нігль пасміхнуўся, кіўнуў Пэрышу і сыйшоў з пастухом.

Ён збіраўся даведацца больш пра авечак і горныя лугі, паглядзець на шырокае неба, ісці далей і далей да Гор, заўсёды ўверх. Ня ведаю, што з ім здарылася. Маленькі Нігль са свайго старога дома мог глядзець на Горы ўдалечыні і маляваць іх на сваёй карціне, але якія яны насамрэч і што знаходзіцца за імі, ведае толькі той, хто на іх падняўся.

“Думаю, ён быў дурным маленькім чалавечкам”, – сказаў Дарадца Томпкінс. “Нікчэмны, ніякай карысці для Грамадства”.

“Хм, ня ведаю”, – адказаў Аткінс, які быў ня вельмі важнай асобай, проста школьны дырэктар. “Я не настолькі ўпэўнены. Залежыць ад таго, што вы разумееце пад словам карысць”.

“Ніякай практычнай ці эканамічнай карысці”, – адказаў Томпкінс. “З такім жа поспехам ён мог бы стаць звычайным служкам, калі вы, школьныя дырэктары, разумееце сваю справу. Але вы не разумееце, таму ў нас шмат такіх непатрэбных людзей. Каб я мог кіраваць гэтай краінай, то даў бы такім як ён адпаведны занятак, мыццё посуду ў грамадскай кухні ці нешта такое, і я б сачыў, як яны робяць сваю справу. Ці прыбраў бы іх. Я даўно прыбраў бы яго”.

“Прыбраць яго? Маеце на ўвазе, што адправілі б яго ў тую вандроўку раней за прызначаны час?”

“Так, калі вам падабаецца ўжываць стары бессэнсоўны выраз. Адправіў бы яго праз тунэль акурат у вялікую Кучу Смецця, вось пра што я”.

“Вы лічыце, што мастацтва ня вартае нічога, ні захавання, ні ўдасканалення, ні карыстання ім?”

“Канечне, ад мастацтва ёсць карысць”, – адказаў Томпкінс. “Але няма карысці ад ягонага мастацтва. Існуе шмат магчымасцяў для смелых маладых людзей, якія не баяцца новых ідэяў і новых метадаў. Але не для гэтай старызны. Асабістыя мары-фантазіі. Ён нават ня здолеў зрабіць плакат, каб уратаваць уласнае жыццё. Вазіўся з лісцікамі і кветачкамі. Аднойчы, я спытаў у яго, чаму. Ён адказаў, што яны здаюцца яму прыгожымі! Вы можаце ў гэта паверыць? Ён сказаў прыгожымі! Што, раслінныя органы для харчавання і размнажэння? Так я сказаў яму, а ён нічога ня змог адказаць. Дурніла!”

“Дурніла”, – уздыхнуў Аткінс. “Так, бедны маленькі чалавек, ён нічога не давёў да канца. Хіба што ягонае палатно выкарысталі ў іншых мэтах, калі ён сыйшоў. Але я не ўпэўнены ў гэтым, Томпкінс. Памятаеце, тую вялікую карціну, якой залаталі дах суседняга дома пасля ўрагана і паводкі? Я знайшоў куточак ад яе, ён ляжаў у полі. Малюнак быў пашкоджаны, але на ім можна было ўбачыць вяршыню гары і россып лісцяў. Я не магу выкінуць гэта з галавы”.

“З чаго ня можаш выкінуць?” – спытаў Томпкінс.

“Вы пра каго гаворыце?” – запытаўся Пэркінс і тым самым дапамог пазбегнуць непрыемнасцяў: Аткінс моцна пачырванеў.

“Ён не заслужыў, каб ягонае імя паўтаралі”, – сказаў Томпкінс. “Я ўвогуле не разумею, навошта гаварыць пра яго. Ён не жыве ў горадзе”.

“Не”, – запярэчыў Аткінс. – “Але вы хацелі ягоны дома, усё адно. Вось чаму вы хадзілі туды, пілі ягоную гарбату і смяяліся з яго. Цяпер у вас ёсць ягоны дом і яшчэ адзін у горадзе, што вам з ягонага імя. Мы гаворым пра Нігля, калі табе цікава, Пэркінс”.

“А, бедны маленькі Нігль!” – сказаў Пэркінс. “Нават ня ведаў, што ён маляваў.

Пэўна, тое быў апошні раз, калі ў размове ўзгадалі імя Нігля. Хаця, Аткінс захаваў той кавалачак карціны. Большая частка яго раскрышылася, але адзін прыгожы ліст застаўся некранутым. Аткінс зрабіў для яго рамку. Потым ён пакінуў лісцік Гарадскому Музею, дзе доўгі час “Ліст Нігля” вісеў у аддаленым кутку, мала хто яго заўважаў. Некалі Музей быў спалены, і ліст, і Нігль былі канчаткова забытыя ў той старой краіне.

“А гэта насамрэч карысна”, – сказаў Другі Голас. “Як вакацыі і каб асвяжыцца. Гэта прыемнае аздараўленне, і ня толькі. Для многіх гэта будзе найлепшым знаёмствам з Горамі. Тут могуць здарацца цуды. Я адпраўляю ўсё больш людзей сюды. І мала каму трэба вяртацца”.

“Так, так”, – сказаў Першы Голас. “Але я думаю, што варта даць імя гэтай мясцовасці. Вашыя прапановы?”

“Дзяжурны ўжо зрабіў гэта ня так даўно”, – сказаў Другі Голас. “Цягнік для Ніглявага Пэрыша на платформе! – ён так цяпер крычыць. Нігляў Пэрыш. Я даслаў ім абодвум паведамленне, каб распавесці пра гэта”.

“І што яны?”

“Абодва засмяяліся. Засмяяліся – Горы адгукнуліся ім!”

Паводле выданьня John Ronald Reuel Tolkien “Leaf by Niggle” (1964), © J.R.R.Tolkien, 1964.