…Гэта сакрэтная інфармацыя. Проста аднойчы ты выйдзеш на плошчу і нават не зразумееш што здарылася. Ды не, ты-то зразумееш – у цябе ж схема старая захаваецца. І дакуманты. Таму цяпер, не адкладваючы, трэба заняцца выемкай ілюстратыўнага матэрыялу з публічнага доступу. Схадзі ў музей, папярэдзь іх. Дырэктар – наш чалавек, патрыёт, ён дапаможа. Усё спалім у двары абласной бібліятэкі на суботніку. Але глядзі, цяпер нікому не прабалтайся. Лічы, што падпіску аб неразгалошванні мне даў…

1

У старой музейнай падсобцы панаваў паўзмрок. Жоўтае святло ад прыгожай старасвецкай лямпы на падваконні ледзь сягала твараў прыяцеляў. Усе пяцёра схіліліся над дубовым ампірным сталом. Стол не прызначаўся для распіцця напояў – гэта быў экспанат з нумарам захоўвання 34-412б. Але так ужо павялося – музейшчыкі могуць дазволіць сабе выкрутасы.

Працоўны дзень даўно скончыўся, але гэтым людзям падабалася заставацца тут даўжэй. Рамантычная атмасфера рэнесанснага баторыеўскага палацу як найлепш пасавала інтэлегенцкім размовам аб лёсах айчыны і продкавых запаветах.

Перыядычны верталётны строкат, што час ад часу даносіўся з прыадчыненага вакна, ня проста вяртаў іх да рэальнасці, але надаваў нейкае дадатковае вымярэнне размовам. Бо ж сядзелі яны не дзе-небудзь, а ў горадзе Нёман, у былым каралеўскім замку, што стаяў на абрыве ракі Кронан. А цякла тая рака па самым краю неабсяжнага Савецкага Саюзу.

Ім было даволі хораша. Маленькая бутэлечка з настойкай амаль апусцела. Мікраскапічныя, яшчэ польскага часу кілішкі стаялі тут жа. Заставалася па адной. Як казалі людзі з Усходу – страмянной.

Сёння акрамя музейшчыкаў у падсобцы сядзеў і Данііл Міхайлавіч – адказны супрацоўнік аддзелу культуры Нёманскага аблвыканкаму. Хлопец малады, зусім новы туташнім мясцінам. Зайшоў па нейкай працоўнай нагодзе, але паддаўшыся інтэлегенцкай гасціннасці так і застаўся на вечарыну. Побач з ім – навуковыя супрацоўнікі ды парачка экскурсаводаў.

Роўна насупраць Данііла трымаў пазіцыю сівы Валянцін Пятровіч – даўні загадчык фондавага аддзелу. Не часта заставаўся ён тут з калегамі, але сёння прывабіўся на новы твар. Цяпер Валянцін Пятровіч ужо добра раскумарыўся:

— Так, так. Усё, што ты, Міша, кажаш, слушна. Людзі і не такое вытвараюць. Часам і ня ведаеш, што думаць. Але я ўжо не бяру да галавы. Ну чым здзівіце вы мяне? Прынамсі, я з чысцюткім сумленнем магу сказаць: разумею, што нічога не разумею ў гэтым свеце. А некаторыя і тое, як вужакі! Га? – Ён павярнуў галаву да суседа. – Я табе, Сяржук, распавядаў хіба пра свайго неймавернага сябру Палёнага?

— Нейкія легенды хадзілі, але вось хачу з вашых вуснаў паслухаць пра гэтага так званага таварыша, – адазваўся чалавек з тварам мастака-афарміцеля. – Вось і Даніілу нашаму Міхайлавічу мабыць будзе цікава, так жа?

Данііл заківаў. Астатнія прысутныя таксама захацелі паслухаць неверагодныя прыгоды. Валянцін Пятровіч запаліў папяросу, уздыхнуў і стаў распавядаць:

— Быў у мяне адзін аднакурснік, нават, можа, і сябар па мянушцы Палёны. Цяпер ужо ён памёр. Каб не растрасаць загоеныя раны, не буду называць сапраўднае прозвішча – яго родныя дасюль працуюць у сталіцы, ды й у нашым горадзе засталіся.

Палёны быў вельмі вясёлы й жыццярадасны хлопец. Як і ўсе мы ў часе юнацтва, захапляўся бунтарствам, філасофіяй ды самвыдатам. Слухаў, натуральна, рок-музыку, стыляжнічаў паціху, але тое было ўжо не надта модна й наогул да сэрца не ляжала. Яго гарэзны характар увесь час выдаваў свету нейкія надзвычайныя жарты. Яны, гэтыя жарты і жартачкі, былі настолькі вытанчаныя, што людзі часцей за ўсё зусім іх не разумелі. Прыходзілася смяяцца ў адзіноце. Заходзіў часам Палёны да мяне, і я бачыў яго сумныя вочы. І спачувальна рагатаў.

Дык вось, пачалося гэта яшчэ на гістарычным факультэце. Гісторыя адрозніваецца ад іншых навук тым, што нават самы сівы акадэмік найчасцей ня ведае яе дастаткова добра. Бо што ж там ведаць – даты і факты? Іх мільёны! Старыя савецкія прафесары – нероўня віну – з часам псуюцца. Яны забываюць тое, што калісьці з боем здавалі на іспытах (часцяком нават спісаных), становяцца важнымі й напышлівымі. Цкуюць студэнтаў памалу. А наогул – пішуць нецікавыя кнігі й жывуць ва ўласным больш-менш утульным свеце.

Палёны спавядаў метад творча апрацаванага рэалізму. Як потым прызнаваўся, за жыццё ён здзейсніў толькі адзін абачлівы – але наканаваны! – учынак. Ён паступіў на гістфак. Але што паробіш, назад шляху няма. Прыйшлося выкручвацца, каб аднойчы канчаткова не з’ехаць з глузду.

“Я шалею ад іх. Я мушу жыць іначай!”, – казаў ён мне апасля чарговай авантуры, калі мы ўпотай выпівалі ў інтэрнацкім пакоі.

Каб не згінуць на працы ў занальным архіве, але і не згубіць твару, ён вырашыў прыкінуцца, што грае па правілах гэтай дзіўнай гістфакаўскай гульні. Але толькі прыкінуцца! Трэба займацца навуковай дзейнасцю? Калі ласка, зоймемся! Ды не простай, а ого-го якой навуковай. Самай навуковай!

Каб пачаць, трэ было спярша прыдумаць добрую тэму. Умова адна: каб у ёй ніхто апроч цябе ні хрэна не шарыў, і лішніх пытанняў не задаваў. А гэта ж у навуковых колах яшчэ і заахвочваецца! Маўляў, вось! Даследуе малады чалавек недасяжныя раней далягляды!

“Камсамол РСФСР – актыўны памочнік партыі ў арганізацыі сацыялістычнага спаборніцтва на гарбарных прадпрыемствах рэспублікі ў гады другой пяцігодкі”. Як вам тэма? Або “Сям’я і шлюб украінскіх сялян у другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя”. Як на падбор! Галоўнае, як мага далей адсюль, і каб чытаць работу было нецікава ад самай першай старонкі.

У ленінку Палёны схадзіў два разы. Першы – каб скласці спіс навуковай літаратуры. Другі – пачытаць кніжку з серыі “Страны и народы мира”. Гэта каб атрымаць сапраўднае акадэмічнае ўяўленне аб прадмеце “даследвання” і быць па ведах нароўні з акадэмікамі. Далей – толькі вольны палёт. Ужо чаго-чаго, а фантазіі хапала аж з гакам. Палёны ў драбніцах распісваў матэрыяльную культуру качэўнікаў, паспяхова лавіў адрозненні ў пантэонах розных плямёнаў, вылучаў нюансы пахавальных абрадаў і гэтак далей.

Выходзіла бліскуча! Толькі выдатна на ўсіх іспытах, чырвоны дыплом, удзел у міжнародных канферэнцыях і нават дзве публікацыі! Адна – у зборніку Пензенскага педагагічнага інстытуту, другая – у мясцовай універсітэцкай газеце. Усё гэта разам дазваляла без праблем праскочыць у аспірантуру. Далейшае жыццё бачылася пераважна ў ружовых колерах. Але нешта сапсавалася. Не, не тое што прафесура прачухалася. Проста самому захацелася чагосьці большага, каб павага ад грамадскасці была ці нешта такое. Яно зразумела – з наяўнымі талентамі Фернанам Брадэлем не станеш. Ды што там – да Сказкіна не дабрацца…

“Я буду людзям несці святло сапраўднай веды!”, – крыкнуў ён мне з вакна адыходзячага на Магілёў цягніка.

Палёны напісаў заяву аб выхадзе з аспірантуры па ўласным жаданні і “адбыў на месца сталай працы”. Праца знайшлася ў Магілёўскім раённым доме культуры, куды ён трапіў па пратэкцыі навуковага кіраўніка. Сэрца паклікала ў шлях, бо Палёны прыдумаў новы аб’ект прыкладання таленту. Ён аднойчы зразумеў, што савецкія грамадзяне, асабліва начальнікі, гісторыю не ведаюць зусім-зусім, а трапятанне перад ёю ў іх надзвычайнае. Адкуль гэта – таямніца вялікая. Што не пачынай ім распавядаць – круглыя вочы і дзіцячае захапленне. Але галоўнае – усё прымаюць за чыстую манету.

На няшчасце начальнікаў, на той час як раз прыйшлася хваля ўшанавання піянераў ды юнакоў-падпольшчыкаў, якія загінулі ад зверстваў фашыстаў. Палёны з ходу прапанаваў усталяваць манумент з імёнамі мясцовых патрыётаў у гарадскім парку. Каб здабыць тыя слаўныя імёны, яго, выплаціўшы шчодрыя камандзіровачныя, на два тыдні накіравалі ў маскоўскія архівы. Там, ужо ў белакаменнай, фарсіраваннымі тэмпамі адмыслова да шасцідзесяціпяцігоддзя Усесаюзнай піянерскай арганізацыі з’явіліся на свет (былі зачатыя, вынашаныя й народжаныя ў цяжкіх пахмельных муках) імёны чатырох дзясяткаў маленькіх змагароў. Жорсткай запойнай раніцай здзейсніў подзвіг шаснаццацігадовы юнак Аттапырын, які ўварваўся ў камендатуру з двума шмайсерамі, грохнуў палову афіцэрскага складу, вызваліў вязняў-камуністаў, але быў акружаны і загінуў, падарваўшы пад сабой апошнюю гранату. Сталася гэта за тры дні да вызвалення горада. Слава героям!

Дырэктар Дома культуры быў чалавек ахвочы да грамадскай актыўнасці, таму нажыўку праглынуў лёгка. Ух, колькі ж гонару атрымалася! На цэрымонію адкрыцця манументу прыехала цэнтральнае тэлебачанне. Інтэрв’ю ў Палёнага ўзялі адразу чатыры газеты – тры раённыя, адна рэспубліканская. Дырэктар пайшоў яшчэ далей і парупіўся ў гарвыканкаме аб пераназванні адной з гарадскіх вуліц у гонар героя. Усё так і зрабілі.

Я глядзеў па тэлевізару на шчаслівы твар Палёнага і мне здавалася, што ўсё гэтае відовішча задуманае дзеля аднаго толькі гледача.

“Я на крок ад перамогі!”, – амбітна паведаміў ён мне па тэлефоне ў той самы вечар.

Палёны паглядзеў на гэтыя радасныя твары і стала яму млосна. Таму ён узяў ды паведаміў мясцоваму маладому журналісту пра тое, што ўсе слаўныя гістарычныя падзеі былі толькі плодам фантазіі маленькага, блізкага да алкагалізму чалавека. Разлік быў, вядома, на грандыёзны скандал. Палёны нават меў надзею, што яго яшчэ раз пакажуць па тэлевізару.

Але раптам высветлілася, што аб прынцыпах грамадскага ўладкавання малады чалавек ведаў яшчэ недастаткова. Прынамсці меньш за партыйных ідэолагаў. Ня вопытны быў. На тым і пагарэў.

Галоўны рэдактар абласной газеты, на якую так разлічваў Палёны, апынуўся вялікай скацінай. Жаданы скандальны матэрыял у друк не прайшоў. Журналіста-памошніка перавялі ў аддаленую раёнку. З усімі чальцамі рэдакцыі, якія паспелі прачытаць прызнанне, асобы ў штацкім правялі выхаваўчыя гутаркі, каб рта не адкрывалі. Пра юнакоў-герояў жыхары горада забылі на наступны дзень, і ўсё сцішылася. Скандал замаўчалі, а мемарыял не прыбралі. Замест яго прыбралі дырэктара Дома культуры. Цяпер ён ачольвае абласную арганізацыю перасоўных кінаўстановак. На той пасадзе зараз працуе іншы адданы камуніст, які ў абавязковым парадку штогадова ўшаноўвае юных ахвяраў фашызму ды правоздіць вечарыны памяці. Цяпер ён куды больш падазрона ставіцца да гістарычных ініцыятыў ад спагадлівых гараджан.

А Палёны – нічога, застаўся на месцы, пад наглядам. Такой ганьбы ён не вынес і з гора кінуў піць.

“Але ж я яшчэ нечага варты? Я ж не пустышка? Я хачу і буду рабіць людзям дабро!”, – у апошні раз я тады чуў яго сумны, амаль плачучы голас.

Ён звольніўся яшчэ раз, замёў сляды і знік з горада. Немаведама як дамовіўся з Бабруйскай узбуйнёнай друкарняй, наштампаваў стос таямнічых папер і пераехаў кудысьці за сярэдні Урал. Там, у адным з невялічкіх гарадкоў на базе мясцовага ПТВ, ён адкрыў спецыяльную школу ад Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Міхайлы Ламаносава. Дзеці набіраліся з восьмага класа й рыхтаваліся да паступлення ў ВНУ са шматлікімі льготамі. Выходзіла так, нібыта ўсесаюзны ўніверсітэт шукаў самародкаў у глыбінцы. І знаходзіў!

Вядома, бацькі тэлефанаваць у Маскву не здагадаліся, а што яшчэ больш верагодна – проста не захацелі, бо міжгародняя сувязь задавальненне ня таннае, ды й грэх добраму чалавеку не верыць.

Палёны арэндаваў некалькі памяшканняў ПТВ, усе падручнікі ды абсталяванне купляў за свае грошы. А што атрымліваў наўзамен? Толькі павагу ад усіх жыхароў гарадку. Такую доўгачаканую. Паціху ён ізноў пачаў піць. Да выкрыцця афёры заставалася два гады, пакуль першы набор дзяцей не вырасце. Можна было жыць…

“Дарма жыў чалавек, калі не было ў яго лёсе сапраўдных момантаў уздыму”, – так заканчваўся ягоны апошні ліст да мяне.

Больш звестак аб ім не прыходзіла. Толькі нядаўна адзін з аднакурснікаў даслаў тэлеграму, што Палёнага больш няма. Калі гэта здарылася і ў якім менавіта горадзе ён не паведаміў. Напісаў толькі, што жонкі ў Палёнага так і не з’явілася.

Валянцін Пятровіч моўчкі разліў усім рэшткі з бутэлькі і запаліў яшчэ адну папіросу.

— Вось гэта нумар! – уздыхнуў мастак-афарміцель. – Во чалавек дык чалавек, чалавечышча! Так гэтых камуністаў за нос вадзіў, што ўсцацца можна! – Ён паглядзеў на Данііла, адзёрнуўся і закашляў.

— Але шарлатан! Шарлатан! – загаманілі іншыя.

— А я вось думаю, што гэта здарылася зусім навыпадкова. У нашай-то краіне і з гэтымі-то людзьмі… – тут відавочна думкі падзяліліся, але даволі хутка ўсе перайшлі з абмеркавання авантураў на звуклую сумесь музейных і побытавых баек.

Валянцін Патровіч так і сядзеў моўчкі, пакуль не выспела агульнае жаданне разыходзіцца.

Данііл выйшаў разам з музейшчыкамі на замкавы ганак. Перад носам пранёсся ашалелы майскі хрушч. Знізу прыемна пахла ракою. Яму вельмі падабалася гэтае месца. Абавязкова трэба будзе прыдумляць нейкія нагоды заходзіць сюды часцей.

Так у філасофскіх развагах аб праўдзе і мане ён дайшоў да абкамаўскага інтэрнату. Заўтра быў працоўны дзень, таму з’еўшы бутэрбродаў з Любіцельскай каўбасой прыйшлося адразу легчы спаць. Ён сніў апусцелыя плошчы Нёмана.

10

Працоўны дзень хіліўся да заканчэння. Данііл, натхнёны зместам кардоннай тэчкі Валянціна Пятровіча, друкаваў справаздачу. Агульны каркас ён ужо меў, засталося дашліфаваць дробязі.

У кабінет увайшоў шэф, стаў перад Данііліным сталом, зрабіў задуменную паўзу, але нарэшце выпусціў:

— Заўтра пагонім на сакрэтны аб’ект. Тычыцца непасрэдна нашай справы. Вырашылі ўзяць цябе, – сказаў Васілій Іванавіч аблізваючыся. – Мы тут падумалі, трэба цябе ўводзіць, паступова прыцягаць да розных далікатных рэчаў. Адпраўленне – пяць трыццаць, за табой пад’едзем да інтэрната і адтуль наперад.

Данііл кіўнуў. Ён ведаў, што начальнікі ўсемагчымых будтрэстаў і мехбаз, дарожнікі, асфальтчыкі ды іншыя паспелі апошнімі днямі пратаптаць лядную сцяжыну ў кабінет старшыні. Рыхтаваўся знос.

Паездка мусіла быць важнай. Там, па-за кабінетам, Данііл спадзяваўся закінуць ідэю аб заўчаснасці разбурэння і паспрабаваць прыцішыць працэс. Заўтрашні дзень хваляваў.

У звонкую раніцу, калі толькі птушкі прачынаюцца і салодка варочаюцца ў сваіх птушыных пасцелях, ён, выпіўшы салодкай гарбаты, за дзесяць хвілін да дамоўленага пачуў сінгал аўтамабіля. Зразумеўшы, што гэта знак, вельмі хутка спусціўся.

У вайсковым ГАЗіку ўжо сядзеў Васілій Іванавіч, убачыўшы якога Данііл трохі здзівіўся. Шэф упершыню апрануў камуфляжную форму з вайсковымі знакамі.

Машына паехала хутчэй, чым дазволена ў горадзе. ДАІшнікі пазнавалі яе і стоячы «на зважай» віталі. Хвілін праз сем аўтамабіль перасек Кронан. Перамяшчэнне за раку азначала трапленне ў новы горад. Рака была мяжою старога і новага, сапраўднага і ўяўнага, і нават не стане залішняй пошасцю прыгадаць метафару пра жывое і мёртвае.

Хутка праехалі левабярэжную частку і па вузкай двухпалоснай шашы панесліся на захад ад Нёмана. Паабапал дарогі быў лес. То справа, то злева ад шашы за дрэвамі віднеліся заборы з калючым дротам і вартавымі вежамі – вайсковыя часткі. Дарога спачатку віляла па гэтым лесе, затым яны ехалі па грунтоўцы. Было некалькі паваротаў. Праз поўгадзіны мінулі шлакбаўм ды апынуліся на тэрыторыі вайсковай часткі. Машына спынілася ля самых дзвярэй штаба.

Маленькі аднапавярховы будынак з шэрым шыферным дахам, па-вайсковаму мінімалістычны. Унутры сядзелі сувязісты ў здаравенных навушніках, нешта пікала, шуршалі дынамікі і з іх даносіліся нечалавечыя невыразныя каманды. У цэнтры стаяў макет ці то вёскі, ці то маленькага гарадка. Падобныя макеты можна сустрэць у школьных кабінетах вайсковай падрыхтоўкі. На іх старшакласнікі трэніруюцца правільна разумець загады ды ацэньваць аператыўную абстаноўку.

З візіцёрамі суха, па-вайсковаму прывітаўся мужчына ў форме. Даніілу падалося, палкоўнік. Яны перакінуліся з шэфам, а потым усе ўтрох сталі насупраць макета.

— Міхалыч, патлумач нашаму маладому супрацоўніку што тут да чаго. Мэта – ўвесці ў агульны курс справы, у спецыфіку сакрэтнага аб’екта.

— Зразумеў. Калі ласка, увага на макет, – без лішняй прадмовы па-вайсковаму зачаканіў той. – Даводжу асноўныя характарыстыкі аб’екту. Выпрабавальны палігон № Н-219 ёсць муляж невялікага пасёлку: чатыры вуліцы са спрошчанай імітацыяй гарадской забудовы. Вуліцы ўяўляюць чатырохкутнік, на іх стаяць нібыта жылыя дамы, на перакрыжаваннях – светлафоры. У цэнтры – паркавая зона ды невялічкае возера з прыгожым фантанам. Таксама ёсць муляж царквы і ўніверсам. Навучэнцы з мастацкага каледжу, дарэчы, афармлялі.

Навошта гэта трэба? На дадзеным палігоне нашыя вайсковыя спецыялісты сумесна з навукоўцамі інстытуту хімічнага сінтэзу і біятэхналогій Акадэміі навук праводзяць эксперыменты па ацэнцы інтэнсіўнасці ўдзеяння псіхафізічных рэчыў пласкастнога нанясення. Гаворка ідзе пра так званыя авізуальныя мемасубстанцыі. Выключна савецкая распрацоўка. Асноўныя кампаненты – спецыяльныя сублімуючыя рэчывы…

Шэф незадаволена цмогкнуў ды не даў Міхалычу дагаварыць:

— Малайцы нашыя хлопцы! Не ўсе мазгі яшчэ прапілі! Але гэтая навуковая каламута нашаму маладзёну не патрэбная. Хай батанікі ў інстытутах замарочваюцца, – хлопнуў ён вайскоўца па плячы.

— У такім выпадку, галоўны сэнс эксперыменту наступны. “Сродак незапамінання мірны – 2”. Для выкарыстання калі няма вайны. Скарочана – “СроНМ-2”. Гэта эмульсійны раствор для пакрыцця фізічных паверхняў. Нанесены сродак уздзейнічае на мозг. Не скажаючы візуалізацыю, ён карэктуе псіхафізічнае ўспрыняцце аб’екта назірання, перашкаджае яго фіксацыі ў свядомасці. Чалавек проста не ў стане запомніць аб’ект – аэрапорт, нафтасховічша, РЛС ці любую рэч, якая была апрацавана прэпаратам.

— І нават помнікі стануць незапомнікі! – падкрэсліў шэф.

— Для другой версіі ўласцівыя палепшаныя характарыстыкі. Яна не толькі прыдатная для выкарыстання пад адкрытым небам, але таксама вытрымлівае трапленне дастаткова інтэнсіўных ападкаў, мінусавыя тэмпературы і гэтак далей. Пасля распылення трымаецца не меньш за сем дзён. У выпадку сухога цёплага надвор’я – да месяца, пасля чаго патрабуецца паўторнае нанясенне.

— Ты зразумеў, што гэта за штуковіна? – звярнуўся Васілій Іванавіч да Данііла.

— Не зусім.

— Калі чалавечай мовай, – узяў на сябе штурвал шэф, – гэта такі раствор, якім можна абліць будынак, і ты калі нават вельмі ўважліва здолееш яго разгледзець, усё адно не запомніш. Прычым не запомніш не толькі памер ды колер, але і зусім не здолееш прыгадаць ці бачыў наогул. Першапачаткова вайскоўцы распрацоўвалі гэты сродак для выкарыстання ў памежных раёнах, апрацоўвалі сакрэтныя аб’екты – ракетныя шахты, рэактары. Уяўляеш, шпіён пераходзіць мяжу, і не можа запомніць анічога, што там ёсць. Атрад праціўніка пераходзіць праз апрацаваную тэрыторыю і ня ведае як вярнуцца. Або нават бачылі горад, вайсковую частку, а апісаць яго потым не могуць – бо ў памяці не трымаецца.

— Не думаў, што такое магчыма!

— Але! Настолькі эфектыўны сродак, што аднойчы апрацаваныя аб’екты нават мірныя жыхары, мясцовыя, якія тут нарадзіліся і выраслі, забываюць. Што праўда, дамы застаюцца ў далёкіх сектарах падсвядомасці, і часам вяртаюцца ў снах. Гэта пакуль недапрацовачка. Думаю, у наступных версіях гэты недахоп будзе зняты. Ну а пакуль –людзей з памежных раёнаў мы канешне звозім.

— А ці не шкодзіць гэта самім вайскоўцам?

— На такіх участках навабранцы больш за месяц не служаць – пераводзім на іншыя. Псіхіка не вытрымлівае. Фіксаваліся спробы самагубства. Дарэчы, абмежавана мы ўсё ж яго выкарыстоўваем у раёнах масавай жылой забудовы ў мікрараёнах. Ніколі не звяртаў увагу, наколькі яны падаюцца шэрымі і аднолькавымі? Між іншым, з колеравай гамай ды разнастайнасцю праекаў там усё добра. Гэта робіцца ў мэтах бяспекі ды супрацьдзеяння шпіянажу. Да таго ж мы высветлілі, што разумныя, кантралюемыя дозы амнезіі спрыяльна ўздзейнічаюць на сацыяльную стабільнасць.

Вайсковец ізноў перахапіў тлумачэнне:

— Уласна, у гэтым палягае асноўная цяжкасць: ваенны сродак мае баявы эфект, можа выклікаць нервовае растройства. Але мы зараз выпрабоўваем версію для мірнага выкарыстання. Амаль без пабочных эфектаў. Адзінае, дзяцей да трох гадоў ванітуе. А ў цэлым – нармальна. Вось гэты эксперыментальны пасёлак мы апрацавалі растворам.

— Сапраўды, я тут з дзясяты раз ужо, але зусім не памятаю як ён выглядае, – падцвердзіў шэф.

— Зараз я прапаноўваю нам утрох прагуляцца па эксперыментальным палігоне ды выпрабаваць сродак на сабе. Не бойцеся. Як я казаў, гэта абсалютна бяспечна. Мы будзем прагульвацца, і вы паспрабуеце усё запомніць. Пасля вяртання пагутарым, і вы пераканаецеся: сродак працуе.

Яны дапілі гарбату ды ўтрох выйшлі праз заднія дзверы. Проста ля ўвахода пачынаўся густы падлесак. Ад выхада вілася вузкая сцяжынка. Літаральна праз 150 метраў падлесак скончыўся і сцежка ўперлася ў высокі жалезабетонны плот. Яны прайшлі яшчэ зусім ледзь-ледзь уздоўж яго й апынуліся ля звычайнай металічнай каліткі. Вартаўнік, які стаяў там, машынальна аддаў чэсць ды распахнуў уваход. Унутры была даволі вялікая тэрыторыя, можа з 3-4 футбольных палі, забудаваная пяціпавярховымі панэльнымі будынкамі.

— Ну вось. Мы тут хвілін на трыццаць. Больш дактары не раяць у першы раз. Давайце цяпер узірацца ды спрабаваць запомніць што бачым. Я зазвычай даю курсантам заданне знайсці ды запомніць адрозненні паміж дамамі, а таксама запомніць маршрут да ўніверсама. Як бачыце, усё проста.

Яны прайшліся ўздоўж вуліцы. Дамы аказаліся толькі каробкамі з пустэчай унутры. А што там магло быць у гэтым панэльным эксперыментальным плігоне?… Данііл адзначыў, што дакладна такія ж дамы будаваліся ў Нёмане камбінатам панэльнага домабудавання. Зрэшты, гэта і былі тыя ж панэлі.

— І вы думаеце, я не запомню гэтых пяціпавярховікаў? Вось жа яны – як на далоні!

— Не-а, не запомніце. Можам паспрачацца. Тут некаторыя асабліва хітрыя курсанты на далоні драпаюць палоскі пруцікам. Але мы такое адсочваем, – папярэдзіў Міхалыч.

— Ого, а што гэта? – Данііл не паверыў уласным вачам. У цэнтры імправізаванага паселішча стаяла пачварная аднапавярховая канструкцыя, складзеная з металічных шчытоў, пафарбаваная ў яскравыя, але недарэчныя колеры.

— А гэта ж той самы ўніверсам, аб якім я распавядаў. Гэта наш цэнтральны трэнажор. Такую афарбоўку ў звычайным жыцці да смерці помніць будзеш. А тут – паглядзіце! – палкоўнік паказаў пальцам на мацюк, выведзены аграмаднымі памаранчовымі літарамі. – Гэта нашыя жартаўнікі парупіліся!

— Гэта такі армейскі гумар у вас, так? Ну што ж, добры жарт – заўсёды да месца, – падтрымаў яго шэф.

— А вы вось і гэты мацюк паспрабуйце запомніць!

Яны яшчэ зусім крыху паблукалі пасярод пяціпавярховікаў. Больш рабіць тут не было чаго.

— Ну што, абратна? – прапанаваў палкоўнік. – Не стаміліся? Не ташніць?

Гасцей нічога не турбавала, і яны папляліся да выхаду.

Прайшоўшы ізноў праз калітку, па той жа сцяжынцы вярнуліся ў штаб. На шляху маўчалі. Данііл не мог зразумець навошта яму гэта паказалі і чым абавяжуць яго новыя веды. Шэф думаў, што някепска было б пакрыць гэтай атрутай сваё лецішча пад Масквою, праект якога яны з цесцем намалявалі самі. Адна надзея, што калісьці гэтае рэчыва будуць выпускаць у маленькіх балончыках ды гандляваць у хозмагах.

Яны зайшлі ў памяшканне. Палкоўнік паставіў моцна завараную чорную гарбату, цукар, і прапанаваў распавесці аб убачаным. І толькі цяпер Данііл насамрэч адчуў усю падступнасць гэтай штукі. Ён важыўся прыгадаць хоць нешта з убачанага, але гэты псеўда-горад, псеўда-прастора круцельскі выслізгала са свядомасці. Гэта была суцэльная чартаўшчына. Чым больш ён намагаўся прыгадаць дэталі – будынкі, вуліцы, па якіх пятнаццаць хвілін таму хадзіў, тым больш узнікала адчуванне, што бачыў ён іх паўсюль. Розуму не было за што зачапіцца.

— Малады чалавек, я бачу вы моцна пакутуеце, – паспачуваў палкоўнік. – Наогул гэта нармальна. Моцны псіхалагічны эфект. Ён у паддоследных літаральна праз аднаго. Значыць нармальная псіхіка ў вас. У іншых дык наогул ілбы з чугуна, нічым не праймеш

— Галава баліць… А вы ж казалі, што толькі немаўлят ванітуе.

— Вы проста пастарайцеся пераключыцца. У нас аптэчка ёсць калі што.

— Ага, сто грамаў трэба неадкладна прыняць. Давай, Міхалыч, налівай свае франтавыя-памежныя. – Шэф відавочна быў моцна задаволены. Сродак спрацаваў як трэба.

Палкоўнік наліў, яны выпілі, і шэф амаль адразу пачаў развітвацца з Міхалычам. Сеўшы ў ГАЗік, першы час маўчалі, але гэта доўжылася нядоўга.

— Давай, Данііл Міхайлавіч, дзяліся ўражаннямі. Як табе савецкая сакрэтная зброя? Патруцім капіталістаў, га?

— Шчыра кажучы, пакуль цяжка выразіць. Штука цікавая канешне, і дзейсная. І ўсё ж адважуся запытацца: дзеля чаго вы вырашылі паказаць мне ўсё гэта?

— Пытанне добрае. Малайчына! А адказ такі: чакае нас з табою вялікая і важная справа на карысць радзіме. Вельмі хутка зразумееш што да чаго. Але яшчэ пацярпі. А чаму менавіта цябе ўцягваю? Дык я бацьку твайго ведаў вельмі добра. Служылі ж разам. Вось і цябе ён прыладзіў. Амаль родныя, такі наш лёс!

Яны памаўчалі яшчэ крыху.

— А як ты, Данііл, лічаш, маглі б мы гэты цуда-сродак у даручаным нам з табою горадзе ўжыць?

— Але гэта можа быць небяспечна. Ёсць жа старыя, дзеці… Ды й з якой мэтай?

— Не перажывай за старых. Натуральна, вуліцы з палівалкі мы гэтым лайном апырскваць не будзем. Але ж ты сам казаў, што наш касцёл – гэта памяць, гэта твар горада, што людзі не зразумеюць. Казаў? Дык я параіўся з таварышамі, і мы вырашылі, што можна правесці адзінкавы эксперымент. Ну каб больш спакойна ўсё прайшло, без наступстваў. Папырскаем на яго і знясем спакойна, – шэф гаварыў як дарослы, які ўгаворвае хлапчука прыняць горкі лек. Але тое была не нарада.

— Але ж у людзей захаваліся фотаздымкі, малюнкі, мапы…

— Забярэм! Ну пабурчаць. Але ж такіх адзінкі. Гэтыя людзі запомняць можа ў якой краме селядзец смачнейшы, а гэта – я цябе прашу. Ім хоць сінагогу на галаве чашы, усё па-барабане! Ізноў жа, тут амаль усе як мы з табою – людзі новыя, верай не абцяжараныя.

Яны ізноў паехалі моўчкі. Вось ужо з’явіліся гарадскія ўскрайкі.

— Ды ты не напружвайся. Гэтая справа фактычна вырашаная. Узгадненне атрымана на самым версе, у Маскве. Я не тое што раіўся з табою. Проста папярэджваю.

— А калі гэта адбудзецца? Выкарыстанне сродка я маю на ўвазе.

— Гэта сакрэтная інфармацыя. Проста аднойчы ты выйдзеш на плошчу і нават не зразумееш што здарылася. Ды не, ты-то зразумееш – у цябе ж схема старая захаваецца. І дакуманты. Таму цяпер, не адкладваючы, трэба заняцца выемкай ілюстратыўнага матэрыялу з публічнага доступу. Схадзі ў музей, папярэдзь іх. Дырэктар – наш чалавек, патрыёт, ён дапаможа. Усё спалім у двары абласной бібліятэкі на суботніку. Але глядзі, цяпер нікому не прабалтайся. Лічы, што падпіску аб неразгалошванні мне даў.

Так яны даехалі да Нёмана, рэшту шляху ўжо зусім не размаўляючы. Данііл спрабаваў пераварыць убачанае.

“Вось на што яны гатовыя… Але навошта я? Навошта гэты фарс?”

І тут яшчэ адна здагадка напалохала яго. А раптам гэта толькі трэніроўка? А потым яны працягнуць! І ніхто ніколі больш не ўзгадае, што на заходняй мяжы Савецкага Саюзу, на рацэ Кронан стаяў прыгожы старадаўні горад…