Другі тыдзень запар знаёміцца з Вінцусём нейкі віртуальны незнаёмец. Грукае яму ў сеціве, упарта знаёміцца, здымкі дасылае, у адказ просіць.

Міла чатуюцца мальцы – без вульгарства. Словы пішуцца годныя, вартыя, сецівагайдальныя, у рэчаіснасьць прасілыя, глядзелыя, рандэву і смачнасьці простыя, зямныя абяцалыя. Усьмяхаецца хіба на каліва вымерханай прыгажосьці малец. Бо па-за чатам думкі занятыя навінамі з Украіны, зь сьвету, перадусім асацыяваным для Вінцуся з Кабылянскай. Усмак зачытваўся ў маладосьці ейнымі эмацыянальнымі і такімі суладнымі, эстэцкімі, а яшчэ мэлянхалійнымі аповядамі, раманамі. Часта марыў малец колерамі, акцэнтамі гэтай выбітнай украінкі. А цяпер так шчымліва хвалюецца за ейную краіну. Сьпіць, працуе, кахаецца і ўсё тады, калі там дзеецца нешта пагрозьліва-палахлівае.

На пэўны час яго зноў віртуальна выкрадае ў хваляваньня незнаёмец. Зноў міла чатуюцца мальцы. Гэтым разам незнаёмец хоча стаць знаёмцам – запрашае ў кавярню, рэальную, каб пазнаёміцца. Два тыдні ўсё ж-такі мінулі – ужо можна і далей ісьці ў адносінах. Адным вокам Вінцусь чытае навіны з Украіны, а другім цікуе за чатнымі камплімэнтамі ў свой адрас. Зноў неяк цераз сілу ўсьміхаецца тужліва-спрацаванай вабноты малец. У канцы Вінцусь кажа «так». Рандэву прызначанае на заўтра ў той кавярынцы, дзе ён неяк раней разьбіў келіх, а яшчэ пасварыўся з самым першым сваім каханкам. Пагаджаецца на гэтую кавярню, бо мінулага не баіцца ён ды ня верыць у тое, што сьцены памятаюць былыя учынкі. Мёртвыя сьцены, забытыя ўчорашнія выкіды.

На заўтра, як зазвычай перад спатканьнем, крыху трывожыцца Вінцусь, сумняецца ў сваёй прыгляднасьці. Хістаецца, ня любіць сябе, але зьбіраецца, бо слова дадзенае ж было! А з інтэрнэту ліюцца хвалі жуды пра загінутых на Майдане тыдзень таму. І страшна, а яшчэ сорамна Вінцусю, што жыў, спаў спакойна ён ды яшчэ вераломна чатаваўся, калі людзі пакутвалі ў краіне Кабылянскай… Пахмурнее малец, думае ўжо адкласьці спатканьне, але потым зноў разважае, усё ж-такі зьбіраецца, бо баіцца самоты… Йдзе на рандэву.

Шэрае места, алавяныя нябёсы, сталёвыя твары мінакоў, асфальтныя люстрункі ў вокнах. Першасакавіцкая бязвыходнасьць. Сьцюжа так пасуе гэтаму зьмярцьвеламу месту!

Вось патрэбная кавярынка. Вінцусь сіліцца ўсьмяхнуцца, каб зьмесьці сум з вуснаў і вачэй.

Незнаёмец ужо там, сідзіць, цешыцца, пабачыўшы і спазнаўшы Вінцуся. Спазнае яго адразу Вінцусь, бо падобны ён да таго, каго бачыў на віртуальным здымку.

Здароўкаюцца мальцы абдоймамі на эўрапейскі капыл. Рэдка тут так здароўкаюцца, звычайна мальцы тут негігіенічна рукаюцца. Распранаецца Вінцусь, хутчэй задаволены першым уражаньнем ад жывой стрэчы зь незнаёмцам. І той — па ўсьмешцы бачна- задаволены стрэчай. Яшчэ ня сеў Вінцусь, а той, толькі што зь сеціва ўрэчаісьнены, сьмела кажа:

— Сяньня наагул удачны дзень!

— Так? — пытаецца зацікаўлены Вінцусь.

Той хукае на рукі і кажа такое, ад чаго шэрхне, мізарнее Вінцусь:

— Сяньня, спадзяюся, нарэшце, устрыюмфуе праўда – Крым аддадуць нашай Расеі…

Вінцусь нямее, шэрхне, цалкам спыняецца і пачынае дзею, падобную да адмоткі кадраў назад: ён моўчкі накідвае на плечы шалік, палітон, вяртае на вусны і вочы сум, з такой няпростасьцю зьмецены перад уваходам сюды. Вінцусь сыходзіць. Моўчкі. Упэўнена. Бяз жартаў. З думкамі пра чароўную Ўкраіну.

— Вінцэсь, што такое? Ты куды? Вінцэсь! — крычаў зьбянтэжаны раптам такі адыёзны незнаёмец.

Вінцусь апынуўся вонкі і сказаў амаль уголас «Што гэта толькі што было? Нейкі благі фільм?»
«Ты куды! Вінцэсь!» так абуралі яго. Так шкадаваў ён, што намалявалася гэтая вусьцішная, недарэчная стрэча. І зусім не шкадаваў, што так маўкліва-гвалтоўна выйшаў ён.

На золкай вуліцы ён раптам зноў падумаў пра Кабылянскую, пра Ўкраіну, якой яшчэ так шмат трэба перанесьці… Вінцусь пайшоў па сьцюдзёнай вуліцы. Знячэўку наіўны спадзёў вярнуўся да яго, які заўсёды вяртаўся, прыгадаў ён, да яго падчас чытанкі Кабылянскай. Ён шпацыраваў па вуліцах, якія вялі яго далей-далей ад такіх страшных і неразумных суайчыньнікаў. На бліжэйшай паваротцы Вінцусь канчаткова адкараскаўся ад сшэрхласьці, выкліканай такім бязглуздым спатканьнем.

1 сакавіка 2014, Менск-Віцебск, Уладзь Гарбацкі