Яна была тут за мною шмат часу, назойна, знадаедліва, а то і гвалтоўна ціснулася да мяне. Прыгарнула да сябе мільёны яна, у тым ліку маіх родных і сяброў, але не мяне…

Далі табе нямала чарак

На твой нацыянальны сон,

Народ сьвінарак і даярак,

Каб толькі не беларусоў.

Л. Геніюш

Яна была тут за мною шмат часу, назойна, знадаедліва, а то і гвалтоўна ціснулася да мяне. Прыгарнула да сябе мільёны яна, у тым ліку маіх родных і сяброў, але не мяне…

Бо халодны, нават фрыгідны я малец з тымі, хто не даспадобы мне. Бо прынцыповы я з тымі, хто штучны, ілюзыйны сьвет прапануе мне.

Чужаніца тут здаўна сядзіць… І гэтае здаўна ўжо надае ёй сьмелу, робіць яе амаль роднай. Але ня родная яна – заўждная чужаніца.

Зьведаў гэта праз бабуляк родных і чужых я, а бабулькі ня лгуць. Жылі яны з чужаніцай, так і не пусьціўшы яе цалкам у жыцьці свае.

Гвалту не чынілі зь ёй, як яна сабе дазваляла і дазваляе такое з намі; мудрыя былі бабулькі, проста ігнаравалі яе, у хату не пускалі, але, праўда, і паміраць на дварэ ад галадоўлі не давалі ёй. Мудрыя і добрыя, да сэрца не падпусьцілыя чужаніцу. Але прыкармілі яе яны і тым сам далі ёй усё – будучыню сярод нас… Памёрлі мае бабулькі, якія цураліся чужаніцы, але вось гляджу і бачу, што могілкі іх аздобленыя літаркамі чужаніцы. Вось да чаго дабрыня вядзе, вось да чаго міласэрнасьць схіляе. Не змаглі яны сьмела, гвалтоўна разьвітацца зь ёю, настоіць на сваім – і яна вомегам для іх вылезла.

Цяпер жа чужаніца тая для бальшыні роднай стала, як часта для некаторых мачыха становіцца бліжэй за маці роднай. Але ведаю я, сярод нас чужаніца жыве і спакою няма мне, ані… Пяю песьню сьмелую ды ўпартую, да разьвітанкі падобную, да разьвітанкі з чужаніцай. Бо яна пад маскай роднасьці такое гора навяла на нас, гора нябачнае, цяжка ідэнтыфікаванае і даведзенае. Наіўна і так бязглузда беларусы шкадуюць чужаніцу, дзеляцца зь ёю ўсім, аддаюць ёй усё, а бяруць ад яе каліва, але каліва тое вусьцішнае, атрутнае, чмутнае, сэрца і розум зьнішчалае. І ўжо ня толькі добрыя бабулькі шкадуюць яе, але і маладыя пакаленьні цалкам веры даюць ёй, стаяць на ейным баку, бароняць яе і ўжо крыўдзяць раднюлечку.

Кажуць беларусы цяпер, што трэба быць рацыянальнымі, чужаніца дапаможа нам у сьвет выйсьці, як дапамагла раней чалавецтву ў космас паляцець. Кажуць беларусы, што трэба карыстацца чужаніцай – яна грошы дае. Кажуць беларусы, што варта быць сур’ёзнымі – раднюля не дапаможа ў сьвеце, на раднюле немагчыма апісаць багаты, далёкі і складаны сьвет. Ачмуцелыя беларусы, бязглуздыя, а яшчэ млявыя, так лёгка ва ўсім саступалыя, на ўсё згодныя, асабліва на ўласны самаглум. І ўжо ў амаль кожным беларусе чужаніца сядзіць ды рэй вядзе, да мяне дабіраецца, але помню выразна і так сьветла бабуляк я і іх добрую мудрасьць – ігнараваньне чужаніцы. Хаця б ігнараваньне… Не маўчалі яны, слова свае казалі, не баючыся і тым самым цьвердзілі свой родны сьвет. А як цяпер замаўчалі ўсе, то іншая цьвердзіць яго. Дзе ўмалёгваньнем, а дзе і гвалтам бярэ чужаніца. А я дык разьвітаньнем бяруся здужаць яе. Сіла разьвітаньня ўва мне ад бабуляк: яны праз дабрыню не змаглі разьвітацца зь ёй, я разьвітаюся без хістаньняў. Бо абрыдла чуць плявузганьне і глупае канстатаваньне і жыць у бязьдзейнасьці, калі так проста аднавіць раднюлю, калі так шмат сродкаў у беларусаў – незалежнасьць перадусім. Але млявыя і сьляпыя беларусы ля стырна, незалежнасьць атрымалі, але з чужаніцай жывуць у галавах, паўсюль яна суправаджае іх, гарапашных, без сваёй волі. Чужаніца вядзе рэй у краіне. Калі, зрэшты, суд будзе над імі, гарапашнымі і бязьдзейнымі, то бязьдзейнасьць іх і стане першай крытыкай, першым абвінавачваньнем маім. Бязьдзейнічалі яны так упарта і халатна, пакідалі на самапас і самаразьвіцьцё мову адну, а другую – чужаніцу – падтрымлівалі ўсяляк і песьцілі. Апраўдвалі і бялілі, хвалілі і бэсьцілі тую, якая і так вонкі мела вялікую падтрымку на Ўсходзе. За “так склалася” і “нічога тут ужо не паробіш” ня проста неўхвалу ўляпіць злачынцам, але шмат год зьняволеньня за наўмыснае халацтва. Чужаніца, якая нібыта ў космас чалавецтва вядзе, сілкуецца здаўна жывіцай іншых культураў і моваў, сілкуецца, бы чалавекажэрца, тады як раднюля прабівае сабе шлях сама, усюль і ўвесь час сама. Кідаюць нам: “дзе вашыя набэляры?”, “дзе вашыя шэдэўры?”, “дзе вашыя пушкіны ды данцовы?” Скажу толькі адное: у той час, калі вам усё дадзенае, калі адусюль ліецца вашая чужаніца, калі забойца ды акадэмік, прастытут ды інжынэр размаўляе па-расейску, калі ўсім удзёўбваецца мова змалку да скону, калі ўсё спрыяе нават дурню пісаць, думаць і сьпяваць на адной мове, то нам праз цяжар чужаніцы да ўсяго трэба ісьці самастойна – складана, упарта, балюча – шляхам памылак, спробаў, гвалту, нястачы і запозьненасьці. І ўсё гэта зноў і зноў праз бядзьдейнасьць нашых уладцаў — ня цалкам віна на чужаніцы.

І ніколі ня позна вырашыць пытаньне, дапамагчы раднюльцы – трэба проста разьвітацца з чужаніцай: калі вы культурныя, то папрасіце сысьці яе, калі вы гвалтоўныя, то праганіце, адпрэчце, адцягніце яе ад сябе і зачыніце за ёю шчыльна дзьверы. А калі вы брутальныя і радыкальныя, то проста задавіце яе ў сябе. Карацей, разьвітайцеся зь ёю, як умееце.

Калі так балюча разьвітвацца з раднюляй, то зусім проста, насамрэч, разьвітвацца з чужаніцай, якая паразытавала на нас. Проста адважцеся і разьвітайцеся зь ёю назаўжды.