Калі аднойчы мяне пачала непакоіць мэбля ў маім старым, атрыманым у спадчыну ад бацькоў доме, я папрасіў некалькіх чалавек, каб яны дапамаглі мне выцягнуць яе з пакояў, наладаваць у кодаб грузавіка і вывезці за горад; там мы паскідалі барахло ў канаву і накрылі вялікімі кавалкамі тканіны.

Пасля ў пустым доме я частаваў памагатых выдатным моцным віном; праз нейкі час усе яны спявалі на поўны голас, туляючыся сярод голых сценаў… Галасы разносіліся па ўсім памяшканні, і мяне раптам апанаваў страх, як я буду ў гэтым доме начаваць, калі людзі разыдуцца і я застануся адзін. Я ведаў, што тая велізарная ціша, якая тады настане, несумненна, пачне разбураць мяне, і хадзіў туды-сюды, перапалоханы, азіраючыся, як звярок, і шукаючы ў мутных ужо людскіх вачах разумення. Мае памагатыя бадзёра спявалі, расцягнуўшыся на дыванах.

 

Аднак нарэшце мне пашанцавала: каля дома якраз праходзіў мой сябар. Ён зазірнуў у акно, і я адразу ж папрасіў яго, каб ён застаўся са мной, бо тыя людзі ўжо збіраліся адыходзіць, а на дварэ паспела сцямнець.

 

Перш чым пайсці, госці яшчэ доўга стаялі перад домам, рагаталі і крычалі, а некаторыя нават спрабавалі танчыць, але пакрысе яны адзін за адным адгарнулі каўняры паліто, каб засцерагчыся ад начнога холаду, і вельмі хутка пазнікалі за рогам вуліцы, хоць іх хада была павольная і няпэўная.

 

Я даў сябру хлеба з маслам і цыбуляй. Ён сядзеў на дыване і засяроджана жаваў; у яго выступала то правая, то левая шчака; час ад часу ён аблізваў палец. Яго цёмныя вочы ззялі ў святле аголенай лямпачкі. У сябра былі сціснутыя, вузкія вусны, якія нагадвалі шнар пасля цяжкага ранення нажом ці брытвай.

 

Нашае сяброўства было дзіўнае. Уласна кажучы, мы ненавідзелі адзін аднаго, але, калі падумаць, дык хіба гэта дзіўна, калі адзін сябар ненавідзіць другога? Мы выдатна ведалі адзін аднаго, сябравалі шмат гадоў: з часам усе плюсы і выгады нашага сяброўства зрабіліся невыносна аднастайнымі і сумнымі і страцілі прывабнасць, мабыць, нават змяніліся на сваю супрацьлегласць, дайшло да таго, што кожны з нас толькі і чакаў, калі другі зробіць памылку, каб мець магчымасць пасварыцца. І, што горш, спрэчкі гэтыя былі нейкія няўцямныя, замаскаваныя ўсмешкамі, жэстамі талерантнасці, ілжывага разумення і аздобленыя хітрымі саступкамі, за якімі хаваўся чарговы напад, які, трэба адзначыць, ажыццяўляўся асцярожна і акуратна, часцей з дапамогай двухсэнсоўных намёкаў, чым праз непасрэднае абвінавачанне — дзеля таго, каб праціўнік не мог эфектыўна абараняцца альбо наагул не ведаў, як і навошта на яго напалі.

 

Сябар праглынуў некалькі кавалкаў хлеба з маслам, мабыць, думаючы, што ў яго наперадзе ноч, поўная дыялогаў, у якіх трэба страшэнна добра ўзважваць словы, нібыта хады ў шахматнай партыі з грасмайстрам. Аднак я маўчаў, абапершыся спінай на сцяну. Я адчуваў, як мяне ахоплівае страх. На нявыказанае ўголас пытанне сябра адносна вывезенай мэблі я паспешліва адказаў, што ў пэўны момант яна пачала непакоіць мяне, і нават дадаў, што гэта я, тая частка майго я, якая за доўгі час існавання ў гэтай кватэры перасялілася ў старую, добрую і, безумоўна, ні ў чым не вінаватую мэблю, пачала непакоіць мяне. Сябар выслухаў мяне і зрабіў выснову, што ў гэтых справах у яго нашмат больш каштоўнага досведу. Ён параўнаў таямніцу маёй мэблі з таямніцай гатычных сабораў. Гэтае параўнанне я палічыў смешным, бо не асабліва яго зразумеў. Тое, што сябар тлумачыў далей, засталося па-за маёй увагай; я нецярпліва чакаў, пакуль ён скончыць, а пасля паведаміў яму, што мяне раптам пачалі непакоіць дываны, і адразу ж папрасіў яго дапамагчы мне вынесці іх на падворак.

 

На дварэ панавала сцюдзёная ноч, але нам холадна не было, хутчэй наадварот, выцягваючы цяжкія і часам сапраўды вельмі вялікія дываны, мы досыць моцна разгарачыліся і спацелі. Пару разоў не абышлося без лаянкі, галоўным чынам тады, калі наш ладунак не пралазіў у вузкія дзверы, і мы не маглі ні ўвайсці, ні выйсці, нязграбна круціліся, тузаючыся паміж вушакамі. Калі нарэшце ўсе дываны апынуліся на падворку, я палічыў, што гэтага недастаткова: яны знаходзяцца занадта блізка. Сябар быў таго самага меркавання, што мяне здзівіла і адначасова ўзрадавала, хоць я і пабойваўся прыхаванага значэння такой нечаканай згоды, таму вырашыў паразмаўляць з ім пра гэта, але не змог знайсці ў ягоных словах ніякага вераломства або якой-небудзь падрыхтаванай пасткі; тым больш што сябар прызнаўся, што пазбавіўся ад мэблі і дываноў яшчэ раней, але саромеўся мне пра гэта расказаць, бо думаў, што я магу абвінаваціць яго ў пазёрстве і штучных паводзінах і нават узняць на смех. Я адразу ж згадзіўся ў думках, што ягоная боязь была небеспадстаўная. Пасля мы ўзяліся за дываны і пачалі выносіць іх у лясок, які быў паблізу, дзе паскідалі іх у кучу і замаскавалі лісцем, розным галлём, ламаччам, глінай і каменнем.

 

Дома мы леглі ля сцяны, прытуліўшыся адзін да аднаго, каб крыху сагрэцца, і папівалі віно, якое засталося ад папярэдняга пачастунку.

 

Потым мы спалі да самага світання.

 

Прайшло некалькі тыдняў. Сябар застаўся жыць у мяне, што, натуральна, выклікала розныя размовы сярод суседзяў, перадусім жанчыны з нашай вуліцы былі абураныя, і, калі ім даводзілася сустракацца са мной на ходніку, яны стараліся перайсці на іншы бок або нават адварочваліся і кіраваліся ў адваротным кірунку. Такая рэакцыя атачэння ні мяне, ні сябра не турбавала, мы чэрпалі з яе натхненне, выхваляючыся адзін перад адным сваім «негатыўным» досведам.

 

Людзям, з якімі мы былі ледзь-ледзь знаёмыя і якім было вядома, што мы жывём разам, несумненна, здавалася падазроным нашае сэксуальнае жыццё, але падазрэнні такога кшталту ў сапраўднасці былі смешныя: спачатку мы працягвалі падтрымліваць зносіны з нашымі ранейшымі каханкамі, жыццё ішло так, як і дагэтуль, але хутка мы перасталі нашым каханкам адпавядаць, дакладней кажучы, мы былі ўжо ня здольныя задавольваць іх патрабаванні ў сэксуальнай сферы — і, мабыць, не таму, што іх патрабаванні рэзка ўзраслі, а хутчэй таму, што нашая патэнцыя рэзка ўпала, дакладней, зусім знікла; гэтыя змены не былі, аднак, выкліканыя нашымі ўзаемнымі стасункамі, бо нічога такога і блізка не было; рэч была ў іншым: гэтыя, шчыра кажучы, досыць непрыемныя змены былі выкліканыя стомленасцю, вычарпанасцю.

 

Пасля некалькіх дзён сумеснага жыцця мы неяк спантанна прыйшлі да высновы, што нас непакояць шпалеры і фарба на сценах, а таксама паркет і лінолеум, і нават каменная падлога ў сенцах і на калідоры. Таму кожны вечар, вярнуўшыся з працы, мы мусілі цяжка працаваць, ліквідуючы згаданыя заганы нашага жытла. Працавалі мы кожны раз да ночы, кватэра была поўная пылу і бруду; дзесьці апоўначы мы клаліся і адпачывалі, але а першай зноў былі на нагах і дзёрлі далей, каб кватэра сталася для нас сапраўдным домам. Мы не шкадавалі ніякіх высілкаў. Матэрыял, здзёрты са сцен і павырываны з падлогі, мы зносілі ў лес і там яго закопвалі. Такі лад жыцця забіраў у нас усе сілы, пра нейкія сэксуальныя задавальненні і думкі не было. Аднак таямніца нашай «спальні» шмат каму па-ранейшаму не давала спакою, асабліва калі хто-небудзь бачыў нашыя змучаныя, стомленыя твары, кругі пад вачыма і схуднелыя целы; калі ж хтосьці заўважыў яшчэ і нашыя мазолістыя далоні, нядобразычліўцы пачалі падазраваць нас у неверагодна вычварных, складаных сэксуальных практыках.

 

Міналі тыдні і месяцы. Мы купілі новую мэблю і дываны. У хуткім часе мы нанялі экспедытараў, каб яны вывезлі мэблю, бо яна пачала нас страшэнна непакоіць, раз’ядаць знутры, яе прысутнасць у доме была падобная да прысутнасці дыверсанта, чужога, які атакуе нас нашай уласнай зброяй, то бок якасцямі, якія з нас перайшлі на прадметы і тым самым іх ажывілі. Праз некаторы час надышла чарга дываноў, гэтых ліслівых гадаў, якія звіваліся ля нашых ног і штосьці шапталі па начах. Мы выцягнулі іх на падворак і падпалілі. Мы глядзелі на агонь, і нас не пакідаў страх, што мы ніколі цалкам не пазбудземся гэтай заразы.

 

Хутка мы купілі чарговыя дываны і чарговую мэблю. Мэбля была вельмі прыгожая і сучасная, і калі мы вывезлі яе на сметнік за горад, там сабралася вялікае мноства народу з аўтамабілямі і падводамі, каб што-небудзь з яе адхапіць. Нам было ўсё адно. Мы спяшаліся дадому па дываны, хутка скруцілі іх, паскладалі ў кодаб грузавіка і вярнуліся на сметнік, дзе людзі літаральна вырывалі іх у нас з рук, грузілі ў свае транспартныя сродкі і, шчасліва і радасна смеючыся, ад’язджалі; вядома, на нас пазіралі як на вар’ятаў; аднак ніхто не запытаўся ў нас, чаму мы так робім, бо ўсе баяліся, што мы можам перадумаць.

 

Нам было не да смеху. Нашыя паводзіны пачалі здавацца нам паталагічнымі. У той час мы вельмі часта плакалі, збольшага над келіхамі з віном, лежачы на падлозе ў пустым доме; іншым разам на нас находзіла нейкая ліхаманкавая актыўнасць; мы сашкрабалі са сцен кватэры новыя і новыя слаі, бо яны былі інфікаваныя нашай прысутнасцю, нашай экзістэнцыяй. Час ад часу мы фарбавалі сцены, падлогу таксама пастаянна аднаўлялі, але нашыя прыпадкі выдалення заражаных слаёў былі ўсё больш інтэнсіўнымі і частымі, так што мы ўжо не паспявалі аднаўляць сваё жытло.

 

Аднак не гэта было самае дрэннае.

 

Больш непрыемным сталася адрозненне, якое ў хуткім часе выявілася паміж мной і сябрам ва ўспрыняцці працэсу інфікавання нашага найбліжэйшага атачэння. Карацей кажучы, на сябра з пэўнага часу нашмат хутчэй, чым на мяне, пачала ўздзейнічаць інфекцыя, якая распаўсюдзілася на мэблю і сцены, яе новыя і новыя прыпадкі пачалі адбывацца амаль адразу ж пасля таго, як мы прывозілі новую мэблю або фарбавалі кватэру ці аднаўлялі падлогу. Аднойчы раніцай ён падышоў да мяне, абняў мяне па-мужчынску і цвёрдым голасам паведаміў, што адыходзіць, бо не можа больш знаходзіцца ў зачумленым доме. Ён пераехаў у Кітай, і, хоць я ніколі нічога больш пра яго не чуў, мой уласны лёс падказаў мне, чым скончылася ягоная гісторыя. Пасля яго адыходу я яшчэ некалькі разоў вывозіў мэблю, але пазней адмовіўся ад актыўнага абсталявання дому і жыў адзін у абсалютна пустой кватэры, праўда, жыццё гэтае было страшным. Мяне пастаянна пераследавалі розныя мроі, галюцынацыі, я не мог спакойна спаць, са сцен да мяне ўвесь час падкрадаліся нейкія цені, якія настолькі падпарадкоўвалі мяне сабе, ажно мне часам здавалася, што насамрэч гэта я спускаюся з тынкоўкі, а тое, што ляжыць пасярод пакоя на кучы старых ануч, гэта толькі фантом, які ў кожную хвіліну можа знікнуць. Я ясна бачыў, як усе мае дрэнныя якасці падымаюцца з падлогі, аддзяляюцца ад фарбы на сценах, робяцца густымі і зноў пранікаюць у мяне, у сваю першакрыніцу.

 

Па віне моцна інфікаванага дому зло ўва мне ўзрастала. Я голымі рукамі здзіраў са сцен шпалеры, кіем сёк падлогу і ў ахапку бегма выносіў абломкі ў лес, не затрымліваючыся ні хвіліны дзеля таго, каб іх закапаць. Хутка сцены сталі тоненькія, як папера. Праз нейкі час у іх з’явіліся першыя дзіркі, якія з кожным днём павялічваліся. Некаторыя муры пасля абваліліся. Інтэнсіўнасць інфекцыі расла з кожным днём. Я наняў некалькіх рабочых, адзінай задачай якіх было выносіць абломкі ў лес і там прысыпаць іх зямлёй. На нейкія рамонты, на аднаўленне дому проста неставала ні часу, ні энергіі. Урэшце экскаватары зруйнавалі тое, што засталося ад сцен і вырылі на месцы былых падмуркаў глыбокія ямы, у якія пачалі скідаць свінец. Для чагосьці іншага ўчастак быў непрыдатны. У той час я жыў у намёце, кожную ноч у новым: той, які быў аднойчы выкарыстаны, рабочыя выносілі ў лес, дзе яго знішчалі.

 

Я зразумеў, што заставацца дома яшчэ нейкі час абсалютна немагчыма. Толькі тады я дайшоў да стадыі, якую, мабыць, ужо даўно пераадолеў мой сябар: я зразумеў, што ён адчуваў… Як жахліва яму было, калі ён бачыў выявы, якія зыходзяць ад інфікаваных прадметаў, ды, відаць, і ад мяне таксама! Сябар бачыў, як ад мяне аддзяляецца ён сам — для яго гэта была невырашальная, фатальная праблема, бо калі прадметы яшчэ можна было неяк знішчыць, то зло, якое зыходзіла ад мяне ў яго ўласным падабенстве, магло — о жах! — застацца назаўсёды. І нават калі б я куды-небудзь падзеўся, інфекцыя ад майго сябра ўжо даўно пашыралася такім тэмпам, што фізічна было амаль немагчыма так хутка змяняць мэблю, аднаўляць сцены, насціл на падлозе і іншае. У яго засталося адзінае рашэнне — тое, якое цяпер чакала і мяне: адыход.

 

Мяне чакала жыццё ў дарозе, у перманентных уцёках. Я пакінуў свой родны горад. Гэта было не вельмі складана: мяне ўжо не звязвалі з ім аніякія пачуцці: я не меў там нікога, паколькі апошнім часам ніхто мной не цікавіўся, былыя таварышы ўдавалі, што не пазнаюць мяне, каханым жанчынам не патрэбны быў імпатэнтны, стомлены шаленец; калектыў на працы падпісаў петыцыю, у якой патрабаваў майго звальнення, у петыцыі сцвярджалася, што ў мяне праблемы з алкаголем, ды ў каго ў маёй сітуацыі іх бы не было? Але я не наракаю. Так ці інакш застацца было для мяне немагчымым. Працэс заражэння асяроддзя характэрнымі рысамі маёй асобы неймаверна паскорыўся: у ніводным месцы я не мог затрымацца даўжэй, чым на паўгадзіны; пасля я ўжо пачынаў адчуваць, што ўсё навокал папросту атручанае, насычанае ўсім тым, што я ўяўляю і чаго больш за ўсё баюся… Гэта так, нібыта вы ўвесь час вымушаныя глядзець у люстэрка і бачыць сябе з найгоршага боку… Я не мог нават пайсці на піва, бо ўжо праз трыццаць хвілін я звычайна адчуваў моцны позыў да таго, каб здзерці тынк са сцяны ля стала, бо бачыў у ім сябе, мне нават здавалася, што зараз я ўчаплюся пазногцямі ў асобу з куфлем у руцэ, таму што выявы на сценах і на мэблі здаваліся мне больш сапраўднымі, пераканаўчымі, жывымі.

 

Я выбраўся ў дарогу. Гэта было нялёгкае жыццё, але іншай магчымасці не заставалася. Спачатку я начаваў на вакзалах і ў хлявах, але ў хуткім часе спаць ужо зусім не выпадала, бо праз некалькі хвілін мяне вырывалі са сну гукі, якія немагчыма апісаць, харалы прывідаў, якія шыпелі; мяне абступала u1084 мноства маіх дакладных адбіткаў, і я не мог больш ляжаць ніводнай хвіліны, адразу ж закрываў далонямі вушы і цягнуўся прэч, у ноч.

 

Вельмі хутка я ўжо не мог ісці проста так, крокам, даводзілася бегчы, бо наваколле інфікавалася мной у нейкім шалёным тэмпе. Аднаго разу, калі я бег, я сустрэў дашчэнту вычарпанага чалавека, які зваліўся непадалёк у прыдарожную канаву; ясна было, што яму засталося нядоўга. Абмінаючы яго, я заўважыў, як яго адразу ж пачаў дэфармаваць нейкі ціск, крыніца якога была нябачнай для майго зроку; ён тую крыніцу выразна бачыў: пра гэта сведчыў выраз ягонага твару і вочы, поўныя жаху… На працягу некалькіх секундаў той чалавек знік пад невідочным прэсам, які ўздзейнічаў на яго з усіх бакоў. Няшчасны проста праваліўся ў нябыт. Я пакінуў месца яго знікнення і з таго часу толькі ўцякаю, уцякаю скрозь пыл дарогі, каб унікнуць такога лёсу, але сілы пакідаюць мяне.

 

Сёння раніцай я пераступіў дзяржаўную мяжу.

 

Са славацкай пераклала Святлана Рогач паводле: Balla. Leptokaria. 3. vyd. K. K. Bagala — L. C. A., Levice 2002.

 

 

 


 

Балла (поўнае імя Ўладзімір Балла, Vladimнr Balla) – нарадзіўся ў 1967 г. у Новых Замках, дзе жыве й дагэтуль. Эканаміст па адукацыі. Выдаў сем кніг прозы, празь якія скразнымі матывамі праходзяць адчужанасьць чалавека і гібеньне ў штодзённасьці. Ляўрэат колькіх літаратурных прэміяў.

 

Апавяданьне «Інфэкцыя» паходзіць з дэбютнай кнігі «Лептакарыя» (1996) і друкуецца з ласкавай згоды аўтара і выдаўца.

 

 

 


 

 

ГЭТАЕ І ІНШЫЯ АПАВЯДАННІ ЧЫТАЙЦЕ У №9 “ARCHE” ЗА 2010 ГОД

 

Гэты нумар, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.

 

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.

 

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.

 

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;

 

Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.

 

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.

 

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.

 

Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл. (044) 792-36-88, (029) 271-77-22.

 

Менск — Сяргей Бахун, тэл.(029)724-54-56, (029) 624-54-56 .

 

Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73

 

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.