Няхай яны помняць, што сапраўднага мастака не спыніць ні адсутнасьць фарбаў, ні адсутнасьць паперы. Мастак пачне маляваць крывёю. Для яго напраўду існуе толькі лілея – і нічога больш.

Учора, калі мы ўжо сыйшлі с плошчы, мы сядзелі ў сябра. Ён падарыў мне малюначак, які ўначы, у адным са спальных раёнаў набыў у дзяўчынкі, з выгляду аўтысткі. Яна прасіла за сваю інсітную акварэль сто рублёў, але ён даў тысячу.

 

На малюнку, на чырвоным тле – жоўтыя лілеі, энэргічна абведзеныя сіняю асадкаю. На адваротным баку аркуша – верш пра іх, такі самы энэргічны як малюнак, але такі самы наіўны – мастак нібы не ведаў, што такое словы і як яны мусяць складацца ў тэкст. Яго лініі хочуць вырвацца за межы аркуша, але не разумеюць, што гэта фізічна немагчыма. Праз гэтую першабытную, але пераможаную межамі аркуша энэргію малюнак мае звышнатурльную моц ўздзеяньне.

 

Тое, што адбывалася ўчора, – інсітныя лілеі. Шмат, шмат, шмат людзей, столькі я ніколі не бачыў у адным месца разам, выйшлі, каб выказацца, але не ўлічылі, што ў гэтага белага аркуша Мінска ёсць межы, праведзенныя дыктатураю аднойчы, але ўпэўнена і назаўсёды. Усё, што адбывалася ўчора, – гэта проста чарговая спроба намаляваць лілеі, незважаючы на ўласцівасьці фарбаў і прынцыпы кампазіцыі. Мы, як тая дзяўчынка-аўтыстка, хацелі перамагчы рэальнае моцаю духа, але мастацкія крытыкі убачылі ў гэтым толькі парушэньне законаў кампазіцыі і здаровага сэнсу.

 

Я хачу напісаць пра тое, што бачыў учора. Хто я такі, каб рабіць гэта? Ніхто. Я напраўду адмарозак, як казаў пра мяне АГЛ. Я не зрабіў кар’еры, я не зарабляю вялікіх грошаў. Я басаногі, але даўно ўжо не хлопчык. Учора жонка назвала мяне няўдахаю. Гэта праўда. Мне няма чаго страчваць. Але ўчора на плошчы я бачыў прафесіяналаў, якіх паважаю. Я ведаю, што яны дасягнулі ўсяго, што можа дасягнуць чалавек у прафесіі. Яны не маюць нястачы ў грошах, яны проста хочуць выказацца.

 

Дый тая задаволеная большасць, якая спала ў гэты час па малінаўках і зялёных лугах, такая ж басаногая, як я. У лепшым выпадку яны маюць патрыманыя машыны і свежаадбудаваныя кватэры, кошт якіх упадзе крыху ніжэй за ніякі пры першым-лепшым перакрыцці газавага венцілю. Бо без людзей гэты ячэісты бетон і гэтыя механічныя каробкі не каштуюць нічога. А людзей – здзьме эканамічным ветрам у Еўропу ці Расію менш, чым за тыдзень. Яны будуць гандляваць у Польшчы, будаваць шматпавярховікі ў Маскве, яны будуць начаваць у вагончыках – карацей, змрочныя дзевяностыя бліжэй, чым ім падаецца.

 

Учора я ішоў на плошчу паўз вокны рэстарану. Вялікія вокны, поўныя маладой буржуазіяй. Добра апранутыя мужчыны кармілі сваіх жанчын грашыма з талерак. Мужчыны глядзелі ў вочы сваіх жанчын, але зрэдку мы сустракаліся позіркамі. І я, і яны – мы ўсё разумелі. Я разумеў, чаму я іду на плошчу, а яны – чаму яны сядзяць у дарагой вопратцы над талеркамі поўнымі грошай. І ў іх вачах было што заўгодна: пачуццё перавагі, снабізм, які можна дазволіць сабе, заліваючы спадарожніцу французскім шампанскім, але ў іх не было аднаго – страху.

 

А пасля, паьля скончыліся вокны з наведнікамі і пачаліся вокны, поўныя белых халатаў кухні. Маладыя няўдахі, кшталту мяне, шчыравалі над ежаю, ператвараючы яе ў грошы, яны сустракаліся позіркамі са мною, і ў гэтых позірках быў страх. Яны баяліся, баяліся за свае ланцугі.

 

Тады я сказаў сябру:

 

– Пасля перамогі нагадай мне, што я збіраўся разграміць гэтыя галеры.

 

Праз пяцьсот крокаў мы ўліліся ў натоўп і сталі часткаю вялікай Лілеі, што не змяшчалася на аркуш. Тут было шмат тых, каго я ведаю асабіста. Маладыя прафесіяналы, людзі творчых прафесіяў, проста нейкія мутныя асобы без пэўных заняткаў – мае сябры. Але тут былі і крэпкія маладыя мужчыны. Пазней у інтэрнэце, я бачыў, іх называлі крывавымі правакатарамі.

 

Можа быць, але там я спадзяваўся, што гэта працоўныя, якія больш не баяцца за ланцугі. Працоўныя з серабранак, на якіх мы чакалі так даўно. Чакалі столькі, колькія я помню, як лілеі малююць на вуліцах.

 

Там, на плошчы, я зрабіўся часткаю гэтага вялікага, незразумелага мне малюнку. Адною рысачкаю, якую мастак хацеў ператварыць у сцябліну, або ў лісток, але ён забыўся пра гэтую рысачку, і яна так і засталася – недаведзенаю да агульнай карціны. Карціны, якая і складалася толькі з такіх вось недаведзяных рысачак.

 

Побач са мною былі мае сябры. І людзі, якіх я ніколі да гэтага не бачыў. Мы крычалі нейкія дзіўныя словы, у якіх даўно ніхто не верыў. Незабытыя, але сцертыя словы, сэнс якіх падаваўся далёкаю абяцанаю зямлёю, у якую ніхто з нас не прыйдзе. Бо Маісей, спускаючыся з Сінаю, звярнуў шыю.

 

Мастак, які пачаў маляваць лілію, ужо забыўся на нас. На мяне, на старога паэта побач са мною, на дызайнераў і праграмістаў, на манагераў і дробных прадпраймальнікаў – на ўсіх, хто стаяў плячо да спіны і спіна да нечаканай лакуны ў малюнку. Лакуны, пакінутай па неахайнасці.

 

Праз доўгія хвіліны чаканьня, пакуль хтосьці казаў штосьці ў мікрафон, але словаў усё адно не было чуваць, усе мы зрушылі на праспект. Міліцыянты, якія вартавалі дарогу, падаваліся адным з намі цэлым. Яны не былі ні агрэсіўнымі, ні напужаным, нібы яны былі самаарганізаванай часткаю лілеі, эрытрацытамі ў яе жылах – тым, кім і мусілі б быць.

 

На праспекце стала бачна, як нас насамрэч шмат. Хтосьці падпаліў фаеры. Але гэтая колькасьць людзей-рысачак, якія замалявалі вуліцу ад Кастрычніцкай да Цэнтральнай кнігарні, нічога не мяняла ў вачах галоўнага крытыка. Бо ніводзін крытык у сваіх адзнаках не кіруецца такім крытэрам, як колькасьць паасобных рысачак на малюнку. Спадзявацца на гэта было б смешна.

 

Ужо на іншай плошчы, якую мы занялі, здаецца, бяз бою, хтосьці званіў у чарнобыльскі звон Чырвонага касцёлу. Я не ведаю, ці ўмеў гэты чалавек званіць, ці разбіў ён звон. Ці вырвуць гэтаму звону язык. Але я ведаю, што хтосьці мусіў схапіць вяроўку і пачаць гаварыць над галовамі людзей. Бо ўсе сабраліся толькі з адною мэтаю – гаварыць, чаго б гэта ні каштавала. Цяжка гаварыць, калі цябе не слухаюць, немагчыма гаварыць з вырваным языком –  але пакуль вялікі крытык не схіліўся над аркушам, пакуль ты не папрасіў у яго сто рублёў за сваю лілею, ты вольны маляваць што табе хочацца, што падказвае табе сумленне мастака.

 

Нехта ўскараскаўся на Леніна і казаў правільныя словы, якія, пасіленыя апаратураю, разляталіся над галовамі сабраных. Ён заклікаў тэлефанаваць сябрам і клікаць іх на плошчу. Нібы не ведаў, што ўсе, каму гэта было важна, і так былі там.

 

А далей, далей рысачкі скончыліся, і быў час напраўду даведацца, ці змогуць яны ператварыцца ў малюнак, быў час вырашаць. Кожны вырашаў, пайсці ці застацца. Было толькі два выйсця: граміць Дом Ураду ці ісці спаць. Я не быў гатовы ламаць дзьверы і біцца з маладымі хлопцамі, што стаялі па той бок аркушу.

 

Тых, хто ламаў дзверы, называюць правакатарамі, але я не ведаю, чаго хацелі тыя, хто заклікаў на плошчу грамчэй за астатніх. Мірных перамоваў? Але хіба можа дзяўчынка-аўтыстка прадаць свой малюнак на Сотбіс? Прынамсі, пакуль яна жывая.

 

Я сыйшоў. Мы сядзелі з сябрам у ягоным офісе, мы яшчэ чулі, як лунае над плошчаю покліч да ўладаў. Словы, якія даўно сцерліся аб яе цвёрды граніт. Мы пілі гарачую гарбату і каву. Мы разглядалі намалёваную дзяўчынкаю лілею. Мы яшчэ нічога не ведалі ні пра зламаныя дзверы, ні пра бойню на плошчы. Бойню без нумара. Чарговую.

 

Я сеў у маршрутку і разам са стомленымі напрыканцы цяжкога дня людзьмі, што ехалі ў спальны раён, прыехаў дадому. Мне тэлефанавалі тыя, хто хваляваўся за мяне. Дарэмна. Я быў негатовы да таго, каб пайсьці на штурм. Пакуль я гатовы толькі разглядаць лілеі.

 

Чалавек памірае адзін і голы. Мастацкія крыткі вынеслі прысуд інсітнай працы дзяўчынкі-аўтысткі: «Кампазыцыя ня верная на 76 ацоткаў». Хай яны помняць, што чалавек памірае голы і ў адзіноце. Хай яны помняць, што пашкадавалі сто рублёў для той, якая проста хацела, каб яе лілею стрымана пахвалілі.

 

Няхай яны помняць, што сапраўднага мастака не спыніць ні адсутнасць фарбаў, ні адсутнасць паперы. Мастак пачне маляваць крывёю. Для яго напраўду існуе толькі лілея – і нічога больш.

 

adamovitch.livejournal.com