Вось і цяпер гэтая лічба «пі» раптоўна ўсплыла ў галаве Хведара. Кручаная-перакручаная алюзія з рэчаіснасці і ботаў гэтак жа раптоўна сышла ў нябыт. Хведар стаяў перад паркавай лужынай-возерам і стараўся ўявіць, як гэта так перакруціць паміж сабой дыяметар і даўжыню адной і той жа акружнасці, каб іхняе дачыненне склала адрознае значэнне ад таго што існуе.
«Рэчаіснасць уваходзіць у тваё жыццё неадольна, няспынна, крок за крокам, ад гэтай брыдкай рэальнасці нікуды не дзенешся, не схаваешся за акулярамі манітораў і кінескопаў, рэчаіснасць уваходзіць у тваё жыццё ў прамоклым абутку і сырых шкарпэтках…» — такую вось цікавую алюзію на суравую бытнасць жыцця круціў і перакручваў у галаве Хведар, шкандзёхаючы па лужынах у новых велюравых боціках. Круціў доўга, ажно ад пад’езду і да цяперашняга невялічкага возера, што расцягнулася ўпоперак паркавай дарожкі. Гэтае кручэнне замяняла Хведару думанне. Увогуле, Хведар часта лавіў сябе на тым, што апошнім часам зусім не думае. Што выразна сфармуляваныя думкі не з’яўляюцца ў ягонай галаве. Што ўся ягоная вышэйшая разумовая дзейнасць зводзіцца да простых, на аўтамаце, рэакцый на знешнія і унутраныя раздражняльнікі, ды успрымання інфармацыі, без аніякага аналізу. Максімум з’явіцца ў галаве цікавая алюзія, як вось гэтая з рэчаіснасцю і мокрымі боцікамі, альбо ўзнікне дзіўная асацыяцыя, ці ў лепшым выпадку прыгадаецца думка кагосці з вялікіх, вычытаная з кнігі. Гэтая акалічнасць засмучала Хведара. Хведар не адчуваў сябе ў поўнай меры «чалавекам разумным». Уласна кажучы ён і пайшоў сёння на працу пехам, каб хоць трошкі падумаць. Бо, на колькі ён памятаў, выразна сфармуляваныя думкі калісці з’яўляліся ў ягонай галаве менавіта пад час манатонных і аўтаматычных дзеянняў, кшталту той жа хады, альбо збору ўраджаю бульбы. Але атрыманая ўчора эфімерная асалода ад пакупкі новых прыгожых ботаў, сутыкнуўшыся сёння з рэчаіснасьцю мокрых лужынаў, нарадзіла брыдкую алюзію, што разбурыла ўсе надзеі Хведара на разумовую дзейнасць і апанавала ягоную галаву сырасцю шкарпэтак. Хведар не думаў ужо два гады. Хоць гэта і не зусім дакладны час. Два гады таму Хведар першы раз усвядоміў, што ня думае, і з цягам часу пачаў сумнявацца ці думаў ён увогуле раней.

Два гады таму Хведар як раз скончыў універсытэт і распачаў самастойнае жыццё: кватэра, машына, праца. Увогуле амаль усё ў жыцці давалася Хведару лёгка. Каб мець добрых сяброў, поспехі ў навучанні, цікавыя забавы і шмат іншага Хведар не прыкладаў ніякіх намаганняў. Усё наўпрост ішло яму ў рукі. Дый прыкладам тыя ж кватэра, машына і праца. Старую аднапакаёўку ў цэнтры пакінулі яму бацькі, калі перасяліліся ў новы мікрараён, патрыманую іншамарку, што стаяла на кансэрвацыі гадоў дзесяць, падорыў дзед як толькі Хведар атрымаў пасведчанне кіроўцы, а працу, з добрым заробкам і ўмовамі, дала дзяржава, размеркаваўшы Хведара ў праектны інстытут пасля ўніверсытэту. Гэтую лёгкасць, з якой ён крочыў па жыцці, Хведар перыядычна вінаваціў у адсутнасці думак у ягонай галаве. Ва ўяўленні Хведара, людзі, якія з найвялікшымі цяжкасцямі і непасільнымі намаганнямі здабываюць тое (адукацыю, машыну, працу), што яму, бяздумнаму Хведару, дастаецца аўтаматычна, проста вымушаны думаць. Выразна фармуляваць думкі ў сваіх галовах іх прымушаюць цяжкія абставіны жыцця і імкненне пераадолець іх. Цяжкіх абставін у жыцці Хведара не было і таму ён шчыра паважаў людзей, што ў супрацьстаянні з гэтымі абставінамі, як кажуць, усяго дабіваліся сваімі рукамі. Такіх людзей Хведар лічыў лепшымі за сябе, што адлюстроўвалася ў наданні ім уласцівасці думання, у якой адмаўляў сабе.

Працаваў Хведар у праектным інтытуце, дзе займаўся нібыта інжынернай работай. Нібыта інжынерная работа палягала ў кампіляцыі стандартаў, спрошчаных разлікаў і тыпавых рашэнняў адпаведна выдадзеных тэхнічных умоваў. Такая работа не патрабавала ад Хведара ані разумовых, ані тым больш нейкіх інжынерных высілкаў і таму Хведар шчыра лайдачыў. Ён чытаў, граў у гульні на кампутары, слухаў музыку ці проста глядзеў у вакно. Ён быў з гатунку тых лайдакоў, што, як і ільфапятроўскі загадчык багадзельні ня мог ня красці, ці ў выпадку Хведара, ня мог не лайдачыць. Хведар чырванеў, калі хто небудзь з адзелу заспяваў яго за праглядам фільму. Ён шчыра пакутваў ад думкі, што ён тут вось цяпер раскладае пасьянс, а ягоныя калегі ў гэты ж час шчыруюць над праектамі. Ён выразна ўяўляў сябе шчыруючым разам з імі. Але не ленавацца ён ня мог. І гэтую сваю ляноту Хведар таксама, як і лёгкасць быцця, вінаваціў у адсутнасці думак у сваёй галаве.
Лянота і невыносная лёгкасць быцця пазбавілі Хведара права чалавекам разумным звацца. Ператварылі яго ў бездумны аўтамат. Свядома ці мімаволі Хведар шукаў паратунку ад гэтага стану ў кнігах. Ня маючы магчымасці фармуляваць уласныя думкі Хведар спажываў з кніжных старонак думкі чужыя. Так шмат, як на працы, Хведар не чытаў ніколі. Фантастыка, класіка, постмадэрнізм, кнігі па гісторыі, філасофіі, мастацтву, навукова-папулярныя працы. Хведар пагружаўся ў кніжны сьвет са стараннасцю глыбокаводнага аквалангіста. Кожная прачытаная кніга напаўняла ягоную галаву новымі цудоўнымі думкамі, ствараючы ілюзію разумовай дзейнасці. Аўтарскія словы ўспрымаліся галавой за свае і на пэўны час суцішалі гуд адсутнасці ўласных думак. Але Хведар ня доўга цешыўся з чужога думкавага працэсу. Ён добра ўсведамляў ілюзорнасць кніжнай думкі. І нават, у гныбіні свайго бездумкавага розуму, ставіў сваю прагу да кніг на адзін узровень з лянотай і лёгкасцю, то бок вінаваціў кнігі ў сваім бяздумстве.Пермаментнае бяздумства падштурхоўвала Хведара да адной ня вельмі станоўчай высновы: ня думаю – значыцца не існую. Сумнеў ва ўласнай існасці і існасці навакольнага свету апанаваў пазбаўленую думак хведараву галаву. Хведар стараўся ўсімі сіламі супраціўляцца гэтаму сумневу. Стараўся ўсё часцей шукаць доказы ўласнага існавання. Дарэчы, тая алюзія на рэчаіснасць у прамоклых велюравых боціках, якая неўмольна ўваходзіць у жыццё, была нічым іншым, як спробай намацаць існасць у такіх бытавых, прыземленых рэчах, як прамоклы абутак. Хведару заўжды здавалася, што менавіта прыземленыя, паўсядзённыя здарэнні, мелкія фізічныя нязручнасці, неспадзяванкі, як тая ж лужына, ці, проста кажучы, бытавуха, з’яўляюцца доказам таго, што Хведар гэта не хворая фантазія звар’яцелага пісьменніка альбо радок машыннага коду.

Рэчаіснасць навакольнага свету хвалявала Хведара ня менш. Аднойчы падчас прыняцця чарговай ін’екцыі кніжных думак, Хведар наблукаў на калянавуковы артыкул пра «тэорыю струн». У тым артыкуле апроч усяго разглядалася магчымасць існавання бясконцай колькасці паралельных сусветаў, якая абгрунтоўвалася тэорыяй. Самі па сабе паралельныя сусветы ня надта хвалявалі Хведара. Ён быў дасведчаны ў гэтай тэме, бо чытаў якасную фантастыку. Усхвалявала і зацікавіла Хведара нешта іншае: існаванне ў гэтых паралельных сусветаў адрозных паміж сабой фізычных законаў. Ці як пісаў аўтар артыкулу — «у межах «тэорыі струн» можа існаваць сусвет у якім напрыклад лічба «пі» мае іншае значэнне і, адпаведна, ў ім пануюць зусім іншыя законы светабудовы».

Вось і цяпер гэтая лічба «пі» раптоўна ўсплыла ў галаве Хведара. Кручаная-перакручаная алюзія з рэчаіснасці і ботаў гэтак жа раптоўна сышла ў нябыт. Хведар стаяў перад паркавай лужынай-возерам і стараўся ўявіць, як гэта так перакруціць паміж сабой дыяметар і даўжыню адной і той жа акружнасці, каб іхняе дачыненне склала адрознае значэнне ад таго што існуе. Хведар абыйшоў лужыну і зноў ступіў на паркавую дарожку. Цяпер у сваёй бяздумнай галаве ён круціў і перакручваў гэтыя нашчасныя дыяметар і даўжыню адной акружнасці.

Круціў доўга, ажно ад невялічкага возера, што расцягнулася ўпоперак паркавай дарожкі, і да прахадной праектнага інстытуту. Гэта яе «пі» так захапіла Хведара, што павітаўшыся з калегамі, ён хуценька ўлучыў працоўны кампутар і запусціў праграмны калькулятар. Хведар націснуў на кнопку «пі» і на экране з’явілася лічба з дакладнасьцю да трыцатага знака пасля коскі.3,1516837646986843495737544943886

yozas-gubka.livejournal.com