Гэта быў малады яшчэ чалавек з дрэннымі, быццам гаспадарчым мылам нашмараванымі, зубамі, у нязменна брудным спартовым касцюме — і я яму вельмі зайздросціў.

Дзень пры дні ён стаяў на прыпынку “Енісейская”, выцягнуўшы галаву і ўглядаючыся ў плынь машынаў — і, пабачыўшы здалёк свой улюбёны дзевяноста трэці аўтобус, вітаў яго радасным брэхам. Пры гэтым ён падымаў да грудзей рукі і складваў іх такім чынам, што выходзілі дзве цалкам сімпатычныя лапы. І вось так, нецярпліва пераступаючы на мысках тонкіх ног, памахваючы ўяўным хвастом, брэшучы і ажно павіскваючы ад задавальнення, ён стаяў на самым краі ходніка, рызыкуючы сустрэцца ілбом з бакавым люстэркам — пакуль дзевяноста трэці паволі пад’язджаў і адчыняў дзверы.

Кіроўцы пляваліся, але нічога не маглі зрабіць з чалавекам-сабакам. Бо той шторазу сумленна плаціў за праезд. Прабіўшы талончык, маладзён уладкоўваўся каля іхных пракураных кабінаў у той самай высакароднай паставе і аддана глядзеў скрозь шкло на раз’юшаных стырнавых — пёс-рыцар дзевяностых, гатовы ахвяраваць усім дзеля сваёй веры і любові, найлепшы сябра чалавека, чатырохногі рамантык невядомай пароды.

Цёткі і дзядзькі з Енісейскай называлі яго Верны. Ласкавая, калі падумаць, мянушка. Яму падабалася. Неўзабаве ён некуды знік. Ці то навечна застаўся ў бакавым люстэрку якога-небудзь ікаруса, ці то яго палічылі пагрозай для грамадства і ізалявалі — ці то ён проста пераблытаў аўтобусы, заехаў не туды і так і не здолеў вярнуцца на Енісейскую. Ён ніколі не зрабіў нікому нічога благога. Смяшыў дзяцей і дарослых, яго шкадавалі. Самае страшнае, што магло з ім здарыцца, — гэта здароўе. Ці перажыў бы ён у гэтым выпадку яшчэ раз гэткае самае ўзрушэнне?

Я сапраўды яму зайздросціў. Так зайздросцяць толькі кумірам і старэйшым братам. Бо ён мог вось так, а я не. Ну, хіба што скарыстаўшы якія-небудзь стымулятары. Дый тое для мяне гэта ўсё роўна была б Такая Гульня — а для яго гэта быў сэнс існавання.

А вось да некаторых пасажыраў гамбургскага метро зайздрасці было ўжо меней. Напрыклад, да той дзяўчыны студэнцкага ўзросту, якая звычайна выходзіла на станцыі Дамтор. Яна магла вывучаць што заўгодна: матэматыку, расійскі мат або этнасацыяльную марматалогію, у ейнай торбе заўжды было напхана з тузін самых розных кніжак. А яшчэ там, паміж кніжкамі, над хвалямі сінеючага шаліка, побач з сырой моркаўкай, ляжала непрыкметная такая пластыкавая скрыначка. Дзяўчына садзілася ля акна, абгрызала зубамі пазгногці і акуратна складала іх у скрыначку. Калі пазногцяў набіралася дастаткова, яна брала жменьку-другую, клала іх у рот і пачынала задуменна жаваць.

Пазногці храбусцелі. Я азіраўся. Свет поўніўся небяспекай і вусцішшу. Пасівелы смуглявы чалавек бегаў па вагоне з канца ў канец і зазіраў кожнаму з нас у вочы, хапаўся за галаву, твар ягоны скажала грымаса самага сапраўднага болю. Магчыма, мы яму не падабаліся. Магчыма, ён не пазнаваў нас. Магчыма, ён нас ненавідзеў. Чаму? За што? Нічога не прадвяшчала бяды, быў сонечны дзень, вайна была далёка на поўдні, еўра цвіў і пах і цягнік рухаўся паводле раскладу. Урэшце неспакойныя перамяшчэнні гэтага небаракі давялі да істэрыкі нейкую пенсіянерку, і яна пачала крычаць. Ёй не хацелася жыць там, дзе перамяшчэнні ў прасторы немагчыма патлумачыць. Ёй хацелася зараз жа выйсці з вагона. Яна крычала так, быццам яе гвалцілі. Побач загаварыў сам з сабой чалавек, падобны да мэнэджара сярэдняга звяна ў не самай паспяховай кампаніі. Над блакітнай кашуляй жвава рухаўся вялікі кадык — быццам нейкая істота намагалася вырвацца на волю і не пралазіла ў глотку. Гэта заўважыла дама ў капелюшы, і раптам яе званітавала проста на калені. “Блядзь”, — прамовіла яна на чыстай расійскай мове. Дзяўчына са скрыначкай пачала жаваць яшчэ хутчэй. Моркаўка ў яе торбе гарэла так ярка, быццам яе сарвалі проста з рэкламнага шчыта. Калі не заплюшчыць вочы — зараз нешта здарыцца. Мы ўсе адчувалі сябе замкнёнымі ў клетцы чужога вар’яцтва. Але калі дзверы адчыніліся, ніхто не выйшаў. Пакуль чужое вар’яцтва не псуе раскладу — яго можна трываць. Яно непазбежнае. Яго чакаеш падсвядома, а часам нават з нейкай надзеяй. Бо мусіць жа існаваць нейкае апраўданне.

Свет цяпер такі, казала мая бабуля. Нялюдскі. Людзі з’язджаюць з глузду, бо сам глузд змяніўся. Ён цяпер як родны горад, куды вяртаешся і нічога больш не пазнаеш. Цяжка не загаварыць самому з сабой, калі на кожным кроку бачыш людзей, якія робяць тое самае — і якая розніца, што ў іхных вушах схаваныя гэтыя дурацкія слухаўкі, а ў тваіх — не. Хіба ім ёсць з кім гаварыць, апрача сябе?

У суседнім пад’ездзе жыве кабета гадоў сямідзесяці, якая ледзь не кожны дзень высоўваецца ў акно і сварыцца з кімсьці ясным, звонкім, зусім не старэчым голасам. З кім — ведае толькі яна сама. Пазаўчора лейтматывам яе нараканняў было: “Не буду я піць твае таблеткі!” Учора: “Ты была галавой банды ў 240 чалавек”. Вуліца, поўная незнаёмых людзей, і чалавечы твар у акне — пакрыўджаны, злосны, нешчаслівы. Побач з ёй заўжды сядзіць прыгожы сабака і ўхвальна рыкае. Душа Вернага, якая знайшла сабе нарэшце прыдатнае цела.

Мусіць, не я адзін памятаю тую неверагодную, з цагляным загарам мадам, якая разгульвала гадоў дзесяць таму па Мінску ў балетнай пачцы. У тыя часы я быў знаёмы з адной жанчынай, вязнем нацыстоўскіх канцлагераў, якая любіла паказваць журналістам шнары на спіне і сцёгнах — яна задзірала сукенку і дэманстравала іх без ценю сораму, і паспрабаваў бы хто адвярнуцца — ніхто ж не забыты і нішто не забыта: так нас выхоўвалі…

Варта падумаць пра ўсіх гэтых людзей, як яны злятаюцца да цябе як пчолы на мёд. Яны побач, абсалютна бясплатна і ледзь не кожны дзень. А як інакш, калі ўсё навокал так прывідна і хістка?

За кіламетр ад нашага дома — стары мінскі аэрапорт. Галоўны ўваход зачынены, але кавярня працуе. Паперка на дзвярах папярэджвае пра дрэс-код і абяцае фэйс-кантроль. Старасвецкае акно на ўсю сцяну, якое наводзіць на думкі пра вітражныя Хрыстовы пакуты, сходы, па якіх магла б падымацца Маргарыта на Воландавым балі. Савецкая ляпніна, асалавелая лапезнасць ва ўсім, паўзмрок, накрухмаленыя сурвэткі, высокія сталінскія столі, строга сіметрычна расстаўленыя сталы — і ніводнага наведніка. Прасторная зала — абсалютна пустая. Вазачкі з марозівам, падобныя да высахлага фантану ўнізе перад аэрапортам.

— А людзі ў вас бываюць? — пытаемся мы афіцыянтку.

— Яшчэ не вечар, — адказвае яна злавесна. Хаця даўно ўжо вечар і нават прыцемкі. Са сцэны пачынае стагнаць нейкае архаічнае тэхна. І ты пачынаеш дадумваць вясёлых камандзіровачных, якія шумелі тут некалі, закусваючы катлетамі па-кіеўску. Шаратварых чыноўнікаў, што змагаюцца з бояззю пералётаў уседаступным каньяком. Дзяцей, якім так хочацца паглядзець на іхны Ту, а іх трымаюць тут, таму яны штохвіліны просяцца ў туалет. Круглых афіцыянтачак, якія коцяцца бачком паўз шчаслівыя твары падарожных. Здаецца, ты чуеш рэха іх галасоў, “шуткі-смех-веселье”, гэта ты ладзіш ім фэйс-кантроль і вызначаеш дрэс-код няіснай ужо эпохі. І “вар’яцтва душу ахінае, закалыхвае і спавівае”…

Я зайздрошчу волі вар’ятаў. Я амаль люблю таго дзівака, які ляжаў учора пад акном у траве і маліўся сваім багам — голасна, як паўночнакарэйскае радыё. Я памятаю Пісьменніка — лысы, з кругамі пад вачыма, ён сядзеў у тралейбусе і ўвесь час нешта пісаў асадкай, ён спісваў адзін нататнік за адным і складваў іх у партфель; аднойчы я зазірнуў яму праз плячо: ён проста выводзіў на паперы бясконцую хвалістую лінію, падобную да нечай кардыяграмы.

Яны Іншыя — але Іншыя без напругі. Ім не трэба ладзіць пікетаў, парадаў і паралімпійскіх конкурсаў, каб выказаць сваю іншасць. За іх ніхто не заступіцца — але ніхто і не аспрэчыць іхнае права на існаванне. Вар’яцтва — больш не выклік. З аднаго боку, яго, вар’яцтва, прыкметна паболела, з іншага — яно практычна развіталася з тым, што цяпер называюць мастацтвам. Ні Мамонаў часоў “Гукаў Му”, ні хаця б Вася Шугалей сёння ўжо немагчымыя. У мастацтва цяпер ідуць здаровыя розумам — Еўропа, фонды, гранты, фестывалі, выставы і гэтыя, як іх… перфомансы, узаконеная форма шызафрэніі. Хворых нешта не відаць. Усё цяжэй быць сярод іх сваім — ну хіба што ў вёсцы, дзе суседзі глядзяць на цябе рыхтык як ты на сваіх сталічных бажаволкаў.