Бар «Бар» на вул. Казлова.

«2-я нацэначная катэгорыя» — гэты радок побач з назвай вінны адпужваць хіпстэраў і іншую маднявую брыдоту, для якой побач ёсць «Зерне» і «Кофе бокс». Плітка на падлозе. Увесь час занятая прыбіральня — джэнтльмены ванітуюць там, а не на вуліцы.

«Златка» з мікрахвалёўкі, чабурэкі, пластмасавая бульба-фры, закарэлы салат з памідораў і агуркоў. Некаторыя стравы зацягнутыя ў цэлафан. Мабыць, каб не сохлі ці каб не сядалі мухі. Для эстэтаў ёсць бутэрброд з ікрой (зацягнуты ў цэлафан) і пажухлы лімон на пластыкавай талерцы.

Пяцігадовы «Араспел» — 31 тыс., але ўсе замаўляюць гарэлку. Нават не так: усе замаўляюць 50 гарэлкі, каб далі кілішак, з якога можна цягнуць тое, што прынёс з сабой. Цётачка-прадавачка да сталых кліентаў, якія прыцягнулі свой бухач, прэтэнзій не мае. Тут пануе сямейная атмасфера. Бачна, што яны ў гэтай падлодцы не адзін год. Мяне яшчэ, мабыць, не было на свеце, а яны ўжо прыносілі з сабой, ківалі цётачцы-прадавачцы і разлівалі пад сталом. Сёння ў асноўным тут «з сабой» 250 грамовыя «мярзаўчыкі» з «Зуброўкай». Што характэрна, пры такой сямейнасці ніхто не дзеліцца, не прапануе брату. Алкагалізм — штука індывідуальная. Яшчэ ёсць кава, якую п’ю я. Кава каштуе 7 тыс. руб.

— І вось ён сядзеў у бары і граў, — пачынае аповед адзін з іх. — Яго прадзюсары шукалі, але не маглі знайсці.

Слухачоў — пяць, усім за палтос. Вядзе рэй сівы патлаты дзядзька з лысінай. З выгляду — былы музыкант. Хаця ён, канечне, лічыць, што «музыкаў былых не бывае».

— У яго першы альбом выйшаў толькі ў 70-м. Таму што ён сядзеў у бары і граў.

— Прычым павярнуўшыся тварам да кута! — удакладняе другі сівы дзядзька.

Бачна, што яны вельмі спачуваюць вось гэтай сітуацыі — нейкага небараку шукаюць прадзюсары, а ён не ведае, што да яго прыйшла слава, і грае ў бары за бухач і ежу. Кампаніі прадстаўляюць новага сябра: «былы заслужаны трэнер БССР, выгадаваў чэмпіёна свету». І так выразна чутныя апладысменты, якія некалі суправаджалі гэтае прадстаўленне! Цяпер ніхто не пляскае ў далоні. Цяпер навокал усе свае. Такія ж знакамітасці. Цяпер іх шукаюць прадзюсары. Але не могуць знайсці. Таму што яны сядзяць па барах. Гледзячы ў кут.

— І вось калі альбом нарэшце выйшаў, яны проста не ведалі, каму высылаць роялці. А там мільёны былі!

Усе ківаюць. Іх таксама ніхто не бачыў у твар. Яны асацыююць выканаўцу, пра якога ідзе размова, з сабой. Яны тут усе — геніі. Воблака культавасці лунае над сталом. Шуршыць цэлафан, з сумкі паказваюцца некалькі дапатопных кампакт-дыскаў, старасвецкіх, як форма келіхаў, з якіх п’юць джэнтльмены. «Гэта іх другі альбом» — дыск пераходзіць з рук у рукі, як нешта свяшчэннае.

Нечакана размова пераходзіць да Ван Гога.

— Ведаеш, колькі карцін ён прадаў за жыццё? Ведаеш?

— Адну! «Чырвоныя вінаграднікі ў Арле», — у пераскоку з музыкі на жывапіс няма ніякай логікі, але так заўсёды бывае, калі на працягу дзесяцігоддзяў людзі размаўляюць пра адно і тое ж — у размовы свая каляіна, логіка яе ўжо забылася, энергія — засталася.

— Прычым «вінаграднікі» за кошт пляшкі «чырвоненькага». А цяпер яны каштуюць мільёны!

— А Кафка нікому не быў вядомы пры жыцці! Працаваў бухгалтарам! Ён нават прасіў не выдаваць яго раманы!

І зразумела, што тут, у гэтым бары, кожны — Ван Гог і Кафка. Які, дарэчы, працаваў не бухгалтарам, а страхоўшчыкам і насамрэч файна выдаваўся і быў вядомы. Зразумела, што ў рускім выдавецтвы «Эксма» ў кожнага з іх вось ужо тры гады ляжыць «раман», а выдавецтва Suhrkamp ім пакуль не адмовіла. Што іх сябра, які працуе афіцыянтам у Швейцарыі, перадаў 13 гадоў назад касету з запісам іх гітарных імправізацый у Sony Music і адтуль пакуль не адказалі адмовай.

І вось, яны сядзяць у бары «Бар» другой нацэначнай катэгорыі і думаюць, што выдаўцы іх ліхаманкава шукаюць, а Sony Music не ведае, куды ім слаць мільённыя роялці. Яны грэюць адзін аднаго такімі гісторыямі і падліваюць у келіхі пад сталом.

Мне падалося, што гэта — файная і вычарпальная метафара беларускай культуры. Уласна, у беларускай літаратуры-музыцы-жывапісе гэтая метафара распаўсюдзіцца ў той дакладна момант, калі ў іх спытацца, што яны думаюць пра Федарэнку, Ахроменку, Бахарэвіча, Вольскага ці «Ляпісаў»: няўдачнікі, якія лічаць сабе геніямі, якім проста ніхто не пачасаўся растлумачыць, якое яны лайно, пачнуць крычаць, што гэтыя «выскачкі» — «поўныя нулі». Што яны не ўмеюць пісаць ды граць. Яны не будуць тут самі сябе хваліць, бо ўсё ж маюць базавыя ўяўленні пра прыстойнасць. Але яны не супакояцца, пакуль у літаратуры/музыцы (і да т.п.) не застанецца незапэцканым іх крытыкай нікога, апрача іх саміх.

Дык вось. У мяне для вас навіна, дзядзечкі. З Suhrkamp не пазвоняць. «Эксма» выкінула ваш рукапіс. На Sony пасмяяліся з вашых каравых імправізацый, калі, канечне, наогул слухалі.

Насупраць знаходзяцца вайсковыя могілкі. Гэта вельмі правільны і здаровы занятак — час ад часу гуляць па могілках і чытаць імёны людзей, якія там адпачываюць. Вось нейкая «Соня Белаазёрава», 1875 года нараджэння. Таксама, мабыць, балавалася на фартэпіянах і лічыла сябе зоркай. Што ад яе засталося? Тое, што застанецца і ад вас (і ад мяне!), — нічога.

Нас ніхто не шукае. Ніхто не выдасць нашыя раманы пасля нашага скону — забудзьцеся на Кафку! Каб застацца ў гісторыі, трэба зрабіць нешта новае. Кінуць выклік і ўзарваць шаблон. А не сядзець у сваім утульным воблаку славы.

У апошнім альбоме Random Access Memories групы Daft Punk прысутнічае найцікавейшы трэк — «Giorgio». Там на тле лёгкага эйсід-джазавага пройгрышу дзядзька прыкладна таго ж узросту, што нашыя няўдачнікі з бара «Бар», з моцным нямецкім акцэнтам расказвае, як ён марыў стаць музыкам у 70-я. І што ў яго нічога не атрымлівалася, што ён граў на дыскатэках і спаў па пяць гадзін у машыне. І вось калі ён урэшце назбіраў грошай на альбом, ён вырашыў не рабіць яго гітарным, а пашукаць «sound of the future». Ён узяў сінтэзатар (тады ўжо былі сінтэзатары) і склаў на ім караценькі пройгрыш. І так адбылося, што з гэтай вось мелодыі пачалася гісторыя электроннай музыкі ў свеце. Дзядзька вынайшаў не проста стыль, у якім працуе Daft Punk, ён вынайшаў саму манеру грання не на гітары. І тут запускаецца арыгінальны трэк з першага альбому Giorgio. І ён гучыць проста суперсучасна. І неяк зразумелым робіцца, чаму Норман Кук назваў альбом Random Access Memories «новым дыханнем у электроніцы».

Каб сядзець, бухаць і чакаць тэлефанавання з Suhrkamp ці Sony Music, трэба ўсяго толькі зрабіць нешта параўнальнае з тым, што зрабіў Giorgio. Ці хаця б з тым, што зрабілі Daft Punk, натхнёныя Giorgio. Беларуская культура — гэта культура Кафкаў, якія не напісалі «Замкаў», але ўсё роўна спадзяюцца на месца ў вечнасці.