Калі б я быў дапытлівым журналістам – чэсным або нячэсным, якая розніца – я абавязкова скарыстаўся б становішчам і спытаў… Не ведаю, праўда, у каго і навошта, але спытаў бы і як грамадзянін гэтай краіны запатрабаваў адказу прамога і без выкрутасаў:

Куды падзеліся менскія тараканы?

І чаму нас ніхто не папярэдзіў?

І ніякія спасылкі на крывавы рэжым тут не прыдаліся б. У тараканаў няма крыві, – кажуць знаўцы, – у іх ёсць гемалімфа, белая, густая, матавая, з ледзь улоўным зеленавата-жоўтым свячэннем, падобная да міндальнага малака. Ад крыві сысуноў і іншых крывасмокаў яна адрозніваецца так, як кефір ад сангрыі, і працу выконвае зусім іншую. Напрыклад, выклікаць ванітны рэфлекс і пырскаць ва ўсе бакі з характэрным гукам, пакідаючы сляды на лінолеуме. І кіслароду яна ў сабе не нясе. Мне б такую. Можна было б пазмагацца за штосьці да апошняй кроплі крыві – тое, што яна апошняя, не значыла б анічога. А дзе няма сымбаляў, там няма і ворагаў.

Адна з функцый таракана – амаль што прустаўская: ажыўляць у памяці пахі дзяцінства. Уваскрашаць яго цені, выпускаючы іх на белую прасціну часу, як выразаных з паперы трусаў, запальваць лямпачку яго дыяскопа. Калі б я, як некалі ў дзяцінстве, выйшаўшы на начную кухню, пабачыў цяпер таракана, мне, пэўна, прыгадалася б бабуліна кватэра, у доме, які нібыта будавалі палонныя немцы. Прусакі. А можа, і саксонцы. Тараканы жылі ў доме з дня заснаваньня. Так што хто тут аўтахтон, а хто хтанічны прыхадзень, трэба было б яшчэ надвое паваражыць. Раніцай бабуля апрацоўвала кватэру дыхлафосам, а мяне вяла на шпацыр. Мы ўцякалі з дому, як дэзэрціры з Іпру. А вярнуўшыся, адчынялі наросхрыст усе вокны. Зрэшты, на Партызанскім, які ўрываўся ў хату ўсім сваім пралетарскім духам, пахла не нашмат лепш. Там таксама кагосьці ўвесь час труцілі, толькі на шпацыр ніхто нікога не вадзіў.

Яшчэ былі такія смертаносныя шарыкі, скатаныя з мукі ўперамешку з нейкімі хімрэактывамі. Калі б я цяпер пабачыў у якой-небудзь кватэры таракана, я прыгадаў бы, як апетытна яны выглядалі, тыя клёцкі тараканавай смерці. Пакласці ў рот і жаваць, разгарнуўшы якога-небудзь Гашака. Вядома, інстынкт самазахавання, які ёсць і ў тараканаў, падказваў, што лепш гэтага не рабіць або, прынамсі, пачакаць першага няшчаснага кахання. Але каханне да пары было бязвоблачным, і ўсе засталіся жывыя. У тым ліку асуджаныя да пекла мярзотныя прусакі.

Дарэчы, пра згаданага тут Гашака. Вось хто быў папросту зацыклены на тараканах. І вось па чыёй творчасці відаць, наколькі важную ролю адыгрывалі яны ў культуры сто гадоў таму.

“Зноў пачулася чвяканне, падобнае да таго, што робіць вожык, які палюе на таракана…”

“Балоўн пачаў шныраць па кватэры, як тараканы ўначы…”

“З сем’яў, якія куплялі ў яго крывянку, сышлі ўсе тараканы…” (вось жа, адна з версій).

“Выбачаюся, гэты мярзотнік Калета з’еў таракана!…”

Гэта ўсё са Швейка. А калі б я пабачыў дзесьці таракана…

Ды толькі ў горадзе іх нібыта і праўда няма.

Факт: дзе б я ні бываў і ні жыў у Менску (дый ня толькі ў Менску) – апошнія гадоў дзесяць мне не трапляўся ніводзін таракан. Хіба на карцінах Змітра Вішнёва. У розных гамбургах і гумбэртбэргах я бачыў пацукоў памерам з котак, якія перабягалі ўначы праз дарогу, палохаючы мінакоў. Бачыў у ванных пакоях макрыцаў прамысловых памераў, бачыў жанчын з трыма грудзьмі і людзей з галовамі сабакаў, што рэкламавалі корм “Royal Canin“, аднак какерлякаў, а прыкладна так таракан завецца па-нямецку, – не.

Магчыма, мне проста не пашанцавала. Ёсць такія істоты, хранічныя няўдакі, якім нават таракан у супе не трапіцца – адны птахі шчасьця, тлустыя, дурныя і крыклівыя, як усе хатнія птушкі. Магчыма, я жыў не ў тых кватэрах – хаця іх выгляд часцей за ўсё быў цалкам аўтэнтычны. Магчыма, таракан проста пазбягае публічнасці – як кожная высокаарганізаваная істота. Можа, я жыў і жыву ў нейкім не тым Менску? Так ці інакш, людзі засталіся без тараканаў. Тараканы хіба што ў галовах, але пра гэта пісаў яшчэ Ян Баршчэўскі.

Знойдуцца істоты, якія толькі засмяюцца і запярэчаць, што ў Менску тараканаў процьма (якое, дарэчы, тараканава, тараканскае, прусачынае слова!). Што ў кожным доме, дзе ёсць хаця б нейкая крама, жыве ўплывовая тараканава дыяспара. Што ў кожным пад’ездзе, упрыгожаным сям’ёй алкаголікаў, на таракана можна любавацца хоць да ўс… Да успакаенія душы. Што кожны чабурэк і кожная заводзкая дзежка штодня поўная тараканаў, і наша шчасце, што іх паспяваюць вылаўліваць. Але ж – не трапляліся. Алкаголікі трапляліся, і чабурэкі, і беляшы, а тараканы – не. Ці то санстанцыя працуе, або таракан пайшоў не той, кволы, лёгказасваяльны – няўзброеным вокам не заўважыш і няўзброены зуб не абломіш.

Тут маецца на ўвазе, натуральна, таракан эўрапейскі звычайны. Савецкі такі таракан. Ну, і постсавецкі. Ганьба: на запыт “тараканы ў менску” гугл выдае збольшага аб’явы пра продаж у сталіцы мармуровых і іншых іншаземных тараканаў, ды яшчэ старыя афішкі пра прыезд расейскіх панкаў, а пра родных беларускіх насякомых ні слова няма. Дзе лямант аб дапамозе, дзе парады гаспадыням, дзе абмен досведам, як пазбыцца, забіць, вынішчыць, сцерці з лінолеумнага аблічча?

Няўжо яны і праўда сыходзяць? У вёску, на волю, у пампасы і агратурызм. Сыходзяць, намякаючы на экалогію. Няўжо гэтыя членістаногія галубы даюць знак гараджанам, што ўсё прапала – і гэтым разам не жартуюць?.. Або іх проста звёў такі сабе тараканаў дудачнік, інтурыст з Гамэльну, якому ў беларускай сталіцы некалі нешта абяцалі, ды не заплацілі. Тут такое ўжо здаралася. Аднак тараканы не людзі. Сыход будзе доўгім. Вельмі доўгім.