Гэта адбылося мінулай восенню ў чайнай студыі Алёны Вялічка — літаратурная сустрэча, спалучаная з чайнай цырымоніяй. Адна з удзельніц раптам упікнула: «Віктар, вы не выглядаеце пісьменнікам! Я ў свой час скончыла філфак, дык паэты ў нас вельмі пілі, прыходзілі ўжо на світанку і чыталі свае вершы, не зважаючы на тое, што мы не вельмі хацелі слухаць”. Усе ўдзельніцы сустрэчы горача пагадзіліся з гэтым выказваннем: так, я не выглядаю як пісьменнік. Бо прыпёрся на літаратурную вечарыну цвярозы, размаўляю спакойным голасам, на калашыне штаноў няма слядоў з’едзенай учора яечні, на твары не бачна драпінаў ад ранішняй бойкі з міліцыяй ці таварышамі па цэху.

І вось я раптам прыгадаў, што папрок у тым, што я надта дыстыляваны ды чысценькі для беларускага творцы, я чую ўжо не першы раз. Людзі, якія яго агучваюць, пад паэтам, празаікам, мастаком — карацей, любым прадстаўніком творчай прафесіі — разумеюць такую непаголеную абтарчаную малпу, дрэнна апранутую, усю наскрозь у пазыках. Карацей, сусед-алкаголік! Вось ён, ідэальны вобраз, які грамадства чакае ад экстэр’еру тых, хто стварае мастацкія каштоўнасці!

Разам з тым, мой вопыт камунікацыі ўнутры тусоўкі паказвае, што такія тыпы — у меншасці. Зайдзіце ў пісьменніцкі саюз, і вы пабачыце людзей у прыстойных гарнітурах, якія п’юць каву, зробленую ў эспрэса-машыне. Калі вы прыслухаецеся да размоваў у кавярні “Ў”, вы пачуеце цалкам буржуазныя расклады: пісьменнік набыў кватэру, мастак жыве ў трохпакаёўцы, маладая пара творцаў уся ў рамонце на новай жылплошчы. Дык адкуль такія чаканні грамадства і ці варта ім адпавядаць?

Адразу дадам: так, захаваліся яшчэ ў тусе і вясёлыя бабздыры, здольныя нажлуктацца на прэзентацыі да стану бязважкасці. Але іх менее з кожным годам. Дык што робіцца? Як мэнэджары ад літаратуры і мастацтва, людзі, што ганарацца ўласным італьянскім паліто, японскай машынай ды гарнітурам-тройкай, спалучаюцца з класічнымі піякамі а-ля Караткевіч?

Я знайшоў адказ на гэтае пытанне ў кнізе Дэвіда Брукса «Бобо ў раі», што па-англійску выйшла ў 2002 годзе, а на расійскай мове з’явілася толькі ў 2013 (пераклаў і выдаў прэстыжны AdMarginem). Праца Брукса — не меней важная за «Капітал» Карла Маркса. Бо яна пастулюе з’яўленне новага сацыяльнага класа.

Раней, піша Брукс, было супрацьстаянне багемы ды буржуа. Буржуа ганарыліся ўласнымі віктарыянскімі інтэр’ерамі, сапернічалі ў раскошы аздаблення садоў вакол маёнткаў. А багема з буржуа кпіла: хадзіла апранутая абы-як, напівалася ў «Чырвоным млыне», прыходзіла ў гарадскі парк з амарам на шнурку, каб толькі зладзіць скандал. У той час як буржуа засяроджваліся на грашах, багема дэманстравала, што грошы ёй зусім не патрэбныя. У той час як буржуа імкнуліся да грунтоўнасці ды лоску ў выглядзе ды паводзінах, багема скандалізавалася. Пры гэтым адвакат, банкір ці прамыслоўца не мог сімпатызаваць багеме — гэта была сітуацыя адкрытага супрацьстаяння. Для мастака ці паэта найгоршым было пачуць, што ён «буржуазны».

Дык вось, у канцы XX стагоддзя, — працягвае Брукс, — з прычыны паўставання эканомікі ведаў і постіндустрыяльнага грамадства дзве гэтыя сацыяльныя страты зліліся ў адно цэлае. Бо сталася так, што дызайнер можа зарабляць болей за банкіра, а капірайтар — лёгка мець трыста тысяч у год, даючы фору мэнэджару з кампаніі па гандлі тачкамі.

Тое, што атрымалася ад гэтага зліпання класаў, Брукс назваў тэрмінам бобо — па першых складах словаў boheme (багема), bourgeois (буржуа). Ягоная кніжка сталася гімнам новых людзей — тых, каго гарадскія часопісы яшчэ пяць гадоў таму называлі хіпстарамі, а цяпер клічуць «крэатыўным класам». Пра ступень уплывовасці кніжкі Брукса сведчыць хаця б той факт, што ў суседняй Вільні, побач з Нямецкім бульварам вось ужо гадоў пяць як дзейнічае бар-кавярня «Бобо», дзе збіраюцца літоўскія бобо, каб выпіць свой гурковы фрэш.

Усім, хто зацікавіўся марфалогіяй бобо, вельмі настойліва раю набыць ці спампаваць бэстсэлер Брукса: праз які год не ведаць пра бобо ў Мінску будзе гэтаксама заганна, як было сорамна не ўмець падтрымаць размову пра класавае грамадства ў салонах інтэлігенцыі ў пачатку XX стагоддзя.

Тут я зраблю некалькі высноў з Брукса, якія датычаць нашага сабжу.

Творцы — ужо не багема, бо гэтага паняцця больш няма. Пісьменнікі, крытыкі, мастакі, сцэнарысты, журналісты, рэжысёры не мусяць даказваць астатнім, «рэспектабельным», што грошы — нішто, што рэвалюцыя (у паводзінах) — фарэва, што яны прадэманструюць сучаму сусвету, які паглыбіўся ў будаванне ўласных кар’ераў, што ёсць яшчэ людзі, не ўключаныя ў гэты працэс. Ім няма што даказваць. Бо яны цяпер самі буржуа.

Бобо ўключаюцца ў сімвалічны абмен нароўні з астатнім грамадствам, іхныя капіталы цяпер ёсць вымярэннем іх мастацкай каштоўнасці (так, як і з іншымі прафесіямі). Але Брукс зазначае, што шкала тут трохі іншая і быць пісьменнікам ці капірайтарам з не вельмі вялікім заробкам для бобо-свету болей пачэсна, чым быць адвакатам ці прамыслоўцам. Брукс некалькі разоў падкрэслівае, што для бобо вельмі прынцыпова, адкуль і як чалавек бярэ грошы (раней для багемы грошай як каштоўнасці проста не існавала). Зарабіць мільён на біржавых спекуляцыях — сорам. Зарабіць $20 тыс. на кінасцэнары — рэспект.

Сацыяльны пратэст болей не ўваходзіць у пералік першасных абавязкаў творцаў. А таму неабавязковыя і асацыяльныя паводзіны.

У дыстыляваным свеце новых бобо-эліт старасць, хвароба і смерць выглядаюць тым, чаго варта саромецца. Таму бобо не кураць, не бухаюць і апантаныя здаровым ладам жыцця. Бобо хутчэй прызначаць дзелавую сустрэчу ў спорт-зале ці малочным бары, чым у класічнай кавярні, дзе падаюць алкаголь. Нават калі гэтая кавярня — «Бобо» ў Вільні ля Нямецкага бульвара.

У гэтых умовах беларускі творца можа, канечне, «сядзець на стакане», ладзіць скандалы на ўручэнні прэмій, нахерачвацца на фуршэтах, але выглядаць ён пры гэтым будзе як чалавек несучасны. Ці варта быць сучасным — асобнае пытанне, але логіка бобо — гэта логіка менавіта звышсацыяльных істот. Так, напрыклад, Брукс спачатку здзіўляе чытача навіной пра тое, што ў буйных бобо-карпарацыях, такіх як студыя Dreamworks, наогул няма назваў пасад, любы чалавек роўны свайму патэнцыйнаму начальніку. Але потым высвятляецца, што іерархія, нягледзячы на ўсе гэтыя інды-прыбамбасы кшталту права сыходзіць з офіса ў любы час, тут усё ж ёсць, прычым яна нават болей жорсткая, чым у класічнай карпарацыі.

Хутка чалавецтва нагуляецца ў бобо. Капірайтары, рэдактары ды паэты будуць імкнуцца выглядаць як Хантэр Томпсан, Чарлз Букоўскі ці Тулуз-Латрэк. Такі, ва ўсякім разе, мой прагноз. Але пакуль увесь свет самааддана гуляецца ў «новы лад жыцця», нам пра гэта варта хаця б проста ведаць.