Сёння, 4 лютага, беларускаму пісьменніку, літаратуразнаўцу, доктару філалагічных навук, сябру СБП Арсеню Лісу спаўняецца 80 гадоў. Шаноўны Арсеній Сяргеевіч! Віншуем Вас з юбілеем і зычым здароўя і даўгалецця, дабрабыту і далейшага плёну ў дзейнасці! Крытык Ціхан Чарнякевіч далучаецца да віншаванняў і піша пра спадара Арсеня ў юбілейным артыкуле. ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»

Кажучы пра феномен беларускага шасцідзясятніцтва, даследчыкі, зазвычай літаратуразнаўцы, амаль заўсёды імкнуліся весці паралелі з “старэйшым братам”, у якога былі Еўтушэнка, Раждзественскі, Вазнясенскі, Ахмадуліна, Акуджава, плошча Маякоўскага, вечары на стадыёнах і ў Політэхнічным. Раўнаючы на беларускую сітуацыю, адзначалася, што ў нас, маўляў, таксама было сёе-тое, але маштабы не тыя…

Ушчэнт забываліся людзі на спецыфіку.

Беларускае шасцідзясятніцтва было ў першую чаргу нацыянальна-арыентаваным па сваёй сутнасці. Зрабілі яго феноменам як ні дзіва не толькі і не столькі пісьменнікі, як навукоўцы-гуманітарыі: Міхась Чарняўскі, Генадзь Каханоўскі, Міхась Ткачоў, Мікола Ермаловіч, Зянон Пазняк, Генадзь Кісялёў і, безумоўна, Арсень Сяргеевіч Ліс, якому сёння спаўняецца 80 гадоў.

Менавіта руплівая праца гісторыкаў у 1960-1980-я гады – збіранне і захаванне, перадача з вуснаў у вусны, з рук у рукі фактаў, кніг, вусных успамінаў, а пазней і правядзенне праз цэнзурныя рагаткі да публікацыі – дазволіла ўзнавіць нацыянальны праект у надзвычай складаных варунках савецкага часу, а пазней, у час паўстання незалежнасці, за некалькі гадоў стварыць нацыянальны варыянт гістарыяграфіі.

У кола аднадумцаў кожны трапляў сваім, часам вельмі пакручастым шляхам. Для Арсеня Ліса беларускасць была роднай, яна спадарожнічала яму з самага маленства.

…Ён – заходнік. Як можна прайсці наўзбоч беларушчыны, калі бацьку твайго вучыў у школе Язэп Гаўрылік, які неўзабаве стане паслом польскага сейма; калі цётка твая выходзіць замуж за паэта Алеся Салагуба, а дзядзька Васіль аздабляе графікай беларускі часопіс “Маланка”. У хаце тваёй некалі спыняўся Сымон Рак-Міхайлоўскі. Пад падушкай у цябе ляжыць хрэстаматыя “Родны край” Леанілы Чарняўскай, часопіс “Заранка” і пецярбургскае, “заглянесонцаўскае” “Другое чытанне” Якуба Коласа. Маці і бацька, сялянка і чыгуначнік, спяваюць на два галасы “Не загаснуць зоркі ў небе…”, “Зорку Венеру”, а дзядзька Рыгор спыняе цябе ў двары і патрабуе прадэкламаваць “Хто ты гэткі? Свой, тутэйшы”.

Сёння гэта гучыць як фантастыка. Тым не менш, у Заходняй Беларусі было нямала такіх мясцін, і Лісава вёска Вётхава на Смаргоншчыне зусім не была “беларускім гета”: хапала сваіх беларускіх дзеячаў, палітыкаў, паэтаў, мастакоў і ў суседняй гміне, і ў суседнім ваяводстве…

І як тут не станеш даследчыкам культуры Заходняй Беларусі!

Зрэшты, да сваёй тэмы Арсень Ліс падступіўся не адразу. Была вучоба на філфаку БДУ, праца ў Шаркаўшчыне ў мясцовым РАНА, а неўзабаве – пераезд у Мінск, на працу ў Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Хто толькі не тупаў калідорамі выдавецтва ў 1957-1959 гады, калі там працаваў малады Ліс. Прыязджалі з высылкі і турмаў былыя “маладнякоўцы” і “ўзвышэнцы”, заходзілі ў выдавецтва са сваімі новымі кнігамі, а хто навечна застаўся за кратамі, рукапісы тых прыносілі жонкі і дзеці. Наведваліся і маладыя. Не ўсе ведаюць гэты факт, але, каб не Арсень Ліс, застаўся б першы зборнік Уладзіміра Караткевіча без вершаў “Паўлюк Багрым” і “У векавечнай бацькаўшчыне клёны…”. Першы з іх быў прызнаны двухсэнсоўным, а другі проста выкінуў з рукапісу рэдактар “Матчынай душы”.

“Заходніцтва” вярнулася ў аспірантуры Акадэміі навук, куды Ліс паступіў у 1959 годзе, ды так і застаўся з акадэміяй на ўсё жыццё. Першая ж тэма, “Народна-паэтычная творчасць Заходянй Беларусі”, стала лёсавызначальнай, як быццам распаўшыся на дзве асобныя: самое заходнебеларускае мастацтва і народную песню, за якой навуковец дзесяцігоддзямі ездзіў па ўсёй Беларусі, запісваючы на магнітафон, парадкаваў у дыхтоўныя тоўстыя тамы серыі “Беларуская народная творчасць”, аналізаваў у фалькларыстычных манаграфіях. Збіраючы матэрыял для дысертацыі, Арсень Ліс перагарнуў падшыўкі ўсіх заходнебеларускіх перыёдыкаў, а неўзабаве выйшаў і на старых беларускіх дзеячаў: Зоську Верас, Янку Багдановіча, сыноў Антона Луцкевіча і многіх іншых. Завязаліся знаёмствы, паляцелі з Вільні ў Менск доўгія лісты, праз якія адкрывалася невядомая, замкнёная ад старонняга вока гісторыя Беларусі. З цягам часу фактура ўвасобілася ў кнігах пра Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Драздовіча, Язэпа Горыда, Міколу Шчакаціхіна, Пётру Сергіевіча – кнігах вельмі чулых, набліжаных да мастацкай прозы, і ў той жа час вельмі насычаных унікальнымі звесткамі. Мажліва, гэтыя біяграфіі, якім неўзабаве ўжо стукне паўвека, паціху старэюць. Але замяніць іх пакуль няма чым. І не вельмі рвуцца наступнікі, каб дапоўніць сказанае Лісам, напісаць аб’ёмнейшыя і лепшыя кнігі. Да таго ж – Арсень Сяргеевіч мог запраста ўдакладніць нешта ў жонак Тарашкевіча і Шчакаціхіна, у самога Пётры Сергіевіча, у сваякоў і землякоў Драздовіча, у віленскіх беларусаў. У каго сёння спытаецца даследчык? Толькі ў архіўных папераў і… ў самога Арсеня Ліса, чыя памяць – “томов премногих тяжелей”.

…Ён – інтэлігент: акуратны і гжэчны, асцярожны ў ацэнках і ўважлівы да іншага меркавання. І размова з ім, і чытанне ягоных кніг – заўсёды інтэлектуальнае задавальненне і, адначасова, праверка і ўрок.

…Ён – чалавек, на якога хочацца быць падобным.