Добра памятаю, як годзе так у 1992-м адзін айчынны петрасянчык здзекаваўся з ідэі выдаць беларускі размоўнік для замежнікаў.

— Калí ласкá! — крыўляўся з экрана комік, звяртаючыся да ўяўнага афіцыянта. — Спадар! Адну бульбу-фры! Дзякýй!

Сцэна мусіла выклікаць нястрымны рогат. І выклікала — у некаторых. Жывоцікі надрывалі. З крэслаў падалі. Ну якому, скажыце, іншаземцу прыйдзе ў галаву вучыць “нікаму не нужны калхозны язык”? Петрасянчык лавіў паветраныя лайкі ад працоўных, бульба-фры паціху заваёўвала сабе прастору ў фаст-фудзе, а па Мінску асцярожна хадзілі першыя іншаземцы часоў незалежнасці, аферысты або рамантыкі, якім той беларусіш сапраўды быў як сабаку пятая графа.

Як некалі пісалі ў раманах, “мінула дваццаць гадоў”. З аднаго боку, цяпер ужо новыя петрасянчыкі петрасяняць сабе на дзяржаўным тэлебачанні, запрашаючы панадрываць жывоцікі над мовай, якая — вось жа казус, га? — чамусьці яшчэ не падохла. А з іншага… Нешта непазнавальна змянілася. І як доказ гэтых зменаў з’явілася не так ужо й мала розных беларускіх слоўнікаў, падручнікаў і размоўнікаў для замежнікаў. Перакладаюцца тэксты, кніжкі, артыкулы. Асабіста я знаёмы ажно з некалькімі немцамі, якія гавораць па-нашаму значна лепей за гордых беларусаў. І не ўсе яны прафесійныя перакладчыкі, і ніводзін з іх не хадзіў на якую-небудзь “мову-каву”. Нашая мова, нашая вайна, нашыя немцы…

Але, бадай, найлепшым адказам таму таннаму петрасянчыку, які трапіў пальцам у неба, ёсць размоўнік з серыі “Каўдэрвэлш”, якую выпускае нямецкае выдавецтва REISE NOW-HOW Verlag Peter Rump. Не ведаю дакладна, для колькіх моваў існуюць такія “каўдэрвэлшы”. Больш чым для ста, гэта дакладна. І некалькі мільёнаў нямецкамоўных грамадзянаў штогод купляюць іх, выпраўляючыся ў падарожжы ў самыя розныя канцы свету.

І вось ужо некалькі гадоў мы разам з немцамі маем наш, беларускі “Каўдэрвэлш”. Некалі я пісаў пра яго ў блогу. Падзеі тады ніхто не заўважыў. Падумаеш… “У савецкіх собственная гордасць”. Беларуска-нямецкі размоўнік для тых, хто едзе ў Беларусь, — што тут такога? Тут жа расійскамоўнага яшчэ пашукаць трэба, па закутках і норках. Але мне чамусьці бачыцца ў тым “Каўдэрвэлшы” знак прызнання й павагі. Асабліва важны на фоне розных палітычных гульняў. Паўз нас дагэтуль праязджаюць, не заўважаючы, як паўз безыменную станцыю на шляху ў Маскву. І якая каму розніца, як там гавораць на той станцыі…

Вось, дарэчы, у букіністычным на Карла Маркса стаіць выдадзены ў Францыі пры падтрымцы нашага міністэрства замежных справаў каляровы гід па Беларусі. Там таксама ёсць кароткі размоўнік для гасцей — француска-расійскі. Думаю, ніводзін француз, які карыстаўся гэтым выданнем, так і не даведаўся пра існаванне ў гэтага гасціннага народа нейкай там сваёй мовы. Нават Каліноўскі ў тым гідзе — Kastus Kalinovskij. А яшчэ нашыя героі — гэта Olga Korbut i — опа! — Mikhas Čarot.

Не, наш “Каўдэрвэлш” не такі. Склаў гэтую цудоўную кніжачку чалавек на імя Хольгер Кнаўф. Асабіста мне найбольш падабаецца старонка 58:

NITSCHOHA NJAMA — Es gibt nichts.
TUT NIDZJE NJAMA PIWA — Es gibt hier nirgends Bier.
NICHTO NITSCHOHA NJE WJEDAJE — Niemand weiß etwas.
TUT NIKOHA NJAMA — Es ist niemand hier.
JA TUT NIKOHA NJA WJEDAJU — Ich kenne hier niemanden.
Гэта можна паўтараць бясконца. Як прыгавор. Як верш. Як магічную формулу. Як малітву.

З гэтым размоўнікам, а таксама з парай часопісаў, слоўнікамі і кнігамі я, наіўны скарына, асветнік без святла, прыйшоў некалі ў гамбургскую публічную бібліятэку і прапанаваў арганізаваць у ёй беларускую палічку. Ёсць там такі міжнародны аддзел: кнігі і слоўнікі на самых розных мовах. А ў ім, напрыклад, расійская палічка, на якой, між іншага, Віктар Марціновіч, Васіль Быкаў і Мікалай Чаргінец. А ў канцы калідора — перад венгерскай і в’етнамскай — украінская. Ну, украінцы, як мы пераканаліся, сябе паважаюць і ў крыўду розным петрасянчыкам не даюць — нават самым высокапастаўленым. Да ўкраінцаў і стаўленне іншае. Карацей, у арганізацыі палічкі мне было адмоўлена. Не будзе попыту, заявілі мне ў бібліятэцы. Хаця ад “Каўдэрвэлшу” не адмовіліся.

Добры размоўнік — наогул асобны жанр драматургіі. Дыялогі ў найлепшых з іх — сапраўдныя п’есы, мацнейшыя за “Фаўст” Гётэ ці “Пана Тадэвуша”. Калі іх правільна чытаць, там можна знайсці прыўкрасную літаратуру, вартую, без перабольшання, літаратурных прэмій. Ну, ці тэатральных. “Беларуска-польскі размоўнік” Анатоля Клышкі, выдадзены ў дзевяностыя, і цяпер чытаецца не раўнуючы раман: флірт, піяцтва, рэўнасць, сямейныя сваркі… А адзін з маіх любімых размоўнікаў — выдадзены ў 1981 расійска-літоўскі. Вось дзе прастора для фантазіі.

“Як вас падстрыгчы?

— Пастрыжыце коратка. На скронях пакіньце як ёсць. Бакенбарды хай застануцца.

— Добра. Паглядзіцеся ў люстэрка!

— Вы мяне парэзалі. У мяне цячэ кроў…”

Такая вось помста акупанту. Або вось, з той самай кніжкі — узор ліста, які пішуць нейкаму Альгісу. Па ўсім відаць, што насамрэч гэта зашыфраванае пасланне. Дакумент часоў халоднай вайны.

“Дарагі Альгіс! Мы толькі што атрымалі твой ліст, які чакалі з такой нецярплівасцю. Мы абодва, брат і я, вельмі ўзрадаваліся, даведаўшыся, што ты зусім здаровы. Табе трэба адпачыць. Прыязджай да нас у калгас. Паветра чыстае. Паведамі, калі ласка, пра час свайго прыбыцця. Твой…”

Або вось — цэлая гісторыя ў некалькіх сказах. Тук-тук-тук:

“Іванаўскас тут жыве? — Так, тут. — Вам тэлеграма.

Іванаўскас тут больш не жыве. Ён перасяліўся на вуліцу Горкага”.

Напэўна, небарака Іванаўскас проста не змог (ці не захацеў) адказаць на пытанні віктарыны:

“Пытанне: Якія гістарычныя даты вы ведаеце?

Адказ: Савецкая ўлада ў Літве была адноўленая 21 ліпеня 1940 года”.

Гэта ён, русафоб і нацыяналіст, дазваляў сабе агітацыю ў краме:

“Гэта мясарубка маскоўскай вытворчасці? — Так. — Тады пакажыце мне пілу”.

І вось нарэшце Іванаўскас на допыце.

“— Можна закурыць?

— Курыце. Дапамажыце нам, калі ласка.

— А можна шклянку вады?

— Так. У нас да вас некалькі пытанняў, дарагі Альгіс…”

Але ўсё заканчваецца добра. На старонках размоўніка разгортваецца цудоўная савецкая п’янка:

“Дайце, калі ласка, шампанскага, партвейну, гарэлкі, каньяку. Я хачу прапанаваць тост! За здароўе гаспадара (гаспадыні)! За вашае здароўе! Будзем сябрамі! Няхай жыве дружба народаў! Няхай жыве Савецкая Літва! За трывалы мір у імя шчасця і светлай будучыні народаў! Няхай жыве Камуністычная партыя і яе ленінскі Цэнтральны камітэт!”

Але ўсё цудоўнае некалі заканчваецца.

“Які сёння дзень? — Панядзелак. — А месяц?”

Гэта 1981-ы. Вось так праміне гадоў трыццаць — і па нашых сучасных беларускіх размоўніках можна будзе вывучаць, чым мы жылі на пачатку стагоддзя. Якія тосты падымалі і за каго. І куды хто перасяляўся, атрымаўшы тэлеграму. Так, жывучы тут і цяпер, часам хочацца сказаць словамі з “Каўдэрвэлшу”: NITSCHOHA NJAMA. Але гэта не будзе праўдай. Нешта тут усё-ткі ёсць. І яно адбываецца. Як кажа адзін са згаданых мной размоўнікаў, “ужо трэці званок. Ідзем у буфет”.