Пра расейскую мову у цяперашнім расейскім фашызьме.

 

Колькі дум маіх не раскулачвалі,

Нат у сьмяротна трывожны час

Не назвала я “мамай” мачыхі

І душы не здала ў калгас!

Л. Геніюш.

Забываем мы і, канечне, нам дапамагаюць забыць, як раней беларусы палохалі адзін аднога не бабайкамі, не татарамі, не нячысьцікам, а маскалямі. Стэрыльная карэктнасьць і гвалтоўныя фізычныя і сымбалічныя зачысткі ў Беларусі, прадпрынятыя расейцамі за царом сапраўдным ды прыхаваным за саветамі, прывялі да таго, што ў 21-ым стагодзьдзі мы сталіся замбаваным прадуктам, размаўлялым на мове Пушкіна і Талстога, якія былі ня толькі гуманістамі, але русацэнтрыстамі, не гуманістамі-унівэрсаламі, а лякаламі-ідэолягамі. Талстой, які марыў пра тое, што на расейскай мове будуць размаўляць на ўсіх мэрыдыянах. Пушкін, які пыхліва называў расейскую мову вялікай і магутнай.

На ўсіх мэрыдыянах, канечне, ёй не гучаць, але ў суседніх з Расеяй рэгіёнах яна пачуваецца сьмела. І тут заслуга ня толькі расейскага бізуна, але і пяра, у тым ліку пяра Пушкіна і Талстога. Беларус ведае на сваёй скуры, на сваёй мове, што расейскі гуманізм рэдка застаецца на рэйках касмапалітызму, звычайна ён хутка і натуральна ўвальваецца ў  нацыяналізм і зьнішчае ўсё блізляжалае.Пасьля гвалтоўных падзеяў ў Крыме такімі асірацелымі падаюцца многія расейскамоўныя беларусы, якія знайшлі ў чужынска-роднай мове ключ да сьвету. Сяньня яны адчуваюць нейкую вінаватасьць, здраду: яны салідарныя з Украінай, саромяцца быць расейскамоўнымі, бо карыстаюцца мовай, якая тырчыць з руляў расейскіх танкаў, якая ліецца з горлаў фашыстоўскіх лідараў Расеі, мова, на якой апраўдваюцца гвалт і барбарыя на эўрапейскім ускрайку. Мова-прэтэкст, мова-прычына, мова-код, мова-сымбаль расейскага фашызму. Раней гэта мова адкрывала шлях расейскамоўнаму беларусу ў сьвет, а цяпер паралельна яна зьнітоўвае яго з суседзкім фашызмам.  Ці ня доказ гэта таго, што расейская мова Беларусі пакуль так і ня стала собскім нэўтральным рэсурсам? Яна ўсё яшчэ зьяўляецца траянам, праз які ў краіну інтэнсыўна ўліваюцца новыя і новыя дозы расейскага фашызму, жудасных аднабаковасьці і чмуту. Яна ня стала нэўтральнай у нас, як, напрыклад, сталі нэўтральнымі нямецкая, француская ці італійская мова ў Швайцарыі. Гэтыя мовы не траяны для прасоўваньня інтарэсаў адпаведна Нямеччыны, Францыі ці Італіі, тады як расейская мова ў Беларусі ды ва Ўкраіне пакуль, на жаль, — гіганцкі, упарты, заўждны траян. У той ці іншай ступені сяньня чытаньне, слуханьне, глядзеньне расейскамоўнага прадукту – згода, падтрымка, патураньне аўтарытарызму, а часам і фашызму. Гэта сілкаваньне аўтарытарнай традыцыі і адыход ад дэмакратычнасьці, ад якой мы амаль з уласнай згоды адыходзім апошнія стагодзьдзі.

Далёкі і заняты самім сабою Захад непатлумачальна і ўпарта зачараваны Расеяй, тым, што ён называе l‘âme russe. Насамрэч, сяньня гэта не l‘âme russe, a l‘âme fasciste. Калі вялікія расейская гуманісты, стаўпы расейскай літаратуры не навучылі, усё яшчэ ня могуць навучыць уласны народ, кіраунікоў гуманізму, то сэнс такой літаратуры мізэрны.

Ня так парадаксальна, як заканамерна, што тыя, хто крычаў учора пра зваяваньне фашызму, самі ўваліліся ў фашызм і зваяваньне суседа. Маскаль ганарыцца, што ўчора ён зваяваў фашызм (нагадайма яму, што ў перамозе той мільённыя немаскальскія ахвяры!), дык сяньня ён сам заняў месца фашыстоўца. Сяньняшняя разьдзертая Украіна – нагадка ўсім, што фашызм паўстаў у Расеі, якая так ганарылася сваімі перамогамі над фашызмам 20-га стагодзьдзя. Гіронія лёсу ці заканамэрнасьць?

І, магчыма, нам, беларусам, якіх не запалохаць ані маскалём, ані чортам, бо яны даўно ўжо залезлі ў нашу хату і гаспадараць у хаце рукамі пустадомных гаспадароў-ёлупаў, парá закрычаць сьвету на мове Быкава і мільёнаў ахвяраў усіх эўрапейскіх фашызмаў 20-га стагодзьдзя пра пагрозу зусім побач.