Да дзіўных часоў мы дажыліся! Хто такія мы? Мы — дзеці і нашчадкі “Вялікага Акцябра”, дэзэртыры з ганаровай варты “Вялічайшай Рэвалюцыі ў гісторыі чалавецтва”. Мы — тыя самыя “саўкі”, што паквапілісь на “заходняе рызьзё” і кінулі неацэненны скарб пад назавай “СССР”, ад чаго ён разбіўся на кавалкі. Некаторыя з іх, праўда, працягвалі лічыць сябе маленькімі “эсэсэрамі”, але гэта не дапамагло.

Культ “вялікай рэвалюцыі” і рамантыка зорных часоў бальшавіцкага тэрору, на якіх мы гадаваліся, апынулася фантомам, хвастом ад сабакі, якога “хутчэй за ўсё і не было”. Некаторыя працягвалі гуляцца з тым хвастом, спадзеючыся ажывіць “зьвера”. Але зьвер прыйшоў зусім з іншага боку, рэвалюцыя нарадзілася там, дзе яе раней не было. Самымі ж заклятымі ворагамі яе сталі якраз шанавальнікі старога, амаль стогадовай даўніны перавароту, адэпты леніншчыны, сталіншчыны ды іншай гістарычнай архаікі.

Рэвалюцыя, як форс-мажорная сацыяльная з’ява някепска апісана яшчэ У.Ульянавым: гэта калі вярхі ня могуць — нізы ня хочуць, і ў выніку палітычнай звыш-палярызацыі — непазьбежны выбух. Хаос, які прыходзіць на зьмену разбуранай іерархіі, быццам бы раўняе ўсіх у правах і магчымасьцях. Хаця гэта не так, бо ёсьць пацярпелыя,  ёсьць статысты, а ёсьць і мадэратары рэвалюцыі. Больш ясна з пацярпелымі, гэта старая ўлада, зьвязаны з ёй бізнэс ды блізкія сваякі-сябрукі. Яны,  першыя ахвяры рэвалюцыі, губляюць усё або вельмі многае,  а па сутнасьці вінаватыя ва ўсім самі. Таму што — быць рэвалюцыі ці ня быць, шмат у чым, залежыла ад іх. Рэвалюцыя не фатальная непазбежнасьць, не ўніверсальны закон прыроды, а зьбег абставін. Ёсьць немала краін, якія шчасьліва пражылі і без рэвалюцый, аддаючы перавагу эвалюцыі і бяскроўнаму рэфарматарству. І гэта не толькі паўночныя народы з флегматычным менталітэтам і халодным нардычным розумам. Праўда, часьцей то невялікія дзяржавы без імперскай спадчыны і месіянскіх амбіцый. Відаць, на рэвалюцыйны патэнцыял уплываюць і масштабы краіны, і памеры багацьцяў, якія зьбіраюцца “дзяліць” рэвалюцыянеры, і глыбіня прорвы паміж багатымі і беднымі. Беларусь па гэтых параметрах, у адрозняньне ад Расеі, зусім ня першая “ў чарзе па рэвалюцыю”. Але аб гэтым крыху пазьней. Пакуль жа заўважым, што пералічыць усіх пацярпелых у рэвалюцыю няпроста, лягчэй  сказаць хто практычна нічога не губляе — а то бамжы, беднякі і маламаёмасныя грамадзяне — то бок, “порах рэвалюцыі”. Адпаведна, чым больш у дзяржаве такіх людзей, тым большы разбуральны патэнцыял нясе яна ў сваім чэраве.

Для майго пакаленьня многае бачыцца праз культ “яшчэ той” рэвалюцыі, а таму часта задаецца пытаньне : а ці ёсьць у рэвалюцыі праўда? Найперш, скажам так — у рэвалюцыі ёсьць крыўда. Бо рэвалюцыя — бунт пакрыўджаных, сьляпое і бязлітаснае паўстаньне тых, хто адкінуў стары закон, у надзеі знайсьці новы. Таму ў рэвалюцыі  няма праўды, але ёсьць логіка. Логіка — разбурэньні, радыкальнага руйнаваньні “абрыдлага і ненавіснага”. Менавіта “ненавіснага”, бо рэвалюцыйны акт — не столькі вынік прагматычных разлікаў, колькі выбух эмоцый, параксізм некантраляваных сацыяльных дзеяньняў. Рэвалюцыя ёсьць свайго роду “гістарычным  аргазмам”, найвышэйшай кропкай зацьменьня грамадзкага розуму. Альбо, па меркаваньню саміх рэвалюцыянераў — сьвята імправізацыі і разняволеньня, выплеск  “ўсіх забароненых жаданьняў”, стрыманых у ціхамірныя, “прыгнятальныя” часы.

Парадокс рэвалюцыі: у яе ёсьць пераможаныя, ёсьць ахвяры і каты, зато няма пераможцаў.

Парадокс рэвалюцыі: у яе ёсьць пераможаныя, ёсьць ахвяры і каты, зато няма пераможцаў. Бо тыя, хто лічаць сябе пераможцамі, самі лёгка становяцца ахвярамі. Сьляпыя вернікі (“гарматнае мяса”) і быццам бы відушчыя правадыры рэвалюцыі – таксама ахвяры. У адрозняньне ад скінутай улады ды розных “ворагаў народа”, яны дабраахвотныя ахвяры дзеля “сьветлай будучыні”. У шчырасьці вернікаў сумнявацца не прынята, іхняя ахвярнасьць быццам бы і не праблема, а наадварот — гонар і заслуга перад “рэвалюцыяй і народам”. Аднак працэнт “зацятых вернікаў” ва ўсе часы невялікі, а большасьць простанародных “авечак” ідзе на пагібель за кумпанію, па-выпадку ці пад банальным прымусам. Легенды пра агульны энтузіязм  і  татальную самаахвярнасьць нараджаюцца потым, праз дзесяцігоддзі, калі жахі рэвалюцыі забываюцца. Але большасьць пацярпелых бывае  не з лагеру фанатаў ці апанентаў рэвалюцыі, а з ліку “статыстаў”— у выніку эканамічных ці гуманітарных катастроф, міжнацыянальных, пабытовых ці крымінальных разборак, якія спадарожнічаюць часу перамен. І самае галоўнае, рэвалюцыйны хаос часта спараджае вайну, як грамадзянскую — працяг барацьбы за ўладу, так і зьнешнюю — агрэсію суседзяў ці інтэрвенцыю “братоў-выратавальнікаў”, як сёньня ва Ўкраіне. Яно і зразумела — слабога дзяўбуць усе, каб адхапіць кавалак, пакуль гаспадар не ачуняў. І такія наступствы часам больш разбуральныя і непапраўныя, чым знутраныя “заўладныя бойкі”.

Ці можна пазьбегнуць рэвалюцыі? Зразумала, калі гэта заможная краіна з моцнымі дэмакратычнымі традыцыямі, то рэвалюцыю там не зробяць ні супер-леніны, ні чэ-гевары. Прышчэпкай ад рэвалюцыі ў бедных краінах можна лічыць левы папулізм, асабліва ў выкананьні такіх харызматычных асоб як Лукашэнка або Чавес.

Пасьля нагадваньня пра жахі і наступствы рэвалюцыі, натуральна ўзьнікае пытаньне: а ці можна яе пазьбегнуць? Зразумала, калі гэта заможная краіна з моцнымі дэмакратычнымі традыцыямі, то рэвалюцыю там не зробяць ні супер-леніны, ні чэ-гевары. Прышчэпкай ад рэвалюцыі ў бедных краінах можна лічыць левы папулізм, асабліва ў выкананьні такіх харызматычных асоб як Лукашэнка або Чавес. У прынцыпе гэта сурагат рэвалюцыі, імітацыя перманентнага руху ў “сьветлую” будучыню, на якую лёгка купляюцца бедныя, прастадушныя і малаадукаваныя, той самы “рэвалюцыйны клас”, пра які ішла гаворка вышэй. А калі такіх “пралетараў” у краіне больш 50%, то “рэвалюцыйная” ўлада падобнага тыпу праз дэмакратычныя ці квазі-дэмакратычная  механізмы можа доўжыцца многія дзесяцігоддзі. Паколькі дыктатары ня вечныя, то з іхнім сыходам можа ўзьнікнуць і рэвалюцыйная сітуацыя. Тым больш, што зацікаўленай ў рэвалюцыі бывае і частка эліты, адлучаная ад улады, і сярэдняя класа, незадаволеная эканамічным становішчам. А галоўнае, акрамя класічных, “левых” рэвалюцый бываюць і “правыя”, так бы мовіць, ліберальныя ці “аксамітныя”. Яны сапраўды не такія разбуральныя як тая “вялікая Кастрычніцкая”, але ж і абы дзе таксама  не здараюцца. Для іх мусяць быць свае умовы і прычыны, а не проста “вялікія грошы з замежжа”, як тое хочуць даказаць знахары “таемных спрунджын палітыкі”. Грошы могуць спрыяць рэвалюцыі (як тое было ў 1917), але ніяк не быць яе прычынай. Экспарт рэвалюцый, бадай, самы няўдзячны “бізнес”, што й даказаў лёс многіх рэвалюцыянераў.

Што да Украіны, то майданная рэвалюцыя 2013-14 году стала гістарычным фактам, як бы гэта ні хацелася камусьці аспрэчыць. Вынікі яе пакуль не рэалізаваны да канца, але ігнараваць гэты радыкальны пераварот ня змогуць і самыя зацятыя апаненты. Мяне ж цікавіць іншае — беларускія рэвалюцыйныя перспектывы. А яны (на жаль? ці ўсё ж на шчасьце?) зусім не ўкраінскія. Хаця, здавалася б, такі блізкі, бадай брацкі народ, такі падобны лёс, але ж нешта тут ня так…

Вось і “рэвалюцыйны клас” (тыя хто мае менш 300$ месячнага даходу) у нас немалы, і чыноўнікамі нашы “нізы” не вельмі задаволены, і  рознага кшталту свабоды тут менш, чым на поўдзень ад Чарнобыля… Хаця, апошні факт трэба аднесьці хутчэй да ліку антырэвалюцыйных, як і тое, што давер да самага высокага чыноўніка на Беларусі застаецца адносна высокім. Ды й “чыноўнікам”, яго  называць зусім не выпадае. Роля “пажыцьцёвага лідара дзяржавы”, якую ён сабе абраў з маўклівай згоды большасьці тутэйшага насельніцтва, насамрэч бліжэй да статуса манарха, “богаабранай” асобы, чым да выбарнага бюракрата, падкантрольнага нейкаму “народцу”. А ў спалучэньні з левай рыторыкай і папулізмам, які спрытна паразітуе на імперскіх комплексах Крамля, ён ёсьць найлепшай гарантыяй, што рэвалюцыя пры гэтай уладзе не здарыцца. Прынамсі, раней яна адбудзецца ў Маскве ці ў Расеі, дзе прычын для яе больш, а ўжо тады можа быць …  Але і гэта яшчэ не факт. Ну і што з таго, спытаеце вы? А тое, што будаваць рэвалюцыйныя сцэнары ў бліжэйшыя гады для Беларусі не мае сэнсу. Трэба шукаць іншыя альтэрнатывы. Якія? То ўжо асобная, бадай, не рэвалюцыйная гаворка.