Аляксандр Каралевіч пра тое, чаму нам не трэба, каб па-беларуску размаўляла як мага больш людзей.

 

Калі я вучыўся ў старэйшых класах школы і чытаў «Нашу Ніву» – тую яшчэ, без рубрыкі «Каханне і cэкс», – я быў вельмі модным. Бо было шмат металістаў, гапароў, хіп-хопераў, і быць імі было вельмі лёгка.

Пазнаёміўся з мамай сяброўкі, якая мае швейную машынку, папрасіў яе пашыць табе шырачэнныя порткі, расфарбаваў красачы балонам – і ты гатовы ісці на «Рэактар». Схадзіў з дваццаццю баксамі на «Дынама», купіў там сабе чорную тышотку з самотным Куртам або надпісам «Fuck you!» і назаўтра ты прачынаешся а 5-й раніцы пасля начнога сэйшну ў «Рэзервацыі». Усім можна было схадзіць да Фашыста і потым хваліцца моднай фрызурай. А вось гаварыць па-беларуску, чытаць новых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, закочваць вочы і цытаваць Разанава або Сыса – было вельмі ўнікальна і эфектна.

Сёння нехта палічыў, што з беларускай мовай трэба абыходзіцца гэтак жа сама, як і з любой іншай мовай, на якой размаўляе не вельмі шмат людзей. Яны вырашылі тупа зрабіць так, каб на ёй размаўляла як мага больш людзей, мяркуючы, што, развіваючы беларускую гаворку, яны робяць добрае для беларускай мовы. Але гэта самае відавочнае рашэнне, якое не ўлічвае спецыфікі і моцнага патэнцыялу беларускай мовы ды прыраўноўвае яе да большасці моваў у свеце. Я не хачу, каб беларуская мова была падобная на большасць.

Нам не патрэбная беларуская мова. У тым сэнсе, што ў нас, беларусаў, няма ў ёй жыццёвай патрэбы. Мы заўсёды можам адкласці моўнае пытанне на гадоў сто, і з беларускай мовай нічога не зменіцца. Яна проста іншая, гэта трэба зразумець. Нам не трэба размаўляць па-беларуску – мы можам толькі гэтага хацець, як мы можам прагнуць гульні, фану, забавы. Але калі мы ўжываем беларускую мову, то робім гэта з усёй сур’ёзнасцю і самааддачай. Каб не атаясамліваць сябе з рускімі, неяк зрабіць бачнай нашу адрознасць, мы нават прыдумалі сабе сваю гульню-гаворку – трасянку. Вельмі функцыянальную і забаўляльную адначасова. Але гэтае імкненне да асабістай ідэнтычнасці не павялічыла значна долю людзей, якія ў паўсядзённым жыцці пераходзяць на беларускую.

«Беларуская мова – гэта метэарыт з будучыні, з якім мы пакуль не ведаем, што рабіць»

Паводле вынікаў перапісу насельніцтва 2009 года, амаль 8 мільёнаў жыхароў краіны лічаць сябе беларусамі. Доля прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў, акрамя беларусаў і кітайцаў, у параўнанні з апытаннем 1999 года зменшылася. Рускіх паменела на чвэрць. Амаль дзве траціны беларусаў лічаць беларускую мову сваёй роднай, але толькі чвэрць з іх на ёй размаўляе дома. Усе гэтыя лічбы мусяць пераконваць нас, што нічога кепскага з беларускай мовай не адбываецца. Кепскае з ёй можам зрабіць толькі мы самі.

Можа, беларуская мова не створаная для таго, каб на ёй размаўляла шмат людзей? Як быццам у яе ёсць ліміт, мяжа, больш за якую яе немагчыма падзяліць паміж людзьмі. Можа, мы проста спрабуем нацягнуць боты 28-га памеру на здаровага ілба? Яе расцярушванне сярод мільёнаў робіць яе танчэйшай, няўлоўнай.

Беларуская мова – гэта метэарыт з будучыні, з якім мы пакуль не ведаем, што рабіць. Таму мы проста прыкладаем яго да розных месцаў у нашай культуры і глядзім – пасуе ці не. Часцей за ўсё не. Але мы не адважваемся сабе ў гэтым прызнацца.

Калі былы міністр культуры Латушка пачаў публічна размаўляць па-беларуску, я ўспрыняў гэта насцярожана. Я не хацеў бы, каб загады аб забароне канцэртаў беларускіх музыкаў друкаваліся па-беларуску. Я не хацеў бы, каб на адкрыцці новага бізнес-цэнтру на месцы музея Багдановіча прадстаўнікі менскай адміністрацыі заканчвалі сваю прамову словамі «Жыве Мінск!». Я не спужаўся, калі гадоў дзесяць таму дзяржаўны чырвона-зялёны перайменавалі са «сцягу» на «флаг». Бо хай ён лепей будзе «флагам». Так трапней. Калі Стэфан Эрыксан пачаў размаўляць па-беларуску, я быў спакойны, бо разумеў, што для яго гэта гульня, у добрым сэнсе гэтага слова.

Нам не трэба рабіць нешта звышасаблівае з беларускай мовай, нам проста трэба перастаць думаць аб ёй як аб звычайнай мове ў свеце, роўнай сярод роўных. Пакуль не высветлілася, навошта нам такая неспадзяванка з боку вечнасці, мы можам проста выдзеліць адмысловыя сферы жыцця, у якіх будзе ўжывацца толькі беларуская мова. Няхай гэта будуць памінальныя прамовы або пераклады Ніцшэ – усё роўна. Нават калі беларускую мову выключаць са школьнай праграмы, яна тым больш не знікне, бо будзе перадавацца як сакральныя веды з пакалення ў пакаленне. І далучыцца да гэтых ведаў будзе тым больш прывабна, чым больш недасягальнымі яны будуць.

Я хачу, каб мы вучыліся называць па-беларуску не тое, што мы можам назваць на іншых мовах, а тое, чаго ў іншых мовах няма, што толькі зараджаецца ў сусветнай культуры. Вучыць беларускую мову, каб умець казаць «Я ж кахаю цябе, тупая ты похва»? Ці пра гэта хацеў нам сказаць паміж радкоў Багдановіч?

Я не хачу, каб беларуская мова станавілася мовай паўсядзённага ўжытку. І калі прадавачка ў краме «Рублёвский» скажа мне: «Куды ты сваімі бруднымі абцасамі на памытую падлогу!» – я перастану размаўляць па-беларуску. Бо не хачу быць большасцю.