У адрозненне ад іншых старасвецкіх местаў, гарадская прастора Віцебск не мае міфалагемы. Візітоўкі накшталт Арбата ці Вострай Брамы з багатай нематэрыяльнай гісторыяй, якую штодзень культывуюць месцічы, адсутнічаюць у горадзе на Дзвіне. Шмат хто з гараджанаў дагэтуль блытае высакародную ратушу з пажарнай «каланчой».

Гэты аб’ект, які мог бы стацца альфай і амегай гарадской ідэнтычнасці, застаецца банальнай геаграфічнай лакацыяй — вежачкай з гадзіннікам і агляднай пляцоўкай за Br 25 тыс.

Прастору Віцебска фармуюць людзі. Сёй-той імкнуўся ўцячы адсюль пад націскам агрэсіўнай правінцыйнасці, што бачна ў лёсе актораў Другога беларускага дзяржаўнага тэатра. Тыя, хто заставаўся, маглі прыстасоўвацца і рэалізоўваць сябе ў кампраміснай форме, як тое доўга і аддана рабіў слаўны краязнаўца Міхаіл Рыўкін. У іншых варунках героі, што зрабілі выбар на карысць Віцебска, канчалі свой лёс трагічна, як гэта, напрыклад, адбылося з Янкам Гаўрысам — мастаком, вучнем Веры Ермалаевай, рэктарам Віцебскага мастацка-практычнага інстытута.

На зломе эпох правінцыйны статус горада працаваў на карысць носьбітаў перамен. У першай палове 1990-х мастак Алесь Пушкін пасля заканчэння інстытута займеў майстэрню ў помніку архітэктуры ў цэнтры горада, галерэю за крок ад Ратушы і сапраўдную вядомасць. Не ў апошнюю чаргу гэта сталася магчымым дзякуючы самому гораду, яго правінцыйнасці і як вынік большай дыстанцыі ад палітычнага надвор’я ў сталіцы. Хаця, натуральна, без працы, энергіі і любові да справы ніякі горад не дапаможа.

Віцебск гістарычна мае памежны статус. За тысячагадовую гісторыю толькі два стагоддзі каля яго не прабягала мяжа. Увесь астатні час віцьбічы — на франціры, што наклікала на горад бедствы ад захопаў і акупацый. Тэма знішчэння, рамонту, аднаўлення і занядбання замкаў пастаянна падымалася жыхарамі Віцебска ў яго сярэднявечнай і раннемадэрнай гісторыі.

Больш чым праз два стагоддзі пасля свайго канчатковага зруйнавання і пахавання пад культурным слоем, віцебскія замкі выплылі на яву. Гісторыя іх адкрыцця ў статусе археалагічных помнікаў была нагэтулькі ж сенсацыйнай — «захаваліся драўляныя зрубы!», «выяўленыя муры!» — як і трагічнай.

Будзем шчырымі, сваю нематэрыяльную спадчыну Віцебск не шанаваў. У варунках правінцыі нешта захавалася папросту таму, што рукі да яго не дайшлі. Шмат што, наадварот, было знішчана акурат дзякуючы правінцыйнасці, бо мясцовыя ўлады не адчувалі кантролю і не мелі густу. Мяжа тысячагоддзяў надала надзей на аднаўленне храмавай спадчыны, але й прынесла неспакою за страту больш «маладой» аўтэнтыкі. У горадзе працягваюць знікаць альбо рамантавацца пластыкам аскепкі дарэвалюцыйнага горадабудаўніцтва. Усведамлення каштоўнасці архітэктуры 1920—50-х гадоў яшчэ няма.

Віцебск — гэта горад людзей. Там, дзе «маса» знішчала, былі і асобныя героі, якія захоўвалі тое, што маглі захаваць. Магчыма, таму ў горада багатая музейная храналогія. Гэты нумар можа нават стацца дапаможнікам па ёй — тут прадстаўленыя чатыры немалыя тэксты, прысвечаныя музейнай справе ў Віцебску.

Як і іншыя правінцыйныя гарады з прэтэнзіяй, напрыканцы ХХ ст. Віцебск шукаў пацверджанняў сваёй выбітнасці. Прамысловы, транспартны, архітэктурны, дэмаграфічны сюжэты не давалі падставаў для гэтага. Толькі акцэнтаванне Віцебскага рэнесансу пачатку ХХ ст. (звязанага з імёнамі Шагала, Малевіча, Лісіцкага, Бахціна) разам з усведамленнем сучасных традыцый (найперш у галіне мастацтва і літаратуры) Віцебшчыны можа даць права гораду называцца культурнай сталіцай Беларусі.

Укладальнікі гэтага нумара таксама сталі ахвярамі «культурніцкай хваробы». Мы не ўяўляем сябе ў ролі рэдактараў тэкстаў на актуальныя эканамічныя, гаспадарчыя ці палітычныя тэмы. Спадзяёмся, разнастайнасць тэмаў і ўзровень кампетэнцый аўтараў нумара задаволяць спадзяванні яго чытачоў. Аўтарам жа мы выказваем найвялікшую падзяку за працу, спагаду і вытрымку, з якой яны сустракалі ўсе навіны вакол часопіса і лёсу віцебскага нумара «ARCHE».