Ратуша ў Беластоку – помнік архітэктуры барока – была пабудавана ў 1761 г. з фундацыі Яна Клеменса Браніцкага (Jana Klemensa Branickiego) паводле архітэктара Jana Henryka Klemma.

Будынак ніколі не быў месцам, дзе засядаў гарадскі магістрат, а выконваў гандлёвыя функцыі: тут мясціліся крамы, унутраныя памяшканні выкарыстоўваліся як гандлёвыя залы. Паблізу ратушы стаяў драўляны будынак, дзе знаходзіліся гарадскія вагі.

Ратуша складалася з пяці частак: чатырох крамаў і галоўнага корпусу з вежай, у якім  размяшчаўся суд. Будавалася ратуша ў тэхніцы “прускага муру”.

У 1868 г. на вежы ратушы змясцілі гадзіннік.У 1898 г. вежу ратушы прыстасавалі ў якасці пажарнай каланчы:Падчас савецкай акупацыі (Беласток уваходзіў у склад БССР) будынак ратушы быў разабраны, а на яго месцы планавалася паставіць вялізны помнік Сталіну. Але здзейсніцца гэтым планам не ўдалося, бо ў 1941 г. былыя хаўруснікі бальшавікоў – фашысты – напалі на СССР.Пасля смерці Сталіна было вырашана адбудаваць ратушу.

Працы па адбудове былі распачаты ў 1954 г. паводле праекту архітэктаркі Крыстыны Хойнацкай (Krystyny Chojnackiej).Працы былі завершаны ў 1958 г.Гарадская ратуша з’яўляецца другім па каштоўнасці архітэктурным здабыткам Беластока пасля палацу Браніцкіх. Сёння тут месціцца музей. Тэрыторыя каля ратушы з’яўляецца месцам для правядзення фестываляў і канцэртаў.P.S. У пачатку гэтага году распачалася рэстаўрацыя будынка. У выніку ратуша яшчэ больш пахарашэе!