У маім дзяцінстве пра яго казалі менавіта так. Ён быў ужо сталы, масціты, сівы, мудры чалавек. Але добры — як родны дзядуля, што жыў на Палессі. Аднойчы мая мама затрымалася з працы, а калі прыйшла, то са стосам кніжак: стаяла ў кнігарні ў чарзе. Сярод новых кніг, што яна прынесла, была кніжка Маўра “Палескія рабінзоны”.

У нас у двары была даволі вялікая кампанія дзяцей-аднагодкаў. Таму кнігі прачытваліся і перадаваліся з рук у рукі. А потым станавіліся глебай для гульні. Прачытаўшы, мы вырашылі прымераць на сябе гэтую ролю — рабінзонаў, якія любяць вандраваць і пазнаваць. І хто ведае, можа, я і дагэтуль гуляю ў яе — упэўнена, што няма на свеце нічога больш загадкавага, чым мая радзіма…Гэта адкрыў многім дзецям “Чараўнік з краіны маленства”, як сёння называюць Янку Маўра. Яго імя гучыць часта — сёлета 130-годдзе пісьменніка, які фактычна стаў пачынальнікам беларускай дзіцячай літаратуры. Ён аўтар прыгодніцкіх твораў “Чалавек ідзе”, “У краіне райскай птушкі”, “Амок”, “Сын вады”, “Палескія рабінзоны”, “ТВТ”, “Шлях з цемры” і іншых. У нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прадстаўлена выстава “Янка Маўр. Рамантык. Падарожнік. Педагог” з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Рукапісы, машынапісы, асабістыя рэчы, кнігі з дароўнымі надпісамі…

І калі б была магчымасць прадставіць асабістыя рэчы больш поўна, то адной з іх магла б быць скрыпка Янкі Маўра, на якой ён іграў! Цяпер інструмент захоўваецца ў Музеі Якуба Коласа. Гэта не выпадкова. Колас і Маўр былі сябрамі. У трылогіі Коласа “На ростанях” ёсць персанаж-настаўнік, прататыпам якога з’яўляецца Янка Маўр. Пісьменнікі нават парадніліся, і ў іх агульныя ўнукі і праўнукі.

Зяць Янкі Маўра, сын Якуба Коласа Міхась МІЦКЕВІЧ:

— Спадзяюся, выйдзе кніга пра Янку Маўра. Матэрыялы да яе я падрыхтаваў. Гэты чалавек варты асобнай кнігі ўспамінаў. Насамрэч Янка Маўр павінен быў быць па прозвішчы Ільін. Яго бацька салдатам вярнуўся з Крымскай вайны, і калі перапісвалі прозвішчы, то Міхаіла Фёдаравіча запісалі Фёдаравым. Так і застаўся Фёдаравым, як і яго нашчадкі… Янка Маўр быў вельмі цікавым чалавекам. Я лічу, што з твораў, якія павінны вывучацца ў школе, — гэта найперш “ТВТ” і “Шлях з цемры”. Там падаецца неабходнасць моладзі займацца справамі, якія вакол іх адбываюцца. Прывучыць іх да работы. Гэта асабліва важна для гарадскіх дзяцей, якія іншым разам не ўмеюць цвік забіць у сценку. Гэтым творам Янка Маўр апярэдзіў Гайдара гадоў на 7. І вельмі перажываў, што яго кнізе не надавалі такой увагі, як кнізе Гайдара. З твора “Шлях з цемры” вынікае самае важнае для моладзі. У гэтым творы паказана, як у рамесным вучылішчы сабраліся маладыя хлопцы, аднадумцы, як яны стараліся знайсці і кнігу цікавую, і прэйскуранты, як яны рассылалі іх. І галоўнае, што яны абмяркоўвалі ўсе праблемы самі. І гэта вельмі важна — усебаковае абмеркаванне любога жыццёвага пытання. Гэтая думка ў Янкі Маўра праходзіць у кнізе. Ён жа і дзяцей сваіх выхоўваў у плане, каб даць ім магчымасці развівацца як мага больш. Сам жа збіраў бібліятэку. Яго бібліятэка была адна з лепшых у Мінску ў даваенныя часы. Яшчэ прыклад адказнага бацькоўскага выхавання: дачка Маўра збірала маркі. А ён казаў: “Калі ты марку атрымала, то павінна ведаць, дзе гэтая краіна знаходзіцца, хто там жыве, які там клімат, што за прырода”… Па маёй просьбе яго меншая дачка напісала ўспаміны аб сваёй сям’і. Яна многа расказвала цікавага. І асабліва тое, як Янка Маўр настойліва патрабаваў, каб дзеці чыталі. Кніга — адна з найбольш важных крыніц, якія наталяюць нашы веды. Дзякуючы гэтаму чытач адчувае сябе героем ці гераіняю, праходзіць праз гэтую кнігу сам, думае, як бы ён паводзіў сябе ў пэўных абставінах. Янка Маўр лічыў, што дзіця, якое шмат чытае, нават калі не падрыхтуецца да ўрока, то ўсё адно адкажа больш-менш прыстойна за кошт агульнага развіцця. Сям’я ў пісьменніка была вялікая. Старэйшы сын Фёдар быў названы ў гонар дзеда. Разумны быў хлопец. Але перастаў вучыцца. Сабраўся з кампаніяй, праводзіў увесь час у двары. Аднойчы бацька сабраў сумачку, яго рэчы: “Не хочаш вучыцца — ідзі да сваіх сяброў, займайся чым хочаш. А калі адумаешся, прыйдзеш і будзеш вучыцца — я цябе прыму”. Выйшаў Фёдар. Пастаяў, падумаў, куды падзецца. Вярнуўся і сказаў: “Тата, я буду вучыцца”. І вучыўся, скончыў школу выдатна, універсітэт, абараніў кандыдацкую, доктарскую, стаў акадэмікам…

Пісьменнік любіў дзяцей і тонка адчуваў іх псіхалогію. Прывучыў сваіх дзяцей любіць сапраўдную музыку. А на ганарары часта вазіў іх у вандроўкі па розных мясцінах, каб раслі цікаўнымі і развітымі. Але мог сам іх зацікавіць менавіта таму, што быў цікаўны па сваёй прыродзе. Чым жа ён толькі не цікавіўся! Кажуць, нават спірытызмам — хацеў з духамі вядомых людзей кантактаваць. Любіў і жарты, і розыгрышы. Напрыклад, напісаў маленькае апавяданне пра рудога хлопчыка і наўмысна зрабіў 6 памылак. І пайшоў у рэдакцыю. Даваў пачытаць — але ўсе знаходзілі адну-дзве памылкі. А мастак Валянцін Ціхановіч убачыў усе 6 памылак, якія не заўважылі тыя, што працавалі са словам. Гумар праходзіць скрозь усю яго творчасць. А то яшчэ адзін выпадак. Жыў летам Маўр на дачы ў Ждановічах, а яго суседам быў акадэмік-прыродазнаўца. Маўр браў лейку і хадзіў у лес на вачах у суседа. Той, заінтрыгаваны, пытаўся: “Што гэта вы робіце?” — “А хачу, каб грыбы нараслі”. — “Кіньце, такога не будзе”. Маўр толькі пасміхаўся. А сам папрасіў аднаго хлопчыка, каб прынёс грыбоў. Яны іх закапалі ў зямлю. Паказалі. Акадэмік быў уражаны: “Каб не пабачыў, то не паверыў, што грыбы можна вырасціць”. Але потым Маўр ва ўсім прызнаўся, грыбы выкапалі…

Калі Маўр страціў зрок, то зяць Міхась амаль кожны тыдзень прыходзіў да яго, чытаў найбольш цікавыя гумарэскі з “Кракадзіла” і часопіса “За рубежом”. Пісьменнік вельмі цікавіўся ўсім, што адбывалася ў свеце.Юбілей стаў добрай нагодай яшчэ раз звярнуцца да творчасці гэтага чалавека, заснавальніка навукова-прыгодніцкага жанру ў беларускай літаратуры, чый талент да гэтай пары застаецца ўнікальным і непаўторным, а яго імя займае пачэснае месца сярод такіх сусветна вядомых аўтараў, як Жуль Верн, Майн Рыд, Даніэль Дэфо, Фенімор Купер. Усе любяць падарожнічаць, адкрываць для сябе новыя мясціны, а кнігі Янкі Маўра заўсёды экзотыка, гэта падарожжа і прыгоды ў любы час і любы куточак свету. У тым ліку па нашым беларускім Палессі. Таму і з’явілася ідэя зрабіць на партале Нацыянальнай бібліятэкі інтэрнэт-рэсурс, які называецца “Віртуальнае падарожжа з Янкам Маўрам”. Да юбілею пісьменніка Нацыянальнай бібліятэкай было алічбавана больш за 30 першых выданняў твораў Янкі Маўра, таксама яго пераклады Андэрсена, Твэна, Прышвіна і іншых пісьменнікаў на беларускую мову. Дзякуючы сучасным тэхналогіям ёсць магчымасць убачыць і прачытаць поўныя тэксты твораў пісьменніка, якія змешчаны ў электроннай бібліятэцы. Праект віртуальнага падарожжа зроблены на беларускай, рускай і англійскай мовах.

На выставе прадстаўлены і кнігі — выданні розных гадоў. Гэта значыць, што гэтыя кнігі можна браць і чытаць. Чытаюць яго ўважліва нават дарослыя — вывучаюць яго багатую творчасць. Даследчыца творчасці Янкі Маўра Юлія МАСАРЭНКА, напрыклад, адзначыла: “Я лічу, што настаў той час, калі неабходна выдаць поўнасцю творы Янкі Маўра, падрыхтаваць адпаведныя і зробленыя на сучасным узроўні каментары да іх. Тым больш што знаходзяцца яшчэ запісы і творы, якія наогул неапублікаваны альбо апублікаваныя ў перыядычным друку і шырока невядомыя чытачу”.

Але для сучаснай дзятвы сапраўды любыя сродкі добрыя, каб далучыць іх да кніг: творы Маўра вабяць неверагоднымі прыгодамі. І самі яны як цікавае падарожжа.