На «Беларусьфільме» пачалася «масакра» стэрэатыпаў: аўтар скандальнай і забароненай у Беларусі стужкі «Акупацыя. Містэрыі» здымае першы бульба-хорар.

 

 Беларускі рэжысёр Андрэй Кудзіненка вярнуўся дадому з маскоўскіх заробкаў, каб знішчаць стэрэатыпы. Крывавую расправу над штампамі будзе чыніць яго новы фільм «Масакра» (з англійскай — «бойня»).

 

Калісьці ў Кудзіненкі ўжо атрымалася пахіснуць класічны погляд на вайну сярэдзіны хх ст. стужкай «Акупацыя. Містэрыі». За «недастатковы патрыятызм» фільм забаранілі ў Беларусі, а скандальнаму рэжысёру давялося шукаць працы за мяжой.

 

У 2009 годзе нацыянальная кінастудыя раптам сама прапанавала Кудзіненку здымаць. А той узяў ды пагадзіўся. Такім чынам стэрэатып пра несумяшчальнасць дзяржаўнага з вальнадумным быў парушаны. Якія яшчэштампы паляглі пад час здымак першага бульба-хорару «Масакра» распавядае сам рэжысёр, «пані» Зелянкоўская, «святар» Колбышаў, мастак Клінаў ды крытык Расінскі.

 

Штамп №2. 

 

Крута з Галівуду 

 

Гісторыя «Масакры», дзе на вяселле графа-пярэваратня з’язджаюцца госці, якія адзін за адным таямніча гінуць, выглядае класічнай формулай галівудскага фільму жахаў. Калі б да яе не прыклаў руку Кудзіненка. «Не люблю хэпі-энды, — прызнаецца Андрэй. — Такія фільмы не хочацца пераглядаць, бо эмоцыі занадта адназначныя». Выбар рэжысёра — псеўда-хэпі-энд, «які нібыта і не хэпі-энд зусім».

 

У «Масакры» ён спрабуе разбурыць абрыдлую галівудскую схему гульнёй са штампамі ды пародыямі на фільмы жахаў. «Будзе шмат ноў-хаў. Тры смерці, якіх увогуле няма ў гісторыі кіно. Гэта ўвойдзе ў класіку!» — абяцае Кудзіненка.

 

Арыгінальныя хады і рашэнні — вынік «ператраўленых» фільмаў, якія аўтар праглядае ў вялікай колькасці перад кожнымі здымкамі. Калісьці Андрэю падабаліся Паланскі ды Гадар. Цяпер — «незалежныя хлопцы», кшталту Таранціна ды Сэрджа Леонэ. «Сваімі рукамі за невялікія грошы яны робяць эксперыменты на мяжы аматарскага кіно. Не баяцца быць нібыта праставатымі, а насамрэч жывымі», — тлумачыць беларускі рэжысёр сваю прыхільнасць.

 

Штамп №3. 

 

Бульба — гэта не страшна 

 

Так было, пакуль не з’явіўся Кудзіненка. На шляху да неадназначнага кіно рэжысёр адшукаў у роднай беларусам расліне такое!.. «Бульба-хорар — гэта калі бязмежжа пачынаецца. Калі не разумееш, што адбываецца, які гэта жанр. Дзе няма такой цягамоціны, эстэтызму,» — характарызуе ўласнае вынаходніцтва Андрэй.

 

Зрэшты, кананічная формула бульба-хорару яшчэ ў распрацоўцы. Але будзе дакладна смешна і дакладна страшна. «Гэта як мантаж, дзе два розныя планы нараджаюць трэці. Што народзіць сумяшчэнне смешнага і страшнага?

 

Адчуванне жаху, неразумення, прасвятлення, дзіўнасці?» — прыкідвае Кудзіненка.

 

У мэтах эксперыменту аўтар скрыжаваў сентыментальную касцюмную меладраму з бурлескам ды трэшам і дазволіў акцёрам перайграваць. Рэжысёр разлічвае, што такі ход здзівіць і прывабіць гледача. «Будзе шмат адмоўных эмоцый у архаічных людзей, але спадзяюся, што прагрэсіўная моладзь успрыме кіно», — выказваецца Кудзіненка.

 

Штамп №4. 

 

Чалавек — гэта гучыць проста 

 

Дзякуючы «Масакры», некаторыя ўдзельнікі здымачнага працэсу адкрылі сябе з нечаканага боку. Так, адна з вядучых акцёрак Купалаўскага тэатра, кіназорка Святлана Зелянкоўская, змяніла традыцыйную пафасную ролю ў кіно на вобраз экзальтаванай асобы «без даху». «Гэта памешчыца Астроўская, якая разам з мужам прыязджае да графа на вяселле. Яна — жанчына крайнасцяў. Залётніца, якая выпівае і цікавіцца мужчынамі. І ў выніку гіне ад сваіх дрэнных звычак», — прачыняе заслону таямніцы Святлана.

 

Рэжысёр і акцёр Аляксандр Колбышаў, што грае ў «Масакры» святога айца, праявіў нечаканую для самога сябе вытрымку пры блізкім знаёмстве з медзвядзём Сцяпанам. «Па сцэнары ён мусіў наступаць на мяне, а я — спыніць яго позіркам вачэй. У выніку ўсё выйшла з-пад кантролю. Але я ўсё чакаў каманды «Стоп! Знята!». Калі ж пабачыў, што мядзведзь зусім блізка, давялося ўцякаць. Страху, вядома, нацярпеўся. Але потым мы з ім пасябравалі», усміхаецца «святы айцец».

 

Мастак, філосаф і рэдактар часопісу «пАРТызан» Артур Клінаў ўпершыню ствараў саламяныя экспанаты для кінадэкарацый. «За тры месяцы было падрыхтавана 26 аб’ектаў. Працаваў у дзве змены і без выходных.

 

Экстрэмальным момантам стала пабудова царквы, калі за пару дзён пусты хлеў з голымі сценамі пераўтварыўся ва уніяцкую царкву з адпаведным убраннем ды атмасферай».

 

Штамп №5. 

 

На «Беларусьфільме» жывуць партызаны 

 

«У «Масакры» ёсць усё, каб зацягнуць гледачоў у кінатэатры: шляхта, пярэваратні, хорар, XIX стагоддзе, Беларусь, імя аўтара «Акупацыя. Містэрыі», — пералічвае прывабныя складнікі фільму беларускі культуролаг і кінакрытык Андрэй Расінскі.

 

Бульба-хорар — жанр, які арганічна ўпісваецца ў беларускія рэаліі. «Узгадаем хаця б айчынных пісьменнікаў Баршчэўскага ды Караткевіча», — прапаноўвае крытык. Да таго ж беларускія гледачы настолькі згаладаліся па гістарычнай тэматыцы «без партызанаў», што праглынуць «Масакру», не падавіўшыся нават «нясмачным» лэйблам «Беларусьфільму».

 

Аптымістычнае меркаванне спадара Расінскага падзяляе пэўная частка прагрэсіўнага кінаграмадства, якое пачало абмяркоўваць вартасць стужкі задоўга да пачатку яе здымак у верасні 2009 года.

 

Аднак ёсць нямала і тых, хто прадвяшчае «Масакры» незайздросны лёс большасці беларусьфільмаўскіх стужак і ўжо цяпер бядуе па «страчаных грошах» (бюджэт фільму — 5 млрд бел. рублёў).

 

Хто ведае, магчыма, акурат стужка Андрэя Кудзіненкі стане тым кіно, якое дапаможа нацыянальнай кінастудыі пазбавіцца ад негатыўнага брэнду, а беларускім гледачам — ад стэрэатыпаў у дачыненні айчынных рэжысёраў?

 

Кансенсус выратуе кіно? 

 

Такім чынам, на рахунку ў Кудзіненкі ды стужкі «Масакра» нямала знішчаных стэрэатыпаў. Але самы галоўны вынік, які бачна ўжо цяпер, — супраца дзяржаўнай установы і незалежнага рэжысёра.

 

Гэта значыць, што кожны з бакоў разбурыў не адзін уласны штамп дзеля агульнай карысці — адраджэння (ці нараджэння?) беларускага кіно. Рэжысёр заплюшчыў вочы на постсавецкія механізмы працы і малы заробак, а «Беларусьфільм» не стаў умешвацца ў творчы працэс аўтара. Пабачыць, што выйшла з гэткага кансенсусу, мы зможам, на жаль, не раней канца 2010 года. Тым не меней, «масакра» стэрэатыпаў ужо пачалася…

 

Андрэй Кудзіненка — беларускі кінарэжысёр. Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Берасці. У 1998 годзе скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў, навучаўся ў аспірантуры. Атрымаў стыпендыю Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Вучань вядомага беларускага кінарэжысёра Віктара Турава.

 

Вядомасць Кудзіненку прынесла экзістэнцыйная драма з элементамі трылеру «Акупацыя. Містэрыі» (Беларусь, 2004). Стужка лічыцца найважнейшым дасягненнем айчыннага кіно, яе цёпла прымалі на кінафэстах у Ратэрдаме, Маскве, Тайбэі, але фільм выклікаў скандал у Беларусі і дасюль забаронены ў нашай краіне.

 

У Расіі Андрэй Кудзіненка здымаў фільм «Розыгрыш» (2008).

 

Фільм «Масакра»

 

Аўтар сцэнару бульба-хорару — Аляксандр Качан. У аснове сюжэту «Масакры» — раман Праспэра Мэрымэ «Локіс», дзеянне ў якім адбываецца ў сярэдзіне XIX стагоддзя, пасля паўстання Кастуся Каліноўскага. У маёнтак графа Уладзіміра Пазуркевіча прыязджае малады авантурыст Мікалай Казанцаў. Прадставіўшыся навукоўцам, ён сцвярджае, што прыбыў з мэтай вывучэння найбагацейшай бібліятэкі графа. Старанна робячы выгляд, што даследуе калекцыю, Казанцаў тым часам заляцаецца да нявесты гаспадара маёнтка — Ганны. Аднак дзіўныя падзеі ўцягваюць госця ў вір містычнай і жудаснай гісторыі.

 

У фільме зняліся вядомыя беларускія і расійскія акцёры: Аляксандр Колбышаў, Святлана зелянкоўская, Дзмітрый Мілер, Андрэй Назімаў, Марыя Курдзяневіч ды іншыя.

 

pdf.by