Вядомы аўтар “касмічных” карцін Язэп Драздовіч пісаў фантазійныя творы і навуковыя даследаванні, быў выдатным этнографам і хірамантам, выразаў з дрэва, маляваў дываны і здзяйсняў “вандроўкі” ў космас

Сучаснік Драздовіча, мастак Пётр Сергіевіч, аднойчы назваў Язэпа Нарцызавіча “нашым маленькім павятовым Леанарда да Вінчы”. Складана знайсці сярод беларускіх творцаў больш універсальнага чалавека, чым Язэп Драздовіч. Мы ведаем гэтага выхадца з невялікай вёсачкі Пунькі Глыбоцкага раёна як мастака, які захапляўся космасам за некалькі дзесяцігоддзяў да палёту Гагарына, маляваў марсіянскія і сатурніянскія краявіды, і нават не здагадваемся пра іншыя грані гэтай дзіўнай асобы.

Вечны вандроўнік

У белых ільняных штанах і пінжаку, з самаробнай берасцяной шапкай на галаве, у драўляных сандалях і з кіем, які сам сабе выразаў, — хіба так апішуць вам старэйшыя людзі дзядзьку Язэпа, які вандраваў ад вёскі да вёскі, малюючы дываны на сценах сялянскіх хат ды выразаючы розныя рэчы з дрэва. І яшчэ, хіба, дададуць да апісання — “з вар’яцінкай” ці “дзівак”.

Пасля таго як Язэп, самы малодшы з пяці сыноў, пакінуў бацькоўскую хату, у яго амаль ніколі не было ўласнага жытла. “Вечны вандроўнік” — так называюць яго. Захапіўшыся ў студэнцкія гады ў Вільні ідэямі народнікаў, ён і пайшоў у народ. Вывучаў народнае мастацтва і традыцыі, вандраваў па беларускіх гарадах, займаючыся этнаграфіяй і археалогіяй. На сваёй малой радзіме стварыў народную бібліятэку, аматарскі тэатр, школу для дзяцей. Драздовіч ніколі не меў меркантыльных мэт. І зараз многія яго творы захоўваюцца ў вясковых хатах.

— Драздовіч казаў: “Прыйдзе час… Мяне яшчэ пашукаюць”. Так яно і атрымалася. Калі беларускія мастакі пасля смерці Драздовіча вырашылі прайсці яго шляхамі па вёсках Віцебшчыны, многія старэйшыя жыхары так і не захацелі прадаць творы Драздовіча, бо памяталі “дзядзьку Язэпа”, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара па навуковай працы Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, аўтар і складальнік альбома пра Язэпа Драздовіча ў серыі “Славутыя мастакі з Беларусі” Надзея Усава.

Весці ўласную гаспадарку Драздовіч быў проста няздольны. Пасля рэвалюцыі мастаку далі хату і нават карову выдзелілі. Але той працягваў вандраваць. “Я па свеце хаджу і чужыя куты ўкрашаю. Я б і свой кут разукрасіў, ды, на жаль, свайго кута не маю”, — з сумам пісаў ён у адным з вершаў.

— На жаль, не знайшлося жанчыны, якая магла б узяць яго пад сваё крыло, — гаворыць Надзея Міхайлаўна. — Кажуць, мастак быў закаханы ў сваю гімназістку Жэнечку і нават сватаўся да яе. Але маці не дазволіла. Мала таго, што дзяўчына была нашмат маладзейшая за Язэпа, той нават свайго даху над галавой не меў. Якая там жаніцьба? У Ван Гога хоць брат быў, які яго апекаваў. У Язэпа — нікога. Нават сябры паціху адышлі ад яго. Так і памёр на дарозе, кажуць, ад белай гарачкі, і быў пахаваны без труны.

На гадзінку — у космас

“Шызафрэнік”, “дзівак”, “ненармальны” — не раз “прылятала” Драздовічу ад людзей. Вядома, справа была не столькі ў яго вандроўным ладзе жыцця, колькі ў ня-звыклых для таго часу разважаннях, думках і ідэях мастака, які страшэнна захапляўся тэмай космасу.

Ён захапіўся ім у 30-я гады ХХ стагоддзя. Тры гады самастойна вывучаў астраномію і касмаганічныя тэорыі ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта.

— Навука пра космас яшчэ была мала развіта, — расказвае культуролаг, навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Вольга Архіпава. — У 30-я гады лічылася, што ўсе планеты прыдатныя да жыцця. Толькі ў 60-х гадах з’явілася першая больш-менш дакладная інфармацыя пра космас. Аднак і ў той час былі ўжо некаторыя фотаздымкі. Драздовіч вывучаў іх, рабіў замалёўкі, нататкі і час ад часу… паглыбляўся ў самнамбулічныя сны, у якіх бачыў усё тое, што адбываецца на Месяцы, Венеры, Марсе і Сатурне. У сваіх дзённіках ён так і піша: ішоў з адной вёскі ў другую, у лесе заначаваў і здзейсніў невялікую вандровачку ў горад Трывеж.

Драздовіч называў свае вандроўкі “астральнымі падарожжамі-палётамі”. Яму бачыліся таямнічыя гарады, іншапланецяне, дзіўныя расліны і жывёлы. Пасля сну Драздовіч рабіў падрабязнае апісанне ўбачанага, ілюстраваў малюнкамі, картамі і шчыра верыў, што ўсё ўбачанае ёсць праўдзівая рэчаіснасць. “Магчыма, што некаторыя… чытачы знойдуць, што ўсё тое, што я тут апісваю… ёсць не што іншае, як толькі мары, палёты і фантазіі… Прыйдзе час, калі паездка на Месяц стане не толькі магчымай, як і цяпер узлёт машынаю на завоблачча”, — пісаў Драздовіч у сваіх дзённіках, прадказваючы будучыню.

Цікава, што ў космас Драздовіч пераносіць многія беларускія рэаліі.

— Ёсць у яго, да прыкладу, твор “Сустрэча вясны на Сатурне” — па аналогіі з нашым “Гуканнем вясны”, — расказвае Вольга Архіпава. — Можна знайсці на яго фантастычных картах і старадаўнія абаронныя вежы, і хрысціянскія храмы, як у Беларусі. Дарэчы, трэба сказаць, Язэп Нарцызавіч быў вельмі дасканалы даследчык. На карце ён пазначаў усе даліны, рэкі, пагоркі…

Культурнік Язэп

Так рэалістычна да Драздовіча космас не адлюстроўваў ніхто.

— Гэтая тэма беспрэцэдэнтная для беларускага мастацтва, — гаворыць Надзея Усава. — Вандроўнік і аўтсайдар, ён апынуўся ў авангардзе самых смелых еўрапейскіх касмаганічных тэорый і пошукаў. Драздовіч арыгінальны і да сённяшняга часу. Ну хто сёння малюе карціны пра космас? Пішуць нацюрморты, пейзажы, тое, што можа прадацца. У беларускім мастацтве больш няма касмічнага фэнтэзі. Яго глядзяць з цікавасцю. Літоўцы, калі ўбачылі Драздовіча, наогул былі ў шоку. Думалі, што іх Чурлёніс такі адзін. Аказалася, не. Глядзяць з захапленнем і… невялікай зайздрасцю.

Драздовіч яшчэ не адкрыты. Колькі яго недаследаваных твораў знаходзіцца ў Вільні! Яны б маглі стаць асновай для кінастужак, раманаў, камп’ютарных гульняў. Прачытай мы ўсе літаратурныя творы Драздовіча, магчыма, нават выявілася б, што ў нас даўно існуе свой Толкіен.

— Язэп Драздовіч — асоба для бясконцага вывучэння, — лічыць Вольга Архіпава. — Спачатку цікавілі толькі яго нацыянальныя ідэі. Пасля да Драздовіча звярнуліся па дапамогу рэстаўратары. Дасканалыя замалёўкі мастака, якія ён рабіў падчас вандровак па беларускіх мясцінах, вельмі дапамагаюць у аднаўленні вобліку касцёлаў, цэркваў і гэтак далей. Сёння Драздовіча вывучаюць ужо на філфаку, даследуючы яго ўнікальную мову, дзе гарманічна спалучаюцца лацінскія, польскія і беларускія словы.

Цікавасць да нашага да Вінчы можа быць і ў фалькларыстаў — у Драздовіча ёсць цэлыя альбомы з запісанымі легендамі і паданнямі.