Лістападаўскія ўспаміны пра Яўгенію Янішчыц

Сонца зачапілася за стрэхі,
Акрапіла мёдам верасы…
«Я люблю-ю!» — панесла
ўдалеч рэха.
«Я люблю-ю!» — азваліся лясы.

«Я люблю-ю!» — пацвердзілі дубровы,
Светлыя, як лебедзя крыло.
І для песні падказала словы
Роднае палескае сяло.

У грудзях прачнулася натхненне.
І дыханне заняло.
«Люблю-ю!»
І душа, як чуйнае карэнне,
Зноў адчула родную зямлю…

Яўгенія Янішчыц

Пяшчотным сэрцам яна выпускала словы, яны разляталіся, напаўнялі прастору, як птушыныя спевы: пяшчотай і гармоніяй. Нібыта на крылах ляцела насустрач жыццю, захапляючыся ўсім, што яно падносіла як дарункі: каханнем і поспехам. Толькі крылы давалі магчымасць хоць колькі пратрымацца, калі пасыпаліся ўдары лёсу — жаночыя і чалавечыя. Але бывае цяжар, які мацнейшы за сілу крылаў, і, калі думаеш, што ў нейкі момант хочацца проста адарвацца ад таго месца, ад той кропкі, дзе няма руху, і ўзляцець у паднябессе, гэты цяжар цягне ўніз. І крылатая душа рвецца на волю. Ляціць…

Паэтка Яўгенія Янішчыц — чалавек палёту. Яе талент нёс яе нібыта на крылах: маладая паэтка адразу на сябе звярнула ўвагу сваёй пранікнёнай лірыкай, пачала друкавацца. Адзін за адным падыходзілі зборнікі вершаў: «Снежныя грамніцы» (1970), «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987). За кнігу «Пара любові і жалю» яна атрымала Дзяржаўную прэміі БССР імя Янкі Купалы. А ў 1988 годзе выйшаў зборнік выбраных твораў «У шуме жытняга святла».

Пра зборнікі паэткі ўзгадвалі ў гэтыя дні: 20 лістапада адзначалася 65-годдзе Яўгеніі Янішчыц. Але без яе: у лістападзе 1988 года жанчына-птушка загінула…

Яе называлі «непрыручанай птушкай» Палесся, «палескай ластаўкай» — таму што карані таленту яе ішлі ад роднай зямлі, ад тых мясцін, дзе яна адчула хараство роднага слова, якое імкнулася ўсяляк падкрэсліць у сваіх творах. Па словах Васіля Быкава, «Жэня была самая таленавітая з усіх самых таленавітых паэтэс Беларусі, самая цнатлівая і дасканалая».

Успаміны пра яе і яе словы былі галоўнымі на вечарыне памяці паэткі, якую наладзілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

«Пачынаецца ўсё з любові…» — гэтыя словы Яўгеніі Янішчыц можна лічыць лейтматывам усяго яе жыцця, гэткім жа сэнсам была напоўнена яе творчасць. Таму яны і былі абраны як назва для выставы, дзе сярод зборнікаў паэзіі, якія былі выдадзены пры жыцці аўтаркі, можна пабачыць сучасныя публікацыі пра яе, перавыданні твораў, а таксама пераклады Яўгеніі Янішчыц на беларускую мову рускіх, украінскіх аўтараў, яе літаратурна-крытычныя артыкулы. І калі думаць пра ўнёсак чалавека ў жыццё, то наўрад ці яго варта вымяраць колькасцю пражытых гадоў. Можна — яскравасцю таленту. Адметнасцю думак. Вастрынёй пачуццяў, у якіх яна растваралася і якімі сілкавалася — як жанчына, як маці. І як паэт.

Яна вельмі чула рэагавала на свет. Шукала ў ім крыштальную чысціню. І шчыра спадзявалася, што, захоўваючы ўласную чысціню, рана ці позна можна заслужыць спагаду лёсу. Але ён з гэтым ніяк не спяшаўся, падкідваючы розныя выпрабаванні ў выглядзе хвароб — сваіх і блізкіх людзей, у выглядзе праблем, якія, можа, і вырашаліся б пакрысе… І птушкі, бывае, выбіваюцца з сіл, якіх ужо не хапае, каб узляцець і адчуць палёгку…

Вершы Яўгеніі Янішчыц напоўнены жыццём і ўсімі тымі клопатамі і пачуццямі, якое яно дорыць. Яны напоўнены і тым болем, з якім сутыкаецца чалавек, і той надзеяй, якую знаходзіць у сабе самім, каб існаваць далей. Але ў таленавітых людзей ёсць прывілея — існаваць заўжды, нават тады, калі гэта немагчыма. Янішчыц існуе ў вершах. Пачытаем?

* * *

Глыбы думак. Праху глыбы —
За сівою даўніной
Паміж Сцылай і Харыбдай,
Паміж сценкай і сцяной.
Адзіноты век? Гукання?
Не пачуўшы голас мой,
Ты прышлеш мне прывітанне
Паміж сонцам і зямлёй.
Беспрытул? Ды, дзякуй Богу,
Не згасае успамін.
Дай мне ласкі на дарогу,
Дзікі ландыш і палын.
Будзе светла мне і горка
За лагчынай, за гарой
Паміж ранішняю зоркай
І вячорнаю зарой.

…І прасвечваюць нашыя сэрцы

Як адбіткі вякоў, як набыткі,
Што не ў сілах здалець і смуга, —
Легендарныя коні і світкі,
Вышываная — кроўю — сцяга…
Нашы плечы ў баях не паслаблі,
Хоць крышыў іх нягоды віхор.
Чаратамі — сталёвыя шаблі
Над прадоннем былінных азёр.
Наша моц гартавалася ў буры,
На гарачых кастрах пачуцця.
…Неабутыя славы катурны
Пры высокім дыханні жыцця.
Песня й праўда — бясцэнныя зліткі
(Чужакам хай пасвецяць рублі).
Легендарныя коні і світкі —
Ўсё разбуджана гулам зямлі!
На паверцы стаім, па праверцы,
Растапляючы камень і лёд.
І прасвечваюць нашыя сэрцы
Каліноўскі. Купала. Народ.