Яго называюць правакатарам, які дапамог МДБ у 1947-м разграміць канспірацыйны Саюз Беларускіх Патрыётаў у Паставах і Глыбокім.

Летась у Мінску памёр пісьменнік Алесь Бажко, які, як лічыцца, дапамог органам савецкай дзяржбяспекі разграміць падземную арганізацыю “Саюз Вызвалення Беларусі” з цэнтрам у Наваградку. Пражыў 94 гады, пра тое заданне 1947 года ніколі не расказваў. Маючы абарону ўлады, якая лічыла і лічыць яго сваім героем, нічога не баяўся. Толькі аднойчы ўцякаў ад былога сябра СВБ, які хацеў з ім “паквітацца”…

Стахоўскі, як і Бажко, быў заходнікам. Ён дапамагаў савецкай дзяржбяспецы выкрыць беларускае маладзёжнае падполле ў іншым рэгіёне Беларусі — на Пастаўшчыне і Глыбоччыне. Успамінаў пра гэты “гераічны” ўчынак не пакінуў, але ў адпаведных архівах яго справаздачы захоўваюцца.Алег Стахоўскі быў сынам праваслаўнага святара Аляксандра Стахоўскага. Ён нарадзіўся ў 1922 годзе, вучыўся ў польскай гімназіі, пасля ў савецкай школе ў Дзісне, якую скончыць не паспеў — пачалася вайна. Пра жыццё Стахоўскага падчас нямецкай акупацыі мы ведаем найперш з яго аповеду, аформленага ў вялікую газетную публікацыю ў 1967 годзе (Лукашенко В. Лицом к лицу с врагом // Гродненская правда, 1967, 21 траўня, № 99; 27 траўня, № 103; 2 чэрвеня, № 107). Версія прыгожая, паказвае сумленнага чалавека, які ўсімі сіламі хацеў дапамагчы органам савецкай дзяржбяспекі і савецкай радзіме.

Паводле сведчання Алега Стахоўскага, яшчэ да вайны “лёс звёў яго з чэкістамі” (Гродненская правда, 1967, 21 траўня). Найхутчэй ён быў завербаваны як інфарматар і мусіў сачыць за сваімі сябрамі і знаёмымі. Тады ж стаў інфарматарам і зямляк Стахоўскага Міхась Зуй, які пасля сцвярджаў, што нічога кепскага нікому не зрабіў (Ёрш С. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. — Менск — Слонім: БГАКЦ, 1998. С. 72). Калі пачалася вайна, чэкісты, нібыта, загадалі Алегу Стахоўскаму заставацца на акупаванай тэрыторыі і намагацца ўкараніцца ў акупацыйныя ворганы, у “фашысцкую шпіёнскую школу”. Лічылі, што бацька-святар у гэтай справе толькі на карысць — будзе больш даверу. Праінструктавалі, далі пароль, распавялі, што рабіць, калі яго скінуць з дэсантам у савецкі тыл (Гродненская правда, 1967, 21 траўня). Вельмі слаба верыцца, каб чэкісты ў паніцы першых дзён вайны давалі такое складанае заданне 19-гадоваму хлопцу. Найхутчэй яго проста пакінулі, як удзельніка агентурнай сеткі, і загадалі чакаць сувязных. Усё астатняе Стахоўскі проста прыдумаў, каб “упрыгожыць” сваю гісторыю.

У 1941-1944 гадах ён працаваў касірам у Мікалаеўскай вясковай управе, сакратаром санітарнага аддзела раённай управы ў Дзісне, загадчыкам сталоўкі Беларускай Народнай Самапомачы ў Глыбокім. Стахоўскі называў “вялікай удачай” тое, што яму ўдалося пазнаёміцца і “зблізіцца” з многімі мясцовымі беларускімі нацыяналістамі — меркаваў, што гэта дапаможа ў выкананні “задання”. У пачатку лета 1944-га ён патрапіў у афіцэрскую школу Беларускай Краёвай Абароны ў Менску, разам з ёй адступіў з Беларусі. Алег Стахоўскі не згадвае, што да яго за гады нямецкай акупацыі прыходзілі сувязныя ад спецгрупаў дзяржбяспекі, не дапамагаў ён і савецкім партызанам. Хлопец проста стараўся выжыць. А яшчэ ёсць згадка пра тое, што Стахоўскі служыў у СД. Яе ў сваёй кнізе пра СБМ прыводзіць Ціна Клыкоўская са спасылкай на ўдзельніка маладзёжнага падполля Льва Бялевіча (Клыкоўская Ц. Саюз Беларускай Моладзі — вяртаньне з забыцьця. — Беласток: Беларускае Гістарычнае Таварыства, 2004).

У Кёнігсбергу нейкі беларускі нацыяналіст завербаваў Алега Стахоўскага ў школу нямецкай вайсковай разведкі ў Дальвіцы. Падраздзяленне, якое складалася амаль выключна з беларусаў, вядомае як “Спецыяльны беларускі батальён “Дальвіц”. Там апынулася нямала знаёмых і землякоў Стахоўскага. Паводле нямецкіх планаў, яны праходзілі спецыяльную падрыхтоўку, каб пасля дэсантавання ў савецкім тыле арганізоўваць дыверсіі на камунікацыях, здзяйсняць тэракты, праводзіць антысавецкую прапаганду. Беларускае кіраўніцтва спадзявалася падрыхтаваць кіраўнічыя кадры для беларускага партызанскага руху, які планавалася разгарнуць у БССР.

Стахоўскі зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку — ён стаў намеснікам камандзіра Паўночнай групы “Дальвіца”, а ў канцы 1944-га атрымаў рангу лейтэнанта. Адпаведны загад 13 студзеня 1945 года падпісаў начальнік Галоўнага Кіраўніцтва Вайсковых Спраў БЦР Кастусь Езавітаў:

“…Ранга лейтэнанта [надаецца]:

…7. Дружыноваму С Т А Х О Ў С К А М У  Алегу, народж. 1922 г., абсальвэнту камандзірскага курсу Спэцыяльнага Беларускага Батальёну “Дальвіц”, са старшынством ад 10-га студзеня 1945 г.” (НАРБ, ф. 383, в. 1, спр. 3, арк. 30).

У склад дэсантаў, якія паляцелі ў 1944-м у Беларусь, Стахоўскі не патрапіў. У пачатку 1945 года нямецкае камандаванне вырашыла выкарыстаць байцоў “Дальвіца” для правядзення дыверсій на тэрыторыі Польшчы. Беларускае кіраўніцтва супрацівілася, паколькі па-ранейшаму хацела перакінуць падраздзяленне ў Беларусь. У выніку, батальён быў раззброены немцамі. Аднак невялікая група камандасаў (больш за 10 чалавек) пагадзілася на прапанову нямецкай франтавой разведкі. У складзе групы быў і лейтэнант Алег Стахоўскі. Яго і яшчэ дваіх чалавек скінулі з мэтай падрыву моста каля горада Казімеж.

Паводле версіі Алега Стахоўскага, ён адразу ж пасля прызямлення здаўся савецкім вайскоўцам і здаў сваіх падначаленых. У контрразведцы 1-га Беларускага фронту ён распавёў пра заданне сваёй і іншых груп, даў арыентыроўкі на дэсантнікаў, распавёў усё, што ведаў пра нямецкую школу разведкі, пра курсантаў. Савецкія контрразведчыкі прапанавалі/загадалі Стахоўскаму вярнуцца праз лінію фронту, каб здабыць новыя дадзеныя пра дыверсантаў, закінутых у савецкі тыл, ды захапіць жывым немца-камандзіра аддзялення разведкі. “Смерш” імітаваў дыверсіі на вайсковых аб’ектах, якія мусіла выканаць група Стахоўскага — усё, акрамя падрыву моста. Фронт ён перайшоў у горадзе Ольдэнбург, сказаў, што астатнія дэсантнікі загінулі. Пасля праверкі немцы ўзнагародзілі Алега Стахоўскага “ад імя рэйхсфюрэра… жалезным крыжам II ступені” (Гродненская правда, 1967, 2 чэрвеня).

Стахоўскі заставаўся ў падраздзяленні нямецкай вайсковай разведкі амаль да капітуляцыі Нямеччыны. Яго і іншых дыверсантаў немцы пераапранулі і з фальшывымі дакументамі адправілі ў лагер савецкіх ваеннапалонных, сказалі, што “прыдзе час — мы цябе адшукаем”. Стахоўскі, які ўдзельнічаў у паленні архіваў, захаваў частку картатэкі на агентаў, якую і перадаў савецкай контрразведцы. 10 дзён даваў справаздачу, дапамагаў “Смершу” шукаць у канцлагеры шпіёнаў. Такая вось гісторыя пра “подзвіг разведчыка”.

Паводле публікацыі В. Лукашэнкі, “на гэтым закончылася незвычайная частка жыцця Алега Аляксандравіча” і ён “вярнуўся да мірнай працы”. Але гэта зусім не так. У першыя пасляваенныя гады Алег Стахоўскі выкарыстоўвася МДБ БССР як «агент-розыскник». Ён ведаў у твар многіх салдат і афіцэраў «Дальвіца», а яны пасля капітуляцыі Нямеччыны разышліся па ўсёй Еўропе, нямала іх вярнулася ў Беларусь. Такія, як Стахоўскі, нярэдка «працавалі» на вакзалах, у іншых ажыўленых месцах. У той час «агентом-розыскником» у МДБ БССР быў журналіст Алесь Матусевіч, які ў 1943 годзе ўдзельнічаў у гучным забойстве лідара беларускіх нацыянал-сацыялістаў Фабіяна Акінчыца (Будрэвіч А. Савецкі рэзыдэнт Карпаў рыхтаваў ліквідацыю кіраўніцтва БНС. Гісторыя трох агентаў “Івановых” // Беларускі Рэзыстанс, 2012, № 2(13). С. 15).

Найбольш масавае затрыманне на тэрыторыі БССР былых навучэнцаў Дальвіцкай разведвальна-дыверсійнай школы адбылося восенню 1945 года. “Смерш” выявіў былых камандасаў у 143-м гвардзейскім стралковым палку 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Арышты працягваліся да кастрычніка, пад варту былі ўзятыя 22 чалавекі. Большасць з іх служылі чырвонаармейцамі ў згаданым 143-м палку. У сакавіку 1946-га Ваенны трыбунал Баранавіцкай вайсковай акругі ў Бабруйску асудзіў усіх затрыманых на розныя тэрміны зняволення (Надтачаев В. Военная контрразведка Беларуси: судьбы, трагедии, победы… — Минск: Кавалер, 2008. С. 206). Ці паўдзельнічаў у гэтай справе Стахоўскі ці нехта іншы з перавербаваных беларускіх дыверсантаў, невядома.Алегам Стахоўскім былі напісаныя шматлікія сведчанні/даносы пра ўсіх былых знаёмых, з кім ён сутыкаўся на жыццёвым шляху. Гэтыя паперы захаваліся ў архіўных справах. Напрыклад, у агентурна-вышуковай справе лейтэнанта Міколы Рулінскага ў Асобым архіве Літвы (ф. К-1, в. 45, спр. 236). “Стомлены” ад напісання стандартных папер, Стахоўскі скажае прозвішча Рулінскага, падае няправільную дату нараджэння, піша, што аддзел Барыса Рагулі быў «карным атрадам» (Фотакопіі сведчання Стахоўскага прадастаўлены аўтару рэжысёрам-дакументалістам Антонам Цялежнікавым).

У 1946 годзе Алег Стахоўскі атрымлівае ад МДБ БССР заданне па распрацоўцы беларускага маладзёжнага падполля ў Паставах. Пры гэтым ён мусіў уступіць у кантакт з патаемнікамі пад сваім прозвішчам. Гэтая “гульня ў адкрытую” апраўданая хіба толькі ў тым выпадку, калі МДБ спадзяваўся праз моладзь выйсці на падполле “дарослае”, магчыма, нават пакінутае нямецкімі спецслужбамі. І тады “нямецкі дыверсант” Стахоўскі меў бы добрыя шанцы, каб здабыць давер у антысаветчыкаў. Але за моладзю не было старэйшых, і Стахоўскі гэта хутка высветліў.

Забягаючы наперад, адзначым, што паводле прысуду ўдзельнікам канспірацыйнай арганізацыі “Саюз Беларускіх Патрыётаў” ад чэрвеня 1947 года, сябра СБП Алег Табола меў заданне ад кіраўніцтва звязацца “з беларускім нацыяналістам ЗУЙ Міхаілам, які знаходзіўся на нелегальным становішчы”. Табола “некалькі разоў праз сваякоў спрабаваў устанавіць сувязь”, але няўдала, “з прычын, якія ад яго не залежалі” (ПРИГОВОР именем Союза Советских Социалистических Республик. 16-20 июня 1947 года, город Минск, арк. 14. Копія — ў архіве аўтара).

Аднак сам Табола ў сваіх успамінах абвяргае гэта. Ён сведчыць, што на вочнай стаўцы завучаныя словы пра Зуя сказаў кіраўнік арганізацыі Васіль Мядзелец: “Яму было даручана зьвязацца з Зуем. Зуй за немцамі быў начальнікам Шаркаўскага раёна. Ён адступіў разам зь імі. Яго маглі закінуць у Беларусь і празь яго СБП павінен быў наладзіць сувязь з замежжам”. Я аслупянеў, чуючы такое ад Мядзельца. Пройдзе час, працягнуцца допыты, катаваньні, і я пацьверджу словы Мядзельца. Пасьведчу тое, чаго ніколі не рабіў…” (Табола А. Мой жыцьцяпіс // Verytas (Мінск), 2004, № 1 (2). С. 12).

Пра ўдзел Міхася Зуя ў антысавецкай партызанцы на Віцебшчыне звестак няма, у 1945-1948 гадах ён знаходзіўся ў Польшчы. МДБ, відавочна, прыдумала яго знаходжанне на нелегальным становішчы ў БССР, каб абвінаваціць моладзь у сувязях з заходнімі спецслужбамі. Адзначым, што Стахоўскі і Зуй служылі ў “Дальвіцы”, былі знаёмыя.

У кнізе “Гарт” прыведзена нямала сведчанняў былых падпольнікаў пра іх сустрэчы з Алегам Стахоўскім. На падполле ён выйшаў праз пастаўскага сябра СБП Валянціна Лагунёнка, якога ведаў з даваенных часоў. На сустрэчы Стахоўскі прыходзіў у форме афіцэра МДБ (лейтэнанта ці старшага лейтэнанта). Наўрад ці ён сапраўды атрымаў такую рангу ў дзяржбяспецы, найхутчэй гэта быў “камуфляж”.

Вось што успамінаў адзін з лідараў СБП Васіль Мядзелец:

«Калі скончылася вайна, [Стахоўскі] неспадзявана  апынуўся… ў органах МГБ. Ён сам нібыта так тлумачыў свайму маладзейшаму сябру і земляку, што па спэцыяльным заданьні закаранёны ў савецкай службе бясьпекі, што сам ён функцыянэр тайнай беларускай антыбальшавіцкай арганізацыі» (Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў (Глыбокае, Паставы. 1945-1947 г.). — Менск: Наша ніва, 1997. С. 40).

Стахоўскі казаў моладзі, што яна не рашучая, а трэба дзейнічаць! «Беларусь у такім становішчы, трэба падымацца, сілы зьбіраць, узбройвацца, — пераказвае словы Стахоўскага Мядзелец. — Ісьці ў народ, падымаць людзей на барацьбу. Дзейнічаць, наладжваць тэракты. Каб розгалас ішоў, каб людзі чулі і прабуджаліся ад сваёй сьпячкі» (Гарт…, С. 41).

Стахоўскі не толькі раіў шукаць зброю, але і абяцаў ёй дапамагчы. Ён прапаноўваў, каб СБП правёў з “арганізацыяй” Стахоўскага сумесны з’езд. Аднак многія падпольнікі, з кім кантактаваў “функцыянер”, насцярожана адносіліся да яго прапановаў, не давяралі яму, казалі, што ім не патрэбная зброя, у іх іншыя метады дзейнасці («мы не тэрарысты»).

А МДБ, відавочна, не задавальняла “дзіцячая арганізацыя”, ім хацелася адрапартаваць пра раскрыццё сапраўднага антысавецкага падполля. Адсюль і правакаванне на тэракты, чым беспаспяхова займаўся Стахоўскі. У лютым 1947-га ў Паставах і Глыбокім прайшлі арышты, за краты трапілі, прайшлі праз катаванні і былі асуджаныя дзясяткі хлопцаў і дзяўчат. Алег Стахоўскі чакаў узнагароды…

Што ж было з Стахоўскім пасля разгрому маладзёжнага падполля? Інфармацыі пра гэта няма, доўгі час яго ніхто не бачыў. Магчыма, разгадка адшукалася ў базе рэпрэсаваных «Беларускага мемарыялу». Там ёсць звесткі пра Алега Аляксандравіча Стахоўскага, 1922 года нараджэння (супадзенне на 100%). Пазначана, што ён беларус, ураджэнец в. Ігуменава Шаркаўшчынскага раёна, меў сярэднюю адукацыю, на момант арышту жыў у Глыбокім, працаваў загадчыкам крамы. Арыштаваны 30 сакавіка 1945 г., але асуджаны толькі 29 лістапада 1947-га, як «памагаты нямецкіх акупантаў», на 10 гадоў «папраўча-працоўных лагероў». Рэабілітаваны Ваенным трыбуналам Беларускай вайсковай акругі 27 лістапада 1964 года (Жертвы политического террора в СССР).

Рэдка, але такія супадзенні бываюць. І ўсё ж нам падаецца, што гаворка тут вядзецца якраз пра таго Алега Стахоўскага, які дапамагаў МДБ ліквідаваць Саюз Беларускіх Патрыётаў. Дата яго арышту 30 сакавіка 1945 г. — гэта затрыманне пасля дэсанту ў Польшчы. Пасля арыштаў у Паставах у лютым 1947-га Стахоўскі мог перабрацца ў Глыбокае найперш для бяспекі. Там уладкавалі яго загадчыкам крамы. А ўжо летам ці восенню прыйшлі і за ім. Як кажуць, «маўр зрабіў сваю справу», патрэбы ў яго паслугах больш не было. Алег Стахоўскі на той час перадаў МДБ усю інфармацыю па «Дальвіцу», якой валодаў. А паколькі ён «засвяціўся» падчас распрацоўкі і ліквідацыі маладзёжнага падполля, далейшае яго выкарыстанне ў ранейшай якасці палічылі немэтазгодным. У такіх выпадках агента маглі перакінуць у іншы рэгіён, але са Стахоўскім зрабілі інакш — арыштавалі. Зрэшты, гэта мог быць і працяг «гульні», новае заданне. Але гэта толькі здагадкі.

Алег Стахоўскі стаў «зоркай», «героем-разведчыкам» у чэрвені 1967-га (амаль праз тры гады пасля магчымай рэабілітацыі), калі нарыс пра яго ў трох нумарах змясціла «Гродзенская праўда» (Лукашенко В. Лицом к лицу с врагом // Гродненская правда, 1967, 21 траўня, № 99; 27 траўня, № 103; 2 чэрвеня, № 107). Без санкцыі адпаведных органаў такія публікацыі з’явіцца ў той час не маглі. Значыць, заслугі Стахоўскага перад МДБ былі афіцыйна прызнаныя і лічылася, што ён «выкупіў» перад савецкай радзімай усе “зігзагі” сваёй ваеннай біяграфіі.

У згаданым нарысе паведамлялася, што на 1967 год Алег Стахоўскі жыў у вёсцы Бакшты Іўеўскага раёна, «загадвае невялікай крамай, гадуе дваіх дачок» (Гродненская правда, 1967, 2 чэрвеня). Вось так смела яго зноў “засвяцілі”, магчыма, невыпадкова, з разлікам на нешта.

А вось што ўспамінаў удзельнік СБП Антон Фурс:

«Алег Стахоўскі, прадаўшы нас, адышоў у цень. А празь нейкі час яго нібыта бачылі на Гарадзеншчыне ў сане сьвятара. Цікава, як прымаў Бог малітвы гэтага Юды?» (Гарт…, С. 78).

Звестак пра тое, што Стахоўскі сапраўды перакваліфікаваўся ў праваслаўнага святара, выявіць пакуль не ўдалося. Толькі ў шчырасць яго гэтага ўчынку верыцца слаба. Вельмі ж падобна на чарговае адказнае заданне…