Рэпартаж Юрася Карманава з Кіева б’е рэкорды наведвальнасці на Yahoo. Матэрыял «Рэпарцёр Associated Press – сведка крывавай бойні ва ўкраінскай сталіцы» выйшаў увечары 20 лютага. Падаем яго тэкст у перакладзе цалкам.

Кіеў, Украіна (AP). Я пачуў дзіўны звон сёння раніцай у сваім нумары ў гатэлі з відам на галоўную плошчу сталіцы Украіны. Я асцярожна адчыніў дзверы балкона і паглядзеў уніз. Куля ад снайперскай вінтоўкі была на падлозе балкона. Відавочна, рыкашэтам адскочыла ад парэнчаў.

Неўзабаве пасля гэтага некалькі пратэстоўцаў з Майдана пастукалі ў мае дзверы. Яны хацелі праверыць, ці не хаваюцца якія-небудзь снайперы ў маім пакоі. Дырэктар гатэлю суправаджаў іх, каб даказаць, што такія рэчы ў яго ўстанове немагчымыя.

Чацвер стаў самым крывавым днём у постсавецкай гісторыі Украіны: паводле медыкаў, прынамсі 70 пратэстоўцаў былі забітыя і сотні параненыя снайперамі на плошчы Незалежнасці ў Кіеве і прылеглых вуліцах. МУС паведамляе, што тры міліцыянты былі забітыя ў чацвер і 28 атрымалі раненні.

Заўвага рэдактара: Юрась Kaрманаў асвятляе падзеі ва Украіне, Беларусі, Расіі і іншых былых савецкіх краінах для Associated Press з 2000 года. Ён быў адным з першых журналістаў, якія сталі сведкамі крывавай бойні ў Кіеве у чацвер і апісвае жахлівыя сцэны. 

Тры месяцы пратэстаў супраць прэзідэнта Віктара Януковіча ператварыліся ў крывавую бойню на Майдане.

Калі я выйшаў на Майдан у шлеме і бронекамізэльцы, то ўбачыў целы, што ляжалі на ходніку. Дзесяць у адным месцы, яшчэ шэсць – у некалькіх хвілінах хады, яшчэ пяць – далей. Дэманстранты былі забітыя дакладнымі стрэламі ў галовы і шыі – па ўсіх прыкметах, снайперамі.

Людзі сабраліся вакол мёртвых, многія з іх плакалі. Некаторыя пакрылі целы ўкраінскімі сцягамі, іншыя прынеслі праваслаўныя іконы. Святар правёў памінальную службу.

Мне стала млосна. Многім з ахвяраў было па 30-40-гадоў, і яны былі поўныя энэргіі ўсяго некалькі гадзін таму.

Я пытаўся ў сябе: чаму яны іх забіваюць? Наколькі я бачыў, пратэстоўцы не мелі пры сабе агнястрэльнай зброі, а снайперы маглі б страляць па руках і нагах.

Калі ўрад спадзяваўся, што забойствы будуць запалохваць пратэстоўцаў і прымушаць іх пакінуць Майдан, ён відавочна пралічыўся. Бойня толькі выклікае абурэнне і ўмацоўвае рашучасць дэманстрантаў.

«Цана свабоды занадта высокая, але ўкраінцы заплацяць яе”, – кажа Віктар Данілюк, 30-гадовы дэманстрант. “У нас няма выбару, урад не чуе нас”.

Міхайлаўскі сабор, што ў некалькі хвілінах хады ад Майдана, быў ператвораны ў імправізаваны шпіталь і хірургічную палату для лекавання пацярпелых.

«Людзі, якія хацелі жыць у свабоднай Украіне ў Еўропе, атрымалі кулі замест гэтага”, – зазначае Пётр Шумілін, 33-гадовы дэманстрант, які атрымаў раненне ў руку, пакуль выносіў з плошчы цела сябра.

Яго вочы поўныя слёз – і ад страты, і ад болю.

«Гэта вынік кіравання Януковіча”, – кажа Шумілін. “Ён вінаваты ў тым, што распачаў грамадзянскую вайну”.

Снайперския стрэлы, што прагучалі на вуліцах гэтага амаль трохмільённага горада, – гэта тое, чаго Кіеў не чуў з часоў баёў Другой сусветнай вайны паміж савецкімі і нямецка-фашысцкімі войскамі.

Большасць параненых трымаецца далей ад кіеўскіх шпіталяў, апасаючыся затрыманняў міліцыяй – так адбылося ўжо з многімі параненымі ў сутыкненнях.

Штодзённыя дэманстрацыі, выкліканыя рэзкай адмовай Януковіча ў лістападзе падпісаць дамову з Еўрапейскім Саюзам, на карысць больш шчыльных сувязяў з Расіяй, на першы погляд былі мірнымі. Жорсткія сутыкненні ўспыхнулі ў студзені, калі прынамсі чатыры чалавекі загінулі і сотні атрымалі раненні ў вулічных баях, што віравалі на працягу некалькіх дзён.

Януковіч пайшоў на саступкі, і напруга спала на некалькі тыдняў. Але на гэтым тыдні канфлікт зноў разгарэўся пасля таго, як прыхільнікі Януковіча ў парламенце адмовіліся скараціць паўнамоцтвы прэзідэнта, як таго патрабавалі пратэстоўцы. Як і ў студзені, дэманстранты атакавалі міліцэйскія шэрагі з камянямі і бутэлькамі з запальнай сумессю, але гэтым разам рэакцыя сілавікоў была раз’юшанай.

Раней у часе акцый пратэсту жыццё ў Кіеве ішло сваім парадкам. Вуліцы былі поўныя людзей, якія займаліся сваімі штодзённымі справамі. Крамы, рэстарацыі і кавярні ўздоўж праспекта непадалёк ад Майдана заставаліся адкрытымі. Пратэстны лагер нават стаў своеасаблівым дзённым атракцыёнам для многіх жыхароў.

Усё рэзка памянялася на гэтым тыдні, калі сутыкненні паміж пратэстоўцамі і міліцыяй ператварыліся ў гарадскія войны. Гукі міліцэйскіх шумавых гранат разнесліся па Майдане, а цяжкі чорны дым ад палаючых пакрышак, якія пратэстоўцы ўстанавілі для спынення паліцыі, запоўніў неба Кіева.

Метро закрылі, школы і большасць офісаў у цэнтры Кіева – таксама, а вуліцы апусцелі. Людзі па ўсім горадзе рынуліся здымаць наяўныя грошы і скупляць неабходныя прадукты. Большасць рэстарацый і кафэ ў цэнтры закрыліся, так што знайсці месца паесці стала сапраўдным выпрабаваннем.

Але многія звычайныя людзі ўсё ж прыйшлі на Майдан, да лініі фронту з міліцыяй, каб прынесці харчы, ваду і вопратку для сваіх замучаных абаронцаў.

«Лёс Украіны вырашаецца тут – будзем мы часткай Еўропы ці саслізнем назад”, – кажа Інга Лешчанка,67-гадовая школьная настаўніца, якая прынесла хатнюю ежу для пратэстоўцаў.

«Кожны ўкраінец павінен дапамагчы Майдану”, – кажа яна. “Я магу дапамагчы, зрабіўшы бутэрброды і хатнія пірагі”.