29 студзеня 2014 года споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння Антона Луцкевіча (1884—1942), вялікага беларуса, у многім дзякуючы ідэям і працы якога наша краіна з Паўночна-Заходняга краю і Крэсаў Усходніх ператварылася ў самастойную дзяржаву.

Жыццё і дзейнасць Антона Луцкевіча неверагодна багатыя на падзеі, факты, супярэчнасці, прыгоды, сустрэчы, каханне, вандроўкі, творчасць, бяду… Гэта жыццё — раман…

Пакуль жа я напісаў апавяданне — твор аб тым, што ў верасні 1939-га Антон Луцкевіч зірнуў у вочы святу і асабістай трагедыі…

1. Трэба ўцякаць?

У жніўні згаданага года, пасля змовы Гітлера і Сталіна, Еўропу чакаў новы палітычны падзел, і няцяжка было здагадацца: першай ахвярай гэтага падзелу стане “роднае дзіця Версаля” — Польская Рэспубліка. Праз нейкі тыдзень пасля змовы, 1 верасня, пачалася вайна, і неўзабаве яна дыхнула і ў віленскія дзверы, канчаткова акрэсліўшы акрэсленае: Вільню забярэ Сталін, нацыянальных дзеячаў чакае пагібель, і таму, каб выжыць, трэба ўцякаць і не толькі з Вільні, а наогул з Заходняй Беларусі.

Нехта так і зрабіў — напрыклад, ксёндз Адам Станкевіч, а некаму, яшчэ задоўга да прыходу бальшавікоў, паспрыялі абставіны. Скажам, у кастрычніку 1936 года загадам Міністэрства асветы дырэктар беларускай філіі дзяржаўнай гімназіі імя Ю.Славацкага Радаслаў Астроўскі быў накіраваны выкладаць матэматыку ў Лодзь у польскую гімназію імя М.Каперніка. Гэтак будучы прэзідэнт БЦР перажыў 1939 год, захаваў уласную свабоду.

А вось Антон Луцкевіч свабоду страціў, бо застаўся ў Вільні… Але чаму застаўся? Чаму не ратаваўся, нават не паспрабаваў пераехаць у тую ж Блізкую Літву, як гэта зрабіў яго вечны недруг ксёндз Адам Станкевіч?

У Коўне жыў даўні прыяцель Антона Луцкевіча, былы дзяржаўны сакратар БНР, архітэктар К.Дуж-Душэўскі — чалавек заможны і дастаткова ўплывовы ў літоўскім грамадстве; вядома, ён дапамог бы і жытлом, і грашыма, і дакументамі… Пазней К.Дуж-Душэўскі даў прытулак сынам Антона Луцкевіча — Юрку і Лявону…

2. Дзве прычыны

Звычайна даследчыкі называюць дзве прычыны, якія прымусілі Антона Луцкевіча застацца дома.

Першая — сямейная: старэйшы сын Юрка служыў якраз у польскай арміі, якую вельмі хутка разбілі, і што сталася з жаўнерам Юркам Луцкевічам, было невядома. “Ці жывы, ці паранены, ці ў палоне, ці вяртаецца дадому?!” — так, або прыкладна так, думаў бацька і, не маючы ніякай рады са сваімі думкамі, пастанавіў: трэба сына чакаць у Вільні!

А другая прычына — музей… Антон Луцкевіч з’яўляўся дырэктарам Беларускага музея і не мог без нагляду пакінуць скарбніцу, якая ўзнікла, дзякуючы клопату ягонага старэйшага брата Івана. Ці мог схаваць экспанаты? Зрабілі ж так з Іванам у 1915 годзе перад тым, як Вільню заняла кайзераўская армія — склалі ўсе каштоўнасці ў адзін глухі пакой, а дзверы залажылі цэглай! Але не трэба забываць — тады яшчэ музея не было, існавалі толькі археалагічная і этнаграфічная калекцыі. За чвэрць стагоддзя збор Івана Луцкевіча (сэрца Беларускага навуковага таварыства) ператварыўся ў салідную, з урадавай дапамогай і міжнародным статусам установу, прынятую ў польскі саюз музеяў; фонды настолькі павялічыліся, што марна было і думаць, каб зноў іх змясціць у нейкі адзін глухі пакой.

Падзеі не паўзлі — шалёна ляцелі; не мелася ні часу, ні зручнага памяшкання, ні адданых памочнікаў, таму Антон Луцкевіч і застаўся пры музеі.

3. Масонскі цыркуль

Трэба згадзіцца: і першая прычына істотная, і другая таксама!

Аднак жа, думаю, існавала і філасофская акалічнасць, якая закрывала дарогу да ўцёкаў, — жыла ў душы мацнейшая, чым страх за ўласнае жыццё, фатальная ўпэўненасць: Вільню пакідаць нельга! Тут нарадзіліся сыны і пахавана жонка; тут выспела думка пра незалежную Беларусь і накрэсліўся (ці не масонскім цыркулем?) містычны круг, у сярэдзіне якога наканавана застацца…

У маладосці Антон Луцкевіч уваходзіў у віленскую ложу “Еднасць” і на ўсё жыццё засвоіў ці не галоўнае правіла інтэлектуалаў: у момант небяспекі трэба абмежаваць мітуслівыя імкненні!

4. «Цень Азэфа»

Ці спадзяваўся на літасць?

З года 1929-га, з ласкі чырвонага Мінска, хадзіў у сацыял-фашыстах і “з’яўляўся” правадыром усіх чыста нацдэмаў і нацфашыстаў, так што на літасць разлічваць не даводзілася!

Для яго, марксіста і сацыял-дэмакрата, Сталін быў рэнегат рэвалюцыі, сучасны Юда, шаленец, адмоўны гістарычны персанаж. У сваім знакамітым артыкуле “Цень Азэфа” Антон Луцкевіч назваў калгасы згубай для народа, а Сталіна — чырвоным Мусаліні; мала таго, параўнаў яго з правакатарам Азэфам! Артыкул, праўда, прайшоў у друку без подпісу, але хіба вялікая праблема для пільнай службы вызначыць аўтарства?!

5. Адмаліць «грахі»!

Аднак і без “Ценю Азэфа” абвінаваўчага матэрыялу было хоць гаць гаці! Людзей наогул бралі без ніякага “матэрыялу” (толькі за тое, што яны людзі), а тут — і абвяшчэнне незалежнасці Беларусі, і прэм’ерства ў БНР, і ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі… Паспрабуй адмаліць такія “грахі”! І ўсё праўда, бо і абвяшчаў незалежнасць, і ўзначальваў урад, і ездзіў у Парыж…

А ёсць яшчэ і тое, што не рабіў, а прыпісалі: рабіў — і ўсё тут, і ніяк не адкруцішся! А для сталіністаў зазвычай прыпісанае з’яўлялася большай праўдай, чым сама праўда!

6. Грошы атамана Пятлюры

13 кастрычніка 1927 года газета “Дзеннік Віленскі” пісала, што Антон Луцкевіч знаходзіўся ў Парыжы за грошы, якія атрымаў ад атамана Пятлюры, залажыўшы яму лясы Беларускай Рэспублікі. Вось так! Проста царскую ўладу меў лідар БНР!

Уяўляю радасць ягоных ворагаў, якія чыталі гэта паведамленне, баязліва падпісанае літарай Z. Ніякіх доказаў Z не прывёў, ніякіх актаў аб закладзе лясоў не надрукаваў, а таго адпаведнай публіцы і не трэ было! Галоўнае — гостры, як цвік, данос, у якім — і цесная сувязь з ворагам працоўнага народа Пятлюрай, і неверагоднага маштабу раскраданне прыродных багаццяў! Лепшага “матэрыялу” для дыскрэдытацыі нацыянальнага кіраўніка і не прыдумаць!

7. Тэлеграма кайзеру Вільгельму

Так пісалі ў “Дзенніку Віленскім” чужыя, аднак жа і свае не маўчалі. У 1933 годзе Кастусь Езавітаў даводзіў у часопісе “Беларуская Школа ў Латвіі”, што ў ліку іншых палітыкаў і Антон Луцкевіч горача настойваў на тым, каб ад імя Рады Рэспублікі ў 1918 годзе адбіць у Берлін вітальную тэлеграму кайзеру Вільгельму. Усім вядома было, а ў першую чаргу самому К.Езавітаву, што Антон Луцкевіч і блізка не стаяў каля той тэлеграмы, аднак…

У Менску якраз раскручвалася гучная справа “Беларускага нацыянальнага цэнтра” (БНЦ), які, з чарговай прыдумкі АДПУ, быў створаны, вядома ж, ім, Антонам Луцкевічам!

І тут пры ўсёй павазе да К.Езавітава, значнага нашага нацыянальнага дзеяча, хочаш не хочаш, а падумаеш: надта ж “своечасова” падкінуў ён сваю мемуарную інфармацыю пра “стваральніка” БНЦ: “Паны-таварышы, звяртаю ўвагу, ён яшчэ і кайзера вітаў!”

8. Тайная служба

Машына гісторыі рухаецца не па дарогах — па чалавечых душах…

17 верасня 1939 года Чырвоная армія зрабіла рашучы крок, перайшла ўсходнюю польскую мяжу і праз два дні без бою ступіла на віленскі брук.

За войскам, як гэта заўсёды бывае, рухалася тайная служба, і трэба заўважыць: сталінская тайная служба, бадай, адзіная структура ў СССР, якая дзейнічала без збою.

Апынуўшыся ў Вільні, чырваназорныя апрычнікі не марудзілі — не мінула і два тыдні, як разабраліся ў абстаноўцы.

9. «Агент «Двуйкі»

Ужо 30 верасня начальнік адміністрацыйнага аддзела часовага кіравання Віленскай акругі палкоўнік Пятроў (прозвішча, дарэчы, як на заказ) падпісаў ордар №82: малодшаму лейтэнанту А.Гаўрыленку даручалася арыштаваць Антона Луцкевіча і зрабіць у ягонай кватэры (вуліца Піўная 2, кв.8) вобыск.

Тады ж, 30 верасня, палітрук Раброў склаў пастанову; гострым алоўкам на ўвесь шырокалінейны аркуш палітрук махануў, што Антон Луцкевіч — агент “Двуйкі” (2-га аддзела генштаба Войска Польскага) і кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі “Беларуская сялянская дэмакратыя”, а раз так, выснаваў служака, то згаданага грамадзяніна ў якасці абвінавачанага трэба ўзяць пад варту… Раброў дадаў, што Антон Луцкевіч яшчэ і кіраўнік “Беларускай сялянскай дэмакратыі”, і такім макарам палітрук зляпіў новую з прыдатнай назвай антысавецкую арганізацыю.

10. Таксама п’еса

Атрымаўшы ад Пятрова і Раброва “юрыдычнае” забеспячэнне, малодшы лейтэнант А.Гаўрыленка 30 верасня на чале адпаведнага эскорту і заявіўся на вуліцу Піўную… Ператрус прайшоў, як мае быць; гаспадар кватэры ніякіх скаргаў не выказаў, што было і адзначана ў пратаколе вобыску.

Дарэчы, пры гэтай працэдуры прысутнічалі персанажы, камічныя прозвішчы якіх прымусілі мяне ўспомніць герояў Гогаля і Францішка Аляхновіча: у Гогаля былі Добчынскі і Бобчынскі, у Францішка Аляхновіча — Пышка і Шышка, а ў сталінскага А.Гаўрыленкі дзейнічалі Ластушкін і Пластушкін! Што зробіш, таксама п’еса, толькі зусім невясёлая…

Дык вось, у прысутнасці Ластушкіна і Пластушкіна А.Гаўрыленка ўпісаў у пратакол вобыску пункты: 1.Розная перапіска; 2.Вайсковы білет №116; 3.Пашпарт №517139; 4. 24 злотыя; 5.Два фотаздымкі Антона Луцкевіча і ягонага сына; 6.Бумажнік.

11. Ліст прафесара А.Флароўскага

Што да першага пункта, то, трэба думаць, гэту “розную перапіску” пазней чэкісты знішчылі, палічыўшы яе неістотнай для сваіх фабрыкацый.

У следчай справе Антона Луцкевіча, якая знаходзіцца ў Асобым архіве ў Вільні (фонд К-1, вопіс 58, справа Р-11794), калі не памыляюся, захавалася толькі некалькі пісьмаў, сярод якіх — ліст прафесара А.Флароўскага з Прагі. Відаць жа, калі з Прагі, то і пакінулі як сведчанне кантактаў з асяродкам беларускай эміграцыі!

Прафесар А.Флароўскі вывучаў спадчыну Ф.Скарыны і ў 1936 годзе зрабіў адкрыццё, што Ф.Скарына з 1534-га па апошні свой 1551 год працаваў у Празе каралеўскім садоўнікам. Таксама ж прафесар вывучаў дзейнасць кнігавыдаўцоў Мамонічаў, і Антон Луцкевіч 22 ліпеня 1938 года даслаў яму новыя звесткі пра Мамонічаў. А.Флароўскі адказаў праз паўтара месяца — 8 кастрычніка (гэты ліст і ёсць у следчай справе); прафесар дзякаваў за звесткі і прасіў перадаць паэту Хведару Ільяшэвічу, які збіраў матэрыялы аб друкарні Мамонічаў, свае выпіскі пра гандлёвыя сувязі Мамонічаў з Прагай…

12. Фігурная крэска

У другім пункце сказана пра вайсковы білет — дакумент атрыманы 1 кастрычніка 1923 года, і ў ім адзначана, што родная мова Антона Луцкевіча — польская, а наогул жа ён валодае расійскай, нямецкай і французскай (заўважу: ведаў латынь і грэчаскую). Упэўнены: Антон Луцкевіч заявіў пісару, што яго родная мова — беларуская, але ў эндэцкую пару маладой Польшчы такія заявы ў дзяржаўных установах звычайна ігнараваліся. А вось у пашпарце, выданым 26 лютага 1929 года, падкрэслена: акрамя польскай, французскай, расійскай і нямецкай уладальнік дакумента валодае таксама і беларускай мовай!

Праўда, у графе “нацыянальнасць” не пазначана — “беларус”, аднак жа і не напісана — “паляк”; проста стаіць фігурная крэска — мусіць, як знак пагаднення: калі нельга паставіць “беларус”, то не трэба ставіць і “паляк”!

13. 24 злотыя

Здзіўляе чацвёрты пункт — падчас арышту ў Антона Луцкевіча было толькі 24 злотыя! Дырэктар Беларускага музея жыў небагата; “матэрыяльнае жыццё Ваша далёка не зайздроснае”, — так “даражэнькаму дзядзьку Антону” пісаў з Прагі паэт Уладзімір Жылка.

У адрозненне ад таго ж Р.Астроўскага, Антон Луцкевіч вялікіх фінансаў ніколі не меў; згаданая ж сума — сведчанне проста галечы!

А.Гаўрыленка ўпісаў у пратакол і бумажнік — пэўна ж, пусты, бо канфіскаваныя злотыя хутчэй за ўсё з гэтага бумажніка. Відаць жа, і нястача капіталу паўплывала на тое, што Антон Луцкевіч застаўся ў Вільні.

14. Прапанова Р. Астроўскага

У снежні 1933 года Р.Астроўскі раптам прапанаваў зменшыць месячны заробак дырэктару Беларускага музея з 420 да 360 злотых. Матэматык Р.Астроўскі ўсё рабіў з намерам і, каб ён быў рыцарам, то на сваім шчыце абавязкова накрэсліў бы: “Лічбы не прызнаюць паэзіі!” Але што такое 420 злотых у 1930-я гады?

Добрыя грошы, за іх можна было ці не пяць коней купіць! Праўда, Антон Луцкевіч такога заробку не меў і, каб паказаць, што Р.Астроўскі хлусіць, падрыхтаваў даведку, паводле якой за працу ў музеі на працягу 1933 года штомесяц атрымліваў 150 злотых, а ў снежні наогул займеў адно 60 злотых (недаплачаныя 90 яму вярнулі толькі праз пяць месяцаў — 13 мая 1934 года). Выходзіла, што зарплата дырэктара Беларускага музея была ніжэйшай, чым нават сярэдні месячны заробак, які складаў на той час прыкладна 230—250 злотых!

Р.Астроўскі разумеў: на гэта ніхто асаблівай увагі не зверне, нават сябры спачуваць не будуць. Мэта ў Р.Астроўскага была іншая: паказаць, што лідар нацыянальнага адраджэння (не сакрэт — Р.Астроўскі прагнуў быць лідарам сам) працуе толькі за плату; тое, што гэта плата маленькая, толькі на пражыццё, разбірацца не будуць, аднак запомняць — без грошай Антон Луцкевіч за справу не бярэцца!

На пачатку 1930-х кампанія па дыскрэдытацыі Антона Луцкевіча набірала абароты, у ёй удзельнічала АДПУ, дэфензіва і… вядомыя беларускія дзеячы.

15. Фота аднаго з сыноў

У пятым пункце пратакола вобыску адзначана канфіскацыя дзвюх фатаграфій — фота гаспадара кватэры і фота аднаго з сыноў, але не сказана якога — старэйшага Юркі, які (памятаем) служыў у арміі, ці малодшага Лявона?

Гісторык Анатоль Сідарэвіч параіў электронную копію фотаздымка невядомага мне юнака паслаць у Вільню ўнучцы Антона Луцкевіча Алесі, што я і зрабіў. Спадарыня Алеся адказала імгненна: “Гэта мой тата — Юрка Луцкевіч!”

Але вось пытанне: чаму А.Гаўрыленка, далучыўшы да справы фатаграфію Юркі, не далучыў туды і фота Лявона? Толькі таму, што Юрка знаходзіўся ў арміі, а Лявон быў дома? Ці проста Лявонавай картачкі не знайшлося?

Магчыма, неістотная, аднак жа загадка…

16. Спакой інтэлектуала

У той жа дзень, 30 верасня, А.Гаўрыленка напісаў рапарт начальніку аператыўнага аддзялення старшаму лейтэнанту Яроміну; у рапарце падкрэслена: Антон Луцкевіч дастаўлены ў турму (удакладню — у Лукішкі), яго дакументы канфіскаваны, у кватэры ёсць дзве шафы рускай і беларускай літаратуры — дарэчы, пра польскія кнігі ў дакуменце ні слова, нібыта іх і не было!

А.Гаўрыленка адзначыў (магчыма, з ноткай захаплення), што пры арышце Антон Луцкевіч паводзіў сябе спакойна. Чэкіста ўразіў спакой арыштаванага — не знаў служака, што гэта спакой інтэлектуала, вольнага муляра, беларускага патрыцыя, які пастанавіў: ягонай плахай павінен стаць віленскі парог!

У рапарце адзначана, што і сям’я паводзіла сябе стрымана. Антон Луцкевіч жыў удаўцом, жонка спачыла яшчэ ў 1929 годзе, значыць, пад сям’ёй трэба разумець толькі малодшага сына Лявона. А можа, яшчэ нехта знаходзіўся ў кватэры №8, і таго чалавека таксама прылічылі да сям’і?!

17. Заява следчаму Панову

Па арышце мінула дзесяць дзён, і, вядома ж, да лукішскага вязня Антона Луцкевіча дайшла навіна, што “чырвоны Мусаліні” перадаў Вільню Літве, таму ўсе бальшавіцкія ўстановы (перш за ўсё — турмы) павінны быць вывезены ў БССР.

Так ён апынуўся ў Вілейцы, а тады ўжо і ў Мінску. Надзея назаўсёды застацца ў Вільні — спачыць у ёй! — не спраўдзілася…

У “Анкеце арыштаванага” за 9 лістапада 1939 года сказана, што ён — беспартыйны і не мае падданства, а ў такой жа анкеце за 14 студзеня 1941 года з’явілася ўдакладненне — тут ужо названы былым сацыял-дэмакратам і былым грамадзянінам Польшчы. Аднак у выпісцы з пратакола “Особого Совещания”, датаванай 14 чэрвеня 1941 года, ён, стваральнік першай беларускай партыі і першай беларускай дзяржавы, зноў і беспартыйны, і без падданства; дарэчы “Совещание” прызначыла яму восем гадоў лагера, з якіх вытрымаў толькі два з паловай…

9 лістапада 1939-га абвясцілі пастанову, змест якой сведчыў, што ён, Антон Луцкевіч, арганізоўваў узброеную барацьбу супраць Кастрычніцкай рэвалюцыі і супрацоўнічаў з “Двуйкай”. Праз дзесяць дзён, 19 лістапада, на сваім першым допыце заявіў следчаму Панову: так, спрабаваў арганізаваць супраць савецкай улады ўзброенае змаганне, але агентам польскай выведкі не быў!

Заява празрыстая: я — змагар, а не шпік, таварышы сталіністы!

18. Зладзейства

Следчыя запісы грузнелі, складаліся ў тамы, а замест “віленскіх” пятровых, рабровых, яроміных і гаўрыленкаў з’явіліся “мінскія” пановы і ліфшыцы.

І — што цікава! — “мінскія” падлавілі “віленскіх” на зладзействе:

“АКТ

Мы, нижеподписавшиеся ст. следователь 3 отд. УГБ НКВД БССР Панов и нач. следчасти 3 отд. УГБ НКВД БССР Лифшиц, составили настоящий акт о том, что при поступлении в 3 отдел УГБ следдела на обв. Луцкевича А.И. не обнаружены польские деньги в сумме 24 злота, изъятые при обыске у Луцкевича А.И. согласно протоколу обыска, о чем и составлен настоящий акт.

Подписи: ст. следователь 3 отд. УГБ Панов.

Нач. следчасти 3 отд. УГБ Лифшиц.

17 ноября 1939 года, г. Минск”.

(Асобы архіў у Вільні, фонд К-1, вопіс 58, справа Р-11794, том 1, старонка 11).

Аказваецца, тыя няшчасныя 24 злотыя, зафіксаваныя ў чацвёртым пункце пратакола вобыску, так і не “даехалі” да Мінска! Перад тым, як Антона Луцкевіча замардаваць, яго абакралі…

Але праз 50 гадоў, у гарбачоўскі час, з’явілася магчымасць вярнуць скрадзенае!

19. Літоўскія пракуроры

31 сакавіка 1989 года пракурор аддзела пракуратуры Літоўскай ССР, саветнік юстыцыі П.Новікаў падрыхтаваў заключэнне, згодна з якім Антон Луцкевіч падпадаў пад дзеянне артыкула 1 Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 16 студзеня 1989 года “Пра дадатковыя меры па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій у 30—40-я і на пачатку 50-х гадоў”. У той жа дзень, 31 сакавіка, гэта заключэнне зацвердзіў пракурор Літоўскай ССР, дзяржаўны саветнік юстыцыі 3-га класа В.Бараўскас і падпісаў пасведчанне аб рэабілітацыі.

У пасведчанні гаворыцца: паводле пастановы Савета міністраў Літоўскай ССР №446 ад 26 верасня 1955 года рэабілітаванаму выплачваецца заробак за два месяцы па месцы работы да арышту (у выпадку ягонай смерці выплату можа атрымаць сям’я).

Значыць, калі б Антон Луцкевіч дажыў да рэабілітацыі 1955 года, то за доўгія гады пакут атрымаў бы ажно два месячныя заробкі! Але дзе атрымаў? Па месцы работы — то бок у Беларускім музеі, якога даўно ўжо не існавала!

А яшчэ ў паперы Бараўскаса гаворыцца: паводле рэспубліканскай пастановы №197 ад 9 чэрвеня 1984 года рэабілітаваны (ці яго нашчадкі) мае права на вяртанне канфіскаванай (чытай: скрадзенай) маёмасці.

Словам, тады, у 1989 годзе, Юрка і Лявон Луцкевічы мелі юрыдычную падставу атрымаць не толькі пусты бумажнік, але і 24 злотыя.

20. «Слава табе, Армія…»

“…Слава табе, Армія, Армія Чырвоная!” — шчыра прамаўляў Янка Купала і не памыляўся ў сваім пафасе — без Чырвонай Арміі Заходняя Беларусь не ўз’ядналася б з БССР.

Аднак жа трэба ведаць: гэта была галодная армія; у ёй служылі воіны, якія дасыта наеліся толькі ў Заходняй Беларусі! Трапляліся такія небаракі-ваякі, якія, напрыклад, ніколі не елі смятану, нават не бачылі яе (у калгаснай старане такога прадукту проста не было), але 17 верасня, дзякаваць Богу, упершыню разгавеліся і смятанай.

Сталінская кавалерыя ехала па польскім бруку на такіх худых конях, што тыя ледзьве варушылі капытамі і, здаралася, падалі і здыхалі проста пры дарозе…

Майму бацьку ў 1939-м было восем, і ён добра памятае, як чырвонаармейцы частавалі дзяцей махоркай — скручвалі хлопчыкам цыгаркі і давалі закурыць.

Але найбольш уражваў неахайны выгляд чырвоных салдат.

— На гімнасцёрках іхніх наліпла на два пальцы сажы! А за адным байцом па гразкай вуліцы цягнулася разматаная абмотка! — успамінаў бацька.

Але чырвоныя саладаты ўз’ядналі нашу Беларусь, таму 17 верасня — свята, той вялікі дзень, пра які марылі і малады камуніст Максім Танк, і сталы антысталініст Антон Луцкевіч.

Пасляслоўе

Мара ажыццявілася, але за гэта Антону Луцкевічу і яго паплечнікам давялося заплаціць уласным жыццём…

У маладосці ён пакінуў губернскі Мінск, а ў 1939-м яго прывезлі ў савецкі Мінск — сталіцу якой-ніякой, але беларускай дзяржавы — БССР.

Яго дапытвалі фармальныя прадстаўнікі гэтай дзяржавы — супрацоўнікі НКУС БССР; яго абвінавачвалі паводле артыкулаў Крымінальнага кодэкса БССР!

Некалі ў лукішскім астрозе, падчас працэсу над “Грамадой”, ён пераклаў радкі рымскага паэта Публія Авідзія Назона:

Першы быў век залаты,
калі без ніякай прынукі
З добрае волі сваёй шанавалі
і вернасць, і праўду,
Страху прад карай не зналі, не чулі
слоў грозных законаў,
Дый без апекі суддзі былі тады
людзі бяспечны.

Калі што і згадваў з паэзіі ў сталінскай катоўні, то, мяркую, згадваў гэтыя радкі, бо яны настройвалі на патрэбны філасофскі лад — не знаць перад карай страху!

Ён ведаў, што бальшавіцкі суд — “Особое Совещание” — гэта адсутнасць суда; ведаў, што застанецца “без апекі суддзі”.

У такія хвіліны патрыцыі чытаюць рымскіх паэтаў.