Стома, Васіль. Маё мястэчка. Мінск: Лімарыус, 2014. — 292 с. (Беларуская мемуарная бібліятэка)

У менскім выдавецтве “Лімарыус” у сэрыі “Беларуская мэмуарная бібліятэка” пабачыла сьвет чарговая “эміграцыйная” кніга. Гэтым разам гэта “Маё мястэчка” Васіля Стомы (1911—1992). Аўтар нарадзіўся ў Лужках былога Дзісенскага павету (сёння Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці), у часе Другой сусьветнай працаваў у беларускай адміністрацыі, а пасьля разам з маці й сястрой празь Нямеччыну апынуўся ў ЗША. Звычайны лёс эмігранта, якіх дзясяткі і нават сотні тысячаў аселі ў другой палове ХХ ст. на Захадзе. Васіль Стома быў адным з заснавальнікаў аддзелу Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня ў Нью-Джэрзі, сябрам Рады БНР, парафіянінам царквы Жыровіцкае Божае Маці, выкладчыкам у беларускай суботняй школцы.

У вольны ад працы ў шавецкай майстэрні час Васіль Стома згадваў пра абрады й звычаі Дзісеншчыны, складаў слоўнічак тамтэйшага дыялекту, а таксама пісаў успаміны. Асноўны зьмест апошніх складае аповед пра дзяцінства й юнацтва, што прайшлі ў Лужках, а дакладней пра само мястэчка, вуліцы, будынкі, насельніцтва. Калярытныя характары звычайных жыхароў, з гумарам пададзеныя падзеі штодзённага жыцьця — усё гэта стварае выдатны вобраз заходнебеларускага мястэчка ў міжваенны час. Надзвычайнай каштоўнасьцю ўспамінаў ёсьць і іх сакавітая мова.

Прадстаўленыя Стомам Лужкі — мястэчка, дзе нарадзіўся стваральнік іўрыту Эліэзэр Бэн Егуда. Сярод згаданых ва ўспамінах ёсьць а. Язэп Гэрмановіч, вядомы доктар Усевалад Шыран, сьвятар Іван Кушнер, жонка Станіслава Булак-Балаховіча.

Упершыню “Маё мястэчка” Васіля Стомы публікавалася на старонках эміграцыйнага часопіса “Беларускі сьвет”, што выдаваўся ў Дэтройце, у 1980-х гг. Пры канцы 1990-х крыху адрозны варыянт успамінаў быў надрукаваны з аўтарскага машынапісу ў менскім “Полымі”. Сёньняшняе ж кніжнае “Маё мястэчка” стала найбольш поўным, дзе спалучыліся дэтройцкая рэдакцыя й пазьнейшая менская. Дадаўся таксама тэкст Васіля Стомы пра абрады й звычаі Дзісеншчыны.

Выдадзеныя ўспаміны маюць як аўтарскія, гэтак і рэдакцыйныя камэнтары. Акрамя таго ў кнізе зьмешчаныя невялікія згадкі пра аўтара, запісаныя ў часе інтэрвію з беларускімі родзічамі Васіля Стомы. Дададкам выступаюць здымкі зь сямейнага архіву, а таксама выявы сучаснага выгляду Лужкаў, тых будынкаў, пра якія ідзе аповед.

На пачатку сваіх успамінаў аўтар напісаў: “Ведама, што для мяне маё мястэчка было і будзе заўсёды найпрыгажэйшым, найчысцейшым і найвесялейшым мястэчкам пад сонцам, бо яно перадусім маё. Усе гэтыя най хіба застануцца ў маім уяўленні назаўсёды. А ў сапраўднасці?.. Не ведаю. Няхай ацэньвае тэй, хто не памятае месца, дзе нарадзіўся, узрос і дзе прайшлі гадзіны ягоных першых дзіцячых радасцяў і гора, дзе ўрэшце ён правёў юнацкія гады і гады сведамага жыцця дарослага чалавека. Няхай ацэньвае тэй, хто не ведаў так, як я, амаль усіх жыхароў майго мястэчка — добрых і благіх, у меру разумных сваім сялянскім розумам і ў меру дурных, багацейшых і бяднейшых, паважных і смешных або камічных”. Ідучы сьледам за Васілём Стомам чытач зможа ня толькі ўбачыць тыя заходнебеларускія Лужкі, але й, магчыма, узнавіць у памяці ўспаміны ўласнага маленства ды юнацтва.Прадмова

Ёсць, дакладней, былі на эміграцыі пісьменнікі, творы якіх займаюць ладную палічку. На ёй месцяцца кнігі ў разнастайных, ды ўсё ж нечым падобных вокладках; часцей — мяккіх, радзей — цвёрдых. Здараюцца сярод іх і шматтамовікі, і нават «Выбраныя».

Але ёсць, дакладней, быў і іншы-інакшы пісьменнік, якога і назваць гэткім не адразу надумаеш, бо пакінуў па сабе толькі адзін твор. Затое які!

Здараліся ў нашай літаратуры і раней аўтары твору-шэдэўру, і вось што цікава: біяграфічных звестак пра іх засталося небагата. От жа і пра гэтага чалавека адзінкавая біяграфічная крыніца, ды што там — крынічка — некралог у газеце «Беларус»[1]. З яго даведваемся, што Васіль Стома нарадзіўся 4 сакавіка 1911 года ў мястэчку Лужкі былога Дзісенскага павету (сёння Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці). Прозвішча Сініца, якім ён падпісваў зацемкі, — не псеўданім, бо ягоны бацька меў падвойнае прозвішча як нашчадак старой, хай сабе і зусім збяднелай шляхты. Васіль Стома скончыў польскую сямігодку.

Трохі болей вядома пра ягонае жыццё ў ЗША, хоць і тое, трэба сказаць, не было нечым вонкава адметным ад звыклага жыцця тамтэйшага беларуса: стаўся адным з заснавальнікаў мясцовага, Нью-Джэрзійскага аддзелу Беларуска-амерыканскага задзіночання, старшыняваў у Беларускім культурна-асветным камітэце, быў сябрам Рады БНР, у нядзелі наведваў царкву Жыровіцкае Божае Маці — разам з роднаю маткаю Сцепанідаю, якую ўсе прыхаджане пяшчотна называлі Бабусяю.

Меў ён свае маленькія слабінкі: любіў тэатр, любіў добрае відовішча, з гумарам, з настроем, а таму ніводная пастаноўка не абыходзілася без арганізацыйнага, а часта-густа і рэжысёрскага ўдзелу дзядзькі Васіля. Увайшоўшы ў смак ад заняткаў з моладдзю, пачаў выкладаць і ў беларускай суботняй школцы.

Памёр Васіль Стома 31 траўня 1992 года і пахаваны на беларускім могільніку ў Іст-Брансўіку ў штаце Нью-Джэрзі.

Сказаўшы пра адзіны твор, я не нахлусіў, але і не быў зусім дакладны. Бо напісаў Стома не так і мала.

Перш-наперш трэба згадаць слоўнічак «Дыялект Дзісненшчыны»[2], што часткова быў надрукаваны адно пасля смерці аўтара[3]. Поўны варыянт яшчэ чакае даследчыкаў-лексікографаў.

Другою працаю, якой абавязкова мусяць зацікавіцца фалькларысты, назаву публікацыю «Абрады і звычаі Дзісненшчыны» ў часопісе «Беларускі Сьвет»[4]. Як зазначыў у прадмове Стома, пісаў ён без будзь-якіх жаролаў, усё з памяці ды маючы пад рукою хіба кароткія ранейшыя запісы. Апісаў так, як запомніў, — як выглядалі абрады ў родным мястэчку, хай і рознілася тое апісанне шмат у чым ад падобных апісанняў з іншых мястэчак Беларусі. Усе абрады і звычаі аўтар падзяліў на звязаныя з рэлігійнымі святамі, сямейныя (нарадзіны, хрэсьбіны, сватаўство, вяселле, хаўтуры) і агульнага характару — Абжынкі (якія, падкрэсліваў Стома, не маюць нічога супольнага з эміграцыйнымі Дажынкамі), Талака, Запусты. У гэтую працу ўвайшлі таксама забабоны, прыкметы, прыказкі ды прымаўкі.
Пісаў і артыкулы, збольшага ў польскія газеты, зрэдку ў «Беларус» — як, напрыклад, артыкул пра Язэпа Драздовіча, таксама павязанага лёсам з Дзісеншчынаю[5].

І ўсё ж, якімі б каштоўнымі і арыгінальнымі ні былі гэтыя працы, «Маё мястэчка» — унікальнае, і не толькі ў спадчыне Васіля Стомы, але і ў беларускай мемуарыстыцы наагул, бо гэта адначасна паўнавартасны мастацкі твор. Магчыма, найлепшы з прозы, напісанай на эміграцыі.

З мястэчкам як з’яваю склалася сітуацыя, знаёмая паводле шмат якіх рэаліяў ды імёнаў беларускай гісторыі, з тым хіба невялікім адрозненнем, што правы на яго забралі сабе не расейцы ці палякі, а габрэі.

Нашыя мястэчкі знайшлі адбітак і ў народных песнях («У мястэчку Берастэчку / Каманда стаяла» — Шэйн, «Жаўнерскія песні»), і ў паэзіі («Дзядзька Тодар, два Пранцішкі, / Сват Гілёрык, кум Тамаш / У мястэчку Зацвілішкі / Насмяшылі ўвесь кірмаш» — Алесь Гарун, «Спрэчка»). А чаго варты адзін Грайронак Юркі Віцьбіча з аповесці «Лшоно Габоо Бійрушалайм»! Або Моталь, роднае мястэчка ўладыкі Мікалая (Мацукевіча), над успамінамі пра якое мітрапаліт працаваў да самае свае смерці і якія таксама дачакаюцца апублікавання.

Успамінамі пра Лужкі Васіль Стома нагадвае нам пра часцінку нашага агульнага мінулага і робіць гэта са смакам, замілаваннем, змяшаным з самаіроніяй і светлаю журбою.

Так і трэба чытаць гэты твор.

Лявон Юрэвіч


[1] Беларус. № 392. 1992. Ліпень-жнівень. С. 12.
[2] В. Стома паслядоўна выкарыстоўваў форму дзісненскі, якую мы і захавалі ў ягоных тэкстах (заўв. моўн. рэд.).
[3] Саўка, З. Балтызмы ў слоўнічку Васіля Стомы «Дыялект Дзісеншчыны» // Запісы Беларускага інстытуту навукі і мастацтва. Вып. 23. Нью-Ёрк, 1999. С. 47—58.
[4] На жаль, нарыс «Абрады і звычаі Дзісненшчыны» быў апублікаваны не цалкам (№№ 46—48, 50, 51), а знайсці рукапіс нарысу не ўдалося.
[5] Гл.: Сініца, В. Чаму дзядзька Язэп усё крочыў і крочыў // Беларус. 1989. № 363. Кастрычнік. С. 6.