Для многіх беларусаў мара — адзін са спосабаў існаваньня, але тут ёсьць пэўная небяспека, бо, калі мара застаецца бязь дзеі, то неўпрыкмет ператвараецца ў марнаваньне…

 

 

Вялікая Мара — гэта памкненьне да чагосьці далёкага і недасяжнага, чаго раней ніколі не было. Аднак у будзённым жыцьці мара — часьцей простае жаданьне таго, пра што чуў ды ня бачыў, а як бачыў — то ня меў, а як меў — то згубіў, але ня страціў спадзеў на вяртаньне. А таксама мара — гэта вера ў тое, што можна ў жыцьці яшчэ нешта зьмяніць да лепшага, і пакуль чалавек марыць — ён жыве не дарма. Для многіх беларусаў мара — адзін са спосабаў існаваньня, але тут ёсьць пэўная небяспека, бо, калі мара застаецца бязь дзеі, то неўпрыкмет ператвараецца ў марнаваньне…

 

<!** Title>МАРА ПРА МОРА<!** EndTitle>

 

Мора для такой сухапутнай краіны, як Беларусь – мара даўняя і трывалая. Хоць мы і не манголы, і нам хапае сваёй вады, але ж многім час ад часу хочацца пабачыць замест ціхай рачулкі неабсяжнасьць акіянскай прасторы, адчуць салёны марскі вецер і шум прыбою. Сёньня ў некаторых беларусаў ёсьць магчымасьць раз на год памачыць ногі ў салёнай вадзе, і ня толькі чарнаморскай, але і больш экзатычнай — чырвона- ці міжземна-морскай, індыйскай або ціхаакіянскай. Мары збываюцца: усё больш нашых суграмадзян наталяюць свой сэзонны “турыстычны сьверб” у падарожжах да цёплага мора. Асабліва ж прагныя на ўражаньні ідуць далей і спускаюцца ў марскія нетры, каб зьдзейсьніць больш глыбінную мару пра вяртаньне ў калыску зямнога жыцьця або першародную стыхію матчынага ўлоньня. Аднак на мяне пляжнае сузіраньне марскіх даляглядаў і манатонны пошум хваляў наводзіць непамерны сум. Гэта яшчэ горш, чым стэп, настолькі ўсё аднастайна, нудна і безнадзейна. А яшчэ гэтая афрыканская сьпякота! Калі ня толькі душа, але і мазгі ня могуць суіснаваць у суладдзі зь целам і навакольным асяродзьдзем. Аднак менавіта ў такіх “расплаўленых” мазгах нараджаюцца найпрыгажэйшыя мары-згадкі пра лагоднае беларускае лета, выратавальны цень дубравы, пах сена, мёду ці грыбоў. Ат, халера! Дзеля гэтых цудоўных успамінаў пра радзіму пару тыдняў можна перацярпець і жнівеньскае эгіпецкае пекла…

 

<!** Title>МАРА ПРА БАГАЦЬЦЕ<!** EndTitle>

 

Мара пра багацьце старэйшая за самую Беларусь. І паколькі мараць пра багацьце часьцей бедныя, а бедных у Беларусі заўсёды было нямала, то мара гэтая ня толькі старадаўняя, але ж таксама шматгаловая і рознагалосая. Калі быць шчырым, то і багацеі таксама мараць пра багацьце (яшчэ большае, чым маюць), і ўвогуле – лягчэй пералічыць тых, хто ня думае пра багацьце, чым тых, хто мроіць пра яго ўдзень ці ўначы. Здавён легенды пра скарбы, каштоўныя знаходкі або нечаканую спадчыну будзілі фантазію беларусаў і не давалі спакою нашым авантурыстам. Яшчэ сто гадоў таму гэтую мару сьмела можна было б назваць усенароднай. Аднак сказаць тое сёньня не паварочваецца язык, нешта зламалася ў душы беларуса ў ХХ ст., ён ня прагне ўжо багацьця і рэдка марыць пра “незьлічоныя скарбы”. Бог зь імі, закопанымі ці патопленымі куфрамі з золатам і дыямэнтамі, але ж тое, што ў нас няма аніводнага алігарха (а мо адзін і ёсьць?) ці проста вельмі багатых людзей — прыкмета нацыянальнай слабасьці і сацыяльнай хваробы — мізэрнасьці нашых мараў. Як-ніяк краіна працуе, нацыянальны прадукт ствараецца ды пераразьмяркоўваецца, і ў кагосьці гэта мусіць атрымлівацца лепш, чым у іншых. Народ павінен ведаць сваіх герояў, але атрымліваецца, што герояў тых няма, прынамсі ў бізнэсе ды эканоміцы. І гэта кепска. Магчыма, вялікае багацьце як мара даволі прывідная, бо часам прыносіць сваім гаспадарам больш клопату і гора, чым радасьці і задавальненьня. Аднак жа яна мае права на існаваньне і, больш таго, мусіць быць адной з галоўных чалавечых мараў. Багацьце, створанае працай, талентам і ўпартасьцю асобнага чалавека – такая ж нацыянальная каштоўнасьць, як духоўны ці мастацкі скарб. Каб не было Радзівілаў ды Сапегаў, не было б Нясьвіжа, Міра, Ружанаў. Чаго не хапае нам зараз, дык гэта сапраўды — багатых беларусаў ці тых, хто на шляху да зьдзяйсьненьня гэтай мары.

 

<!** Title>МАРА ПРА СЛАВУ<!** EndTitle>

 

Мара пра славу – рэч для тутэйшых людзей рэдкая, бадай што экзатычная. Беларусы, як правіла, людзі сьціплыя, неамбітныя, і калі нехта выпадае з гэтага звычаю і усур’ёз прагне славы, то рана ці позна пакідае межы нашай непрэтэнзійнай радзімы і робіцца знакамітым у іншых краях. Ёсьць, праўда, ужо і прэцэдэнт-выключэнне з такога правіла: адзін наш чалавек займеў сусьветную “славу” тут, не пакідаючы межы сваёй краіны, хаця напачатку марыў яе знайсьці ў сталіцы суседняй дзяржавы. Маем спадзеў, што гэта толькі “першая ластаўка”, і падобны посьпех можна будзе паўтарыць калі не ў палітыцы, то ў іншых сфэрах. Галоўнае для шукальнікаў уласнай glorii – памятаць, што ня варта таптацца разам з усімі па “цэнтральнаму праcпэкту цывілізацыі”, а лепш церабіць свой, адметны шлях насуперак ці, прынамсі, убаку ад “сусьветнай моды”. Беларусам, якія пададсталі ад “эўрастандартаў” ды іншых заходніх прымхаў, зрабіць гэта мо й лягчэй, чым іншым, аднак ці будзе гэта заўважана і ацэнена “глябальнай тусоўкай”, якая ў рэшце рэшт і выдае ярлыкі на тую славу? І ўсё ж такі, калі Вы ў душы сапраўдны беларус, а не патэнцыйны эксгібіцыяніст, ці трэба вам тая сумніўная слава?

 

<!** Title>МАРА ПРА СВАБОДУ<!** EndTitle>

Калі б мары былі простым адлюстраваньнем таго, чаго чалавеку не хапае ў жыцьці або ўвогуле – ніколі ў яго не было, то мара пра свабоду павінна была б для нас быць у ліку першых. Але ж не! Хоць і былі беларусы стагодзьдзямі пад “пятой” то Захаду, то Ўсходу, але воля, як ні дзіўна, вабіць іх мала. Напэўна, ёсьць у няволі свая прыцягальнасьць і хітры разлік: ты ніколі не адзін, над табой і побач з табой заўсёды нехта ёсьць. І хоць табе ня вельмі добра, муляе і цісьне грудзі ярмо, амаль заўсёды адшукаецца той, каму яшчэ горш. А галоўнае – у такой сытуацыі ня трэба дужа напружвацца і хвалявацца, бо “наверсе” заўжды будзе той, хто думае і вырашае за цябе і, як правіла, ня дасьць прапасьці зусім. А ў выпадку няўдачы на яго лёгка сьпісаць віну: вінаваты заўсёды “гаспадар” або ворагі, а мы самі — не, мы толькі пацярпелыя, але ніяк не вінаватыя! Поўная свабода пазбаўляе гэтых “ланцугоў-падпорак”, усе пытаньні жыцьця і сьмерці даводзіцца вырашаць самастойна, зьнікае “страховачны пас”, а любая няўдача можа стаць фатальнай ці нават сьмяротнай. Таму “салодкае” слова свабода лёгка можа стаць “горкім”: ёсьць магчымасьць ня толькі ўзьняцца на крылах волі ў вышыню, але і ўпасьці долу камянем нямогласьці. Як жа тым, хто ніколі ня лётаў, паверыць у магію палёту? Тым больш калі генэтычны і рэальны страх разьбіцца мацнейшы за паэтычную радасьць ад лунаньня. А калі яшчэ гаворка не пра аднаго чалавека, а пра цэлы народ! Ці лёгка пераканаць 10 мільёнаў у тым, што ім не вядома? Хаця, вядома, захапленьне ад вольнага палёту – адчуваньне сапраўды ні з чым не параўнальнае. Хіба толькі з пачуцьцём апошняга моманту свабоднага падзеньня… Але пра гэта лепш ня марыць.

 

<!** Title>МАРА ПРА ЭМІГРАЦЫЮ<!** EndTitle>

 

Мара пра эміграцыю – зьява для беларусаў адносна новая, а масавай яна стала толькі ў апошнія 20 гадоў, пасьля падзеньня “жалезнай заслоны” і асабліва з набыцьцём незалежнасьці. Мара на першы погляд вельмі простая і зразумелая, але насамрэч “комплексная”, бо адразу абяцае вырашыць шмат праблем — і са свабодай, і з багацьцем, і з морам, шчасьцем, славай і г.д. Нягледзячы на сваю ўяўную простасьць, яна адна з найбольш аблудных і недасягальных, бо ў 80% выпадкаў не апраўдвае чаканьні. Эміграцыя па сутнасьці сваёй – жыцьцёвая драма, якая часта канчаецца трагедыяй. “Перасадка” сталага чалавека на “глебу” іншай краіны ці кантынэнту – вялікае выпрабаваньне, а для такіх закарэненых інтравэртаў ды невыпраўных мэлянхолікаў, як беларусы яно цяжэйшае ўдвая. Вядома, ёсьць сярод нашых землякоў і прыклады пасьпяховай эміграцыі, але не яны вымушаюць усё новых людзей пакідаць родныя гнёзды і краявіды. Хутчэй гэта праява маладосьці, жаданьня адкрыць нешта новае і невядомае, здзейсьніць уласны прарыў праз абалонку тутэйшага местачковага традыцыяналізму. А яшчэ гэта прыкмета веры ў тое, што зьмена месца жыхарства зможа пераламіць наканаваны лёсам жыцьцёвы шлях. Калі меркаваць па масавасьці нашай працоўнай і палітычнай эміграцыі, то беларусы даволі актыўныя “вернікі” (не рэлігійныя, але ўжыткова-прагматычныя), а беларуская нацыя ўсё яшчэ маладая і не губляючая аптымізму. І калі распаўсюджаныя эміграцыйныя ілюзіі ёсьць прыкметай значнага нацыянальнага патэнцыялу, то сама эміграцыя — праява слабой дзяржаўнай і сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Адным словам, марыць пра эміграцыю ня шкодна, шкодна яе бязьмерна пашыраць ды стымуляваць, чым, на жаль, і займалася нашая ўлада апошнія 15 год.

 

<!** Title>МАРА ПРА ШЧАСЬЦЕ <!** EndTitle>

 

Шчасьце—універсальная рэч, пра якую шмат гавораць і мараць, але ніхто ня можа дакладна сказаць, што гэта такое. Цяжка сабе ўявіць нешта больш эфэмернае і няўлоўнае, чым шчасьце. Вось і мара пра шчасьце па каліву прысутнічае ва ўсіх іншых марах, але распускаецца і становіцца неадчувальнай, як толькі спрабуеш “ухапіць яе за хвост”. Напэўна, шчасьце – гэта такая пужлівая птушка, да якой тым бліжэй можна падабрацца, чым менш зважаеш на яе. Яна ня церпіць, калі яе наўпрост клічуць, заклікаюць ці спрабуюць зазірнуць у рот, але любіць прыкрывацца чужымі імёнамі і падкрадацца з таго боку, адкуль яе не чакаеш. Таму шчасьце, па-першае – нечаканасьць, і нечаканасьць жаданая, а па-другое – рэч хоць і далікатная, але ўсюдыісная і ўпартая, як само жыцьцё. А яшчэ шчасьце кожнага чалавека, як цень ягонае душы, заўсёды ідзе за ім і зьнікае толькі разам з самой душою…

 

<!** Title>МАРА ПРА КАХАНЬНЕ<!** EndTitle>

 

Самая рамантычная, эратычная і, на думку многіх мужчын, “жаночая” мара. На самой справе яна часьцей наведвае мужчын і, як ўсё фізіялягічнае ў жыцьці, амаль заўсёды спраўджваецца. Хутчэй нават тады, калі пра тое каханьне й ня думаеш. Тут, бадай, гэтак сама, як і са шчасьцем: калі знаходзішся ўнутры ягонай плыні і жывеш ім—то яго не заўважаеш, і толькі калі яно пакідае цябе—усьведамляеш, што ты меў насамрэч. А ўвогуле – гэта мара маладых і зялёных. “Зялёных” ня ў сэнсе “экалягічна занепакоеных”, а ў сэнсе “сэксуальна ўзрушаных” ці “гарманальна неўраўнаважаных” (што адно і тое ж). Многімі робяцца спробы падзяліць каханьне на сэкс і любоў, але гэта такая ж сумніўная справа, як вылучэньне эротыкі з парнаграфіі або прэпараваньне чалавека на “грэшнае” цела і “чыстую” душу. Бо і душа бывае чарней за цела, і сэкс цнатлівей за любоў, і каханьне – рэч зусім не сьвятая. Тым больш што ўсё хістка і няпэўна, калі гаворка ідзе пра мары: мо і сапраўды ў хлапцоў яны больш эратычныя, а ў дзяўчат—плятанічныя, аднак хутчэй гэта залежыць ад сарамлівасьці адных, шчырасьці другіх, фантазіі трэціх ці паэтычна-мастацкіх здольнасьцяў чацьвёртых. І ўвогуле, мара пра каханьне – самая ўнівэрсальная і непрадказальная: яна можа быць і прымітыўна-жывёльнай, і сягаць да інтэлектуальных вяршыняў, і падымаць самыя чорныя пласты са дна сьвядомасьці, і натхняць на лепшыя хвіліны духоўнага палёту. Хацелася б сказаць, што мара пра каханьне лепш за самое каханьне, але тое не зусім праўда. Каханьне ў марах задае толькі плянку будучых любоўных падзеяў і тым перадвызначае іхні “ход і ўзровень”. Аднак самое дзеяньне звычайна бывае і больш яркім, і больш жорсткім, і больш нечаканым. Калі іншыя мары хутчэй разьбіваюцца аб жыцьцё, пакідаючы разгубленага чалавека перад рэшткамі сваіх “быццам бы здзяйсьненьняў”, то мара пра каханьне якраз стварае новае жыцьцё ў самым прамым і пераносным сэнсе, а чалавек закаханы ніколі не застаецца адзін … .

 

<!** Title>МАРА ПРА ГАРМОНІЮ<!** EndTitle>

 

Бадай, самая няпростая і “неабавязковая” мара, якой звычайна нахняюцца дзівакі з чульлівай душой рэлігійнага праведніка, эзатэрычнага рамантыка ці экалягічнага фундамэнталіста. Такіх людзей надзвычай мала, а сярод беларусаў асабліва няшмат. Бо мара пра гармонію – ці ня самая “ідэальная” і недасягальная з усіх мараў. Яна патрабуе пэўнай узвышанасьці натуры, надасабовасьці думак і памкненьняў. Для практычных і прыземленых беларусаў пошукі гармоніі (сусьветнай ці асабістай) – рэч папросту малазразумелая і “неактуальная”. Філязофія дзеяньняў чалавека складаецца як мінімум з трох узроўняў: першы—пераўтварэньня сябе і свайго зьнешняга аблічча. Тут мы чагосьці дасягнулі, бо культ адзеньня, зьнешняга “бляску” ды “лоску” сёньня папулярны ня толькі ў глямурна-артыстычных тусоўках, але і ў “народных масах”, асабліва сярод жаночай часткі насельніцтва. Другі ўзровень — арганізацыя свайго матэрыяльнага асяродку: жытла, сядзібы, транспарту, бліжэйшага навакольля — толькі набывае папулярнасьць. Разам з захапленьнем эўрарамонтамі, моднымі інтэр’ерамі, лядшафтным дызайнам, новымі аўто і стыльнымі забудовамі расьце і колькасьць людзей, для якіх жыцьцёвыя каштоўнасьці не абмяжоўваюцца харчамі ды вопраткай. Трэці ўзровень—калі чалавек выходзіць за межы фізіялёгіі і прыватнай уласнасьці і пачынае заўважаць праблемы супольнасьці або самой прыроды. Мара пра гармонію ў адносінах між людзьмі і раўнавагу ў дачыненьнях чалавека з навакольным сьветам вельмі старая. Першае яе ўвасабленьне — біблейская легенда пра рай, а сёньня і яе шматлікія вэрсіі-клёны – рэлігійныя, сацыяльныя, экумэнічныя, экалягічныя. Чацьвёртым узроўнем можна было б лічыць пошукі “чалавекам пасіўным” асабістай (нутраной) гармоніі на ўзор эзэтэрычных вучэньняў Усходу. Аднак для нашай юда-хрысьціянскай цывілізацыі, па прыродзе сваёй занадта экспансіўнай і тэхнакратычнай, гэты шлях ніколі ня стане стрыжнявым, ён застанецца выбарам толькі некаторых “аўтсайдэраў” і “пэсімістаў”. Наша ж гармонія заўсёды будзе “з кулакамі”, “прагрэсіўным тварам” і “навуковым падыходам”, а таму ніколі ня будзе дасягнута, якіх бы матэрыяльных высілкаў ды ахвяр гэта ні каштавала. Бо для сапраўднай гармоніі, як ні дзіўна, не патрабуецца ні ахвяр, ні звышнамаганьняў…

 

<!** Title>МАРА ПРА СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ <!** EndTitle>

 

Справядлівасьць—вось чаго чалавецтву не хапае зь веку ў век і аб чым лёгка можа меркаваць любы просты чалавек. І чым прасьцей чалавек, тым лягчэй яму вырашыць усё “па справядлівасьці”. “Гэта справядліва!”— скажуць людзі, калі будуць караць злачынца. “Гэта несправядліва!”— скажуць яны ж, калі высьветліцца, што пакараны быў невінаваты. Але будзе позна — чалавек ужо забіты. Таму, на маю думку, “сьвятая” мара пра справядлівасьць самая палітызаваная і небясьпечная зь вядомых нам мараў. Гісторыя сьведчыць — чым вялікшай была прага справядлівасьці, тым трагічней станавіліся яе вынікі. Разам з тым, жадаючых дабіцца справядлівасьці любым коштам менш не становіцца. Бяда толькі ў тым, што справядлівасьць – рэч дужа суб’ектыўная і “сваёй” бывае як у кожнага асобнага чалавека ці клана, так і ў сацыяльнай клясы, палітычнай партыі, нацыянальнай або рэлігійнай супольнасьці. Ды яшчэ з цягам часу яе крытэры могуць істотна зьмяняцца, а таму мары пра татальную справядлівасьць, калі яны набываюць дамінантны характар, становяцца небясьпечнай зброяй у руках агрэсіўных “летуценьнікаў”-практыкаў. Аднак цяга да праўды і справядлівасьці ў чалавека незьнішчальная. Большасьць рэвалюцыяў і сацыяльных пераваротаў натхняліся менавіта ёю. І сёньня ў беларускім грамадзтве, на думку многіх простых і “няпростых” людзей, далёка ня ўсё робіцца справядліва, а таму ёсьць значны патэнцыял калі не для рэвалюцыі, то прынамсі, для рэформаў. Мяне, праўда, не пакідае надзея, што прага “ўсеагульнай” і “хуткай” справядлівасьці ў гэты раз не затлуміць галовы беларусам, як 90 або 15 год назад, і пакіне месца для іншых мараў, ідэяў і памкненьняў. Усё добра ў меру, і да справядлівасьці гэта адносіцца ня ў меншай ступені, чым да іншых каштоўнасьцяў.

 

<!** Title>МАРА ПРА ПЭНСІЮ <!** EndTitle>

 

Для многіх беларусаў гэта сапраўды нязбытная мара, асабліва для мужчын, бо менш паловы зь іх дажывае да 60 год. Я і сам заўважаю за сабой, што апошнім часам калі-нікалі зьяўляюцца думкі накшталт: “Вось тады, калі ня трэба будзе хадзіць на работу….”. Гэта пры тым, што мне да пэнсіі яшчэ 10 год і асаблівых ілюзіяў на гэты конт я ня маю. Але ж, халера, нешта заскоквае ў галаву і міжволі прымушае фантазіраваць на тэму “заслужанага адпачынку”. Напэўна, гэта натуральнае чалавечае жаданьне—пасьля дзесяцігодзьдзяў татальнага прэсінгу на працы і сямейна-пабытовага форс-мажору адчуць нарэшце спакой і жыцьцёвую раўнавагу, адхланьне для душы і цела. Галавой разумею і вачыма бачу, што лёс беларускіх пэнсіянераў незайздросны—бо нават, захаваўшы якое-ніякое здароўе, даводзіцца перажываць жорсткі матэрыяльны, сацыяльны і псыхалягічны каляпс. І рэзкі пераходны пэрыяд зь “дзейснага” стану ў “пэнсійны” нярэдка становіцца фатальным бар’ерам, асабліва для людзей актыўных, у жыцьці апантаных сваёй працай ці кар’ерай. А яшчэ драма старэчай самотнасьці і трагедыя незапатрабаванасьці… . Адным словам, выхад на пэнсію больш спараджае праблемаў, чым іх разьвязвае, а таму мара пра яе — гэта марнае спадзяваньне на спакой, які не прынясе нічога добрага. І ўсё ж – ці варта пазбаўляць чалавека мары, хай яна і падманная? Мара ў такім выпадку дапамагае нам зараз, дае сілы перажыць боль і крыўду сёньняшняга дня, цепліць надзею на лепшую будучыню. А мо за 10 наступных гадоў пэнсіі ў Беларусі стануць еўрапейскімі і мы зможам, як немцы. вандраваць па сьвеце і бавіць свае апошнія гады ня толькі ў цесных пакойчыках “хрушчовак” ці казённых калідорах дамоў-інтэрнатаў. Хоць гэта і не запісана ні ў адной канстытуцыі, але чалавек мае права на мару ня меншае, чым права на пэнсію, да якой яму, хутчэй за ўсё, і не дажыць. А можа, пад гэтай прывіднай марай хаваецца самае апошняе, патаемнае і вельмі рэальнае жаданьне — дасягнуць вечнага спакою, а з тым раз і назаўсёды вырашыць усе праблемы свайго быццам-бы-жыцьця…

 

<!** Title>МАРА ПРА БОГА <!** EndTitle>

 

“Такой мары няма, бо няма і Бога”, — скажуць атэісты. “Такой мары няма, таму што Бог ёсьць паўсюль, і ён патрабуе ня мараў, а веры”, — скажуць вернікі. “Такой мары няма, бо нельга марыць пра тое, чаго нельга адчуць, уявіць або памацаць”, — скажуць агностыкі. “Такую мару трэба было б прыдумаць”,—скажу я, бо мара — гэта шлях ад надзеі да зьдзяйсьненьня, своеасаблівы праект-ілюзія, відзёж на мяжы дасягальнага і немагчымага, міраж, да якога не дацягнуцца, але не пайсьці за ім немагчыма. Бо яго прыцягальнасьць мацней за гравітацыю ці магнітнае поле Зямлі, гэта нефізычная сіла чалавечага ўяўленьня, якая надае яму звышчалавечую моц. Па сутнасьці сваёй Бог і мара—адно і тое ж, можна сказаць, што Мара — адно зь імёнаў Бога. Таму, калі вы яшчэ аб нечым марыце, то вы не згубілі шлях і да Бога. А калі вы яшчэ і верыце, то марам вашым хутчэй за ўсё наканавана зьдзейсьніцца. Вось толькі ў што верыць і аб чым марыць—вырашаць вам самім.

 

<!** Title>МАРА ПАД НАЗВАЙ БЕЛАРУСЬ <!** EndTitle>

Такая мара ўжо ёсьць. І гэта радуе. Але ня так шмат людзей апантаныя гэтай марай і вераць у яе. І гэта турбуе. На жаль, далёка ня ўсе нашыя суайчыньнікі зьвязваюць свае надзеі на шчасьце, каханьне, волю, славу, багацьце ці справядлівасьць зь Беларусяй. Вельмі шмат зьнявераных, яшчэ больш абыякавых да лёсу радзімы і таго, што робіцца тут. Што на гэта можна сказаць? Толькі тое, што марыць пад прымусам немагчыма. І Беларусь у марах, вядома, павінна быць у кожнага свая. На жаль, няма ніякай гарантыі, што ў рэальнасьці яна стане такой, якой была ў нашых мроях. І хутчэй за ўсё — не, яна будзе іншай. Але якой ёй наканавана быць, залежыць, у рэшце рэшт, і ад нас, бо наша будучая краіна як вялікая мазаіка складаецца з маленькіх мараў самых розных людзей. Вядома, нехта можа ўкласьці ў гэты твор вялікую “цагліну”, а нехта маленькі каменьчык ці нават пясчынку, аднак усё адно – гэта будзе вынік агульнай працы ўсіх, хто жыве, марыць і памірае на гэтай зямлі. Нашыя мары — нашыя нябёсы, пад якімі мы жывем і цешымся, а нашыя справы — наша глеба, на якой мы стаім, у якую сыходзім і ў якой нарэшце зьнікаем. Можа быць і назаўсёды, але ёсьць спадзеў — што не бяссьледна.

 

________________________________________________

 

Васіль Аўраменка – эсэіст, жыве і працуе ў Магілёве.