Інтэрв’ю Анатоля Ляўковіча газеце “Советская Белоруссия” ўвайшло ў гісторыю беларускага дэмакратычнага руху як акт капітуляцыі аднаго з яе дзеячаў. У гісторыю сацыял-дэмакратычнага руху Беларусі яно ўвайшло як адмова ад базавых каштоўнасцяў дэмакратычнага сацыялізму (адна фраза “Дэмакратыя – не “святарная карова” чаго вартая), як адрачэнне ад запаветаў Івана і Антона Луцкевічаў, ад спадчыны Беларускай Сацыялістычнай Грамады і сфармуляваных ёю канстытуцыйных асноў Беларускай Народнай Рэспублікі.

МІЖНАРОДНЫ АСПЕКТ

 

У Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і без таго слабыя міжнародныя пазіцыі. З 2005 года яна, як вядома, не ў Інтэрнацыянале.

 

Няма сумневаў, што “добразычліўцы» БСДП давядуць змест Ляўковічавага інтэрв’ю да Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу, Сацыял-дэмакратычнай партыі Еўропы і паасобных сацыял-дэмакратычных, сацыялістычных і рабочых партый.

 

Умацаванню пазіцый БСДП у міжнародным сацыялістычным руху Ляўковічава інтэрв’ю не паслужыць.

 

Наносіць Ляўковіч і ўдар усёй беларускай дэмакратычнай апазіцыі.

 

АПЕРАЦЫЯ “АРТЫКУЛ” САРВАЛАСЯ

 

Колькі месяцаў назад Анатоль Ляўковіч паведаміў мне, што «Советская Белоруссия» заказала яму артыкул. І некалькі разоў я бачыў, што Ляўковіч сапраўды нешта сачыняе.

 

Сваё жаданне апублікавацца ў «СБ» Ляўковіч патлумачыў прагматычна: маўляў, пасля таго, як у гэтай газеце з’явіцца ягоны артыкул, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамадзе) будзе лягчэй жыць і працаваць.

 

Я не стаў адгаворваць Ляўковіча ад дурной ідэі. Па-першае, таму, што ведаю ягонае славалюбства. Склаўшы які-небудзь тэкст, Ляўковіч ў надзеі, што яго пахваляць, абавязкова папытаецца ў дзесяткаў людзей, ці чыталі яны гэты тэкст. Па-другое, Ляўковіч лічыць, што палітык павінен іграць. Ён перакананы, што той, хто не іграе, не можа называцца палітыкам. Праўда, прызнаючы паняцце «палітычны тэатр», Ляўковіч нібыта забывае, што існуе таксама паняцце «палітычны рынак» і, адпаведна, паняцце «палітычны торг, гандаль». Забывае ён таксама і пра тое, што палітык можа як зайграцца на палітычнай сцэне, так і затаргавацца на палітычным рынку, а ў выніку і прайграць, і пратаргавацца.

 

Назіраючы, як Ляўковіч карпее ля кампутара, я думаў: «Што скажуць пра партыю граматныя людзі ў рэдакцыі «СБ», калі атрымаюць гэты артыкул?»

 

Справа ў тым, што кандыдат філасофскіх навук Анатоль Ляўковіч – малапісьменны чалавек. Ён піша з памылкамі і па-беларуску, і па-расейску (іншых моваў не ведае.) Перш чым пусціць ягоны тэкст (даклад, артыкул, паведамленне) да сябраў БСДП, я кожны раз выпраўляў арфаграфічныя памылкі, расстаўляў знакі прыпынку, даводзіў да ладу лексіку і сінтаксіс. Я чакаў, што Ляўковіч дасць гэты артыкул на вычытку мне. Аднак ішоў час, Ляўковіч перастаў кляцаць клавішамі, а я забыў, што яму заказалі артыкул. І вось, 16 красавіка мне патэлефанавалі таварышы і спыталіся, ці чытаў я Ляўковічава інтэрв’ю.

 

Можна канстатаваць: аперацыя «Артыкул» сарвалася. Ляўковіч не можа пацешыць сваё аўтарскае самалюбства.

 

Не думаю, што гэтае інтэрв’ю ён будзе паказваць незнаёмым людзям, як той фотаздымак, на якім ён разам з Джорджам Бушам-малодшым.

 

Сваім інтэрв’ю Анатоль Ляўковіч упісаў у гісторыю сучаснай беларускай сацыял-дэмакратыі яшчэ адну ганебную старонку. (Першую старонку ён упісаў тады, калі, як кажа партыйнае паданне, за энную суму саступіў пасаду старшыні БСДП Аляксандру Казуліну.)

 

ЧАМУ?

 

Чаму Анатолю Ляўковічу вельмі залежала на тым, каб апублікавацца ў «Саўбелцы»?

 

Нагадаю, што Ляўковіч патлумачыў сваю згоду напісаць артыкул для «СБ» прагматычна: пасля таго, як у гэтай газеце з’явіцца ягоны артыкул, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамадзе) будзе лягчэй жыць і працаваць. Але гэта толькі паўпраўды.

 

Сапраўды, як і ўсе дэмакратычныя партыі, БСДП знаходзіцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы. БСДП нават у больш цяжкім становішчы, чым іншыя партыі. Адпаведна, у цяжкім матэрыяльным стане знаходзіцца і ён, Анатоль Ляўковіч. Берасцеец, ён мусіць наймаць у Менску жыллё, харчавацца, выдаткоўваць грошы на транспарт, сувязь і г. д. Акрамя таго, у яго ёсць абавязкі і перад сям’ёю. Карацей, барацьба барацьбой (невядома, калі і чым яна скончыцца), а жыць (задавальняць матэрыяльныя патрэбы) неабходна цяпер.

 

Логіка ўчынкаў Ляўковіча простая: калі не палепшыцца матэрыяльнае становішча партыі, дык мо палешыцца маё асабістае становішча?

 

У 2005 годзе дацэнт Берасцейскага дзяржаўнага універсітэта Ляўковіч вырашыў стаць прафесійным палітыкам і перайшоў на пасаду старшыні БСДП. Ён, мабыць, спадзяваўся, што ў матэрыяльным сэнсе нічога не страціць, а нават і набудзе. Аднак відавочна, што ён памыліўся. Маючы дыплом філосафа, Ляўковіч забыў, што ў адну і тую ж раку двойчы не ўваходзяць. Тое, што меў Мікалай Статкевіч, стала недаступным для Анатоля Ляўковіча. Згадзіўшыся саступіць пасаду старшыні партыі Аляксандру Казуліну, ён паставіў БСДП па-за Інтэрнацыяналам і не можа спадзявацца на салідарнасць з ім іншых сацыял-дэмакратычных, сацыялістычных і рабочых партый. І яму нічога не заставалася, як павярнуцца тварам да ўлады. А тут яшчэ Еўропа пачала гульні з афіцыйным Менскам. Чаму ж не выкарыстаць зручны момант?

 

Вось і ўся прагматыка Ляўковічавага інтэрв’ю.

 

ПАРТНЁРЫ

 

Цяпер ужо не мае значэння, што Ляўковіч пісаў у сваім артыкуле і чаму на старонках «Саўбелкі» з’явіўся не артыкул, а інтэрв’ю.

 

Значэнне мае апублікаваны тэкст.

 

Партнёрам-суразмоўцам кандыдата філасофскіх навук Анатоля Ляўковіча стаў доктар тых самых навук Вячаслаў Оргіш, які заявіў, што яны абодва – Оргіш і Ляўковіч – прафесійныя філосафы.

 

Што Оргіш і Ляўковіч маюць дыпломы філосафаў – факт, але што яны з’яўляюцца прафесійнымі філосафамі – сумнеўна. Філасофская супольнасць Беларусі, бадай, не прыгадае датаў апошніх прафесійных публікацыяў і Оргіша, і Ляўковіча. У мяне да таго ж ёсць глыбокія сумневы, што Ляўковіч нешта ведае пра апошнія найбольш значныя публікацыі ў філасофскіх часопісах.

 

Прашу прабачэння за рыфму, але мне, чалавеку, які таксама мае дыплом філосафа, відавочна: Оргіш, і Ляўковіч настолькі запалітыкаваліся, што як прафесіяналы цалкам дыскваліфікаваліся.

 

Оргіш, як вядома, спецыялізаваўся ў галіне сацыялогіі. Уладкаваўшыся на працу ў рэдакцыі «Народнай Волі», ён лаяў апазіцыю за тое, што яна труслівая і баіцца вывесці людзей на вуліцы. Пры гэтым Оргіш называў пэўную лічбу грамадзян, гатовых ісці пад-бел-чырвона-белым на Чырвоны дом. Але знайшоўся іншы сацыёлаг, які ў часопісе ARCHE паказаў, што Оргіш уключыў у лік патэнцыйных «пратэстантаў» і грудных дзяцей, і старых на божай пасцелі.

 

І вось «бунтаўшчык» і «падбухторшчык» Оргіш, які пісаў, што «насилие остановит сила» і цытаваў пры гэтым Эрыха Фрома, перакваліфікаваўся ў контррэвалюцыянера і ахоўніка існых парадкаў. А ягоным суразмоўцам і спарынг-партнёрам стаў Анатоль Ляўковіч.

 

ХАРАКТАР ВЫКАЗВАННЯЎ

 

Я не памылюся, калі ахарактарызую выказванні Анатоля Ляўковіча як сервілісцкія ў дачыненні да ўлады і асабліва да Аляксандра Лукашэнкі.

 

Увагі варта ўжо тое, што Ляўковіч назваў Лукашэнку стырнавым (кормчим). Помніцца, у час «вялікай пралетарскай культурнай рэвалюцыі» (1960-я гг.) у Кітаі вялікім стырнавым называлі Мао Цзэдуна.

 

Летась у сваім інтэрв’ю Радыё Свабода Анатоль Ляўковіч назваў Лукашэнку стыхійным сацыялістам. Сустрэўшы пярэчанні на гэты конт, ён, аднак не адумаўся, і ў гутарцы з Оргішам называе свайго стырнавога стыхійным сацыял-дэмакратам.

 

У сваім славаслоўі на адрас «стырнавога» і «стыхійнага сацыял-дэмакрата» Ляўковіч проста зарапартаваўся. Гэта Лукашэнка, калі верыць Ляўковічу, «выполнил историческую миссию по первоначальному обустройству страны после распада СССР, формированию белорусской государственности». Значыць, робім мы выснову, у перыяд ад 25 жніўня 1991 года (фактычнае абвяшчэнне незалежнасці Беларусі) да моманту абрання Лукашэнкі (10 ліпеня 1994 года) у нашай краіне нічога не рабілася дзеля ўвядзення нацыянальнай валюты, стварэння банкаўскай сістэмы, мытнай, памежнай, падатковай службаў, фармірвання Узброеных Сілаў і г. д. Усё гэта, калі верыць Ляўковічу, «первоначально» зрабіў Лукашэнка.

 

Ляўковіч сцвярджае, што за Лукашэнкам беларускае грамадства «экономически, социально и политически эволюционировало и очень неплохо развивалось».

 

Так лічыць паклоннік «стырнавога» Ляўковіч. А вось «дылетант» у галіне эканомікі прафесар Станіслаў Багданкевіч уголас і публічна сцвярджае, што лукашэнкаўская ўлада «хвалілася-хвалілася, а нацыянальную эканоміку не стварыла». Яна пусціла на свет такое нежыццяздольнае стварэнне, якое без крэдытаў, яўных і сукрытых прэферэнцыяў не здольнае прастаяць і некалькі месяцаў. Расійскі пасол лічыць, што толькі летась Беларусь атрымала ад Расіі 11,5 мільярда прэферэнцыяў. А колькі мільярдаў долараў выцягнула апошнім часам лукашэнкаўская ўлада ў выглядзе крэдытаў? І колькі долараў ёй спатрэбіцца яшчэ?

 

Пра сацыяльнае развіццё Беларусі за Лукашэнкам добра кажа ўжо той факт, што мы кожны год губляем па некалькі дзесяткаў тысяч насельніцтва (сярэднестатыстычны раён), што ў Беларусі пляшка «чарніла» каштуе танней, чым кніжка для дзяцей, што па колькасці выпітага чыстага спірту на душу насельніцтва мы пакінулі далёка ззаду многія дзесяткі краінаў.

 

Аб прагрэсе ў палітычнай сферы красамоўна кажуць самазабойства Яны Паляковай з Салігорска, запратораныя фігуранты «справы 14-ці», тры ваўкавыскія вязні, арыштаваныя ў войска дзевяць юнакоў з “Маладога Фронту” і “Моладзі БНФ”. Усё-ткі прагрэс. А маглі б гэтыя хлопцы і знікнуць, як гэта было з палітыкамі ў 1999 годзе.

 

Усе гэтыя факты Анатолю Ляўковічу добра вядомыя, але ён настолькі хоча спадабацца ўладзе, што заплюшчвае на іх вочы. Ён нават «забыў», што сярод асуджаных у справе ў «справе 14-ці» знаходзіцца і сябар ЦК БСДП, старшыня маладзёжнай камісіі партыі Алесь Стральцоў.

 

Ляўковіч ставіць у заслугу Лукашэнку тое, што ён захаваў рабочыя месцы, і пры гэтым «забывае» пра дзесяткі сябраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, якія пазбаўлены лукашыстамі права на працу і вучобу.

<!** Title> <!** EndTitle>

НЯПРАЎДА

 

У Ляўковічавым інтэрв’ю шмат няпраўды. Ёсць у ім і двайная няпраўда.

 

Свайму візаві Ляўковіч кажа: «То, что прозвучало в нашем диалоге, я говорил и пять, и десять лет назад».

 

І пяць, і дзесяць гадоў назад я быў з Ляўковічам у адной партыі, не раз чуў яго выступленні, але нешта не магу прыгадаць, каб Ляўковіч ўголас называў Лукашэнку стырнавым, прагматыкам, стыхійным сацыял-дэмакратам, “народным избранником” і г. д.

 

Адно з двух: або Ляўковіч вёў такія размовы дзесьці ў кулуарах, або Ляўковіч кажа няпраўду, каб спадабацца свайму новаму стырнавому.

 

ПРАВАКАЦЫЯ

 

Адзін з радзелаў інтэрв’ю мае загаловак “Оппозицию ждет размежевание”.

 

І сапраўды, Анатоль Ляўковіч гэтым інтэрв’ю правакуе раскол дэмакратычнай апазіцыі.

 

Нагадаю, што ў 2000 годзе дэмакратычная апазіцыя вырашыла байкатаваць выбары ў “палатку”. Такое ж рашэнне прыняў і IV з’езд БСДП. Але ўсё паламалі нямецкія дыпламаты – амбасадары Вік і Вінкельман. Яны пераканалі Мікалая Статкевіча, быццам дамовіліся з уладаю аб мандатах для 3–4 апазіцыянераў, у тым ліку і для яго. І вось, маючы нямецкую падтрымку і “гарантыі”, Статкевіч і кампанія дзеля мандатаў парушылі рашэнні Кангрэсу дэмсілаў і партыйнага з’езду і тым самым раскалолі адзіны фронт дэмакратаў, а заадно і БСДП.

 

Ляўковіч у 2000 годзе быў верным пахолкам Статкевіча. Цяпер ён сам правакуе раскол АДС і – магчыма – партыі.

 

ТЭРМІНЫ, ПАНЯЦЦІ

 

Прафесійны філосаф (як, зрэшты, кожны вучоны ці проста граматны чалавек) думае пра тэрміны і стараецца знаходзіць ім адпаведныя сінонімы.

 

З гутаркі Оргіша і Ляўковіча вынікае, што дэмакраты ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гг. прапаноўвалі грамадству праграмы ліберальна-дэмакратычныя, буржуазна-капіталістычныя(!), буржуазна-нацыяналістычныя ў дэмакратычнай упакоўцы і буржуазна-дэмакратычныя.

 

Палітычна адукаваны чалавек, пачытаўшы гэтую ахінею, мае права спытацца: якія ж канкрэтна праграмы прапаноўвалі грамадству гэтыя злашчасныя дэмакраты?

 

Не абазнаны чытач так і не зразумее, што маюць на ўвазе Ляўковіч і Оргіш, калі пішуць пра сацыяльныя каштоўнасці сацыялізму, потым пра “лучшие принципы социалистического жизнеустройтва” (значыць, ёсць і горшыя прынцыпы) і нарэшце пра сацыялістычныя каштоўнасці.

 

Спачатку Оргіш піша пра нейкія “аранжавыя” праекты, потым спахапіўся і згадаў, што рэвалюцыі ва Ўкраіне і Грузіі назвалі не “аранжавымі”, а “каляровымі”.

 

Такое ўражанне, што без чаркі гэтае інтэрв’ю не пісалася. Бо чалавек ў нармальным стане не мог бы сцвярджаць, што “аранжавыя праекты” “продвигались в Прибалтике, Украине, Грузии, Киргизии». Далей ён адносіць да “каляровых” рэвалюцыйныя падзеі ў Чэхаславакіі і ў Венгрыі канца 1980-х.

 

Нешта я не згадаю, каб дэмакратычныя рэвалюцыі канца 1980-х – пачатку 1990-х у Латвіі, Літве, Эстоніі называлі каляровымі. Ці я не заўважыў нейкіх рэвалюцыйных падзей у гэтых краінах на пачатку ХХІ стагоддзя? Наколькі вядома, у 1989 годзе ў Чэхаславакіі адбылася “аксамітная рэвалюцыя”, але ніхто і нідзе не агаворваў, якога колеру быў той “аксаміт”. Ніхто з палітолагаў і палітыкаў не назваў і не называе каляровай рэвалюцыяй таксама звяржэнне Аскара Акаева ў Кіргізстане. Да гэтага мог дадумацца толькі Вячаслаў Оргіш.

 

Верхам філасофствавання Анатоля Ляўковіча стала тое, што ён схільны аднесці Беларусь да ўсходніх цывілізацыяў. Пачытайце абзац які пачынаецца словамі: “Конечно же, демократия не может быть отнесена в разряд абсолютных сущностей…» І далей: «Восточные цивилизации отнюдь не склонны фетишизировать демократию…» Я вось сяджу і гадаю: да якой канрэтна цывілізацыі прыпіша Ляўковіч мяне і сотні маіх таварышаў па партыі – да арабска-ісламскай, індуісцка-будыйскай ці кітайска-канфуцыянскай?

 

Кажучы, што ўсе ўсходнія палітычныя культуры “придерживаются принципов организации политической жизни, которые противоречат демократическим идеям”, Ляўковіч, зноў жа, гаворыць няпраўду. Дастаткова тут згадаць хоць бы Японію і Паўднёвую Карэю.

 

Ды што я патрабую карэктнасці ад аўтараў “Саўбелкі”? На тое яна і “Саўбелка”, каб займацца прапагандай, змешваць у кучу боб з гарохам – абы толькі запалохаць чытача прывідам рэвалюцыі і бязладдзем, якое нібыта нясе дэмакратыя.

 

ПРА САЦЫЯЛІЗМ У СССР

 

Стаўшы на шлях услаўлення “стыхійнага сацыял-дэмакрата” Лукашэнкі, “не только социалист, но и демократ» Анатоль Ляўковіч ставіць у заслугу свайму стырнавому тое, што ён захаваў «лучшие принципы социалистического жизнеустройства».

 

Гэта прагаворка па Фройду. Кажучы пра «социалистическое жизнеустройство», Ляўковіч мае на ўвазе «развіты сацыялізм», пабудаваны ў СССР. Ляўковіч не можа ігнараваць, што ў таго ладу, якія пабудавалі бальшавікі, былі і «нелучшие» бакі: падаўленне іншадумства ў грамадстве і ў самой бальшавіцкай партыі, збройны тэрор у дачыненні да цэлых сацыяльных пластоў і народаў, абмежаванне доступу да культурных каштоўнасцяў, выкарыстанне рабскай (ГУЛАГ) і прыгоннай працы, мілітарызацыя эканомікі і г. д.

 

І вось гэтае «жизнеустройтво» “не только социалист, но и демократ» Ляўковіч называе сацыялістычным.

 

Вядома, якімі антаганістамі былі ў сацыялістычным руху Карл Каўцкі і Роза Люксембург, але і першы, і другая жорстка крытыкавалі бальшавіцкую ўладу ўжо на самым пачатку яе існавання. Крытыкавалі, ясная рэч, з пазіцый сацыялізму. А яшчэ ж былі працы Льва Троцкага, Мілавана Джыласа, Шарля Бэтэльхайма, Імануэля Валерстайна, Монці Джонстана, Карнэліяса Кастарыядзіса. Тоні Кліфа, Роберта Курца, Эрнеста Мандэля, Марата Чашкова…

 

І вось яны, высновы сацыялістычнай думкі.

 

1. У СССР быў дзяржаўны капіталізм (пра яго, дарэчы, пісаў і Ленін). СССР ніколі не выходзіў з капіталістычнай светаэканомікі, і таму эканамічны лад гэтай дзяржавы нельга назваць сацыялістычным.

 

2. У СССР быў узноўлены ўсходні, або, калі карыстацца Марксавым тэрмінам, азіяцкі спосаб вытворчасці.

 

3. Бальшавікі думалі, што будуюць камунізм, але, самі таго не ведаючы і не жадаючы, ажыццяўлялі прадбачанні Карла Каўцкага, Антона Луцкевіча, Мікалая Бярдзяева ды іншых знаўцаў марксізму пра аднаўленне ў Расіі (СССР) капіталізму, буржуазнага ладу. Яны выканалі тыя задачы, якія ў Вялікабрытаніі ці ў Францыі выканала буржуазія (ліквідавалі саслоўны лад, правялі мадэрнізацыю, індустрыялізацыю, ажыццявілі пэўную культурную рэвалюцыю), і такім чынам расчысцілі шлях да таго, што мы, сацыялісты, называем неакапіталізмам.

 

Ні ў каго з сацыялістычных мысліцеляў язык не паварочваецца назваць лад, пабудаваны бальшавікамі, сацыялізмам. У Заходняй Еўропе яго называлі камунізмам. І так званыя сацыялістычныя краіны былі для заходнееўрапейцаў камуністычнымі, бо яны, еўрапейцы, бачылі адрозненне паміж сацыялізмам Ляона Блюма, Карла Рэнэра, Бруна Крайскага, Вілі Бранта, Франсуа Мітэрана, Улафа Пальмэ і ладам, які пабудавалі пад кіраўніцтвам Сталіна–Хрушчова–Брэжнева.

 

У свой час я даў Ляўковічу кніжку “Дэкларацыі Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу”. Калі б “правадыр” БСДП прачытаў толькі гэтую кніжку, ён не стаў бы называць «жизнеустройство», створанае бальшавікамі, сацыялізмам.

 

ПРА САЦЫЯЛІСТЫЧНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ

 

 

У 1918 годзе Карл Каўцкі пісаў, што “дзяржаўная гаспадарка яшчэ не сацыялізм”. Калі б сацыялізм зводзіўся да таго, што асноўныя сродкі вытворчасці належаць дзяржаве, можна было б казаць, што сацыялізм перамог ужо ў Старажытным Егіпце.

 

“Няма сацыялізму без дэмакратыі”, – сцвярджаў Карл Каўцкі.

 

Сацыялізм можа быць ажыццёўлены толькі праз дэмакратыю, а поўная дэмакратыя – толькі праз сацыялізм. Так сцвярджае Франкфурцкая дэкларацыя прынцыпаў Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу (1951). Калі Анатоль Ляўковіч лічыць яе ўстарэлай, адсылаю яго да раздзелу “Сутнасць сацыялізму” Стакгольмскай дэкларацыі прынцыпаў Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу (1989).

 

У краіне можа быць адносна стабільны і гарантаваны ўзровень жыцця працоўных. Але для сацыялістаў важнае не толькі сытае жыццё людзей наёмнай працы, але і тое, як гэтае жыццё забяспечваецца. Нагадаю, што стабільнае і параўнальна сытае жыццё сваім народам забяспечылі і Мусаліні з Гітлерам, але “ПРЫ АДСУТНАСЦІ ДЭМАКРАТЫІ САЦЫЯЛЬНАЯ ПАЛІТЫКА НЕ МОЖА ЗАМАСКАВАЦЬ ДЫКТАТАРСКІ ХАРАКТАР УРАДУ”. Так запісана ў Стакгольмскай дэкларацыі. І гэты тэзіс, думаю, цалкам адпавядае сучасным беларускім рэаліям.

 

Калі б Ляўковіч пакарыстаўся сацыял-дэмакратычным інструментарыем сацыяльнага аналізу, ён ніколі не агучыў бы тэзіс пра стыхійную сацыял-дэмакратычнасць Лукашэнкі.

 

Што ў нас з палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і культурнай дэмакратыяй?

 

Што ў нас з сацыялістычным прынцыпамі прыярытэту права, правоў чалавека і прававой дзяржавы?

 

Што ў нас з сацыялістычным прынцыпам свабоды? Асабліва са свабоднымі і справядлівымі выбарамі?

 

Што ў нас з сацыялістычным прынцыпам справядлівасці? Памаўчым пра сацыяльную справядлівасць, а спытаемся пра справядлівае судаводства, аб роўнасці людзей перад законам.

 

Што ў нас з сацыялістычным прынцыпам салідарнасці? Хто гэта падзяліў журналістаў на чэсных і нячэсных, прадпрымальнікаў – на добрых і “вашывых блох”. Хто гэта фаварызуе БРСМ і заганяе ў падполле ўсе астатнія маладзёжныя арганізацыі, у тым ліку “Маладых сацыял-дэмакратаў – Маладую Грамаду”? Хто гэта пакалоў Саюз пісьменнікаў і Саюз палякаў? Ці не “стыхійны сацыял-дэмакрат”.

 

Ляўковіч абураецца: “Избрание Президентом А. Лукашенко в демократическом лагере… окрестили постсоветской консервативной реставрацией, наступлением неокоммунизма”.

 

І тут я з Ляўковічам салідарны. Камунізм – надта агульнае паняцце. Таму лепш назваць рэжым, устаноўлены Лукашэнкам, неабальшавіцкім, бо гэты рэжым валодае ўсімі тымі адзнакамі, пра якія ў 1918 годзе пісала Роза Люксембург: тая ж нецярпімасць да іншадумцаў, тая ж непавага да правоў меншасці, тое ж выбарчае права, якое робіць бяспраўнымі шырокія пласты насельніцтва, тая ж адсутнасць свабоды друку, права саюзаў і сходаў, тое ж падаўленне грамадскага жыцця, тая ж адсутнасць грамадскага кантролю, што спараджае карупцыю, тая ж адсутнасць палітычнай свабоды.

 

БЕЛАРУСКАЯ САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЯ МАДЭЛЬ

 

 

Я ўжо адзначаў, што бальшавікі, самі таго не жадаючы, расчысцілі дарогу неакапіталізму. Тое ж я кажу і пра існы ў Беларусі палітычны рэжым, які ў марксісцкіх тэрмінах можна назваць этакратыяй або статакратыяй – уладай не сацыяльнага класа, а групы людзей, якія ажыццяўляюць кіраванне і кіраўніцтва дзяржаўным жыццём.

 

Леў Троцкі пытаўся: “…что такое в самом деле демагогия?» І адказваў: «Сознательная игра с мнимыми величинами в политике, раздача фальшивых обещаний, утешение несуществующими воздаяниями».

 

Што рабіліся і робіцца апошнім часам у Беларусі?

 

Пад размовы аб “вашывых блохах” і сацыяльнай справядлівасці ў Беларусі адноўлена мадэль, якую можна ахарактарызаваць усё тым жа марксісцкім тэрмінам “усходні (азіяцкі) спосаб вытворчасці”: дзяржава сімвалізуецца фігурай носьбіта вярхоўнай улады; усе асноўныя сродкі вытворчасці належаць дзяржаве (вярхоўнай уладзе); дабрабыт, багацце, асабістая свабода і нават жыццё ўсіх падданых, у тым ліку прадпрымальнікаў, залежаць ад волі вярхоўнай улады.

 

Пры азіяцкім спосабе вытворчасці масы атамізаваныя і падначалены дзяржаве.

 

Цягам апошніх гадоў у Беларусі на нішто зведзена трыпартысцкая сістэма, прафсаюзы пазбаўлены права бараніць працоўных ад звальненняў, саветы працоўных калектываў выдалены з прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, уведзена татальная кантрактная сістэма найму работнікаў, скасаваныя сацыяльныя правы і льготы многіх катэгорый грамадзян…

 

Калі падводзіць вынік, у Беларусі, якою кіруе “стыхійны сацыял-дэмакрат”, створаны ідэальныя ўмовы для эксплуатацыі працоўных і атрымання высокай нормы прыбытку. Ні ў адной заходняй краіне такіх умоваў няма. Ці не таму так сквапна пазірае на Беларусь заходні капітал? (“Беларусь становится привлекательной для иностранных инвесторов», – кажа Вячаслаў Оргіш.) Ці не таму Беларусі так назойліва прапануюць “усходняе партнёртва”?

<!** Title> <!** EndTitle>

РЭВАЛЮЦЫЯ І ПРЭВЕНТЫЎНАЯ КОНТРРЭВАЛЮЦЫЯ

 

Філосаф Анатоль Ляўковіч тлумачыць няўдачы беларускай апазіцыі тым, што яна ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х прапанавала грамадству «радикальный демократический проект” і (nota bene) «его шоковое воплощение”.

 

“Шоковое воплощение” – гэта чыстая фантазія Ляўковіча, бо вядома, што не апазіцыя кіравала краінай, а партыйна-дзяржаўная наменклатура, як кажа сам Ляўковіч. Наменклатура праводзіла і эканамічную палітыку. Вынікам гэтае палітыкі было тое, што да ўлады прыйшоў чалавек, які шмат паабяцаў. Але ўжо праз два гады гэты чалавек адчуў пагрозу і пайшоў на сілавое ўтрыманне ўлады.

 

Што ж датычыць, радыкальнага дэмакратычнага праекту, дык раю Ляўковічу пачытаць Льва Троцкага, які пісаў, што кожная рэвалюцыя “развивается не иначе, как делая после двух шагов вперед один шаг назад”. Інакш кажучы, кожная рэвалюцыя забягае на два, а то і на тры крокі наперад, каб потым адступіць на крок-два назад. Так забягалі наперад “аўтары” Пурытанскай рэвалюцыі у Англіі, Вялікай лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі, Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 года ў Нямеччыне.

 

Класічнай у гэтым сэнсе была Вялікая французская рэвалюцыя. Каб ажыццявіць яе ідэалы і каб ніколі ўжо не вяртацца да Бурбонаў, Арлеанаў і Банапартаў, Францыі спатрэбілася перажыць яшчэ тры рэвалюцыі, прайсці праз рэжымы Дырэкторыі, Консульства, 1-й Імперыі, Рэстаўрацыі, Ліпеньскай манархіі, 2-й Рэспублікі, 2-й Імперыі і прыйсці, нарэшце, зноў да Рэспублікі.

 

У 1918 годзе радыкальны праект сваёй краіне прапанавала Беларуская Сацыялістычная Грамада: незалежнасць і дэмакратычная рэспубліка.

 

Першая частка праекту Сацыялістычнай Грамады рэалізавалася ў 1991 годзе, але перад гэтым Беларусь 70 год мела квазідзяржаўнасць у форме БССР. Запэўніваю Ляўковіча, што будзе рэалізавана і другая частка праекту БСГ, бо час, які прайшоў ад Вялікай французскай рэвалюцыі, сведчыць “аб бесперапынным прагрэсе дэмакратыі” (К. Каўцкі). У нас ужо тое прагрэс, што пасля рэвалюцыйных падзей 1988–1991 гг. зноў не ўсталяваўся таталітарны рэжым.

 

Мяне здзіўляе тэарэтычны ўзровень разважанняў Ляўковіча. Ён усё спрабуе запэўніць абываталяў – чытачоў “Саўбелкі”, што сацыял-дэмакратыя не выступае за рэвалюцыйную практыку грамадскіх пераўтварэнняў. Дзе і хто з тэарэтыкаў сацыял-дэмакратыі гэта сказаў? Дзе і хто з тэарэтыкаў сацыял-дэмакратыі адмаўляе вулічныя акцыі, мегафон і тое, што Ляўковіч пагардліва назваў “громогласными стенаниями”, г. зн. публічныя пратэсты, апеляцыі да міжнароднай грамадскасці?

 

Усё, як вучыў Ленін, залежыць ад канкрэтнай сітуацыі. У залежнасці ад расстаноўкі сіл рэвалюцыі бываюць мірныя (якасны скачок у эвалюцыйным працэсе) і нямірныя.

 

Рэвалюцыі не плануюцца – плануюцца перавароты. Рэвалюцыі выбухаюць спантанна.

 

Ленін у 1915 годзе аніяк не думаў (і казаў пра гэта), што праз два гады ў Расіі пачнецца Вялікая лютаўская рэвалюцыя, але яна выбухнула, і Ленін выкарыстаў сітуацыю, каб захапіць уладу. Партугальскія сацыялісты таксама не чакалі рэвалюцыі, але калі ў красавіку 1974 года выбухнула “рэвалюцыя гваздзікоў”, Марыу Саарэш і яго таварышы апынуліся ў першых шэрагах змагароў за новую Партугалію.

 

Няўжо Ляўковіч і яго аднадумцы, калі раптам выбухне народны гнеў, будуць назіраць за развіццём падзей з боку?

 

Статакратыю, што запанавала ў Беларусі, палохае прывід дэмакратычнай рэвалюцыі – мірнай і нямірнай.

 

Ляўковіч хлусіць сабе і нам, калі кажа галоўная мэта ўлады – “совместными усилиями (з апазіцыяй? – А. С.) сделать Беларусь равной среди равных европейских стран, поднять ее на уровень экономических и социальных лидеров Европы».

 

Як гэты рэжым «падняў” эканоміку Беларусі, мы ўжо ведаем.

 

Агромністыя фінансавыя, матэрыяльныя і людскія рэсурсы ідуць перш за ўсё ўтрыманне і замацаванне ўлады статакратаў: на паліцыю, спецслужбы, войска, іншыя сілавыя структуры. У будынку Гуманітарнага ліцэя атабарыўся суд Цэнтральнага раёна г. Мінска, у будынку Беларускай Энцыклапедыі – яшчэ адзін суд. Пра-мойму, гэтыя факты як найлепш характарызуюць рэжым і яго прыярытэты.

 

Куды больш шчыры Вячаслаў Оргіш, калі кажа, што ўлада прыняла прэвентыўныя меры ў адносінах да магчымай рэвалюцыі, учыніла, так сказаць, прэвентыўную контррэвалюцыю.

 

З таго часу, як Герберт Маркузэ ўвёў у навуковы ўжытак паняцце прэвентыўнай контррэвалюцыі, яго змест значна абагаціўся. Шкада, што Оргіш не пералічыў прэвэнтыўныя контррэвалюцыйныя меры ўраду. А Ляўковіч пра іх і сам добра ведае. Гэта ягоных таварышаў з Берасцейшчыны за некалькі дзён да выбараў 2006 года кінулі за краты. Памятаем мы і пасадкі Аляксандра Казуліна, Сяргея Скрабца ды іншых палітыкаў. Бачым, як рэжым ізалюе ад грамадства лідэраў маладзёжнага руху. Калі не ведаем дакладна, дык здагадваемся, якая частка бюджэту ідзе на ўтрыманне сілавых структураў, правакатараў, сексотаў, ціхароў, таптуноў, ідэалагічный вертыкалі і г. д.

 

Ды ўсё гэта марна, бо рэвалюцыя – як землятрус: яе нельга ні прадказаць, ні прадухіліць.

 

ШТО ТАКОЕ АПАЗІЦЫЯ?

 

Гутарка двух выдатных філосафаў нашага часу мае загаловак “Оппозиция должна сотрудничать с политической системой, а не ставить ей палки в колеса”.

 

Такім чынам, абодва мысціцелі разводзяць апазіцыю і палітычную сістэму. Палітычная сістэма з’яўляецца нечым замкнутым, у-сабе-і-для-сябе-быццём, а апазіцыя ў дачыненні да яе нейкая вонкавая пакладзенасць. Яны, можна сказаць, існуюць у розных вымярэннях, у розных сістэмах каардынатаў, знаходзяцца ў адносінах контрадыкторнасці: сістэма і несістэма.

 

Гэта, калі пераходзіць на мову палітыкі, узнаўленне бальшавіцкай палітычнай сістэмы з тым толькі адрозненнем, што бальшавікі калі не вывозілі іншадумцаў на “філасофскіх параходах”, дык знішчалі іх.

 

У Беларусі, дзякуй Богу, пакуль яшчэ не таталітарызм.

 

Існаванне несістэмнай апазіцыі – адзнака аўтарытарнага рэжыму. У дэмакратычных дзяржавах апазіцыя ўключана ў палітычную сістэму. Але, з’яўляючыся сістэмнай парламенцкай, апазіцыя застаецца апазіцыяй: яна крытыкуе выканаўчую ўладу, выносіць на разгляд парламентаў і органаў мясцовага самакіравання альтэрнатыўныя праекты, стварае ценявыя ўрады, праводзіць акцыі пратэсту і г. д. Дык ці дзіва, што тым самым займаецца несістэмная апазіцыя?

 

І вось нам кажуць, што несістэмная апазіцыя павінна супрацоўнічаць з палітычнай сістэмай.

 

Слова “супрацоўнічаць” азначае супольную, сумесную працу як мінімум двух суб’ектаў. Пры гэтым маецца на ўвазе, што суб’екты з’яўляюцца партнёрамі, г. зн., што кожны з іх выконвае сваю частку работы. Але партнёрства – і сацыяльнае, і палітычнае – немагчымае без, як мінімум, паважлівых адносін да правоў кожнага з бакоў. У ідэале ж партнёры, у тым ліку палітычныя, павінны мець роўныя правы: роўны доступ да грамадскіх СМІ, у выбарчыя камісіі розных узроўняў, да інфармацыі пра дзейнасць органаў дзяржаўнага кіравання і г. д. Калі гэтага ўсяго няма, якое ж можа быць супрацоўніцтва?

 

СУТНАСЦЬ

 

Ніякага супрацоўніцтва апазіцыі на прапануецца. Сутнасць інтэрв’ю зводзіцца да трох тэзісаў: 1) інтарэсы людзей і краіны вышэй за ўсё; 2) гэтыя інтарэсы выказвае ўлада; 3) апазіцыя павінна падпарадкавацца ўладзе.

 

Далей для пацвярджэння гэтых тэзісаў я цытую абодвух мысліцеляў. У трэцім пункце (цытата з Оргіша) нейкія нелады з граматыкай, але так на сайце “Саўбелкі”.

 

1) Ляўковіч: “…политические игроки оппозиции (от либералов до коммунистов) в своей деятельности должны исходить из интересов людей и страны”.

 

2) Ляўковіч: «В условиях катастроф, кризисов требуется мобилизация общественных сил и возможностей. Кто ее может обеспечить наиболее толково? Крепкие иституты власти. (…) Президент Лукашенко, на наш взгляд (тут Ляўковіч гаворыць ад імя усё партыі. – А. С.), поступает вполне прагматично, когда не дает под видом радикальной приватизации растаскивать госсектор».

 

3) Оргіш: “Полагаю, белорусская политическая элита (в том числе белорусское руководство) вполне отдает отчет в том, что белорусское общество приближается к новому этапу развития. Тогда и возрастает роль конструктивной и ответственной оппозиции. Но лишь при условии, что она сумеет соразмерить свои амбиции со своей амуницией, признает верховенство политических сил, которые сегодня контролируют процесс, и для начала согласятся на роль второго плана в системной политической игре”.

 

Ляўковіч (зноў гаворыць ад імя усё партыі): «Мы (социал-демократы «Грамады») так и представляем себе политическую ситуацию, потому будем настойчиво искать точки соприкосновения с политическим руководством для общего движения в том направлении, которое позволит партии стать полноценным субъектом системного политического процесса».

 

Заўвага да другога пункта. Ляўковіч лічыць, што ўлада, якая не стварыла жыццяздольнай эканомікі і якая ходзіць з працягнутай рукой па замежных кабінетах, здольная «толково» мабілізаваць грамадскія рэсурсы і магчымасці. Ён, мабыць, і думкі не дапускае, што дзяржаўны сектар будзе пушчаны з малатка, калі настане час плаціць даўгі. Чым яшчэ Беларусь здольная іх пагасіць?

 

Заўвага да трэцяга пункта. Так, грамадства ў выніку бяздарнага кіравання і кіраўніцтва падышло да тае рысы, калі краіне пагражае эканамічная катастрофа. Але статакратыя па-ранейшаму хоча кантраляваць працэс (як сказаў Лукашэнка, уладу, грошы і маёмасць не аддаюць), апазіцыі ж адводзіцца “роль второго плана”.

 

Карацей, статакратыя па-ранейшаму няўмела, бяздарна нешта будуе (антыкрызіснай праграмы ўрад дагэтуль не выпрацаваў), а апазіцыя павінна бяздумна падносіць ёй цэглу і раствор. А ці абваліцца той будынак і на статакратыю, і на апазіцыю адначасна? Ляўковічу такое пытанне не прыйшло ў галаву, затое ён ад імя ўсёй партыі (добра, што не ад імя усёй апазіцыі) заяўляе, што ён “признает верховенство политических сил, которые сегодня контролируют процесс”, згодны падносіць гэтым сілам цэглу і раствор у спадзяванні, што “политическая элита» (статакратыя) некалі пусціць яго з перадпакоя ў панскія пакоі і падасць яму калі не руку, то хоць адзін палец. Ён і словам не заікаецца, што патрэбныя краіне палітычныя рэформы, што трэба мяняць палітычны і дзелавы клімат у краіне, што статакратыя павінна спыніць злоўжыванне радыё і тэлебачаннем, спыніць нацкоўванне аднае часткі грамадства на другую і нарэшце задумацца пра нацыянальныя, а не свае партыкулярныя інтарэсы.

 

НЕ МОЖАШ ПЕРАМАГЧЫ ІХ – ДАЛУЧЫСЯ ДА ІХ

 

Палітычная барацьба падчас вымагае ад чалавека поўнай самааддачы. Трэба быць Іванам Луцкевічам, каб весці бізнес і на заробленыя грошы выдаваць “Нашу Ніву”, ажыццяўляць іншыя культурніцкія і палітычныя праекты, каб, сабраўшы багатыя калекцыі, што склалі аснову Беларускага музея ў Вільні, шкадаваць гэтага багацця для сябе, для папраўкі ўмоў свайго жыцця і нават здароўя. Трэба быць высокаталенавітым публіцыстам, крытыкам і палітычным мысліцелем Антонам Луцкевічам, каб, страціўшы працу ў Беларускай гімназіі, перабрацца з двума сынамі ў аднапакаёвую кватэру, весці паўгалоднае жыццё і не пайсці на службу таму палітычнаму рэжыму, у апазіцыю да якога ён стаў ад самага пачатку.

 

Палітычная барацьба бывае надта працяглаю. Можна і памерці, не дачакаўшыся здзяйснення сваіх спадзяванняў.

 

Не ў кожнага стае фізічных і маральных сілаў, каб выстаяць у барацьбе. Не ў кожнага стае цярпення. І тады людзі кіруюцца правілам “не можаш перамагчы іх – далучыся да іх”.

 

Помніцца, што ў свой час Анатоль Ляўковіч не адзін раз ганьбаваў за згодніцтва Уладзіміра Нісцюка, але я не магу згадаць, дзе і ў якім тэксце Уладзімір Нісцюк апусціўся да панегірыкаў сістэме і яе “стырнавому”.

 

Уладзімір Нісцюк, паспадзяваўшыся на тое, што за прымірэнчыя жэсты ўлада дасць яму магчымасць атрымаць мандат, мусіў 28 верасня 2008 года расчаравацца. 21 снежня ён пакінуў партыю і палітыку ды жыве жыццём прыватнага чалавека.

 

Няўжо і Анатоль Ляўковіч марыць пра мандат? Ці ён, маючы перад сабою прыклад Уладзіміра Нісцюка, сваім інтэрв’ю хоча папросту выклянчыць ва ўлады якую-небудзь пасаду ва універсітэце, у інстытуце і таксама стаць прыватнаю асобай?

 


 

Анатоль Сідарэвіч — гісторык, літаратуразнаўца, палітык. Адзін зь лідэраў і ідэолягаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі.