Прынцыпы фармавання палітыкі, прапанаваныя Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў і Офісам за дэмакратычную Беларусь 23 красавіка 2009 г.

РЭЗЮМЭ

Ініцыятыва «Усходняе партнёрства» адлюстроўвае гатоўнасць Еўрапейскага Саюзу да ўдзелу ў доўгатэрміновым палітычным і эканамічным развіцці і мадэрнізацыі постсавецкіх дзяржаў. Аднак калі дзяржавам-партнёрам не прапаноўваецца яснай перспектывы далучэння да Еўрасаюзу, праграма ўсходняга партнёрства не будзе мець значнага поспеху. Пры гэтым усходняе партнёрства можа прывесці да станоўчых вынікаў, калі засяродзіцца на рэалістычных мэтах і прапануе дзяржавам- партнёрам стымулы да еўрапеізацыі знутры праз амбітныя праекты эканамічнай мадэрнізацыі, спрыянне адкрытасці межаў для руху людзей, для гандлю, інвестыцый, асабістых кантактаў, адукацыі і г. д. Што да такіх «праблемных» дзяржаў, як Беларусь, то праграма ўсходняга партнёрства мусіць разглядацца як прылада рэструктурызацыі і змены ментальнасці, а не змены рэжыму. Таму Еўрасаюзу варта пазбягаць недарэчнага вылучэння палітычных умоў і прасоўваць такія праекты, якія забяспечваюць рэформы, трансфармаванне грамадства, геапалітычнае і цывілізацыйнае прыцягненне Беларусі да Еўропы. Разам з тым палітыка ўсходняга партнёрства павінна спрыяць актыўнаму ўдзелу грамадзянскай супольнасці ва ўсіх праграмах і на ўсіх этапах.

БЕЛАРУСКАЯ ДЫЛЕМА «ЎСХОДНЯГА ПАРТНЁРСТВА»

Ініцыятыва Еўрасаюзу «Ўсходняе партнёрства», першапачаткова прапанаваная ў 2008 г. Польшчай і Швецыяй, прызнаецца за галоўны інструмент Еўразвязу, каб пашыраць свой палітычны і эканамічны ўплыў на абсягу былога Савецкага Саюзу. Больш 2 шчыльнае ўзаемадзеянне дае магчымасці забяспечыць стабільнасць у рэгіёне, пашырыць зону бяспекі і дабрабыту, а таксама гарантаваць эканамічную і энэргетычную бяспеку як Еўрасаюзу, гэтак і дзяржаў-партнёраў.

Удзел Беларусі ў праграме «Усходняга партнёрства» мае істотнае значэнне ў святле доўгатэрміновых эканамічных і геастратэгічных мэтаў гэтай ініцыятывы. Аднак запрашэнне Беларусі да ўдзелу ў праграме стварыла пэўную маральную праблему для Еўрасаюзу, бо азначала, што ён пашырае сваю прапанову партнёрства і на кіраўніка дзяржавы, які не толькі трымае безумоўнае лідэрства па парушэннях праў чалавека, але і дасюль паслядоўна, упарта адмаўляў усе прапановы дыялогу. Беларускія ўлады выявілі зацікаўленасць ва ўдзеле ў праграме ўсходняга партнёрства, разглядаючы гэта як знак геапалітычнай лаяльнасці да Еўрасаюзу. Яны разлічваюць, што ў адказ Еўрасаюз устрымаецца ад спроб дэмакратызаваць краіну.

Калі Еўрасаюз вырашыць вылучаць жорсткія палітычныя ўмовы, прапаноўваючы пры гэтым недастатковыя стымулы да іх выканання, партнёрства паміж Беларуссю і Еўрасаюзам ніколі не адбудзецца. Вынікам станецца ізаляцыя ад уплыву Захаду, што зменшыць выдаткі, звязаныя з захаваннем наяўнага рэжыму і ўзмоцніць палітычную і ваенную залежнасць Беларусі ад Расіі. Разам з тым, Еўрасаюз не можа надалей больш шчыльна ўзаемадзейнічаць з Беларуссю, не вылучаючы ўвогуле ніякіх ўмоў. Гэта азначала б адыход ад фундаментальных прынцыпаў, якімі кіруецца Еўрасаюз у сваёй замежнай палітыцы і аказанні дапамогі замежным краінам.

Праграма еўрапейскага партнёрства, як і ранейшая палітыка еўрапейскага суседства, не прапануе дзяржавам-партнёрам яснай перспектывы далучэння да адзінай Еўропы. Без выразнага сігналу пра магчымасць у будучыні ўступіць у Еўрасаюз наўрад ці дасяжныя мэты Бруселя па забеспячэнні міру, стабільнасці і дабрабыту ў рэгіёне. Адпаведна, ініцыятыва еўрапейскага партнёрства мусіць засяродзіцца на рэалістычных задачах: эканамічнай лібералізацыі і мадэрнізацыі, энэргетычнай бяспецы, адміністратыўнай рэформе, павелічэнні свабоды руху тавараў, людзей, інфармацыі і капіталу праз усходнюю мяжу Еўрасаюзу. Дасягненне гэтых мэт ускосна паслужыць у доўгатэрміновым выніку справе палітычнай лібералізацыі ў такіх «праблемных» краінах, як Беларусь. Таму нельга перакрэсліць супрацоўніцтва і выкананне праектаў у рамках палітыкі ўсходняга партнёрства недарэчным вылучэннем палітычных перадумоў.

На сённяшнім этапе Еўрасаюз мусіць быць гатовым даць дзяржавам-партнёрам адчуць зацікаўленасць у еўрапейскім партнёрстве, прасоўваючы і ўхваляючы больш амбітныя ініцыятывы эканамічнай мадэрнізацыі і развіцця, чым тыя, што абмяркоўваюцца зараз. Выразна сцвердзіўшы прыхільнасць да адкрытых межаў для руху людзей, гандлю, інвестыцый, асабістых кантактаў, адукацыі, ініцыятыва Ўсходняга партнёрства мела б большыя шанцы на поспех. Таму істотна, каб усе краіны-партнёры, у т. л. і самыя «праблемныя», як, напрыклад, Беларусь, былі задзейнічаныя ў гэтым працэсе. Гэта забяспечыла б іх геапалітычнае прыцягненне да Еўропы і падвысіла б кошт выхаду з Усходняга партнёрства, калі Еўразвяз якасна зменіць умовы далейшага ўдзелу ў праграме.

Разгортванне самых перадавых праектаў і адпаведнае ўжыванне прынцыпу абумоўленасці ў імкненні Еўрасаюзу да сваіх мэт адлюстроўвала б адзін з самых моцных бакоў праграмы – гнуткасць у падыходзе да кожнага асобнага ўдзельніка. Разам з тым, двухбаковыя стасункі мусяць дапаўняцца больш моцнымі сувязямі на шматбаковым узроўні, на якім будуць засяроджвацца шмат якія рэгіянальныя праграмы. Такім чынам, забеспячэнне сапраўднага духу партнёрства, супрацоўніцтва і ўзаемнай адкрытасці ўсіх ўдзельнікаў усходняга партнёрства сталася б важным інструментам прасоўвання большай адкрытасці і глыбейшых рэформаў ва ўсіх краінах-партнёрах, а найперш у Беларусі.

УСХОДНЯЕ ПАРТНЁРСТВА І БЕЛАРУСЬ: ШЛЯХ НАПЕРАД

У наяўным кантэксце праграма Ўсходняга партнёртва павінна акрэсліць наступныя мэты датычна Беларусі: прасоўванне рэформ, змяненне ментальнасці грамадства, уцягненне Беларусі ў еўрапейскую арбіту. Палітычная стратэгія адносна ўдзелу Беларусі ў праграме мусіць ставіць наступныя мэты:

— Адаптацыя еўрапейскіх нормаў беларускай прававой сістэмай;

— Больш шчыльную інтэграцыю Беларусі ў еўрапейскую эканоміку;

— Скасаванне бар’ераў у кантактах між людзьмі і спрыянне распаўсюду еўрапейскіх практык і каштоўнасцей праз паступовы пераход да бязвізавага рэжыму;

— Стварэнне сталай платформы для дыялогу паміж прагматыкамі, арыентаванымі на рэформы, у дзяржаўных інстытутах і грамадзянскай супольнасцю.

Асаблівую значнасць мае зняцце абмежаванняў на свабодны рух людзей. У гэтым кантэксце наданне пагадненню аб спрашчэнні візавых працэдур тэхнічнага, а не палітычнага, характару і фіксаванне прагрэсу ў руху да бязвізавага рэжыму павінны быць адным з галоўных прыярытэтаў праграмы ўсходняга партнёрства, бо спрашчэнне паездак праз мяжу – гэта прылада, каб забяспечыць станоўчыя змены ў краіне і ў ментальнасці людзей, а не ўзнагарода за іх.

Гэтых мэт можна дасягнуць праз рэалізацыю наступных крокаў:

1. Успрымаць беларускія ўлады такімі, як яны ёсць.

Падчас пачатковых дыскусій наконт канфігурацыі Ўсходняга партнёрства шмат хто ўздымаў пытанне, ці можа Беларусь вырасці ў паўнапраўнага ўдзельніка праграмы. Выказваліся меркаванні, што яна можа ўдзельнічаць толькі часткова, а атрыманне поўных выгод супрацоўніцтва павінна залежаць ад прагрэсу ў палітычнай сферы. Аднак беларускія ўлады заявілі, што пагодзяцца толькі на паўнапраўнае партнёрства – і ні на што іншае. Еўрасаюз мусіць прымаць заявы Мінска ўсур’ёз і настойваць, што Беларусь павінна быць гатовая выконваць правілы добрых паводзін у дачыненні да супольнасці еўрапейскіх партнёраў.

Варта падумаць пра інстытуцыяналізацыю падобных правіл добрых паводзін на шматбаковым узроўні і абавязаць партнёраў з абодвух бакоў паважаць агульныя правілы, якія надалі б сапраўдную эфектыўнасць усёй канфігурацыі Ўсходняга партнёрства. Напрыклад, у лік гэтых правіл маглі б уваходзіць:

— Павага тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту ўсіх краін-партнёраў;

— Павага асноўных праў і свабод чалавека, у т. л. адмена смяротнага пакарання;

— Забеспячэнне свабоднага, бесперашкоднага абмену інфармацыяй у дзяржавах- партнёрах;

— Забеспячэнне свабоднага руху людзей;

— Павага да дзейнасці грамадзянскай супольнасці, у т. л. ліквідацыя штучных бар’ераў для супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый, аказання гуманітарнай дапамогі, адукацыйнага абмену і г. д.

Трэба, каб беларускія ўлады таксама дакладна ўяўлялі выгоды шчыльнага партнёрства з Еўрасаюзам. Гэта датычыць сярод іншага і выгод, звязаных з інструментам спрыяння інвестыцыям у межах Еўрапейскай палітыкі суседства.

2. Прасоўваць прарыўныя праекты на двухбаковым узроўні.

На двухбаковым узроўні адным з ключавых крокаў павінна быць прасоўванне прарыўных праектаў, скіраваных на эканамічную лібералізацыю, перадумовай ажыццяўлення якіх з’яўляюцца эканамічныя рэформы. Неабходна прапаноўваць і разгортваць праекты ў тых сферах, дзе альтэрнатыўныя эканамічныя і геапалітычныя спонсары могуць несці ў доўгатэрміновай перспектыве пагрозу інтарэсам беларускай эліты, жыццяздольнасці беларускай эканомікі і незалежнасці дзяржавы або дзе іх здольнасць спрыяць развіццю Беларусі досыць абмежаваная. Гэтак, “мегапраекты” могуць распрацоўвацца ў наступных галінах:

— Рэструктураванне энэргаздабываючага сектара дзеля росту эфектыўнасці вытворчасці энэргіі і змяншэння залежнасці ад паставак расійскіх энэргарэсурсаў. (Варта адзначыць, што беларускія ўлады асабліва зацікаўленыя ў праектах у энэргетычнай галіне.),

— Стварэнне і ажыццяўленне праграм развіцця малых гарадоў (вырашэнне праблем буйных прадпрыемстваў у малых гарадах),

— Развіццё праграмы «флагманскай» прыватызацыі і мадэрнізацыі найбольш важных прамысловых прадпрыемстваў,

— Інвестыцыі ў праекты, у якіх Беларусь магла б удзельнічаць на шматбаковай аснове, такіх як злучэнне паўночнай і паўднёвай галін нафтаправода «Дружба» (Балтыйска- чарнаморскі калектар) або злучэнне нафтаправода «Адэса – Броды» з Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводам.

— Стварэнне зоны свабоднага гандлю з Еўрасаюзам і спрыянне прыняццю Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

— Распрацоўка праграмы навуковага супрацоўніцтва, якая забяспечыла б пастаўкі беларускіх высокатэхналагічных прадуктаў у Еўрасаюз і спрыяла б развіццю сувязей паміж еўрапейскімі кампаніямі і беларускімі навуковымі ўстановамі.

Еўрасаюз павінен удзельнічаць у прэзентацыі гэтых праектаў беларускаму грамадству праз арганізацыю розных мерапрыемстваў і дэбатаў, прыцягненне экспертаў і асобаў, якія фармуюць палітыку, правядзенне медыйных кампаній, атрыманне экспертных ацэнак і меркаванняў.

3. Пашыраць ролю грамадзянскай супольнасці ў праграме Ўсходняга партнёрства.

Пры тым што ў структуру праграмы Ўсходняга партнёрства закладзены Форум для грамадзянскай супольнасці, вельмі важна, каб яе роля не абмяжоўвалася ўсяго адной платформай. Фактычна на ўсіх этапах усіх праграм неабходна заахвочваць і падтрымліваць дух і практыку партнёрства і супрацоўніцтва паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю. У ідэале грамадскія арганізацыі павінны мець права голасу ва ўхваленні ўсёй асноўнай дзейнасці ў рамках Усходняга партнёрства і быць прыладай кантролю і забеспячэння празрыстасці.

Таму істотна, каб праграмы Ўсходняга партнёрства не арыентаваліся цалкам на ўлады і не ажыццяўляліся праз цэнтралізаваныя крыніцы. Паўнапраўнымі ўдзельнікамі ўсходняга партнёрства мусяць быць і незалежныя недзяржаўныя арганізацыі. Гэтага можна дасягнуць праз наступныя крокі:

— Заахвочваць недзяржаўныя арганізацыі да правядзення маніторынгу палітычнай сітуацыі і становішча з правамі чалавека, да ацэнкі ініцыятыў у рамках праграмы партнёрства, напрыклад, іх уплыву на стан навакольнага асяроддзя ці сітуацыю з правамі чалавека; а таксама стварэнне платформы для кансультацый і дыялогу паміж уладамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

— Сачыць за тым, каб мерапрыемствы, якія ладзяцца грамадзянскай супольнасцю, былі неад’емнай часткай палітыкі ўсходняга партнёрства і каб іх значная частка праводзілася ў «праблемных» краінах, як, да прыкладу, Беларусь.

— Укладаць сродкі ў павелічэнне патэнцыялу грамадзянскай супольнасці, каб яна такім чынам магла актыўна ўдзельнічаць у праграмах Усходняга партнёрства.

4. Падтрымліваць і заахвочваць палітычны дыялог унутры Беларусі.

— Ініцыяваць дыскусіі аб доўгатэрміновай палітычнай будучыні краіны, у т. л. і аб перспектыве інтэграцыі ў Еўропу.

— Падтрымліваць і заахвочваць усе магчымыя формы дыялогу паміж еўрапейскімі элітамі і беларускімі ўладамі, паміж беларускімі афіцыйнымі асобамі і грамадзянскай супольнасцю.

— Папулярызаваць перспектыву магчымых сфармаваных у ходзе перамоў сцэнарыяў палітычных і эканамічных трансфармацый у краіне пад эгідай і пры палітычным пасярэдніцтве Еўрасаюзу ў кантэксце еўрапейскай інтэграцыі.

— Прапанаваць доўгатэрміновую альтэрнатыву, для абодвух бакоў больш прывабную за рэвалюцыйныя сцэнарыі ці ўмяшальніцтва Расіі.

5. Напоўніцу выкарыстоўваць шматбаковы ўзровень супрацоўніцтва, каб забяспечыць удзел Беларусі ў рэгіянальных ініцыятывах і праектах.

— Заахвочваць Беларусь да ўдзелу ў «флагманскіх» праектах Еўрасаюзу, як інструменце ўключэння ў агульнаеўрапейскую прастору, прасоўвання рэформаў, падвышэння адміністратыўнага патэнцыялу, а таксама змены эканамічнай і геапалітычнай арыентацыі краіны. (У прыватнасці, Еўрасаюз мог бы даследаваць магчымасці ўзаемадзеяння з Беларуссю і суседнімі краінамі па праектах, звязаных з энэргетычнай бяспекай, транзітнай інфраструктурай і транспартаваннем. Падобныя праекты могуць уключаць злучэнне паўночнай і паўднёвай галін нафтаправода «Дружба», пракладанне галіны нафтаправода «Адэса – Броды» да Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, пабудову энэргетычнага моста Украіна – Беларусь – Літва, пабудову на тэрыторыі Беларусі транспартнай і лагістычнай інфраструктуры для выкарыстання еўрапейскімі кампаніямі і г. д.)

— Неабходна вылучыць у якасці ўмовы ўдзелу ў падобных праектах эканамічныя і адміністратыўныя рэформы, скіраваныя на забеспячэнне спрыяльнага дзелавога клімату і абарону інвестыцый; стварэнне прававой дзяржавы, набліжэнне прававой практыкі і вядзення бізнэсу да еўрапейскіх норм; забеспячэнне належнага кіравання сумеснай інфраструктурай.

Варта адзначыць, што ажыццяўленню праграм павінна паспрыяць прызначэнне каардынатара ў Бруселі, які б займаўся выключна пытаннямі Ўсходняга партнёрства.