Падчас пошукаў у архівах Нямеччыны, Беларусі і Літвы матэрыялаў па тэме «Беларусь і Нямеччына. Культурныя ўзаемасувязі ХХ стагоддзя» часта знаходзіліся цікавыя дакументы, датычныя Дыпламатычнай місіі БНР у Нямеччыне і яе культурнай дзейнасці. Сабраўшы такім чынам сотні цікавых дакументаў, я напаткаў заяву С. Шупы, укладальніка вядомага выдання «Архівы БНР» (1998), пра тое, што архіў Дыпламатычнай місіі БНР у Берліне не знойдзены, гэта і стымулявала падрыхтоўку да выдання гэтых дакументаў.

 

УСТУП

 

Пасля абвяшчэння ў 1918 г. незалежнасці Беларусі Рада БНР звярнулася да шматлікіх краінаў і дзяржаваў з просьбай прызнаць Беларускую Рэспубліку. У шэраг еўрапейскіх краін, у тым ліку і Нямеччыну, былі накіраваны ўрадавыя дэлегацыі БНР для ўсталявання дыпламатычных зносінаў.

 

Адну з важных роляў у знешнепалітычнай дзейнасці БНР адыграла Надзвычайная Місія Рэспублікі ў Берліне [1], якая на працягу амаль сямі гадоў (1919—1925) у цяжкіх і складаных умовах годна прэзентавала Беларусь у Нямеччыне і доўгі час з’яўлялася адным з галоўных цэнтраў БНР па каардынацыі дзейнасці беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжою.

 

Афіцыйная рэгістрацыя Дыпламатычнай місіі БНР у Нямеччыне была зробленая А. Луцкевічам 4 мая 1919 г. Ён звярнуўся ў Міністэрства замежных спраў Нямеччыны з заявай, у якой паведамлялася аб складзе Дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі, якая ў той час знаходзілася ў Берліне(І/ № 5).

 

Рэзалюцыя, знешнепалітычнага ведамства Нямеччыны сведчыла пра тое, што нямецкі ўрад быў не супраць размяшчэння беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва.

 

2 ліпеня 1919 г. адбылося першае паседжанне Місіі, аднак цалкам штат быў укамплектаваны прыкладна ў жніўні 1919 г. Толькі 25 жніўня выконваючы абавязкі шэфа Місіі Леанард Заяц быў афіцыйна прызначаны паўнамоцным прадстаўніком Беларускага Урада ў Берліне, але ўжо 27 кастрычніка таго ж году з-за хваробы апошняга на гэтую пасаду прызначаецца Леанід Баркоў, які раней уваходзіў у склад беларускай дэлегацыі ў Парыжы. З чэрвеня да снежня 1919 г. Місія БНР выдавала ўласны інфармацыйны бюлетэнь на нямецкай мове «Беларускае прэс-бюро».

 

Восенню 1919 г. Надзвычайная дыпламатычная місія БНР у Нямеччыне складалася ўжо з трох аддзелаў (консульскага, ваеннага і аддзелу прэсы) ды наступных асоб:

 

1. шэф місіі — Леанард Заяц (пазней Леанід Баркоў),

 

2. сакратар — д-р Паўлоўскі;

 

3. юрысконсульт — Бруна Мілер (консульскі аддзел);

 

4. начальнік ваеннага аддзела місіі — Антон Борык;

 

5. дарадчык па вайсковых справах — Яўхім Бялевіч (ваенны аддзел);

 

6. дарадчык па справах прэсы — Валянцін фон Дзітман.

 

Аднак толькі 28 жніўня 1919 г. старшынёй урада БНР А. Луцкевічам будуць канкрэтна акрэсленыя задачы, што стаялі перад гэтай дыпламатычнай службай у той час.

 

Першым афіцыйным пасланнікам БНР у Нямеччыне стаў капітан Антон Борык, які прыбыў у Берлін з Гродна 23 сакавіка 1919 г. як кіраўнік Беларускай ваеннай місіі па справах ваеннапалонных. У нямецкіх лагерах для ваеннапалонных знаходзілася каля 60 000 беларусаў. З іх беларускі ўрад спадзяваўся сфармаваць вайсковыя аддзелы, якія б пазней маглі скласці ядро нацыянальнага войска. Ужо ў пачатку красавіка А. Борык, наладзіўшы сувязі з Міжнароднай камісіяй па справах ваеннапалонных (дзейнічала пад эгідаю краінаў Антанты), актыўна вядзе беларускую працу сярод вайскоўцаў-суайчыннікаў. У гэтай справе яму дапамагаў генерал Кіпрыян Кандратовіч, які прыехаў у нямецкую сталіцу яшчэ ў лютым 1919 г. як сябра дэлегацыі БНР на Парыжскую мірную міжнародную канферэнцыю.

 

6 красавіка ў Берлін прыбывае дэлегацыя ад афіцэраў-беларусаў з лагеру ваеннапалонных у м. Зэльцведэль на чале з палкоўнікам Вішнеўскім. Дэлегацыя перадае ў Беларускае ваеннае прадстаўніцтва адозву, падпісаную 60 афіцэрамі з просьбаю хутчэй накіраваць іх на бацькаўшчыну, каб браць удзел у фармаванні нацыянальных вайсковых аддзелаў. На жаль, магчымасці беларускіх урадоўцаў у вырашэнні вайсковых пытанняў былі абмежаваныя, Беларускае ваеннае прадстаўніцтва так і не будзе зарэгістраванае нямецкімі ўладамі, у чым шмат «паспрыялі» найперш бальшавікі і палякі.

 

Абяцанні нямецкіх уладаў выдзеліць палонных беларусаў у асобны табар так і засталіся абяцаннямі. У справе беларускіх вайскоўцаў місія вяла адчайнае змаганне з расейскімі «белымі» ды польскімі генераламі, якія адкрыта праводзілі сярод ваеннапалонных нарыхтоўку «гарматнага мяса» ў свае вайсковыя фармаванні, каб затым рукамі самых беларусаў душыць свабоду і незалежнасць Беларусі.

 

Беларускі ўрад працягваў спробы дамагчыся дазволу ад нямецкіх уладаў ды прадстаўнікоў краінаў Антанты распачаць арганізацыю нацыянальнага войска з былых ваеннапалонных беларусаў. На паседжанні Рады міністраў БНР ад 21 мая 1919 г. быў створаны нават Арганізацыйны аддзел Міністэрства абароны Рэспублікі на чале з генерал-маёрам Лявонам Давыдавым, але ў хуткім часе ад­дзел быў расфармаваны з палітычных і фінансавых меркаванняў.

 

У сакавіку гэтага года ў Берлін з Кіева прыбылі міністры БНР Васіль Захарка, Аляксандр Цвікевіч, а таксама Аркадзь Смоліч, прызначаны Антонам Луцкевічам на пасаду амбасадара Беларусі ў Нямеччыне.

 

У 20-я дні сакавіка да іх далучаецца і старшыня Рады міністраў БНР А. Луцкевіч, які спадзяваўся атрымаць запісаны на яго імя акрэдытыў на 1,6 мільёна нямецкіх марак у Рэйхсбанку, выдаткаваны беларускаму ўраду кіраўніцтвам Украінскай Народнай Рэспублікі. Частку гэтых грошай меркавалася выкарыстаць для паездкі на Парыжскую мірную канферэнцыю. Для развязання фінансавага пытання ўрад БНР амаль у поўным складзе апынуўся ў сталіцы Нямеччыны.

 

Такім чынам Берлін на тры месяцы стаў прыстанішчам і месцам чыннасці беларускага ўрада, і гэта садзейнічала таму, што менавіта ў нямецкай сталіцы пачалася арганізацыя аднаго з першых беларускіх прадстаўніцтваў за межамі былой Расійскай імперыі.

 

Берлінскі перыяд дзейнасці Рады міністраў БНР вызначаецца значнаю актыўнасцю: рэгулярна праводзяцца ўрадавыя паседжанні, арганізуюцца неафіцыйныя сустрэчы з уплывовымі нямецкімі палітыкамі, журналістамі, наладжваюцца кантакты з дзяржаўнымі і прыватнымі ўстановамі Нямеччыны. Так, 28 сакавіка 1919 г. А. Луцкевіч звяртаецца да Прэзідэнта Нямеччыны Фрыдрыха Эберта з просьбаю выплаціць ураду БНР украінскую фінансавую пазыку. Пасля адмовы 2 красавіка на паседжанні Рады міністраў БНР прымаецца рашэнне пра неадкладную паездку міністра юстыцыі А. Цвікевіча ў Вену дзеля атрымання той часткі ўкраінскага акрэдытыва, што захоўвалася ў адным з аўстрыйскіх банкаў.

 

Дзейнасць беларускага ўрада ў іншых кірунках была больш выніковай. Усталёўваюцца шчыльныя кантакты з прадпрымальнікам, ураджэнцам Беларусі Станіславам Львом Сапегам-Ваяводам, які, спадзеючыся наладзіць выгадныя гандлёвыя сувязі з Беларуссю, стварае ўласную фірму — «Сындыкат Сапегі для Эўропы і Азіі на Беларусі». Пэўны час ён аказвае прадстаўніцтвам беларускага ўрада ў Берліне пасільную фінансавую дапамогу. У складзе Берлінскай канторы «Сындыкат Сапегі…» працавала шмат беларусаў, у тым ліку паўнамоцным дырэктарам яе быў да лета 1920 г. ужо згаданы А. Борык. С. Л. Сапега-Ваявода заснаваў першую за межамі былой Расійскай імперыі Беларускую службу друку і тэлеграфнай інфармацыі, якая двойчы на тыдзень выдавала інфармацыйныя бюлетэні, у якіх галоўная ўвага надавалася беларускай тэматыцы.

 

У красавіку 1919 г. беларуская дэлегацыя на Парыжскую мірную канферэнцыю падае амбасадарам Францыі, Англіі і ЗША ў Берліне мемарандум ад імя Рады міністраў БНР з просьбаю прызнаць беларускую дзяржаву. А. Луцкевіч вядзе перамовы з камандуючым усімі лагерамі ваеннапалонных у Нямеччыне генералам Патоцкім пра лёс палонных беларускіх вайскоўцаў. Ён ладзіць кантакты з нямецкімі сацыял-дэмакратамі і з іх лідэрам — Карлам Каўцкім.

 

Пасля расколу Рады БНР на снежаньскай сесіі 1919 г. у Менску Берлінская місія падпарадкавалася юрысдыкцыі ўрада Народнай Рады БНР на чале з Вацлавам Ластоўскім, што стаяў на антыпольскіх пазіцыях і месцам сваёй рэзідэнцыі абраў Коўна (Літва). З гэтага часу цікавасць да беларускага пытання ў Міністэрстве замежных спраў Нямеччыны значна ўзрасла.

 

Пра тое, што Нямеччына надавала важнае значэнне кантактам з БНР, сведчыць факт адкрыцця ў Берліне пры Міністэрстве замежных спраў асобнага беларуска-ўкраінскага аддзелу, які падтрымліваў шчыльныя сувязі як з Надзвычайнай місіяй БНР, так і з самім беларускім урадам у Коўна. Пра гэта сведчаць і цыркуляры, што высылаліся Міністэрствам замежных спраў Нямеччыны сваім амбасадарам у Маскву, Рыгу і Коўна:

 

З прычыны таго, што тэрыторыя Беларусі размешчана на відным месцы поясу ўскраінных дзяржаваў, і таму, што пэўныя палітычныя дэфармацыі беларускае нацыянальнасці могуць уплываць на ўсю праблему ўскраінных дзяржаваў, я прашу звярнуць увагу на беларускае пытанне і інфармаваць нас пра яго развіццё.

 

Характэрным у тагачасных нямецка-беларускіх дачыненнях было тое, што ўрад Нямеччыны за законнага прадстаўніка беларускага народу схільны быў лічыць менавіта Раду і Ўрад Беларускае Народнае Рэспублікі, а не прамаскоўскі рэжым Савецкай Беларусі.

 

У архіве Міністэрства замежных спраў Нямеччыны дакументы, што тычыліся зносінаў нямецкага боку з урадам Ластоўскага і Цвікевіча, пазбіраныя ў асобныя папкі (іх налічваецца пяць) і захоўваюцца ў Боне да сённяшняга дня. Архіўныя матэрыялы адносна дачыненняў Веймарскай Рэспублікі з БССР перамешаныя па справах з грыфам «СССР». I гэта нягледзячы на тое, што ў 1922 г. Нямеччына і Савецкая Беларусь асобна падпісалі Рапальскае пагадненне як суверэнныя дзяржавы. Відаць, нямецкі ўрад з самага пачатку лічыў БССР за фікцыю, а не за самастойную дзяржаўную адзінку.

 

1919—1921 гг. можна лічыць найбольш плённым перыядам у дзейнасці Берлінскай місіі БНР. Пасля перамоваў з афіцыйнымі асобамі знешнепалітычнага і ваеннага ведамстваў Нямеччыны беларускія прадстаўнікі дамагліся дазволу выдаваць грамадзянам Беларусі пашпарты БНР, а былым ваеннапалонным, ураджэнцам Беларусі, — урадавыя пасведчанні. Маючы пашпарт грамадзяніна Беларускай Народнай Рэспублікі, яго ўладальнікі маглі без перашкодаў жыць у свабоднай Еўропе, атрымаць візу на пераезд у Амерыку ці вярнуцца на радзіму.

 

Шмат было зроблена місіяй у культурна-асветнай і выдавецкай справе. У кастрычніку 1920 г. у Берліне праз больш як паўгадавы перапынак узнавіла дзейнасць Беларускае прэс-бюро, кіраўніком якога часова быў прызначаны Л. Заяц. Бюлетэні Берлінскага прэс-бюро БНР былі важнай і кампетэнтнай крыніцаю інфармацыі пра Беларусь для нямецкай грамадскасці, прэсы і ўрадавых установаў.

 

З Беларускім прэс-бюро ў Берліне была шчыльна звязаная інфармацыйная служба БНР у Гданьску (Данцыгу), утвораная ў верасні 1921 г. (кіраваў Ісаак Лур’е).

 

Шмат было зроблена місіяй у выдавецкай справе. Усе дыпламатычныя і агульнаграмадзянскія пашпарты БНР былі надрукаваныя менавіта ў Нямеччыне. Дзякуючы стварэнню ў 1920 г. выдавецкай суполкі «Вызваленне» ў Нямеччыне ўбачылі свет кніжка А. Цвікевіча «Адраджэньне Беларусі і Польшча», каляровыя паштоўкі з гербамі беларускіх ваяводстваў і этнаграфічная мапа Беларусі. Планавалася выданне на нямецкай мове брашуры К. Езавітава «Беларусы і палякі». У Берліне таксама выйшла папулярная сярод беларускіх ваеннапалонных кніга «З роднага краю». У 1919 г., пры ўдзеле Беларускай місіі ў Берлінскім выдавецтве Карла Круціуса, выйшла на нямецкай мове кніга «Беларусь», якую склаў нямецкі журналіст Вальтэр Егер, сябра віленскага беларускага асяродку.

 

Дзеля пашырэння сярод нямецкай грамадскасці звестак пра Беларусь сябры місіі ладзілі ў грамадскіх ды партыйных клубах нямецкай сталіцы лекцыі, на якіх асвятляліся пытанні гісторыі і культуры беларускага народа, сучаснага па­літычнага і эканамічнага становішча краю. У нямецкіх газетах штораз з’яўляліся артыкулы на беларускую тэматыку, напісаныя В. Захаркам, В. фон Дзітманам, Д. Анэкштэйнам ды інш.

 

Доўгі час Беларуская місія ў Берліне выконвала ролю галоўнага каардынацыйнага цэнтра дыпламатычнай дзейнасці ўрада БНР. Нямецкая сталіца была зручным месцам для збірання на агульныя нарады прадстаўнікоў беларускіх місіяў і кансулятаў з Парыжа, Прагі, Капенгагена, Каралеўца, Варшавы, Канстанцінопаля, Рыма ды іншых еўрапейскіх гарадоў. Праз Берлін праходзілі шляхі беларускіх урадавых дэлегацыяў на ўсе важнейшыя міжнародныя канферэнцыі (Парыжскую, Жэнеўскую, Генуэзскую).

 

Менавіта ў Берліне ў сярэдзіне 1919 г. была праведзена нарада консулаў і амбасадараў дзяржаваў, якія паўсталі на тэрыторыі былой Расійскай імперыі (Фінляндыі, краінаў Балтыі, Беларусі, Украіны, Азербайджана і Паўночнага Каўказа). Надалей місіяй БНР у Нямеччыне былі наладжаныя добрыя стасункі з дыпламатычнымі службамі гэтых краінаў у Берліне.

 

Дзякуючы Берлінскай місіі была ўсталявана сувязь з палкоўнікам Іванам Ермачэнкам у Канстанцінопалі. Праз нейкі час там узнік беларускі кансулят. У 1920 г. былі таксама ўтвораны консульскія аддзелы ў Бялградзе і Сафіі.

 

Пра сувязі Берлінскай місіі можна меркаваць з той багатай і разнастайнай сеткі карэспандэнтаў з усіх кантынентаў свету: акрамя вядомых тэлеграфных агенцтваў і рэдакцыяў газет мы бачым тут уплывовых палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і бізнесменаў.

 

Плён ды актыўнасць палітычнай і культурна-асветнай дзейнасці Беларускага прадстаўніцтва БНР у Нямеччыне ў значнай ступені залежалі ад фінансавых магчымасцяў. Акрамя сціплых і нерэгулярных паступленняў грошай ад беларускага ўрада з Коўна, місія зарабляла сродкі на існаванне за кошт консульскіх паслугаў (за ўвесь час было выдадзена каля 2 тысяч пашпартоў), акрамя таго, былі і невялікія асігнаванні з боку добраахвотных фундатараў. У залежнасці ад наяўнасці грошай місія ці то пашырала сваю дзейнасць, ці то абмяжоўвала яе да мінімуму.

 

Для паляпшэння свайго фінансавага становішча беларускі ўрад імкнуўся наладзіць уласную гандлёвую справу. У сувязі з гэтым у 1921 г. Радаю міністраў БНР была ўтворана адмысловая Гандлёвая камісія на чале з В. Захаркам, а пазней — Міністэрства гандлю і прамысловасці, якое ўзначаліў Майсей Жытлоўскі. Пасярэднікам у гандлёвых аперацыях урада БНР у Нямеччыне выступала Берлінская місія. Гандлёвая дзейнасць БНР і місіі ў Берліне не прынесла жаданых дывідэндаў, тым не менш была працяглай паводле часу і разнастайнай паводле характару.

 

У пошуках фінансавых сродкаў урад БНР зноў імкнецца атрымаць грошы па старым украінскім акрэдытыве, што ляжаў у Берлінскім Рэйхсбанку яшчэ з 1920 г., і на які нямецкія ўлады наклалі арышт. Спадзеючыся атрымаць гэтыя грошы пры дапамозе нямецкай фірмы ІВЕГ [2], беларускі ўрад падпісвае з ёю гандлёвае пагадненне пад гарантыю ўкраінскага крэдыту на 3 000 000 марак.

 

Пасля пераезду Рады міністраў у Прагу роля Берліна ў знешнепалітычнай дзейнасці БНР паступова падае. Дарэчы, трэба сказаць, што з усіх прадстаўніцтваў непрызнаных дзяржаваў у Берліне ў той час захавалася толькі беларускае.

 

Канчаткова сваю дзейнасць Дыпламатычная місія БНР у Нямеччыне спыніла ў кастрычніку 1925 г. пасля сумнавядомай Другой, так званай Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне, на якой было прынятае нелегітымнае рашэнне аб ліквідацыі ўрада БНР.

 

* * *

 

Падчас пошукаў у архівах Нямеччыны, Беларусі і Літвы матэрыялаў па тэме «Беларусь і Нямеччына. Культурныя ўзаемасувязі ХХ стагоддзя» часта знаходзіліся цікавыя дакументы датычна Дыпламатычнай місіі БНР у Нямеччыне і яе культурнай дзейнасці. Сабраўшы такім чынам сотні цікавых дакументаў, я напаткаў заяву С. Шупы, укладальніка вядомага выдання «Архівы БНР» (1998), пра тое, што архіў Дыпламатычнай місіі БНР у Берліне не знойдзены, гэта і стымулявала падрыхтоўку да выдання гэтых дакументаў.

 

Пры падрыхтоўцы дакументаў да публікацыі ўкладальнік кіраваўся наступнымі прынцыпамі.

 

Прыведзеныя ніжэй дакументы пра дачыненні Нямеччыны з Беларускай Народнай Рэспублікай падаюцца ў тэматычна-храналагічнай паслядоўнасці, згрупаваныя ў некалькі найбольш важных раздзелаў:

 

1. пра адносіны паміж БНР і нямецкімі акупацыйнымі ўладамі;

 

2. пра дзейнасць Надзвычайнай місіі БНР у Нямеччыне;

 

3. пра работу Берлінскай місіі з ваеннапалоннымі беларусамі ў Нямеччыне;

 

4. пра сувязь місіі з іншымі дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі;

 

5. пра выдавецкую дзейнасць і працу Беларускага прэс-бюро ў Берліне;

 

6. пра фінансы і гандлёвыя зносіны місіі з фірмай ІВЕГ;

 

7. пра Берлінскую канферэнцыю як спробу ліквідацыі Урада БНР.

 

Такое размеркаванне архіўных матэрыялаў пра дзейнасць Беларускай місіі ў Нямеччыне дае, на наш погляд, мажлівасць сканцэнтраваць увагу на важных аспектах яе функцыянавання і тым самым найбольш аб’ектыўна выявіць яе ролю і значэнне як у дзейнасці ўраду БНР, так і ўсяго беларускага нацыянальнага руху.

 

Усе дакументы падаюцца на мове захавання іх у архіве за выключэннем некалькіх тэкстаў з раздзела «Гандлёвая дзейнасць», калі місія БНР грала ролю пасярэдніка паміж Гандлёвай камісіяй Урада Рэспублікі і нямецкай фірмай ІВЕГ, узятых з Архіва НАРБ у перакладзе Г. Бялькевіча (НАРБ. Ф. 325. Воп. 1, спр. 229).

 

Датаванне дакументаў праводзілася згодна з датамі на дакументах, надпісамі на іх у архіўных папках, штампамі на дакументах, паштовымі штэмпелямі, а таксама паводле зместу і кантэксту і непасрэдных або ўскосных звестак іншых крыніцаў — тагачаснай перыёдыкі, матэрыялаў з іншых архіваў або навуковых працаў. Датаванне некаторых дакументаў даецца няпоўна, невядомыя даты адзначаюцца знакам пытальніка — «?».

 

Большасць дакументаў падаецца поўнасцю, некаторыя з купюрамі, некалькі толькі з апісаннем зместу або і проста ў загалоўку. Такі адбор рабіўся галоўным чынам з улікам таго, наколькі матэрыял дакумента адпавядаў тэме сабраных дакументаў і нямецка-беларускім адносінам.

 

Загалоўкі дакументаў і аўтарскі тэкст падаюцца сучасным беларускім правапісам.

 

У тэкстах дакументаў поўнасцю захаваны правапіс арыгінала — уключаючы непаслядоўнасць у перадачы літар і іншых моўных асаблівасцяў, нават наяўнасць памылак. Гэтым укладальнік імкнуўся да таго, каб захаваць у публікацыях тагачасную мову, каларыт стылю. Захаваныя і графічныя асаблівасці машынапісных тэкстаў, найперш напісанне «у» замест «ў» і «е» замест «ё». Выпраўляліся толькі выпадкі відавочных неўсвядомленых памылак. Гэта рабілася дзеля таго, каб як мага лепш адлюстраваць як марфалагічную дакладнасць слова, так і яго фанетычныя асаблівасці, а таксама каб захаваць каларыт тых незабыўных дзён, асаблівасці часу.

 

Пропускі тэксту, выпадкі аднаўлення тэксту ўкладальнікам або аўтарскія ўстаўкі ўкладальніка пазначаюцца квадратнымі дужкамі — […], пропускі абзацаў ці цэлых старонак, што не адпавядалі тэме, падаюцца ў ламаных дужках — <…><…>.

 

Пасля тэксту дакумента прыводзяцца архіўныя сігнатуры. Тыя, у якіх аддрукаваны дакумент для гэтага выдання, даюцца тлустым напісаннем.

 


 

1. Місія БНР у Берліне на працягу свайго існавання мела розныя назвы: акрамя наймення Надзвычайная Дыпламатычная місія Беларускай Народнай Рэспублікі ў Нямеччыне, якую мы лічым найбольш поўнай, называлася: Надзвычайная місія БНР у Берліне, Дыпламатычная місія Беларускай Народнай Рэспублікі, Генеральная Дыпламатычная місія Беларускай Народнай Рэспублікі, Дыпламатычная місія БНР. Міністэрства замежных спраў Нямеччыны лічыла яе Прадстаўніцтвам Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі ў Берліне.

 

2. ІWEG — Іnternationale Waren Export und Import Gesellschaft m. b. H (mit beschränkter Haftung), Міжнародная фірма экспарта і імпарта тавараў з абмежаванай адказнасцю.

 


<!** Title> <!** EndTitle>

ПЕРАЛІК ДАКУМЭНТАЎ, ЯКІЯ СКЛАДАЮЦЬ ПУБЛІКАЦЫЮ

І. Пачаткі адносін паміж БНР і нямецкімі акупацыйнымі ўладамі

 

1. Народны Сакратарыят Беларусі. Пастанова № 1 ад 12.02.1918

 

2. Ліст нямецкаму каменданту г. Мінска

 

3. Чарнавік ліста Народнага Сакратарыята БНР нямецкаму каменданту г. Мінска ад 26.02.1918

 

4. Мемарандум Народнага Сакратарыята Беларусі прадстаўніку Вышэйшай Германскай акупацыйнай улады ад 28.02.1918

 

5. Мемарандум прадстаўніку Вышэйшай Нямецкай акупацыйнай улады ад 9.03.1918

 

6. Тэксты радыёграмаў Дэлегацыі НС БНР у справе замежных перамоваў, дасланых 18.04.1918 ад 9.03.1918

 

7. Заява Германскаму Імперскаму Канцлеру графу Гертлінгу ад 17.03. 1918

 

8. Адказ Рэйхсканцлера Георга графа Гертлінга на прапанову Рады БНР аб прызнанні Беларусі самастойнай дзяржавай 0ад 21.03.1918

 

9. [ІІІ-я] Устаўная грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25.03.1918

 

10. Мемарыял аб палітычным становішчы Усходняй Беларусі ад 3.04.1918

 

11. Ліст Віленскай Беларускай Рады Рэйхсканцлеру Нямеччыны, 1918

 

12. Мемарандум Народнага Сакратарыята БНР Канцлеру Нямеччыны ад 5.04.1919

 

13. Ліст Антона Луцкевіча з Вільні членам Мінскага Беларускага Прадстаўніцтва ад 7.04.1918

 

14. Пратакол № 7 паседжання Дэлегацыі НС БНР у справе перамоваў ад 21.04. 1918. (Урывак)

 

15. Ліст Народнага Сакратарыята ў Віленскае Таварыства помачы пацярпелым ад вайны ад 12.04.1918

 

16. Ліст Антона Луцкевіча (Вільня) Язэпу Варонку і Раману Скірмунту (Менск) ад 24.04.1918

 

17. Копія мемарыялу, пададзенага на аўдыенцыі ў нямецкага пасла пры Украінскай Народнай Рэспубліцы ад 25.04.1918

 

18. Тэлеграма Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Імператару Нямеччыны Вільгельму ад 26.04.1918

 

18а. Тэлеграма Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Імператару Нямеччыны Вільгельму ад 26.04.1918

 

19. Прыём Народнага Сакратарыята ў генерала фон Фалькенгейма ад 27.05.1918

 

20. Прашэнне члена Рады Беларуской Народнай Рэспублікі Іосіфа Варонкі да нямецкага каменданта г. Мінска ад 17.06.1918

 

21. Агляд прэсы: «Бјлоруссы — императору Вильгельму», 11.06.1918

 

22. Хроніка для газет. Мінск. 21.06.1918

 

23. Ліст Язэпа Варонкі Антону Луцкевічу ад 23.06.1918

 

24. Ліст Народнага Сакратарыята БНР (Мінск) ад 10.07.1918

 

25. Лicт обэркватэрмайстра Штабу Х Арміі Народнаму Сакратарыяту БНР ад 11.07.1918

 

26. Пастанова Часовага Беларускага Урада ад 12.07.1918

 

27. Ліст Народнага Сакратарыята БНР обэркватэрмайстру Штабу X Арміі ад 13.07.1918

 

28. Ліст Народнага Сакратарыята БНР Галоўнаму Камандаванню X Арміі за 5.08.1918

 

29. Пратэст Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Рэйхсканцлеру Нямеччыны Георгу фон Гертлінгу ад 28.08.1918

 

30. Ліст Начальніка Штаба Х Арміі Народнаму Сакратарыяту БНР ад 23.09.1918

 

31. Pro memoria Надзвычайнай Дэлегацыі Рады БНР міністру замежных справаў Украіны Змітру Дарашэнку за …09.1918

 

32. Даведка аб дзейнасці Народнага Сакратарыята БНР (восень 1918)

 

33. Пратэст Рады БНР прынцу Максу Бадэнскаму, Імперскаму Канцлеру Нямеччыны ад 7.10.1918

 

34. Нота Дэлегацыі Рады БНР старшыні Нямецкага Рэйхстагу і Райхсканцлеру Нямеччыны ад 18.10.1918

 

35. Хроніка для газет. Лістапад 1918

 

36. Грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад 28.11.1918

 

37. Адозва беларускіх арганізацый ад снежня 1917 канцлеру Нямецкага Райху

 

38. Нота пратэсту Рады Міністраў БНР дыпламатычным прадстаўнікам Амерыкі, Англіі, Францыі і Італіі ў Спаа

 

39. Пратакол паседжання Рады Народных Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі № 107 ад 15.03.1919

 

ІІ. Арганізацыйная дзейнасць

 

40. Ліст Антона Луцкевіча (Берлін) для Карла Каўцкага ад 23.04.1918

 

41. Ліст Антона Луцкевіча прэзідыуму Міжнароднай Сацыял- дэмакратычнай Канферэнцыі ў Амстэрдаме ад 23.04.1919

 

42. Даведка Міністэрства Замежных Справаў БНР аб складзе Дыпламатычнай Місіі БНР у Берліне (Kaiseralle 209-I) ад 4.05.1919 дзеля атрымання харчовых картак

 

43. З пратакола Рады Народных Міністраў ад 27.06.1919 аб назначэнні члена Рады Рэспублікі Е. Бялевіча раднікам пасольства ў Берліне

 

44. Пракакол паседжання Надзвычайнай Дыпламатычнай Місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Берліне ад 2.07.1919

 

45. З пратакола паседжання Надзвычайнай Дыпламатычнай Місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Берліне ад 3.07.1919

 

46. Пратакол паседжання Надзвычайнай Дыпламатычнай Місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Берліне ад 4.08.1919

 

47. Пратакол паседжання Надзвычайнай Дыпламатычнай Місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Берліне ад 16.08.1919

 

48. Ліст Рады Народпых Міністраў БНР Эўгеніі Алексючанцы ад 16.08.1919

 

49. Назначэнне Леанарда Зайца Паўнамоцным Прадстаўніком Беларускага Урада ў Берліне ад 25.08.1919

 

50. Пратакол паседжання Надзвычайнай Дыпламатычнай Місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Берліне ад 28.08.1919

 

51. Інструкцыя Старшыні Рады Народных Міністраў А. Луцкевіча для Місіі БНР у Берліне 28.08.1919

 

52. Ліст Васіля Захаркі Антону Луцкевічу, Аляксандру Цвікевічу, Аркадзю Смолічу ад 2.09.1919

 

53. Даклад Б. Мілера шэфу Місіі БНР у Берліне Л. Зайцу ад 7.10.1919

 

54. Прызначэнне Леаніда Баркова на пасаду шэфа Місіі БНР у Берліне за 27.10.1919

 

55. Даклад Б. Мілера шэфу Місіі БНР у Берліне Л. Зайцу ад 3.11.1919

 

56. Даклад Б. Мілера шэфу Місіі БНР у Берліне Л. Зайцу ад 3.11.1919

 

57. З пратакола сходу кіраўнікоў беларускіх замежных прадстаўніцтваў у Берліне ад 10—12.11.1919

 

58. Даклад сакратара Дыпламатычнай Місіі БНР у Берліне д-ра Паўлоўскага Шэфу Місіі Л. Зайцу ад 12.11.1919

 

59. Справаздача дыпламатычнага прадстаўніка БНР у Берліне Л. Зайца старшыні Рады Народны Міністраў А. Луцкевічу ад 18.11.1919

 

60. Тэлеграма Антона Луцкевіча Лявону Зайцу ад 28.12.1919

 

61. Тэлеграма Антона Луцкевіча Лявону Зайцу ад 3.01.1920

 

62. Грамата Урада Беларускай Народнай Рэспублікі Ураду Нямецкай Рэспублікі ад 29.07.1920

 

63. Наказ Рады Народных Міністраў Надзвычайнаму Паслу БНР у Hямеччыне Я. Варонку ад 29.07.1920

 

64. Зварот Міністэрства Замежных Спраў БНР да Міністэрства Замежных Спраў Нямецкай Рэспублікі ад 29.07.1920

 

65. Паведамленне Рады Народных Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі дыпламатычнаму прадстаўніку БНР у Берліне Л. Зайцу ад 29.07.1920

 

66. Грамата Урада Беларускай Народнай Рэспублікі Я. Варонку зрабіць ад імя Урада грашовую пазыку ў Нямецкай Рэспублікі ад 29.07.1920

 

67. Справаздача шэфа Місіі БНР у Берліне Л. Баркова старшыні Рады Народных Міністраў БНР В. Ластоўскаму ад 14.08.1920

 

68. Даклад прадстаўніка БНР у Нямеччыне Л. Баркова Міністру Замежных Спраў В. Ластоўскаму за 17.09.1920

 

69. Ліст Леаніда Баркова Аўгену Ладнову ў Парыж ад 17.09.1920

 

70. Справаздача прадстаўніка БНР у Нямеччыне Л. Баркова за час ад 1.05 да 31.10.1920 Міністру Замежных Спраў В. Ластоўскаму ад 1.11.1920

 

71. Справаздача шэфа Місіі БНР у Берліне Леаніда Баркова Старшыні Народных Міністраў і выканаўцу абавязкаў Міністра Загранічных Спраў Вацлаву Ластоўскаму за 5.11.1920

 

72. Заява Давіда Анэкштэйна аб выкананні сваіх абавязкаў Радніка Місіі БНР у Берліне ад 22.11.1920

 

73. Упаўнаважанне Рады Народных Міністраў БНР ваеннаму аташэ пры Дыпламатычнай Місіі БНР у Берліне Давіду Анэкштэйну ад 23.11.1920

 

74. Пасведчанне, выдадзенае Давіду Анэкштэйну Беларускай Радай у Вільні 12.07.1919

 

75. Дакладная запіска Я. Варонкі старшыні Рады Народных Міністраў БНР В. Ластоўскаму пра вяртанне выдадзеных яму дыпламатычных дакументаў ад 24.11.1920

 

76. Даклад радніка місіі БНР у Нямеччыне Д. Анэкштэйна пра свае планы працы на будучае ад 20.12.1920

 

77. Зварот Дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Літве ў Міністэрства Загранічных Спраў для атрымання пашпартоў ад Місіі БНР у Берліне ад 31.12.1920

 

78. Шэф Надзвычайнай Місіі БНР Л. Баркоў у канцылярыю Рады Міністраў ад 10.01.1921

 

79. Просьба грамадзяніна Герша Розэнталя аб прынятку яго ў грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі ад 11.01.1921

 

80. Зварот старшыні Рады Народных Міністраў БНР В. Ластоўскага ў Місію БНР у Берліне з указаннямі аб яе дзейнасці ад 21.01.1921

 

81. Зварот у Беларускае Консульства ў Берліне лейтэнанта Сымона Боўкуна ад 1.02.1921

 

82. Даклад палкоўніка Ермачэнкі ў канцылярыю Рады Народных Міністраў ад 7.02.1921

 

83. Зварот пасольства Рэспублікі Грузіі ў Берліне да ўпаўнаважанага прадстаўніка Беларускай Народнай Рэспублікі Л. Баркова ад 10.02.1921

 

84. Ліст радніка Місіі БНР у Берліне Д. Анэкштэйна да паноў Сакалова і Моцкіна ад 12.02.1921

 

85. Ліст радніка Місіі БНР у Берліне Д. Анэкштэйна да пана Хазановіча за 14.02.1921

 

86. Старшыні Рады Міністраў В.Ластоўскаму ад шэфа Місіі БНР у Берліне Д. Баркова ў сувязі з лістом ад паверанага ў справах Грузіі ў Нямеччыне д-ра Ахматэлі ад 15.02.1921

 

87. Указанні старшыні Рады Народных Міністраў БНР В. Ластоўскага шэфу Місіі БНР у Берліне ад … 02.1921

 

88. Указанні старшыні Рады Народных Міністраў БНР шэфу Місіі БНР у Берліне ўчыніць лістоўны допыт грамадзяніну Дубейкаўскаму ад 18.02.1921

 

89. Паведамленне прадстаўніка Місіі БНР у Нямеччыне Л. Баркова старшыні Рады Народных Міністраў БНР В. Ластоўскаму 21.02.1921

 

90. Канцылярыя Рады Народных Міністраў Надзвычайнай Місіі БНР у Берліне ад 21.02.1921

 

91. Канцылярыя Рады Народных Міністраў Надзвычайнай Місіі БНР у Берліне аб пратаколах і справах Жэнеўскай канферэнцыі Лігі Нацый ад 22.02.1921

 

92. Зварот палкоўніка Э. Вырголіча ў Надзвычайную Місію БНР у Берліне ад 23.02.1921

 

93. Надзвычайная Місія БНР у Берліне Старшыні Рады Народных Міністраў В. Ластоўскаму адносна ліста палкоўніка дэ Бэнья-Шэвіча ад 28.02.1921

 

94. Канцылярыя Рады Народных Міністраў Надзвычайнай Місіі БНР у Берліне аб Беларускім Войску ў Літве ад 10.03.1921

 

95. Старшыня Рады Народных Міністраў у Надзвычайную Місію БНР у Нямеччыне аб звальненні з пасады Шэфа Місіі і назначэнні на яго месца Андрэя Бароўскага ад [14].03.1921

 

96. Аб прызначэнні А. Бароўскага выконваючым абавязкі Шэфа Надзвычайнай Місіі БНР у Нямеччыне ад 14.03.1921

 

97. Канцылярыя Рады Народных Міністраў перасылае пакеты для Надзвычайнай Місіі БНР у Берліне ад [14].03.1921

 

98. Надзвычайная Місія БНР у Берліне Старшыні В. Ластоўскаму аб выкананні распараджэнняў Рады Міністраў ад 24.03.1921

 

99. Рапарт Леаніда Баркова Старшыні Рады Народных Міністраў ад 24.03.1921

 

100. Надзвычайная Місія БНР у Берліне Старшыні Рады Народных Міністраў. Нота Украінскага пасольства ў Нямеччыне ад 9.04.1921

 

101. Ліст Давіду Лазаравічу Лур’е ад В. Ластоўскага ад [13/14].04.1921

 

102. Надзвычайнай Місіі БНР у Берліне аб перадачы пакета па назначэнню ад 14.04.1921

 

103. Паведамленне Канцылярыі Народных Міністраў Надзвычайнай Місіі БНР у Берліне ад 14.04.1921

 

104. Перасылка ліста Прадстаўніцтва Заходнеўкраінскай Рэспублікі Надзвычайнай Місіі БНР у Берліне Старшыні Рады Міністраў В. Ластоўскаму ад [17].04.1921

 

105. Акт перадачы архіва ад Дзяржаўнага Кантралёра Л. Зайца шэфу Місіі у Берліне А. Бароўскаму ад 29.04.1921

 

106. Дакументы, што дасылаюцца Канцылярыяй Рады Народных Міністраў Місіі БНР у Берліне ад 7.05.1921

 

107. Аб перадачы дыпламатычных пашпартоў БНР у Канцылярыю Рады Народных Міністраў БНР ад 18.05.1921

 

108. Канцылярыя Рады Міністраў да Місіі БНР у Берліне адносна просьбы мічмана Л. Стражэўскага ад 21.05.1921

 

109. Рапарт Дыпламатычнай Місіі БНР у Берліне Старшыні Рады Народных Міністраў ад 27.05.1921

 

110. Шэф Дыпламатычнай Місіі БНР у Берліне А. Бароўскі — Старшыні Рады Народных Міністраў В. Ластоўскаму аб тым, што ў час яго адсутнасці намеснікам яго заставаўся Д. Анэкштэйн ад 27.05.1921

 

111. Дыпламатычная Місія БНР у Берліне — у Канцылярыю Рады Народных Міністраў адносна візы І. Лур’е ад 5.06.1921

 

112. Надзвычайная Місія БНР у Берліне — у Канцылярыю Рады Народных Міністраў адносна дазволу на паездку І. Лур’е ў Прагу ад 28.06.1921

 

113. Міністру Загранічных Спраў БНР Шэфу Місіі ў Нямеччыне А. Бароўскаму аб павелічэнні яго пенсіі ад 12.08.1921

 

114. Дыпламатычная Місія БНР у Берліне — Міністру Загранічных спраў А. Цвікевічу пра пасла БНР у Балгарыі генерал-маёра Галубінцава ад 15.08.1921

 

115. А. Дзмітрыеў Міністэрству Загранічных Спраў аб складзе Надзвычайнай Місіі БНР у Берліне ад 2.09.1921

 

116. Запіска [В. Ластоўскага] шэфу Місіі БНР у Берліне А. Бароўскаму пра адкрыццё прадстаўніцтва БНР у Кёнігсбергу ад 2.02.1922

 

117. Ліст А. Бароўскага В. Ластоўскаму ад 2.08.1922

 

118. Ліст Міністра Загранічных Спраў грамадзяніну А. Бароўскаму ад 29.08.1922

 

119. Зварот Міністэрства Загранічных Спраў да прадстаўніка БНР у Нямеччыне грам. А. Бароўскага за 4.12.1922

 

120. Міністэрства Загранічных Спраў грамадзяніну Б. К. Мілеру ад 7.12.1922

 

121. Просьба Міністра Загранічных Спраў БНР да Бруно Мілера адносна візы для В. Ластоўскага ад 27.12.1922

 

122. Прэтэнзіі Міністэрства Загранічных Спраў БНР да грамадзяніна А. Бароўскага ад 13.06.1923

 

123. Падзяка Старшыні Дзяржаўнай Калегіі БНР прадстаўніку БНР у Нямеччыне грамадзяніну А. Бароўскаму ад 26.03.1923

 

124. Паведамленне А. Бароўскага аб разліку з ІВЕГ і прыездзе ў Коўна ад 25.07.1923

 

125. Просьба Міністэрства Загранічных Спраў да прадстаўніка БНР у Нямеччыне зрабіць пашпарты для падарожжа ў Амерыку ад 27.07.1923

 

126. Урывак са справаздачы Рады Міністраў і Міністра Загранічных Спраў А. Цвікевіча за люты—сакавік 1924

<!** Title> <!** EndTitle>

ІІІ. Праца з ваеннапалоннымі

 

127. Зварот да беларусаў-ваеннапалонных у Нямеччыне: «Браты палонныя!». 1919

 

128. Зварот да беларусаў-ваеннапалонных у Нямеччыне: «Браты Беларусы палонныя!». 1919

 

129. Зварот да беларусаў-ваеннапалонных у Нямеччыне: «Нацыянальная праца ў лагеры для палонных». 1919

 

130. Справаздача А. Борыка — кіраўніка Беларускай Ваеннай Місіі ў Берліне паслу БНР у Нямеччыне ад 5.07.1919

 

131. Даклад Б. Мілера Шэфу Місіі БНР у Берліне Л. Зайцу адносна наведвання ім Ваеннага міністэрства Нямеччыны ад 3.11.1919

 

132. Даклад Начальніка Беларускай Ваеннай Місіі ў Берліне па справах палонных беларусаў у Нямеччыне аб працы яе з 5 ліпеня да 10 снежня 1919 г. ад 10.12.1919

 

133. Зварот ваеннапалонных лагера Ліхтэнгорст у Місію БНР у Берліне ад 19.10.1920

 

134. Надзвычайная Місія БНР у Берліне — у канцылярыю Рады Міністраў адносна ваеннапалонных, жадаючых служыць у Беларускім Войску, ад 10.01.1921

 

135. Надзвычайная Місія БНР у Берліне — старшыні Рады Народных Міністраў пра вярбоўку С. Баўкуном ваеннапалонных у Беларускае Войска ад 9.03.1921

 

136. Надзвычайная місія БНР у Берліне — старшыні Рады Народных Міністраў В. Ластоўскаму пра высылку паімённага спісу і анкетаў 22 афіцэраў і вайсковых ураднікаў-беларусаў ад 9.03.1921

 

137. Паведамленне канцылярыі Рады Міністраў у Надзвычайную Місію БНР у Берліне аб атрыманні анкетаў ад 10.03.1921

 

ІV. Сувязі з іншымі дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі

 

138. Берлінская дэкларацыя толькі што ўтварыўшыхся дзяржаў на тэрыторыі былой Расіі ад 17.06.1919

 

139. Зварот пасольства Украінскай Народнай Рэспублікі ў Берліне да Надзвычайнай Місіі БНР у Берліне ад 18.08.1919

 

140. Нота Пасла Украінскай Народнай Рэспублікі ў Нямеччыне старшыні Міжнароднай Камісіі у Нямеччыне генералу Дзюпону ад 17.10.1919

 

141. Тэлеграма А. Луцкевіча Л. Зайцу ў Берлін пра пачатак працы Рады БНР ад 11.11.1919

 

142. Надзвычайная Місія БНР Міністэрству народнай асветы БНР пра дазвол уручэння Граматы праф. Р. Абіхту ад 12.12.1919

 

143. Ліст Надзвычайнай Місіі Беларускай Народнай Рэспублікі доктару Р. Абіхту ад 28.11.1919

 

144. Зварот К. Езавітава да Місіі БНР у Берліне адносна ноты, адасланай ім для Міністэрства Замежных Спраў Нямеччыны ад 21.02.1920

 

145. Зварот Міністра Замежных Спраў А. Цвікевіча ў Місію Украінскай Народнай Рэспублікі ў Вене ад 28.03.1920

 

146. Ліст генеральнага консула БНР у Рыме О. Войчэшыка ў Надзвычайную Місію БНР у Берліне ад 1.02.1921

 

147. Дадатак да ліста старшыні Рады Народных Міністраў В. Ластоўскаму ад Надзвычайнай Місіі БНР у Берліне — копія ліста старшыні Тарыбы літоўскіх грамадзян у Каралеўстве Сербаў, Харватаў і Славенцаў палкоўніка дэ-Бэнья-Шэвіча ад 28.02.1921

 

V. Прэс-бюро і выдавецкая дзейнасць

 

148. Даклад радніка па справах прэсы Дыпламатычнай Місіі БНР у Нямеччыне В. фон Дзітмана выканаўцу абавязкаў шэфа Місіі Л. Зайцу ад 3.10.1919 пра дзейнасць прэс-бюро ад 1.08 да 1.10.1919

 

149. Даклад радніка па справах прэсы Дыпламатычнай Місіі БНР у Нямеччыне В. фон Дзітмана выканаўцу абавязкаў шэфа Місіі Л. Зайцу ад 2.11.1919 аб дзейнасці прэс-бюро ад 1.10 да 1.11.1919

 

150. Рапарт радніка па справах прэсы В. фон Дзітмана выканаўцу абавязкаў шэфа Дыпламатычнай Місіі БНР у Нямеччыне Л. Зайцу ад 13.11.1919

 

151. Ліст кіраўніка Беларускага прэс-бюро ў Капенгагене Ісаака Лур’е Надзвычайнай Місіі БНР у Нямеччыне ад 4.01.1921

 

152. Спіс карэспандэнтаў Надзвычайнай Місіі БНР у Нямеччыне

 

153. Ліст аддзела прэсы і прапаганды Заходнеўкраінскай Народнай Рэспублікі Беларускай місіі ў Берліне ад 3.03.1921

 

154. Бюлетэнь Беларускага прэс-бюро № 25 ад 28.06.1921

 

155. Бюлетэнь Беларускага прэс-бюро № 28 ад 18.07.1921

 

156. Бюлетэнь Беларускага прэс-бюро № 31 ад 1.08.1921

 

157. Бюлетэнь Беларускага прэс-бюро № 32 ад 9.08.1921

 

158. Бюлетэнь Беларускага прэс-бюро № 33 ад 16.08.1921

 

159. Бюлетэнь Беларускага прэс-бюро № 34 ад 26.08.1921

 

160. Бюлетэнь Беларускага прэс-бюро № 35 ад 7.09.1921

 

161. Бюлетэнь Беларускага прэс-бюро № 35 ад 7.09.1921

 

162. Бюлетэнь Беларускага прэс-бюро № 37 ад 14.10.1921

 

VI. Фінансава-эканамічная і гандлёвая дзейнасць Місіі

 

163. Ліст старшыні Рады Народных Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі (Берлін) прэзідэнту Нямецкай Імперыі ў справе атрымання пазыкі ад Украінскага Урада ў Нямецкім Імперскім Банку ад 28.03.1919

 

164. Рахунак за аплату памяшкання Надзвычайнай місіі БНР у Берліне ад 8.04.1919

 

165. Рапарт члена Беларускай Ваеннай Місіі ў Берліне А. Борыка аб перадачы ім атрыманых у Коўне ад Дзяржаўнага скарбніка В. Захаркі грошай Беларускаму пасольству ў Берліне ад 18.08.1919

 

166. Журнал схода членаў замежных Прадстаўніцтваў БНР у Берліне ад 17.11.1919

 

167. Каштарыс выдаткаў Надзвычайнай Місіі БНР у Берліне і зацвярджэнне яе канферэнцыяй паслоў БНР ад 17.11.1919

 

168. Каштарыс месячнага ўтрымання Надзвычайнай Місіі БНР у Нямеччыне, пададзены на разгляд Канферэнцыі паслоў БНР ў Берліне ад 17.11.1919

 

169. Ахвяраванне грамадзянінам Станіславам-Львом Сапегай 1000 марак на карысць Чырвонага Крыжа БНР ад 18.12.1919

 

170. Копія акта, укладзенага старшынёй урада А. Луцкевічам і паслом БНР ва Украіне А. Цвікевічам у Варшаве на права рэалізацыі А. Цвікевічам акрэдытыва ў Нямецкім Імперскім Банку ў Берліне ад 28.02.1920

 

171. Адказ Дзяржаўнага кантралёра Л. Зайца Міністру Фінансаў БНР адносна выдаткаў ад дзяржаўных пазыкаў ад 21.01.1921

 

172. Выпіска са скарбовай кнігі Місіі БНР у Берліне за 1920 г.

 

173. Шэф Місіі Беларускай Народнай Рэспублікі Л. Баркоў у Міністэрства фінансаў БНР ад 14.03.1921

 

174. Прадстаўнік БНР у Нямеччыне А. Бароўскі у Міністэрства фінансаў БНР ад 11.04.1921

 

175. Канцылярыя Рады Народных Міністраў у Надзвычайную Місію БНР у Берліне ад 13.04.1921

 

176. Выдавецкае Таварыства «Вызваленне» просіць Канцылярыю Рады Міністраў пералічыць грошы за кнігу А. Цвікевіча «Адраджэнне Беларусі і Польшча» ад 17.07.1921

 

177. Паведамленне Міністэрства Загранічных Спраў Шэфу Місіі БНР у Нямеччыне А. Бароўскаму аб пераходзе на самафінансаванне ад 15.10.1922

 

178. Міністэрства Загранічных Спраў да шэфа Місіі БНР А. Бароўскага ад 15.10.1922

 

179. Зварот Дзяржаўнай Калегіі да Прадстаўніка Беларускай Народнай Рэспублікі ў Нямеччыне А. Бароўскага ад 21.12.1922

 

180. Ад Міністэрства Загранічных Спраў Прадстаўніку БНР у Нямеччыне А. Бароўскаму ад 4.01.1923

 

181. Фірма «ІВЕГ» паведамляе аб атрыманні ёю беларускага ліста-заказа на тавары, патрэбныя беларускаму боку, і прапануе выканаць неабходныя фінансавыя захады, каб пагадненне лічылася законным і фінансава забяспечаным, ад 8.03.1921

 

182. Адказ Беларускага ўрада фірме «ІВЕГ» аб згодзе на высунутыя ёю ўмовы гандлёвага пагаднення ад 8.03.1921

 

183. Пісьмо прадстаўніка Беларускага ўраду фірме «ІВЕГ» аб тым, што беларускі бок з прычыны нясвоечасовай дастаўкі тавараў нясе вялікія страты ад 6.06.1921

 

184. Пісьмо «ІВЕГ» у Місію БНР у Берліне аб стане і рэалізацыі гандлёвага пагаднення паміж «ІВЕГ» ад 8.03.1921 і беларускімі кааператывамі за 1.12.1921

 

185. Каланіяльны банк звяртаецца да А.Цвікевіча з просьбай як найхутчэй вырашыць пытанне аб пагашэнні даўгавога абавязання ад 7.12.1921

 

186. Пісьмо фірмы «ІВЕГ» шэфу Місіі БНР у Нямеччыне А. Бароўскаму з просьбай паскорыць канчатковы разлік у беларуска-нямецкай гандлёвай справе ад 26.09.1922

 

187. Паведамленне старшыні Рады Рэспублікі П. Крэчэўскага прадстаўніку БНР у Нямеччыне А. Бароўскаму пра немагчымасць разлікаў з фірмай «ІВЕГ» у такі кароткі тэрмін ад 20.10.1922

 

188. Пратакол перамовы ад 31 студзеня 1923 г. аб ліквідацыі гандлёвага пагаднення паміж фірмай «ІВЕГ» і беларускай гандлёвай камісіяй ад 31.01.1923

 

189. Заява фірмы «ІВЕГ» аб канчатковым разліку з ёю прадстаўніцтва Беларускага ўрада ў Берліне згодна з гандлёвым пагадненнем ад 8.03.1921 (22.06.1923)

 

190. Паведамленне аб поўным разліку Беларускага ўрада з фірмай «ІВЕГ» ад 29.06.1923

<!** Title> <!** EndTitle>

VII. Берлінская канферэнцыя

 

191. Пратакол нарады па замежных справах пры ЦК КП(б)Б у пытаннях Берлінскай канферэнцыі ад 7.09.1925

 

192. Пастанова нарады па замежных справах пры ЦК КП(б)Б аб Берлінскай канферэнцыі ад 13.09.1925

 

193. Рэзалюцыя Другой Беларускай нацыянальна-палітычнай нарады ў Берліне ў справе так званай «крывіцкай прапаганды» ад 14.10.1925

 

194. Парадак дзённы Другой Нацыянальнай Беларускай Нарады ў Берліне ад 14—15.10.1925

 

195. Рэзалюцыя Другой Беларускай Нацыянальна-Палітычнай Нарады ў Берліне аб агульным палітычным становішчы Беларусі ад 15.10.1925

 

196. Рэзалюцыя Другой Беларускай Нацыянальна-Палітычнай Нарады ў Берліне ў пытанні беларуска-літоўскіх адносін ад 15.10.1925

 

197. Пратакол пасяджэння Рады Народных Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі ў Берліне ад 15.10.1925

 

198. Пастанова да пратаколу пасяджэння Рады Народных Міністраў БНР у Берліне ад 15.10.1925

 

199. Выпіска з пратакола закрытага пасяджэння бюро ЦК КП(б)Б аб Берлінскай канферэнцыі і далейшай рабоце А. Ф. Ульянава ад 22.10.1925

 

200. Ліст старшыні Рады міністраў БНР А. Цвікевіча аб спыненні існавання Урада Беларускай Народнай Рэспублікі і прызнанні Мінска цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі ад 5.11.1925

 

201. Да гісторыі дзейнасці Урада БНР згодна з каментарыямі ўпаўнаважанага НКЗС СССР пры ўрадзе БССР з нагоды Другой Беларускай нацыянальна-палітычнай нарады ў Берліне у пачатку кастрычніка 1925

 

202. Водгукі газеты «Звязда» на гісторыю дзейнасці БНР з нагоды Другой Беларускай нацыянальна-палітычнай нарады ў Берліне ад 15.11.1925

 

203. Дакументы так званай «ліквідацыі» Урада БНР на 2-й Беларускай нацыянальна-палітычнай нарадзе ў Берліне ад 15.11.1925

 

204. Матэрыялы і дакументы да 2-й Беларускай Нацыянальна- Палітычнай нарады ў Берліне ад 2.12.1925

 

 

САБРАНЫЯ УЛАДЗІМЕРАМ САКАЛОЎСКІМ ДАКУМЭНТЫ ПА ГІСТОРЫІ НАДЗВЫЧАЙНАЙ МІСІІ БНР У НЯМЕЧЧЫНЕ НАДРУКАВАНЫЯ Ў № 3 «ARCHE» ЗА 2009 ГОД.

 

Гэты нумар часопісу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:

 

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.

 

Барысаў — Алег Лучына, п/с 714, 222120, Барысаў-1, тэл. (029) 33-99-161.

 

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.

 

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.

 

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;

 

Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.

 

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.

 

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.

 

Менск — Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-20-36.

 

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.

 

Падпіска на часопіс «ARCHE Пачатак» прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях «Белпошты». Падпісны індэкс — 00345.