Некаторыя прадстаўнікі сучаснага руху інтэлектуалаў-літвінаў у Беларусі пакутуюць на шматлікія “дзіцячыя хваробы”, займаючыся супрацьстаўленьнем літоўскага адраджэньня беларускаму ці экспэрымэнтатарствам над беларускай моваю, але гэтыя праявы варта аддзяляць ад сутнасьці самое ідэі.

Месца спадчыны Вялікага Княства Літоўскага ў гісторыі сучаснай Беларусі – адно з тых пытаньняў, якое сёньня не дае спакою ані айчынным ды замежным навукоўцам, ані шматлікім аматарам. Адна з найбольш характэрных праяваў грамадзкай зацікаўленасьці гэтай праблемай – узьнікненьне апошнім часам шматлікіх груповак, якія тым ці іншым чынам акцэнтуюць сваю духовую роднасьць з колішнімі старажытнымі «ліцьвінамі» і абвяшчаюць сябе іх пераемнікамі. На рэдакцыйную пошту «ARCHE” таксама апошнім часам прыходзяць тэксты, аўтары якіх у той ці іншай ступені закранаюць адзначаную праблематыку. Некаторыя зь іх, як, напрыклад, тэксты “Праект “Беларусь”: aut pro, aut contra?” ці “Трактат супраць літвінаў”, “Паходжаньне назвы “Літва” і сучасныя беларусы” ўжо друкаваліся на нашым сайце і сустрэліся з зацікаўленасьцю наведвальнікаў сайту. Ніжэй мы публікуем яшчэ адзін тэкст на падобную тэму, дасланы адным з нашых чытачоў. Як і папярэднія матэрыялы падобнага кшталту, ён публікуецца ў фармаце дыскусіі, рэдакцыя часопісу пазыцыю аўтара ў дадзеным пытаньні не падзяляе.

 

Рэдакцыя


 

Дзякуючы дзейнасьці шэрагу асобаў у беларускай інфармацыйнай прасторы ў апошнія месяцы зноў узьнялася і актывізавалася дыскусія вакол літвінаў і літоўскасьці. Пры гэтым, на жаль, за эксцэнтрычным інтэрнэт-тролінгам часта губляецца прынцыповая рацыя, якая маецца ў ідэях гэтых людзей і ў самым фэномэне зьяўленьня маленькай, але выразнай групы нацыянальна сьвядомых беларусаў, што ідэнтыфікуюць сябе як літвінаў. Рацыя ў тым, што вяртаньне да вялікалітоўскай ідэнтычнасьці павінна быць своеасаблівай канчатковай мэтай беларускага адраджэньня. Усьведамленьне сябе спадкаемцамі Вялікага Княства Літоўскага і ўсьведамленьне ВКЛ як найбольш працяглага, асноўнага, ключавога этапу нашай гісторыі павінна зрабіцца асновай і грунтам нацыянальна-дзяржаўнай ідэнтычнасьці насельнікаў Рэспублікі Беларусь.

 

Варта зьвярнуцца да гісторыі Беларусі. Цягам 17 і 18 стагодзьдзяў Вялікае Княства Літоўскае перажыло шэраг катастрафічных паводле сваіх маштабаў войнаў, якія некалькі разоў прыводзілі да амаль суцэльнага вынішчэньня гарадзкога насельніцтва краіны. Да гэтага дадалася тэндэнцыя да палянізацыі вялікалітоўскай шляхты, у выніку чаго да пачатку 19 стагодзьдзя ў сучаснай Беларусі сацыяльны падзел, які часьцяком дадаткова падкрэсьліваўся падзелам рэлігійным, усё больш набываў выразныя рысы нацыянальнага.

 

Ва ўмовах, калі сваёй традыцыйнай балцка-ўсходнеславянскай ідэнтычнасьці ў значнай ступені выраклася ўласная нацыянальная эліта, а моўны падзел рабіў немагчымым узаемадзеяньне зь іншымі нашчадкамі Вялікалітвы – балтамоўнымі жыхарамі тэрыторыі сучаснай Літоўскай Рэспублікі, славянамоўным літоўскім сялянству і дробнай шляхце інтуітыўна не заставалася нічога, акрамя як фактычна афармляцца ў новую супольнасьць – беларускую нацыю.

 

Нацыянальнае беларускае адраджэньне ажыцьцяўлялася зь 19 стагодзьдзя пераважна выхадцамі зь сялянства, большасьць якога складалася з нацыянальна дэзарыентаваных “тутэйшых” – гэткай tabula rasa безь дзяржаўніцкай сьвядомасьці, але з пэўным наборам супольных этна-культурных характарыстык. Грунтуючыся на літоўскай сялянскай культуры, беларускі праект міжволі збольшага адрынаў накоплены культурны і традыцыйны багаж літоўскіх гораду і шляхты, бо носьбіты апошняга былі альбо зьнішчаныя фізычна, альбо асыміляваліся і сталі ў большай ступені атаесамляць сябе з Польшчай і польскай культурай, чым зь мясцовай. Альтэрнатыўныя нацыянальныя праекты (як водблеск іх – паўстаньне Люцыяна Жалігоўскага і абвяшчэньне Рэспублікі Сярэдняй Літвы ў 1920 годзе) не знайшлі ў краіне сацыяльнай базы, якую ў аграрнай Беларусі пачатку 20 стагодзьдзя меў арыентаваны на сялянства і сацыялістычны паводле сваёй палітычнай дактрыны беларускі адраджэнскі рух.

 

У выніку намінальная гістарычная перамога засталася менавіта за беларускім нацыянальным праектам: з 1918 году Беларуская рэспубліка прынамсі фармальна (а з 1991 – і дэ-факта) існуе ў якасьці самастойнага дзяржаўнага ўтварэньня, а абноўленая і стандартызаваная руская літоўская мова мае афіцыйны статус ў якасьці беларускай мовы. Але адначасова з гэтым была перарваная пераемнасьць нашых гістарычных дзяржаўніцкіх традыцый і павінен быў быць пройдзены доўгі шлях, перш чым можна было б казаць пра магчымасьць аднаўленьня гэтае пераемнасьці.

 

Трэба аддаць належнае, што ўжо з пачатку 20 стагодзьдзя спадкаемнасьць ад Вялікага Княства Літоўскага была неад’емнай часткаю бачаньня гісторыі беларускім нацыянальным адраджэньнем, проста таму што ў зямель сёньняшняй Беларусі аб’ектыўна не было і не магло быць іншай нацыянальнай гісторыі, акрамя гісторыі вялікалітоўскай. Але супярэчнасьць была закладзеная ў гэтае бачаньне і ў яго прэзэнтацыю ад самога пачатку: беларускае адраджэньне пачало прымяняць мадэрнісцкі лэйбл “Беларусь” у непасярэдным дачыненьні да сярэднявечнай Літвы, катэгарызаваць ВКЛ як “беларускую дзяржаву”, спрабаваць маніпуляваць сярэднявечнымі паняцьцямі. Мы маем тут і вэрбальныя канструкцыі, як “Вялікае княства Беларускае (Літоўскае)”, і пошукі гістарычнай Літвы па тапаніміцы на тэрыторыі выключна Беларусі, і тэорыі пра славянскае паходжаньне племені літва як “лютычаў”, “лютвы” ці пра прозьвішча Радзівіл ад “раіў Вільню”.

 

Усе гэтыя спрэчныя прыёмы і тэорыі вельмі непераканаўча суседнічалі са значна больш абгрунтаванымі сьведчаньнямі пра балцкае паходжаньне літвы і літоўскае эліты і на фоне таго элемэнтарнага факту, што гістарычныя крыніцы ніколі не казалі пра ВКЛ як “беларускую” дзяржаву – гэтаксама як і вынайдзенае слова “спадар” ніколі не было агульнапрынятым ветлівым зваротам на тэрыторыі Беларусі. Усё гэта апынулася вялікім піяраўска-палемічным хібам сфармуляванага беларускім адраджэньнем бачаньня гісторыі ў параўнаньні з больш пасьлядоўна сфармуляванымі канцэпцыямі гісторыі Вялікалітвы – польскай, расейскай і нават летувіскай, хаця летувіскае нацыянальнае адраджэньне таксама не пазьбегла мадэрнісцкай нацыяналістычнай мітатворчасьці зь перайменаваньнем гербу “Пагоня” ў “Vytis” і перайначаньнем традыцыйных імёнаў літоўскіх князёў на летувіскі лад. Палітычныя абставіны 20 стагодзьдзя склаліся так, што летувіскаму міту атрымалася замацавацца і на сёньняшні дзень зрабіцца дамінантным бачаньнем гісторыі ВКЛ у сьвеце.

 

З-за прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Беларусь бяз бою капітулявала ў постсавецкай ідэалягічнай вайне гісторыкаў за літоўскую спадчыну зь летувісамі і палякамі. Абыякавасьць сёньняшніх беларускіх уладаў да спадчыны ВКЛ і выключэньне гэтай спадчыны зь дзяржаўнай ідэалёгіі рэжыму практычна выключыла Беларусь з дыскусіі і ператварыла перацягваньне гістарычнай коўдры ў справу пераважна польска-летувіскіх стасункаў, дзе Беларусь рэдка разглядалася ў якасьці маючага дачыненьне да гісторыі ВКЛ суб’екта. Сёньня, праз амаль дваццаць гадоў нацыянальнага адраджэньня і самасьцьвярджэньня ў вызваленых з-пад савецкай акупацыі краінах, маецца тэндэнцыя да пэўнай “зьверкі гадзіньнікаў” польскіх і летувіскіх гісторыкаў, у якім зьяўляецца шанец паўдзельнічаць і беларусам.

 

Але міжнародны аспэкт гэтай сытуацыі насамрэч глыбока другасны. Куды больш важнае аб’ектыўнае ўспрыняцьце літоўскай спадчыны намі самімі, а не пытаньне перадзелу з суседзямі гэтай спадчыны – збольшага агульнай і непадзельнай. Зважаючы на тое, што панятак “Беларусь” і “беларусы” замацаваўся толькі ў 19 стагодзьдзі, у час найглыбейшага нацыянальнага заняпаду нашай краіны, сам выраз “беларускае нацыянальнае адраджэньне” зьмяшчае глыбокую ўнутраную супярэчнасьць. Насамрэч паўнавартаснае нацыянальнае адраджэньне на нашых землях можа быць толькі вялікалітоўскім. Беларускае адраджэньне можа і павінна быць прыступкай да яго, непасрэдным сродкам адраджэньня традыцый і гістарычнай пераемнасьці ад нашых продкаў.

 

Такім чынам, сам фэномэн літоўскага руху ў сучаснай Беларусі – гэта ў першую чаргу спроба пераасэнсаваньня беларускага нацыянальнага руху, выпраўленьня ягонай ідэйнай непасьлядоўнасьці і таго, што ў сілу вонкавых абставінаў беларускаму руху было не наканавана быць такім самым пасьпяховым, як іншым народжаным у 19 стагодзьдзі летувіскаму, украінскаму ці польскаму нацыяналізмам. Некаторыя прадстаўнікі сучаснага руху інтэлектуалаў-літвінаў у Беларусі пакутуюць на шматлікія “дзіцячыя хваробы”, займаючыся супрацьстаўленьнем літоўскага адраджэньня беларускаму ці экспэрымэнтатарствам над беларускай моваю, але гэтыя праявы варта аддзяляць ад сутнасьці самое ідэі. Гэтаксама нельга маўкліва аддаваць манапалізм на “літоўскасьць” асобным людзям, што беспадстаўна заявілі пра сваё права на гэта. Трэба асэнсоўваць, абмяркоўваць і ўсьведамляць, што наша гісторыя наўпрост выцякае з гісторыі Літвы і што бяз нашага ўдзелу асэнсаваньне і адраджэньне спадчыны Літвы яе народамі-нашчадкамі таксама ня можа быць паўнавартасным.