Колькі слоў пра паэзію простага люду гэтае нашае польскае правінцыі, пра ягоную музыку, спевы, танцы, etc.

Прачытана на паседжаньні Польскага літаратурнага таварыства ў Парыжы 21 лістапада 1839 г.

 

Парыж, у друкарні Ю. Марыльскага, накладам аўтара, 1840.

 

Першаму з беларускіх сялян, які перш чытаць, а пасля гаварыць і думаць па-польску навучыцца, гэтую маю нікчэмную працу ў довад высокае любові і павагі прысвячаю і дзеля яго друкую.

Аўтар

 

УСТУП

 

Туда лозы хылылыся,

Куда ім похыло;

Туда очы дывылыся,

Куда сэрцю мыло.

«Pieśni Ludu Galicijskiego».

Wacława z Oleska, s. 189.

 

З таго часу, як вялікі вяшчун «Валенрода» напісаў першыя літоўскія балады, выпусціў у свет сваю непараўнальную «Гражыну», а Багдан прыбраў у народныя строі «Валынскія русалкі» і «Украінскія думы», мы бачым, што ўся польская моладзь, нібы падхопленая прывабнаю сілаю, навыперадкі рушыла па новым, паказаным ёй Майстрамі, шляху нацыянальных скарбаў нашае літаратуры, і сёння з гонарам і запалам ідзе ім.

 

З прыемнасцю знаёмімся мы тут на амаль кожным нашым пасяджэнні з навастворанымі ў гэтай святой галіне адкрыццямі, напісанымі нашымі землякамі, што засталіся на бацькаўшчыне. Не адзін, як Хадакоўскі з кіем у руцэ, з торбаю за плячыма альбо папкаю пад пахаю, ходзіць ад хаты да хаты, ад жабрака да дудара, ад пастуха да жняі, з вяселля на ігрышча, з гучных хрысцін да магілы — і паўсюль, хціва настаўляючы вуха, на здзіўленне задуманага селяніна, патаемна ці адкрыта піша, натуе, збірае, памнажае невядомыя нам скарбы.

 

Яшчэ, пэўна, не сцерлася з вашае, калегі, памяці тая паэтычная аповесць колісь паганскае Літвы пра Каралеву Балтыкі на бурштынавым троне; тыя чароўныя малюнкі ваколіц Дняпра; і тыя кароткія апісанні забаў і песняў сялян, якімі нас на пацеху нашую і ўсяе вялікае польскае сям’і ўзнагароджваюць часам тамтэйшыя часопісы і якія так ўдзячна, так гладка ўмее чытаць наш віцэ-старшыня, як іх спрытна там пішуць знаныя нам сваімі талентамі Крашэўскі альбо Міхал Грабоўскі.

 

Упершыню пакліканы вамі прачытаць вам сёння ў дзень альфабэтычнае чаргі што-небудзь з маіх новых літаратурных твораў з біццём сэрца навічка, са скрухаю маласпрактыкаванага, менш за ўсё самаўпэўненага пісьменніка, адчуў жаль, беручыся за гэтую працу, жаль, што Неба не дало мне ні пісьменніцкага таленту апошніх, ні красамоўства першага.

 

Народжаны далёка ад цэнтра роднае мовы Пястаў, ад сакавітае пальшчызны Скаргі, Трамбецкіх, Нарушэвічаў ці Каханоўскіх, не раз тут я, можа, выскачу перад вамі з невядомым вам правінцыялізмам, які абразіць вашыя вушы? Аднак суровы суд ваш і крытыку пераменіце на паблажлівасць, калі даведаецеся, што прамаўляю да вас пальшчызнаю глыбокае Белай Русі, пальшчызнаю, якой нас аж за Дзвіну, да Вялікіх Лукаў і Пскова са зброяю ў руках навучыў колісь Баторы; якую да сённяшняга дня пад самым вокам ворага ля брамаў ягоных сталіц, за сто міль ад Варшавы, нягледзячы на ўплыў маскоўшчыны, якою нас цалкам атачылі, — захоўваем як найдаражэйшы наш кляйнот. Гэты скарб пакінулі нам у спадчыну полькі, маткі нашыя. З іх малаком усмоктваюць і на Русі сапраўдныя сыны Леха гэтую рэдкую і неабмежаваную міласць да Айчыны і гэтае моцнае замілаванне мовай продкаў, што нас усіх спрадвеку характарызавала. Вусны іхныя за першы лічаць абавязак навучыць дзіця вымаўляць святое імя Польшча, перш чым яно яшчэ скажа: «Мама!», а рука не падасць яму неабходнай ежы, калі ён па-польску не папросіць!

 

Але не пра полек я тут сёння да вас, не пра пальшчызну, хоць і па-польску маю намер казаць.

 

Ёсць у нашай Польшчы, раскінутай ад Балтыкі да Чорнага мора, ад Салі аж да брамаў Смаленска, на гэтай шматфарбнай, але ў адно злітай тэрыторыі новыя невычарпальныя крыніцы мовы, гісторыі і паэзіі, пра якія хоць і былі мільёны адкрыццяў, мы яшчэ нічога не чулі. Шукаць іх, карыстацца імі — галоўная і неабходна, каб была найпершай павіннасцю, калі не заслугаю кожнага сёння пісьменніка-паляка. На такіх толькі матэрыялах, на такіх скарбах збудаваць можна сапраўды нацыянальную, вольную ад чужаземшчыны літаратуру, а наша польская, на жаль, яшчэ не ёсць такою. Давайце, аднак, верыць, што пры сённяшнім агульным жаданні амаль усіх адукаваных людзей, пры тым незмарнаваным памкненні да настойлівых пошукаў як на радзіме, так і за мяжою дойдзе яна хутка да пажаданае поўнае дасканаласці. Няхай толькі кожны з нас возьме сабе за мілы абавязак злажыць на яе алтар хоць сціплыя плады свае працы, а сабраная такім чынам у адзіны стос даніна, што ўзнімаючыся ўсё вышэй і вышэй, абавязкова выбудуецца ў новую святыню, перад яркім польскім бляскам якой схіліць пакорлівую галаву, пабляднее як мішура перад золатам усё, што толькі ёсць замежнае, не нашае, чужаземскае. Добраю падказкаю з’яўляюцца нам сёння нястомныя памкненні ў тым напрамку братоў-славян. Чэх, ілірыец, серб і іншыя, корпаючыся сёння з нязнаным ім раней запалам у заплеснелым спрадвеку пыле сваіх скарбніц, ўзбагачаюць (нязначна!) і нашую ахвярную скрыню. Я бачу, мне здаецца, ужо той момант блізкі (блізкі, дай Божа!), калі перапоўненая ўсеагульнымі дарамі яна зломіць акаванае века, якое хавае яе, каб паказацца на публіцы ва ўсім святле, а пакуль тое наступіць, дазвольце мне, калегі, свой сённяшні сірочы грош укінуць у тую агульную скарбонку.

 

Пра Белую Русь я ўспомніў хвіліну назад. Русь тая, колькі ёсць і будзе Польшча, складае непадзельную частку дарагой нашай Айчыны. Пра яе таксама колькі словаў вам скажу, а гэта таму, што ўсё роднае кожнаму з нас мілае і ўсё, што я скажу, будзе ўсім новым, дык сумняваюся, каб вас яно нудзіла.

 

Час, аб’ём майго сённяшняга паведамлення не дазваляюць мне шырока заняцца гэтаю вялікаю краінаю. Дык пакідаю ўсялякія геаграфічныя, статыстычныя, гістарычныя, а нават і пра саму прыроду мовы тае правінцыі, шмат каму вельмі цікавыя і важныя для польскай літаратуры звесткі на наступную ў пасяджэннях маю чаргу альбо, дасць Бог, на іншы, больш памысны час; сёння адно толькі песні, ці паэзію, буду аналізаваць.

 

Выйшлі ўжо ў Вільні ананімна падобныя песні, у «Gazecie Porannej Warszawskiej» нядаўна паабяцаныя; абяцае і Аляксандр СпасоўскіIX нешта выдаць, але перш чым Неба ўсё гэта нам дазволіць чытаць, скажам сабе самі, што мы пра іх ведаем, перадусім, столькі, колькі памяць мне, пазбаўленаму ўсялякіх іншых рэсурсаў, дапаможа.

 

Якія гэта мілыя выгнанцу на чужой зямлі ўспаміны!

 


 

ЦАЛКАМ ПЕРАКЛАД НА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ ЗНАКАМІТАЙ ПРАЦЫ АЛЯКСАНДРА РЫПІНСКАГА НАДРУКАВАНЫ Ў № 5 “ARCHE” ЗА 2009 ГОД.

 

Гэты нумар часопісу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:

 

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.

 

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.

 

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.

 

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;

 

Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.

 

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.

 

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.

 

Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл. (044) 792-36-88, (029) 271-77-22.

 

Менск — Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-20-36.

 

Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73

 

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.

 

Падпіска на часопіс “ARCHE Пачатак” прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях “Белпошты”. Падпісны індэкс – 00345.