Пісьменнік, чый дом — яго родная мова, разумее, што мова — гэта не проста сродак камунікацыі, наадварот, — гэта метафізічнае разуменне быцця.

Балканы — гэта не проста гарыстая паўвыспа на паўднёвым усходзе Еўропы, якой бракуе прыроднай мяжы з Еўропай заходняй і якая носіць назву, абраную для яе нямецкім географам Аўгустам Цойнэ на пачатку ХІХ стагоддзя, а той, у сваю чаргу, запазычыў яе ў турэцкага картографа, свайго папярэдніка. За апошнія два стагоддзі войнаў і гвалтоўнага перасоўвання межаў пад ціскам Габсбургаў і Асманскай імперыі пры шчодрай дапамозе заходніх магутных дзяржаваў і Расіі Балканы таксама сталіся добрай метафарай, своеасаблівай forma mentis для дзікай першабытнай ментальнасці, што не паддаецца ўплыву сучаснага розуму, ментальнасці, чые метастазы ў стане атруціць «здаровую» цывілізацыю ў свеце глабальнага капіталізму.

Балканізацыя пэўнай супольнасці — гэта сёння збольшага абразлівае слова, што мае на ўвазе нарцысічнае драбленне буйных калектываў на значна меншыя групоўкі, якія самасцвярджаюцца ў кровапраліцці і жорсткай нянавісці, у вераломным маралізме чысціні і рытуальным уваскрашэнні старажытнага парадку. «Еўрапейскі» лад жыцця і мыслення тут, на Балканах, не адразу даступны. Дарэчы, а дзе гэтае «тут»? Ці пачынаецца яно на паўднёвым баку тэрасы гатэля «Эспланада» ў Заграбе, як дасціпна адзначыў Міраслаў Крлэжа, выбітны харвацкі пісьменнік? Ці напраўду ягоны парог магчыма пераступіць у змрочных тавернах гастарбайтараў, што абступілі Паўднёвы чыгуначны вакзал Вены, як дзень пры дні каркаюць таблоіды аўстрыйскага мяшчанства? Ці Балканы паўстаюць на паўднёвым беразе ракі Колпа, што аддзяляе Славенію ад Харватыі, як пыхліва прызвычаілася лічыць большасць славенскага насельніцтва?

Але знак, які размяжоўвае стабільнае і ўпарадкаванае грамадства з племяннымі жарсцямі, усяго толькі ўяўны. Яго можна перамяшчаць у адпаведнасці са зменлівай патрэбай супольнасцяў надаваць сэнс сваёй размытай ідэнтычнасці, хоць вынікі такога зруху адбіваюцца з абодвух бакоў мяжы. Сучасны вобраз Балканаў паўстаў як вынік шматлікіх канцэптуальных мутацыяў, калі апавяданні каланізатараў пра нешта іншае, адрознае і выразнае, часцяком перапляталіся з пошукамі мясцовай этнагенетычна адметнай і вышэйшай антызаходняй культуры імпульсіўных Балканаў.

Тым не менш, тут існуе культурная традыцыя, дзякуючы якой сталася магчымым актыўнае прасоўванне ідэяў, поглядаў і сімвалаў за лінгвістычныя і этнічныя межы, традыцыя касмапалітызму. Гэтая традыцыя паміж дзвюма сусветнымі войнамі магла б скончыцца, але ж увабрала ў сябе гістарычны авангард з сапраўдным балканскім характарам — Zenitism, які Любамір Мічыч па-майстэрску рэдагаваў пяць гадоў. Яго часопіс «Zenit» у нейкай ступені чытаўся як каталог нямецкага экспрэсіянізму і рускага канструктывізму, і ў той час як арыгінальная ідэя «варварскага генія», сапраўднага балканца, які ў творчым зеніце ўліецца свежай крывёю ў вены заняпалай Еўропы. Яна найлепшым чынам адлюстравала папулярнае перакананне, што балканскія народы несапсаваныя разбэшчаным еўрапейскім інтэлектам. У голасе славенскага паэта Срэчка Косавэла, натхнёнага зенітызмам, чулася трапяткое прадчуванне вызвалення; у вершах харвацкага паэта Тына Уевіча — выкшталцоныя медытацыі над бегам часу; у творах Іва Андрыча, што сцвярджалі падабенства сербаў, харватаў і баснійцаў, выяўлялася фаталісцкае прыняцце бяды. Але ніводны з гэтых пісьменнікаў не ўплывае дагэтуль на маё хваравітае ўяўленне так моцна, як Даніла Кіш.

Даніла Кіш (1935—1989), празаік, плённы перакладчык і харызматычны бонвіван, быў збаўцам ад ярма сацрэалізму, афіцыйнай эстэтыкі югаслаўскага мастацтва перыяду пасля Другой Сусветнай вайны. У культурным плане ён натхняўся традыцыямі габрэйскага, сербскага і вугорскага асяроддзяў, бо пісаў там, дзе перакрыжоўвалася аўстра-вугорская і балканская спадчына. Сын Хорхе Луіса Борхеса і Бруна Шульца, ён свядома імкнуў ад матчынай мовы бліжэй да сваіх літаратурных бацькоў, каб як найлепш падкрэсліць свабоду выбару свайго ўяўлення. Але ён ні ў якім разе не пачуваўся вольным ад маральнага абавязку, бо прыняў на сябе званне «апошняга паэта Югаславіі», якое несла несупыннае супрацьстаянне нацыяналістычнай ідэалогіі. Ды не менш значным для мяне было яго ўсведамленне, што менавіта ў тым, каб трымацца экзістэнцыйнай неабходнасці, якая можа і мусіць адрынуць спакуслівыя ілюзіі інтэрнацыялізму «ў вольным плаванні», і ёсць пакліканне аўтара.

Пісьменнік, чый дом — яго родная мова, разумее, што мова — гэта не проста сродак камунікацыі, наадварот, — гэта метафізічнае разуменне быцця. У той час, як пад інтэрнацыяналізмам «у вольным плаванні» маецца на ўвазе, што чалавек цалкам здольны пачувацца як дома ў наднацыянальным сацыяльным класе і гэта патрабуе адмовы ад непасрэдных этнічных і культурных сувязяў у імя вернасці камунізму, мне хацелася б спадзявацца, што заставацца адданым спрадвечным сферам родных геаграфіі, гісторыі і грамадства цалкам магчыма, нават падтрымліваючы сувязі з сусветным культурніцкім рухам. Кідаючы выклік, з аднаго боку, упартасці нацыяналістычнага самазамілавання, а з другога, пацешнай бессэнсоўнасці «грамадзянства сусвету», я паспрабаваў накрэсліць канцэнтрычныя колы ідэнтычнасці, што пачынаюцца ад вобразаў сябе, укарэненых у калектыўны досвед, і паволі разыходзяцца па хвалях тутэйшай, нацыянальнай і рэгіянальнай прыналежнасці.

Ідэнтычнасць раскрываецца толькі пад тым праніклівым паглядам, што валодае пераўтваральнай сілай разбураць замацаваныя за пэўнай мясцовасцю ўяўленні пра паўсядзённасць, паступова трансфармуючы іх у гісторыі сусветнага значэння. Гэта пагляд майстроў, мастакоў і пісьменнікаў, у чыіх творах сталае мысленне суседнічае з адданасцю пэўнай супольнасці, якая этнічным ці моўным складам розніцца ад супольнасці аўтара. Такая касмапалітычная перспектыва напраўду вымагае асабістага выбару, бо ён пераўзыходзіць прыродную прыналежнасць. Яна вымагае выбару такой размытай грамадскай прыналежнасці, дзе імператыў быць чалавекам — гэта не проста права, але і адказнасць. Тое, што ў стане абараніць нас, усіх ахвочых удзельнічаць у жыцці, дзе ідэя агульнага чалавецтва яшчэ не згінула да канца, — гэта, мабыць, толькі слабая надзея, што крытычнае стаўленне да модных ідэалогій у той жа час прапануе і супрацьстаянне статусу-кво ды не дазваляе нам фаталістычна прыняць зло як неад’емны аспект досведу.

Даніла Кіш быў для мяне пісьменнікам-героем. Глыбока перакананы, што галоўнае пытанне для пісьменніка ХХ стагоддзя — гэта пытанне канцэнтрацыйных лагераў: Асвенціма і ГУЛАГу; стваральнік лірыкі, якая, з аднаго боку, улучала мроі пра незлічонасць чыгуначных станцый, а з другога, праменіла трэмар трывожнай душы; сцвярджаючы, што кіч немагчыма знішчыць назаўжды, як пластыкавую бутэльку; пакорліва, але не па-ўпадніцку разумеючы той факт, што яму, які пражыў апошняе дзесяцігоддзе свайго жыцця ў добраахвотным парыжскім выгнанні, спрэчкі тагачасных французскіх інтэлектуалаў былі ясныя, а спрэчкі ў яго роднай краіне заставаліся чужымі для французскіх сучаснікаў; упарта верачы, што літаратура пішацца цэльнасцю чалавечага быцця, а не толькі мовай, і гэта вымусіла яго трымацца за сваю серба-харвацкую літаратурную мову замест фальшывых выгодаў для выгнанніка «прыёмнай» французскай; прынцыпова ставячыся да габрэйскага апартэіду, які не можа быць забыты праз разбуральныя вынікі шавіністычнага ўзвышэння «абранай нацыі» да метафізічнай Ідэі, якая апраўдвае ўсе сродкі; выкшталцона апісваючы сваё жыццё і творчасць, Даніла Кіш рэпрэзентуе для мяне найлепшае ўвасабленне Балканскай думкі.

Я адкрыў для сябе Данілу Кіша напачатку 1980-х, яшчэ студэнтам Люблянскага ўніверсітэта. У той час Югаславія была для нас, яго і мяне, агульным вялікім домам. Калі я натрапіў на ягоныя апавяданні, гэта сталася для мяне нечым кшталту Аб’яўлення, бо дагэтуль ягоныя творы яшчэ не знайшлі прызнання. Фактычна, падчас усплёску цікаўнасці да публікацыі зборніка яго апавяданняў «Грабніца для Барыса Давыдавіча» [1] (першая публікацыя — у 1976 г.; праз два гады выдавецтва «Harcourt Brace Jovanovich» выпусціла ангельскі пераклад), выбухнула гучная палеміка з нагоды правільнасці ўжывання літаратурных прыёмаў. Кіш ператварыўся ў аб’ект публічнага нішчання і зневажання камуністычнымі бонзамі, што ў выніку скончылася ягонай эміграцыяй. Кіш выехаў выгнаннікам у Парыж. А я апынуўся ў шчаслівым выгнанні ягоных кніг. Дваццаць гадоў пасля я ўсё яшчэ там. І нашмат больш працягваю чэрпаць з твораў Кіша, чым з таго перадапакаліптычнага свету, дзе дробныя тэмкі Еўропы пра падзелы нацыяў і раздзяленне на «нас» і «іх» знаходзяць жахлівае сусветнае ўвасабленне ў амерыканска-брытанскім захопе Іраку. Натуральна, у такія часы разглядаць дух бібліятэкі як скарбонку грамадскага розуму — значыць паддацца літаратурнаму летуценню. Але яно ўсё роўна настолькі наталяе маё ўяўленне, што я папросту не магу не мроіць пра майго настаўніка.

У сваіх творах, асабліва ў апавяданні «Энцыклапедыя мёртвых» [2] (упершыню надрукавана ў 1983; «Farrar, Strauss & Giroux» выдала ангельскі пераклад у 1989-м), Даніла Кіш выкарыстаў метафару надзвычайнай бібліятэкі. А там, дзе літаратурная бібліятэка, там і бібліятэка Борхеса. Менавіта метапразаічная стратэгія Хорхе Луіса Борхеса вымусіла Кіша заявіць, што ўся літаратура дзеліцца на «літаратуру да Борхеса і пасля». Гэтыя словы можна аспрэчыць, але факт застаецца фактам: Борхес моцна паўплываў на выкарыстанне Кішам у сваёй творчасці дакументаў, хронік і адсылак да рэальных падзеяў. Прабіраючыся праз іх праўдзівасць, Кіш ствараў мастацкую прозу найвышэйшага гатунку. Борхес вынайшаў метафару бібліятэкі, што мела на мэце ўвасобіцца ў сусвет. У сваім апавяданні «Вавілонская бібліятэка» (1941) ён выявіў бібліятэку, велічэзную ў сваіх памерах, бо яна захоўвае ў сабе бясконцасць усіх мінулых, цяперашніх і будучых падзеяў. Бібліятэка Борхеса такая ж бязмежная, як занепакоенасць людзей, што марна шукаюць тлумачэння хаосу ў правільных шэрагах кніжных паліцаў.

Кіш быў уражаны, але не задаволены. Ён абраў вострае, палымянае, беспамылковае і па сутнасці сваёй палемічнае прачытанне гэтай метафары ў «Энцыклапедыі мёртвых». Па-першае, энцыклапедыя Кіша, кніга-ўвасабленне квінтэсэнцыі бібліятэкі, адкрытая толькі для тых, хто ўжо памёр. Па-другое, механізм абранасці працуе нават у асяродку мерцвякоў, бо з бібліятэкі Кіша выключаныя тыя, чые імёны ўжо былі ўганараваныя згадкай у нейкай іншай кнізе, слоўніку ці бібліятэцы. Такім чынам людзі, чые імёны не трапілі ў «Хто ёсць хто?», знаходзяць сабе адзінае прызнанне ў сапраўднай энцыклапедыі мёртвых, энцыклапедыі безыменных, выпадковых мінакоў, простых суседзяў. У такім метадалагічным прыёме — перамога ўраўнавальнай сілы смерці. Гэта свайго роду жахлівы напамін пра забытыя прынцыпы свабоды, братэрства і роўнасці.

Я не кажу, што ў часы бесперапынных сацыяльных зменаў Кіш толькі выконвае ролю міласэрнага служкі, які мусіць суцішваць боль. Урэшце боль прымушае нас задумацца, думанне можа прывесці да мудрасці, а мудрасць робіць жыццё хоць крыху зносным. Я хачу толькі сказаць, што радыкальнае разбурэнне ілюзіі пра роўнасць — гэта самабытны ўнёсак Данілы Кіша ў раз- уменне сучасных умоваў чалавечага быцця: нават роўнасць мёртвых вызначаецца канкрэтнымі сацыяльнымі стасункамі, прадвызначанымі чалавечымі паводзінамі пры жыцці. Іншымі словамі, раз’яднанасць палітычных поглядаў і падзел людзей паводле сацыяльнага статусу пераследуюць іх і пасля смерці.

Логіка энцыклапедычных артыкулаў звязаная з пэўным відам герменэўтыкі, што злушчваецца слой за слоем. Павуцінне падзеяў і калыханкі, напетыя памерлымі, родзічы і вясельныя госці, паштары на лёгкіх ножках і агідныя малочніцы, павуцінне з усіх людзей, якіх некалі бачылі, якіх ведалі ці нюхалі, цягнецца бясконца. Але хіба гэта хлусня? Павуцінне, у якое трапляе чалавек, нарэшце разрастаецца настолькі, што літаральна ахоплівае ўвесь вонкавы свет, бо кожны раней ці пазней сустрэнецца з некім, хто сутыкаўся са знаёмымі памерлага. Калі павуцінне захоплівае родзічаў і родзічаў родзічаў, а таксама знаёмых і звычайных сустрэчных, прыняцце энцыклапедыі мёртвых у выніку вызваляе: яно абвяшчае, што мы звязаныя з усімі жывымі і мёртвымі рэчамі на зямлі. Гэты лабірынт, клубок сувязяў, якія немагчыма разблытаць, цягнецца ў даўжыню і вышыню, лабірынт такі агромністы, што падчас першага пра- чытання гэтага апавядання Кіша я адчуў страх ад таго, наколькі падобным ён быў да надзвычай дакладнай мапы Англіі, якая напраўду і ёсць Англіяй самой у сабе, як яе апісваў Джасая Ройс у кнізе «Свет і індывід» (1899). Ягоная мапа ўвесь час запрашала да паўтарэння ad infinitum, бо кожная мапа Англіі мусіць уключаць і самую сябе, а таму ў геаметрычнай прагрэсіі множыць шматлікія свае вобразы.

<!** Title> <!** EndTitle>Аднак энцыклапедыя Кіша — гэта мноства, якое там ужо заўжды прысутнічае. У выдатнай перадачы Кіша мова артыкулаў пераўтвораная з лінейнасці пісьмовых крыніцаў, што абмяжоўваюць законамі нашу штодзённую гаворку і храналагічнае жыццё, у адначасовую прысутнасць шматлікіх зрэзаў жыцця, выпакутаваных памерлымі. Уся гісторыя індывіда сціснутая, падсумаваная і апісаная ўсяго ў некалькіх сказах. Яна прадстаўленая не проста занудным аглядам біяграфічных звестак: нараджэнне, адукацыя, сямейны статус, змяненне месцаў жыхарства і працаў. У большай ступені яна падаецца з мастацкім пачуццём, якое заклікае да найвышэйшых ідэалаў, да цэльнасці быцця.

Таемны праект Стэфана Малармэ «Кнігі» ззяе праз гэтае няспраўджанае жаданне апяваць цэласнасць жыцця, пражываць цэласнасць песні. Малармэ, заснавальнік кола французскіх сімвалістаў, у канцы ХІХ стагоддзя абагаўляў мову і яе магчымасці да фантастычнага сінтэзу, у якім самаадасабленне будзе пераадоленае і «ўсё зямное быццё мусіць нарэшце змясціцца ў кнізе». Малармэ, як вядома, ніколі не напісаў тую Кнігу. Ягоная максіма, што ўсе і ўсё, што ёсць на свеце, мусіць аднойчы апынуцца ў Кнізе, атрымала, аднак, не толькі эстэтычна прывабнае, але і сацыяльна значнае аднаўленне пад трапяткім пяром Данілы Кіша, майго балканскага настаўніка. Па матывах яго аднаймен- най гісторыі я наважыўся напісаць наступнае прысвячэнне, парафраз і свайго роду ўдзячнасць:

Гісторыя настаўніка і вучня

 

з вечаровай Прагі і сіняй цямрэчы,

цяжкой, як смерць галубоў у нядзельнай ляноце,

з пажоўклай кнігі, якую не наважуся разгарнуць,

бо ведаю яе на памяць, бы сусвет,

з сіметрыі чатырох дзесяцігоддзяў і шасці кніг,

што напісалі ў адчаі мае шматлікія я,

з любові, з дваровага пылу, з вершаў, прачытаных

на адным дыханні, з двух ці трох неалагізмаў,

з цярпення і самакантролю, што капае ў мае лёгкія,

з бяссілля і кіслага прысмаку паўтораў,

з веры ў трыццаць шэсць мудрацоў,

з першага ўроку Талмуду,

з няясных візій і няўдалых алюзій,

з вечнай самоты і адпаведнага гонару,

з мужнасці і дарэмнай песні жаўрука,

з непрыемных успамінаў аб міфе пра Пігмаліёна

сёння, як ніколі, жывога, з гісторыі,

упісанай у чыюсьці яшчэ гісторыю і, мабыць,

яшчэ менш удалую, чым арыгінал, што сам —

адно толькі кепскі запіс легенды, якая збылася

шматкроць, з напышлівасці настаўніка,

сляпога да збітых метафар і даверу вучняў,

са здагадак і недарэчнасцяў, з гульняў, у якія

гуляе са мной прачытаная кніга, з настаўніцкай

настойлівасці, што ён адчувае пякучы боль

зазнайства, калі хоча даць урок пра яго пагрозы,

з адбіткаў і ценяў у безлюстэркавым пакоі,

з мудрасці і прыглушаных галасоў з мінулага я не магу

напісаць гісторыю, якая праз гады прысніцца

чалавеку, адданаму чытанню і пісанню,

як я. І я не ведаю, ці будзе ён мною зноў.

З ангельскага арыгіналу «The Poet and the Politics: Danilo Kis and his Literary Work, or, Beyond Yogi and the Commissar» пераклала Юля Цімафеева

 

 

Алеш Дэбэляк (Aleš Debeljak, нар. у 1961 г. у Любляне) — знаны славенскі паэт, эсэіст, перакладчык і сацыёлаг, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій. Ягоныя творы перакладзеныя на многія замежныя мовы, па-беларуску ў нумары «ARCHE», прысвечаным панславізму (1(6)/2000), друкавалася ягонае эсэ «Сутонне ідалаў. Успаміны пра былую Югаславію».


1. Беларускі пераклад (Алена Арэшка) — «Фрагмэнты», № 3, 1997.

2. Эсэ «Энцыклапедыя мёртвых» друкавалася па-беларуску ў «ARCHE» (1/1999) у перакладзе Змітра Дзядзенкі.


Друкаваную вэрсію часопісу можна замовіць у распаўсюднікаў:

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл.             (029) 767-20-37      .

 

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл.             (0162) 25-61-55      .

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл.             (0212) 34-52-41      .

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл.             (029) 341-66-94      ;

Дзяніс Федарэнка, тэл.             (029) 733-55-22      .

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл.             (029) 133-87-17      .

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл.             (0222) 25-57-85      ,             (029) 625-57-85      .

Мазыр — Дамарад Вадзім (8029) 732-75-93

Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл.             (044) 792-36-88      ,             (029) 271-77-22      .

Менск — Сяргей Бахун, тэл.             (029) 724-54-56      ,             (029) 624-54-56      .

Наваполацак — Ірына Бельская, тэл.             (029) 296-15-73

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.

Падпіска на часопіс «ARCHE Пачатак» прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях «Белпошты».

Падпісны індэкс — 00345.