Аповяд пра вядомага віленскага беларуса Лявона Луцкевіча.

Лявон Антонавіч Луцкевіч быў адным з самых вядомых віленскіх беларусаў. Ён выступаў на розных канферэнцыях, святах, вадзіў па Вільні экскурсіі, паказваючы прыезджым невядомую, беларускую Вільню.

Нарадзіўся Лявон Луцкевіч 17 сакавіка 1922 года ў Вільні ў сям’і Антона  і Зофіі Луцкевічаў. Яго бацька Антон Луцкевіч быў адным з пачынальнікаў беларускага адраджэння, выдатным публіцыстам і літаратарам, палітыкам, педагогам, чалавекам энцыклапедычных ведаў. Маці, з дому Абрамовічаў, была медыкам, педыятрам. На фармаванне характараў Лявона і яго старэйшага брата Юрыя, найбольшы ўплыў меў бацька.

Вучыўся Лявон Луцкевіч у славутай Віленскай беларускай гімназіі, якую закончыў у 1937 годзе. У 15 гадоў ён паступіў у Віленскую тэхнічную школу, дзе атрымаў спецыяльнасць электратэхніка ў 1940 годзе. Пасля арышту бацькі ў 1939 годзе жыў разам з братам Юрыем у Каўнасе, дзе ім матэрыяльна дапамагаў Клаўдзій Дуж-Дужэўскі.

У час нямецкай акупацыі, калі ў Беларусі пачалі арганізоўвацца беларускія школы, Лявон і Юры Луцкевічы ўладкаваліся на працу настаўнікамі спачатку ў Радашкавічах, а пасля ў Сыцэвічах. Лявон Луцкевіч выкладаў беларускую мову і літаратуру. Са снежня 1943 года ён працаваў дырэктарам мастацкай школы ў Баранавічах.

Ваеннае ліхалецце закінула Лявона Луцкевіча ў Прусію. Канец вайны ён спаткаў у Чэхаславакіі. Пасля заканчэння вайны Лявон і Юры працавалі ў Варшаве, у Бюро адбудовы сталіцы. Тут у 1945 годзе браты былі арыштаваныя бальшавіцкімі ўладамі і перавезеныя ў Мінск.

Пачаліся допыты, абсурдныя абвінавачанні ў тэрарызме, падрыўной дзейнасці, здрадзе СССР. Яны былі асуджаныя на 15 гадоў зняволення ў лагерах. Прайшоўшы праз многія лагеры, Лявон Луцкевіч апынуўся на Калыме, у пасёлку імя Матросава. Тут ён 7 гадоў працаваў на залатых рудніках. Як электратэхнік дзяжурыў на падстанцыі, якая забяспечвала капальню электраэнергіяй. Дзякуючы прыязнаму характару Лявон Луцкевіч у лагеры знайшоў сяброў не толькі сярод беларусаў, але і сярод украінцаў, літоўцаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў.

Вызваленне прыйшло разам з «хрушчоўскай адлігай». Лявон Луцкевіч яшчэ нейкі час працаваў на Калыме і там спаткаў свайго брата Юрыя. Абодва яны былі вольнанаёмныя. Варта заўважыць, што Лявон меў выдатныя музыкальныя здольнасці і ў вольны час іграў у струнным аркестры.

У 1957 годзе браты Луцкевічы вярнуліся ў родную Вільню. Жыць у горадзе ім не дазволілі. Яны знайшлі прыстанак у невялікім гарадку Лентварысе каля Вільні. Лявон Луцкевіч працаваў на электрыфікацыі калгасаў у Тракайскім раёне, потым інжынерам-энергетыкам на заводзе жалезабетонных канструкцый. На пенсію выйшаў у 1982 годзе, але працаваў яшчэ пяць гадоў на гэтым жа заводзе.

У пасляваенны час у Вільні не было ніякага беларускага грамадска-культурнага жыцця. Нямногія беларусы, якія ўцалелі пасля бальшавіцкіх «чыстак», у той час нават не сустракаліся. У канцы 50-х гадоў з лагераў вярнуліся Антон Шантыр, Янка Шутовіч, Янка Багдановіч, Зоя Каўшанка, Алена Сакалова-Лекант, Адольф Клімовіч. Яны пачалі збірацца то ў Зоські Верас, то ў Луцкевічаў, то ў Зоі Каўшанкі. Гаварылі, успаміналі, спявалі беларускія песні.

Лявон Луцкевіч пачаў збіраць матэрыялы пра Івана і Антона Луцкевічаў, пра Беларускі музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні, пра гісторыю Базыльянскіх муроў. Ён афармляў сабраныя матэрыялы ў самаробныя, прыгожа апраўленыя кніжкі-альбомы.

Усе, хто прыязджаў з Беларусі да Зоські Верас і Лявона Луцкевіча, маглі пазнаёміцца з гэтымі альбомамі, пачытаць іх. Лявон Луцкевіч захапляўся Вільняй, яе архітэктурай, мінуўшчынай. Перш за ўсё яго цікавіла «беларуская Вільня». Пачаліся пошукі мясцін, звязаных з беларускай культурай, будынкаў, дзе ў розныя часы размяшчаліся разнастайныя беларускія культурна-грамадскія ўстановы, дзе жылі і працавалі беларускія дзеячы. Па гэтай «беларускай Вільні» Лявон Луцкевіч вадзіў гасцей з Беларусі і замежжа. На экскурсантаў рабілі ўражанне ягоная чыстая беларуская мова, ягоныя захопленасць, эмацыянальнасць. Матэрыялы пра Вільню разрасталіся, апрацоўваліся з марай пра кнігу з прыдуманай ужо назвай «Вандроўкі па Вільні». Пад уплывам сваёй цешчы Людвікі Войцік (Зоські Верас) Лявон Луцкевіч пачаў збіраць матэрыялы для будучых «Партрэтаў віленчукоў». Сама Зоська Верас была яму ўзорам служэння беларускай справе, адданасці ёй, узорам незвычайнай працавітасці.

У 70-я гады здавалася, што ўсё ў Лявона Луцкевіча ішло добра. Матэрыялы яго даследаванняў часта з’яўляліся ў перыядычным друку Літвы, Беларусі, Польшчы. Аднак у 1983 годзе ва ўсіх беларускіх газетах, а пасля і ў літоўскіх (згодна з дамовай ЦК кампартый Беларусі і Літвы) з’явіўся артыкул М. Сташкевіча «Людзі з мінуўшага», у якім рэзка крытыкаваліся Антон Луцкевіч і яго сыны Юры і Лявон. Баючыся за сваю кар’еру, некаторыя сябры адвярнуліся ад Лявона Луцкевіча. Калі ў 1988 годзе ў Вільні была зарэгістравана першая беларуская суполка «Сябрына», то ў гарвыканкаме яе арганізатарам невыпадкова было сказана: «Толькі без Луцкевічаў!» І Лявон Луцкевіч адышоў у цень.

Пасля ён уклаў шмат працы ў арганізацыю Таварыства беларускай культуры ў Літве.

З 1989 года пачаліся беларускія перадачы на Літоўскім радыё. Першы год існавала рэдакцыйная калегія, было 4 дыктары. Але ўжо ў 1990 годзе падрыхтоўкай беларускіх культурна-асветніцкіх праграм займаўся толькі Лявон Луцкевіч. Ён жа быў і дыктарам, па-майстэрску чытаў тэксты, як прозу, так і вершы. Для работы на радыё ён падрыхтаваў добрую замену.

У той час Лявон Луцкевіч пачаў працаваць і для беларускай рэдакцыі радыё «Свабода». Кожны тыдзень перадаваў спачатку ў Мюнхен, а потым у Прагу падрыхтаваныя ім матэрыялы. Кіраўнік беларускай рэдакцыі радыё «Свабода» Вячка Станкевіч пісаў ужо пасля смерці Лявона Луцкевіча: «У гады супрацоўніцтва я заўсёды цаніў ягоныя веды і парады. А перадачы, будзь то «Вандроўкі па Вільні», ці «Партрэты віленчукоў», ці «Весткі з Віленшчыны», — былі заўсёды поўныя жывога зместу, энтузіязму і павагі да беларушчыны».

1989-1997 гады былі самыя плённыя ў культурна-грамадскай дзейнасці Лявона Луцкевіча. Апрача працы на радыё, ён друкаваў артыкулы як у Літве, так і ў Беларусі, выступаў з цікавымі дакладамі на культурна-асветніцкія тэмы на канферэнцыях, святах, іншых беларускіх імпрэзах. Ён прымаў удзел у Першым з’ездзе беларусаў свету, арганізоўваў Першы з’езд беларусаў краін Балтыі (Літвы, Латвіі і Эстоніі), быў намеснікам старшыні асацыяцыі беларусістаў Літвы, старшынёй Таварыства беларускай школы, сакратаром Таварыства беларускай культуры Літвы, праводзіў заняткі са студэнтамі беларускага аддзялення Віленскага педуніверсітэта, па-ранейшаму вадзіў экскурсіі па беларускіх мясцінах Вільні, перапісваўся з многімі беларускімі дзеячамі, кансультаваў іх, ахвотна прымаў у сябе дома гасцей з Беларусі і іншых краін. Да Лявона Луцкевіча прыязджалі пісьменнікі, мастакі, вучоныя, студэнты — усе, каму была неабыякавая беларуская гісторыя, мова, культура, лёс Беларусі. Ён даваў парады, дапамагаў, чым мог, знаёміў усіх са сваім багатым архівам, кнігамі, альбомамі.

Лявон Луцкевіч ніколі не паказваў сваіх перажыванняў. Усе адмоўныя эмоцыі таіў у сабе. Суцеху і палёгку ён знаходзіў у музыцы. Слухаў Баха, Бетховена, Моцарта, Чайкоўскага, Вівальдзі, старадаўнюю музыку. У яго была вялікая калекцыя пласцінак класічнай музыкі.

Савецкія лагеры не падарвалі ў ім веры ў чалавека. Ён гаварыў, што на свеце больш людзей добрых, чым дрэнных. Лявон Луцкевіч быў талерантным да поглядаў іншых людзей, але заўсёды заставаўся прынцыповым. Праз усё жыццё ні разу не здрадзіў ідэі вольнай, незалежнай Беларусі. Не паддаваўся роспачы — верыў у светлую будучыню беларускага народа.

У апошнія гады жыцця ў Лявона Луцкевіча адбыліся дзве незабыўныя сустрэчы з вядомымі беларускім спеваком Даньчыкам і ягонай маці Юліяй Андрусішынай у Вільні і з Янінай Каханоўскай у Празе. Даньчыка, свайго пляменніка, Лявон Луцкевіч ведаў толькі з фотаздымкаў, лістоў, пласцінак і касет. Спатканне з дачкой ягонай роднай цёткі Эміліі Шабуні Янінай Каханоўскай было нібы кароткі сон. Сустрэча адбылася праз 50 гадоў. Споўнілася яго мара пабачыцца і пагаварыць з Янінай, якая захавала ў памяці шмат цікавага.

У апошнія перад смерцю месяцы Лявон Луцкевіч працягваў працаваць: рыхтаваў радыёперадачы, рабіў карэктуру кнігі «Вандроўкі па Вільні», якая выйшла ў 1998 годзе. Ён ужо не пабачыў спектакля «Віленскія мары» па кніжцы Юліяны Вітан-Дубейкоўскай «Мае ўспаміны», пры падрыхтоўцы якога кансультаваў артыстку Галіну Дзягелеву. Не змог Лявон Луцкевіч прыняць удзелу ў Еўрапейскай сесіі Рады БНР, сябрам якой быў. Пасля сесіі, 3 ліпеня 1997 года, яго наведаў Вячка Станкевіч, які пасля пісаў: «Я асабіста ўдзячны за нашую апошнюю сустрэчу. Хоць ён ужо быў відавочна слабы фізічна, аднак заставаўся поўнасцю зацікаўлены і заангажаваны ў беларускім жыцці».

28 ліпеня 1997 года Лявон Луцкевіч памёр. Як пісала яго жонка Галіна Антонаўна, у дзень пахавання развітацца з ім прыйшлі не толькі віленскія беларусы. Прыехалі дэлегацыі з Беларусі ад розных палітычных і грамадскіх арганізацый. Былі прадстаўнікі афіцыйных літоўскіх уладаў і партый, старшыня Літоўскага парламента В. Ландсбергіс, лідар апазіцыі Юршэнас і іншыя.

Пахаваны Лявон Луцкевіч на старых Віленскіх могілках Росы, на так званай літаратурнай горцы, там, дзе стаіць помнік яго бацьку Антону і дзядзьку Івану Луцкевічам. На магіле Лявона Луцкевіча ляжыць сціплая пліта з чырвонага граніту. Недалёка помнікі Францішку Аляхновічу, Казіміру Сваяку, Альбіну Стэповічу, Вітан-Дубейкаўскаму.

***

Я добра ведаў Лявона Антонавіча Луцкевіча. На працягу 1980-1990 гадоў у час канікулаў і летняга водпуску прыязджаў у Вільню, каб папрацаваць у архівах і бібліятэках сталіцы Літвы, збіраў матэрыялы для раённай кнігі «Памяць». Калі не знаходзілася месца ў гасцініцы, то яе замяняла кватэра Лявона Луцкевіча, поўная беларускіх кніг, часопісаў, газет розных гадоў выдання. Гаспадар кватэры заўсёды быў гатовы дапамагчы мне, параіць, падказаць. Даведаўшыся, што я раней рэдка бываў у Вільні, Лявон Антонавіч прапанаваў зрабіць вандроўку па Вільні разам з ім. Ён пазнаёміў мяне з беларускай Вільняй, якую выдатна ведаў. Гэты чалавек ніколі не шкадаваў свайго часу, бескарысна дзяліўся сваімі ведамі з усімі, хто прыязджаў з Беларусі.

У чэрвені 1985 года Лявон Луцкевіч з групай навукоўцаў з Вільні рашылі пабываць у Браславе, Шаркаўшчыне, Германавічах, Лужках, Глыбокім, Маладзечне. Разам з імі я вяртаўся дадому пасля чарговай паездкі ў Вільню. Госці наведалі ў Германавіцкай сярэдняй школе гісторыка-краязнаўчы музей, які толькі пачаў стварацца вучнямі пад кіраўніцтвам настаўніцы Ады Эльеўны Райчонак. Лявон Антонавіч параіў стварыць у Германавічах, якія знаходзяцца ў самым цэнтры былога Дзісенскага павета, музей мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча. Настаўніца Ада Эльеўна Райчонак узялася за ажыццяўленне ідэі, якую выказаў Лявон Луцкевіч. І вось ужо 20 гадоў гэты музей працуе ў Германавічах. Яго наведваюць не толькі жыхары Беларусі, але бываюць  госці з Латвіі, Літвы,  Польшчы, Германіі, Англіі. У маі 2000  года музей наведалі Вітаўт і Зора Кіпелі са Злучаных Штатаў Амерыкі. Яны з цікавасцю азнаёміліся з працамі Язэпа Драздовіча, былі прыемна ўражаны, што ідэю стварыць гэты музей падказаў Лявон Луцкевіч.

Шчыры беларускі патрыёт, Лявон Луцкевіч карыстаўся вялікім аўтарытэтам і павагай. Памяць аб ім будзе жыць заўсёды ў сэрцах тых, хто яго ведаў, каму ён адкрыў шляхі да Беларусі.