Выдае на тое, што ёсьць моўкная мова.  Калі браць моўныя катэгорыі суб’ектнасьці і аб’ектнасьці, дык у прыродзе яны могуць рэалізоўвацца “бесчалавечна”, – без нашага ўвязваньня іх з мовай як атрыбутам чалавека.

 

1. Моўкная мова

Выдае на тое, што ёсьць моўкная мова. Калі браць моўныя катэгорыі суб’ектнасьці і аб’ектнасьці, дык у прыродзе яны могуць рэалізоўвацца “бесчалавечна”, – без нашага ўвязваньня іх з мовай як атрыбутам чалавека.

Нядаўна у гайку каля мікрараёна шматпавярховікаў,  дзе жыву, звалілася дрэва. Для мяне дык адбылася рэалізацыя суб’ектна-аб’ектных дачыненьняў. Вецер (суб’ект) пытаў ва ўсіх дрэваў гаю (аб’ектаў), наколькі яны моцныя. Усе былі слабейшыя за яго, бо хіліліся. Але бярозы, якія збольшага складаюць гай, выстаялі. Грымнулася вобзем шмат таўсьцейшая ад танклявых стрыечных сясьцёр асіна. ВЕЦЕР забіў АСІНУ. Дакладней сказаўшы, задуў.

Можна абмежавацца нават адно дрэвамі. У славутай і многімі любімай песьні “Явар з калінай” аўтар словаў выявіўся хібным перакладчыкам з моўкнай мовы на беларускую.  Бо хай сабе і “шэ-эпчуцца я-а-вар з каліна-а-ю \\ў ці-хай далі-не над я-а-а-а-а-рам” , але шэпт той выразна не лірычны. Явар гэта магутнае дрэва,  хутка расце, а каліна поўная яму процілегласьць, бо кустовая расьліна, і расьце павольна. Таму, напэўна, яна яму шэпча зьнізу ўверх нешта кшталту: “І калі ж ты засохнеш, каб мне ўбачыць сонца…”. А ён яе, няйначай, і ня чуе зусім, замухрышку, настолькі мала яе карані забіраюць яму вільгаці і ўсяго іншага, што трэба.

2. Як гавораць міжсобку на моўкнай мове славяне

А цяпер пара да братоў-славян.  Пра нечаканы, парадаксальны,  часам моўкны  бок  гэтага братэрства. Ня буду, як чакае той, хто коціцца па рэйках стэрэатыпаў, пачынаць з усходняга Вялікага брата. Можна, дарэчы,  пра яго і зусім ня згадваць, настолькі там усё зразумела. Але каб не было папрокаў, што абыйшоў увагай, – адкладу наапошку.

Ведаю ў Берасьці аднаго заўзятага ўкраїньца. Кажуць, пабудаваў сабе асабняк. Радуюся за гэтага чалавека, і не з чалавекалюбства, а з тых, прыродных раскладак. Кажуць, на яго хату пайшлі грошы, якія нэнько-Україна прызначала на  разбудову тут украінскае справы: на Україньскі Дом, зустрічі, школьніцьтво та інны річі. (Люблю гэтую прыгожую мову, і не хачу адмовіцца ад яе каларыту толькі таму, што недзе з памылкай напісаў…)

Мая радасьць нічым не азмрочаная, бо маё сумленьне чыстае. У свой час казаў тутэйшым вялікім украінскім нацыяналам, якія не хаваючыся цьвердзілі (і працягваюць цьвердзіць): “Полісьсе цэ нашэ, заходнэполіска мова то діалект україньское”, – я ім казаў: давайце разам паставім на ногі Беларусь, а потым і вашая справа не прападзе. Бо калі наадварот – прайграем усе. Ні, адказвалі ці козакі, у нас Майдан, тай  тэлэвізія вся по-україньску. Дывуйся!

Прайшло якіх пяць гадоў – і Майдану того зачынэно, і Юля Тымошэнко мае тэрмін, які не давалі ў свой час іншым людзям за рэальныя шапкі і падобнае, другі лідэр Майдану ўпаў да 4 адсоткаў падтрымкі, бо ня змог вывесьці на чыстую ваду нават  тых, хто атруціў яго да той ступені, што на ім, як кажа Вялікі брат¸”лица не было”… А той канал, якім тыцкаў мне другі тутэйшы ўкраінскі нацыянал-эгаіст, паказвае расейскамоўны і масквацэнтрычны глямур  са зьдзеклівымі украінскамоўнымі тытрамі і “добрыя”, кандовыя савецкія фільмы, таксама з тытрамі для тых, хто “не сечет” в великом и могучем. Прыблізна як у Расеі канал НТВ,  які паказальна-узорна ператварылі ў бесперапынную выпрамяняльню ментоўскіх серыялаў.

Нашы польскія браты-славяне адзначыліся на шкале сіламера славянскага сяброўства шмат вышэйшай амплітудай удару па гэтым сяброўстве, чым  змаглі паўднёвыя браты.

У гэтых грошы ў Берасьці не прапалі так марна, як у тых.  Ёсьць магутная Мацеж школьна, туды ходзяць  сотні маладых жыхароў Берасьця і Берасьцейшчыны. За апошнія гады каля 4 тысяч берасьцейцаў атрымалі Карту паляка. (Колькі ў Гродзенскай вобласьці, ва ўсёй Беларусі, ня ведаю, але напэўна яшчэ некалькі разоў па столькі).

Яно канешне, можна сказаць: дык і вы зрабіце Карту беларуса і прасоўвайце на непадмандатных тэрыторыях.  Але ёсьць, ёсьць тут гніласьць. І яна ў наступным.

Як толькі ўпаў таталітарны камунізм, пачаў аднаўляцца касьцёл. І тут Польшча наклала на гэтую царкву спрытную сваю…руку, скажам так, больш далікатна.  З польскімі ксяндзамі ў касьцёл пачалі актыўна і ПРЫЯРЫТЭТНА вяртаць ензык польскі. Ішлі гады, а польскія ксяндзы, замест каб адрабіць пераходны перыяд, навучыўшы мясцовых душпастыраў, або хаця б НЯ ЛЕЗЬЦІ ВЫКЛЮЧНА САМІМ (прыкладам, саступіць душпастырскую працу іншым еўрапейскім славянам-каталікам), працягваюць масава “абкормліваць” насельніцтва. Маю такое ўражаньне, што ў больш ці менш настойлівай, а часам дык і нахабнай манеры, але гэтая каманда мае мэтай захаваньне кантролю над тэрыторыяй.

Пра тэрыторыю не цягнуў за языка аднаго божага служку ў Ваўкавыскім касьцёле. Быў там праездам, зайшоў у той храм з цікаўнасьці. Убачыў, як там фшыстко так чынно по-польску, і …праверыў крыху тых людзей. Калі абходзілі па ахьвяру, выняў паперку вартасьцю разы са два большай, чым звычайна давалі, і спытаў, ці служаць тут імшу па-беларуску. Калі так, то ахьвярую.

Як зашыпеў на мяне гэты малады поляк! “Мы знам добжэ чыя тут ест тэрыторыя!”.   З паловы абарота завёўся. І гэта пры тым, што я стуль родам. Добра ведаю, як там у свой час палякі “саніравалі” маіх дзядоў і бацькоў, і скуль тая пальшчызна ў людзей, якія дома кажуць на чысьцюткай белмове.

Дык тут і не зашыфравана амаль нічога. Адкрытым тэкстам кажуць: “Чакаем, калі лясьнецца Расея. Вось тады і затаньчыце “крэсовяка””.

Ну вось, дайшла чарга і да Масковіі. Тут моўкнай мовай дык і пераймацца залішне (хоць цікава) –  гэтыя даўно і ў вочы нам кажуць апошнія дваццаць посткамуністычных гадоў: “Мы вас хотим, и мы вас съедим”. Пуцін нават пра Украіну аднаго разу па-фройдаўску прагаварыўся, што “это и не страна вообще”. А мы ж слабей будзем. Ці хто паспрачацца хоча?

Зацягнулі нас у Агульную мытную прастору, немаведама чаму змусілі шмат даражэй купляць добрыя ўжываныя еўрапейскія аўтамабілі, хоць Беларусь свайго аўтапраму ня мае, далдоняць пра агульную валюту, якой будзе не інтэгральнае нешта, а расійскі рубель…

Мне здаецца: калі братацца, дык адступіце нам канцэсію па здабычы нафты ў Сібіры. Або золата ў Якуціі. Чым мы горшыя за якутаў? Не вешайце нам на шыю цяжкі камень вашай атамнай станцыі, – мы ж яшчэ за Чарнобыль не аддалі людзям кампенсацый. Дайце нам уздыхнуць вальней ад чэпкіх вашых братніх абдымкаў. Або гэта абдымкі шлюбныя? Тады паперадзе шлюбны кантракт, а ня так, як хочаце. Любошчы не павінны быць аднабаковымі. Бо ж непадробная гісторыя пра “великую любовь” змоўчвае, а крычыць нават пра іншае. Маскву нашы продкі бралі, потым расійскія цары Вялікае Княства Літоўскае вынішчалі як мага … Вось гэта дык братэрства!!!

Або згадваецца 1995 год. Тады на стажыроўцы быў у Менску. Акурат прайшоў моўны рэферэндум. Вось тады былі некалькі масіўных такіх сеансаў моўкнай мовы. Афішы на тумбах раптам усе цераз ноч памяняліся! Былі па-беларуску, а тут усе спрэс на великом и могучем. Ну, гэта “свае” ўчынілі, але: расейска-савецкія артысты да нас абрынуліся: Пугачова, Кіркораў, Газманаў ды Распуціна – увесь набор скінуўся дэсантам нас ратаваць. Заходжу ў Рускі тэатр, а там нейкія маладзёны апаратуру цягаюць. Пацікавіўся, чым хочуць здзівіць. Аказваецца, “Русское радио” ўсталёўваецца, на ўльтракароткія хвалі сядзе. Дзе беларускае радыё на УКВ, самых папулярных хвалях у дарозе, – а гэта мільённыя аўдыторыі, – пра гэта ёсьць адказы на моўкнай мове. Настройцеся на яе хвалю. 101,2…98,1…99,2… 103,8…103,4. На сёньня заглушанае. Або вяшчае з Беластока, Вільні, Варшавы. Але не з Смаленска, не з Масквы.

А між тым пачаткі здаровага сэнсу былі. Пад Масквой у 1990-я гады нейкі час працаваў ліцэй, дзе выкладанне вялося на расійскай, але і беларускай ды ангельскай мовах. Вось гэта, помню, для мяне быў знак братэрства. А тое, што ў нас “Русское общество” завальвае бібліятэкі і вучэльні кнігамі з Масквы, удагонку за фактычным вывядзеньнем у Беларусі мовы беларусаў з усіх сфер жыцьця, гэтае вяртаньне-нахлабучваньне ўстановам адукацыі і культуры імён Пушкіна, Горкага ды інш – чаму гэтыя “старатели” не паклапаціліся, каб паралельна ў Расіі надалі імёны Купалы, Коласа або Багдановіча хоць колькімдзе школам, універсітэтам ці бібліятэкам? Так паступіў бы брат. А так паступае… ў рыфму.

3. Не яднаньню рабоў

Галоўнае, чым усходнія браты-славяне самі сябе нагрузілі – гэта іхняя прапанова яднаньня …ну хай сабе ня ўсіх славян, дык хаця б усходніх. Найбольш гучна яна з Расіі раздаецца. Чамусьці, аднак,  гэтае яднаньне мае адбыцца на грунце русского языка. Фактычна, гэта план выкананьня прароцтва, выказанага яшчэ нашчадкам раба-арапа Аляксандрам Пушкіным, што “все славяские языки-ручейки сольются в русском море”, и паднятага баламуцістым Мікітай Хрушчовым нават да сусьветнага маштабу, – маўляў, увесь сьвет атрымае камунізм і будзе гаварыць толькі па-руску (па-расейску).

А мне вось прапанова паэта Пушкіна падаецца нейкім блазнаваньнем: зьліваць мову свайго народа ў нейкае мора…немаведама чаго… навошта?

І яшчэ два моманты, што да мастацтва панславянскіх скокаў. Першы: чамусьці не заўважаюць дэкляраваныя браты тую відавочную рэч, што імя “славяне” …выдае на шапку second hand. Бо ж slave (англ.), Sklave (ням.) абазначае нішто іншае як РАБ. Празрыстая і невыпадковасць сугучча ангельскага “slave” і нямецкага “Slawe”.

Логіка такая: нашых продкаў дастаткова часта бралі як трафей і банальна прадавалі ў рабства! Доказ знойдзем у этымалагічным слоўніку: “ значэнне слова slave развілося ў выніку войнаў, якія вёў Ота Вялікі і яго наступцы супраць славянаў, вялікую колькасць якіх яны ўзялі ў палон і прадалі ў рабства” (Онлайнавы этымалагічны слоўнік <http://www.etymonline.com/index.php?term=slave> , цытуе  Клейна).

Ішоў я гадоў зь дзесяць таму на выбары. Трэба было ва ўлётцы пазначыць прафесію. Мясцовыя пячорнікі пазбавілі мяне на той час працы, і пісаць “беспрацоўны”, ліць тым самым ваду на іх млынок няправільна было. А якраз размова выпала з адным мясцовым чыноўнікам-тэхнакратам. Не зусім адмарожаны, ён таксама з падкавыркай пытаўся, кім я працую. Я і назваў прафесію. Германіст, кажу. Так і напішу ва ўлётцы. А ён: не пішыце. Прачытаюць і скажуць, што гарманіст.

Дык гэта хоць сьмешна. Правільна і сьмешна. А гэта, з рабствам – гэта хутчэй сумна! Дык што, гэй-славяне, гуртуймася вакол рабскага свайго імя! А што рабынічу князёўна ногі мыць не схацела – гэта не пра нас. Прымусіў бо, і мыла.

4. У чым вялікая бяда Великой Победы

Пра другі момант сказаў мой добры знаёмы, які быў адным з самых першых прадпрымальнікаў і здолеў ім застацца па сёння. Здолеў, бо чалавек прагматычны і асьцярожны. І чаму, кажа, не было інтэгравацца пасьля савецкага распаўзаньня зь немцамі? Цяпер, праз дваццаць гадоў, мы вось наколькі вышэй былі б эканамічна. А ў сэнсе братэрства-небратэрства: тыя ХОЦЬ ВІНУ СВАЮ ПОМНЯЦЬ і паступаюць прадказальна.

Можна зноў пачаць мантру пра Великую Победу, але спытайце перш сябе: а хіба няпраўду сказаў гэты чалавек? Хіба не жывуць яны, пераможаныя, улучна з адмарожанай камуністамі Усходняй Нямеччынай, на парадак лепш за нас? Дык які кошт і сэнс ТАКОЙ перамогі? І хіба не былі б нашыя прадпрыемствы на зусім іншай тэхналагічнай вышыні, каб акцэнт нашай інтэграцыі прыпаў на Нямеччыну? Ці ня мелі б мы, як мінімум, аўтазборку “Фольксвагена”, якая адыйшла пад Санкт-Пецярбург? Ці ляжаў бы камбінат “Дываны Брэста”, каб пагадзіўся на інвестыцыйныя прапановы бельгійцаў, вытворцаў ткацкіх станкоў для дываноў, або каб самі паспрабавалі залучыць сюды немцаў, якія таксама (адно яны і бельгійцы) выпускаюць гэтыя станкі?

Дадам зь неэканамічнага абсягу. Пры так, нямецка-фашыстоўскай, жорсткай акупацыі, у Беларусі адчыніліся больш за тысячу беларускіх школак. Для параўнання: палякі перад гэтым масава па`лячылі сістэму адукацыі (але пакінулі Віленскую беларускую гімназію); савецка-маскоўская ўлада ЦАЛКАМ ЗЬНІШЧЫЛА беларускае школьніцтва. Браты задушылі нас у сваіх абдымках, у адрозьненьне ад чужых! А між тым адукацыя гэта самы тоўсты корань, які сілкуе дрэва нацыі.

Закончу гэтыя назіраньні за варожымі дзеямі вярбальных братоў, як таго і вымагае сітуацыя, –  на малым гуку. Логіка гэтых дзеяньняў, відаць, вынікае з інтэгральнага адзінства нацыянальных інтарэсаў, якія ніхто не адмяняў і не адменіць, і гістарычнай палітычнай традыцыі. І калі ў рознасьці нацыянальных інтарэсаў нашы “браты-славяне” тоесныя немцам, дык у традыцыі разрашэньня канфліктаў гэтых інтарэсаў тоеснасьць чэзьне. Немцы, апёкшыся на Гітлеры і сваёй гістарычнай імперскасьці ды гвалтоўнасьці, цераз сілу, але прыйшлі да палітычнай культуры. А вось з гістарычнай традыцыі нашых крэўных, нібыта, братоў выглядвае або выразна гвалтоўнае раскосае аблічча Татарскай арды, або гэнае, з імені, аблічча раба, які ну вельмі хоча быць рабаўладальнікам, бо не разумее, што такое свабода.

Сфармулюю апошнюю пазіцыю па-другому. У нас, беларусаў, БОЛЬШ НІДЗЕ НА ЗЯМЛІ НЯМА месца, якое маглі б назваць Радзімай. Дык калі вы нацыяналы, а пагатоў “браты” – НЕ ЗАБІРАЙЦЕ Ў НАС БЕЛАРУСЬ! Вашыя Радзімы будуць заўсёды, і будуць Вам апірышчам. Вы цяпер ПА-ЗА НЕБЯСЬПЕКАЙ. Таму ці варта быць чужэйшымі ад чужых.