Постаці выдатных асоб — не толькі дзесьці там,  удалечыні. Бывае,  яны зусім побач,  ды мы не бачым іх. Бо людзі незвычайныя часцей за ўсё і ў сваёй сціпласці незвычайныя.

Калі не стала Пятра Пятровіча ШАШКЕЛЯ,  у таўшчэзных сямейных альбомах ледзь удалося адшукаць яго фатаграфію…

Там амаль спрэс — прырода,  прырода,  беларуская прырода, якую ён нястомна браў на фотакамеру.

У асяродку нацыянальнай інтэлігенцыі ён і пры жыцці ўспрымаўся фігурай легендарнай.

«Кніганошы»

Перачытваю Караткевіча, самае ўлюбёнае (хаця што ў яго не “самае”?). Другі том васьмітомніка, навела “Кніганошы” пераносіць амаль на паўтара стагоддзя таму. У глухіх лясных нетрах на мяжы з тагачаснай Прусіяй узмоцненыя пагранічныя кардоны расійскіх войскаў зацята палююць на карабейнікаў “з таго боку”. Асабліва люта — на тых, хто пераносіць кнігі. Гэта ж самая небяспечная кантрабанда, злачынства, калі сярод тавару — хай сабе бяскрыўдных календароў, малітоўнікаў, казачак і малюнкаў для дзятвы — траплялася нешта на “тутэйшай гаворцы”, забароненай царскім указам! “У самім выглядзе гэтых танюткіх кніжачак… у самім гучанні іхніх слоў было адценне крамолы”.

За кожнага злоўленага кантрабандыста плацілі, за кожным з мясцовых пільна сачылі. Доўга заставаўся няўлоўным самы спрытны, адважны і вядомы з тутэйшых кніганошаў Кірыла Туравец. Ды куля царскага паручніка скошвае яго сына, а сам ён, каб не дацца ў рукі “паляўнічым”, кідаецца з абрыву на камяні, за ім ляцяць у паветры рассыпаныя з кораба кнігі…

Пісьменнік-рамантык аднак не рамантызуе знешне дзейных асоб твора, не ўкладвае ім у вусны высокіх слоў, не ставіць на катурны. “Што ж зробіш, такі хлеб”, — тлумачыў Кірыла па мянушцы Корч свой небяспечны промысел. Маўляў, у хаце поўна малых, трэба зарабляць, пісьменныя ж мужыкі ахвотна раскупляюць кнігі. Але хай не зусім усвядомлена, дзесьці падспудна ў селяніна, што сам не ўмее чытаць, спее разуменне: як бацька і дзед, ён робіць пэўна нешта добрае, раз яно патрэбна людзям. І ў вачах творцы і чытачоў літаратурныя героі вырастаюць у сапраўдных герояў змагання за беларушчыну, за Бацькаўшчыну, за людскія душы, без паняволення якіх заваёўнікі ўсіх часоў і масцей не маглі і не могуць лічыць заваяваныя імі тэрыторыі сваімі. Яны, панявольшчыкі, услед за штыком (згадаем злавесны афарызм царскага сатрапа) перш за ўсё прымаюцца апантана і бязлітасна нішчыць мову, гістарычную памяць зрабаванага народа. Стапталі душу — бяры яго голымі рукамі… І гэта, на вялікі жаль, не толькі далёкая гісторыя.

Кніганоша

Гартаю старонку за старонкай, акунаюся ў вір даўніх падзей, а перад вачыма ўзнікае знаёмая постаць кніганошы дзён сённяшніх па імені Пятро ШАШКЕЛЬ. Магчыма, не размініся яны з пісьменнікам усяго на якіх некалькі год (Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч пайшоў з жыцця ў 1984-м), майстар пяра ўбачыў бы жывое ўвасабленне Кірылы Тураўца. Толькі на сучасным узроўні — глыбокасвядомага, высокаадукаванага і найадданага змагара за Нацыянальную ідэю, адраджэнне беларускага духу і душы.

Гэтае памкненне жыло ў ім даўно, але цалкам завалодала напрыканцы 80-х, прывяло ў шэрагі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Тут Пятро Шашкель знайшоў сяброў-аднадумцаў, якія, як і ён, убачылі шлях Радзімы да вольнай, годнай будучыні праз шырокае асветніцтва, абуджэнне ў зрусіфікаваных, затурканых камуністычнай прапагандай галовах нацыянальнай годнасці, вяртанне гістарычнай праўды, роднай мовы, скарбаў культуры. Зброя ў змаганні за духоўныя каштоўнасці нацыі была і ёсць самая мірная, але надзейная — кніга, Беларуская кніга. І распаўсюд яе сярод насельніцтва лепшая тады сталічная Фронтаўская арганізацыя — Каліноўская суполка БНФ на чале з Пятром Пятровічам — паставіла сабе за адну з галоўных пачэсную гэту справу. Яны пайшлі з кнігамі ў школы і ВНУ, на прадпрыемствы, мясцовыя грамадзянскія акцыі, і згаладнелыя па праўдзе аб саміх сабе людзі цягнуліся да іх, як да хлеба. Сама не раз бачыла, як гэты знешне стрыманы, з мужным абліччам чалавек даставаў з сумак, валізак, заплечнікаў, перанесеных на ўласных руках, свой “тавар”, раскладваў на састаўленых упрытык сталах. З усіх бакоў яго абляплялі пакупнікі, а ён ахвотна і цярпліва тлумачыў кожнаму пра кнігу і аўтара, прасіў звярнуць увагу на тое ці іншае. Тады, на пачатку 90-х, толькі-толькі (на жаль, на кароткі перыяд) адкрыліся шлюзы для беларушчыны, адно за адным выходзілі цікавыя выданні аб раней невядомым, старанна замоўчаным у савецкі час. Паступова з цемры выступала сапраўдная Беларусь.

Вось яны, тагачасныя і пазнейшыя кніжкі, выдадзеныя ў краіне і за мяжой пра нашу гісторыю, нашу духоўную скарбніцу, цесна стаяць на кніжным стэлажы ў кватэры Шашкеляў: творы класікаў і сучасных пісьменнікаў, працы даследчыкаў мінулага, слоўнікі, энцыклапедыі. Здаецца, гаспадар толькі выйшаў з пакоя і зараз вернецца, здыме з паліцы штосьці асабліва дарагое…

— Не падумайце, што гэта дзеля красы, пыху, — кажа Аліна Канстанцінаўна Шашкель, удава Пятра Пятровіча і мой экскурсавод па кватэры. — Усе, да адзінай кніжкі, ён сам прачытаў, ды як! У Пятра быў нейкі асаблівы, хуткасны спосаб чытання: перагортвае старонку — яна нібы аддрукоўваецца ў яго памяці. І ён, нават не зазіраючы больш у прачытанае, пераказвае ўсё ледзь не слова ў слова. Правярала! Бывае, робім разам у хаце ці ў агародзе якую работу, а ён распавядае і распавядае. Так і я пакрысе адукавалася…

Яшчэ дадае, што ў іх амаль не спыняліся тэлефонныя званкі з замовамі на тое ці іншае рэдкае выданне. І гаспадар сам сядаў да тэлефона, назвоньваў ва ўсе канцы, зрываўся з месца — і з-пад зямлі даставаў тое, што просяць людзі.

На памяці настаўніцы з Дзяржынска Аліны Яўгенаўны Дуброўскай сустрэча са сваякамі выдатнага беларускага пісьменніка замежжа Кастуся Акулы. Тыя прызналіся: сорамна, што амаль нічога не ведаюць пра блізкага чалавека, імя якога нават памінаць у савецкі час было небяспечна… Субяседніца падказала ім каардынаты Шашкеля. А праз некаторы час, зноў напаткаўшы знаёмых, Аліна Яўгенаўна была ўзрадавана не столькі словамі гарачай удзячнасці за здабытыя кнігі, колькі тым, што дзякуючы ім на беларускую мову перайшла ўся сям’я!

А колькі яшчэ беларусаў праз знаёмства з прыцягальнай асобай нястомнага кніганошы развіталіся з кашай у галаве, ператварыліся з безаблічных абывацеляў у нацыянальна свядомых грамадзян!

Адзін з іх — малады прадпрымальнік Алесь Мазырскі (па вядомых прычынах імя зменена) прызнаецца:

— Сустрэча з Пятром Пятровічам моцна паўплывала на мяне, змяніла стаўленне шмат у чым да жыцця ўвогуле, падштурхнула прысвяціць сябе беларускамоўным праектам.

Між іншым доўгі час я меркавала: такі глыбокі эрудыт, канечне ж, з гуманітарыяў. Трапіла пальцам у неба. Аказваецца, “лірыка” і “фізіка” — не такія ўжо супярэчнасці.

З юнацтва ў яго была мара — будаваць, ствараць патрэбнае і прыгожае. Скончыў у тадышнім Політэхнічным факультэт будаўніцтва і архітэктуры і такім стаў спецыялістам, што дзе б ні працаваў — вядучым інжынерам у розных будаўнічых арганізацыях ці навуковым супрацоўнікам Акадэміі навук — ім не маглі нахваліцца. Вабілі ў ім абсалютная надзейнасць і чэснасць, найвышэйшы прафесіяналізм, гатоўнасць падставіць сваё плячо там, дзе быццам і не быў абавязаны рабіць гэта. Яго любілі таварышы, цаніла начальства, нягледзячы на незгаворлівасць падначаленага ў прынцыповых спрэчках. (Гэта да сакраментальнага пытання аб тым, ці можа той, хто размаўляе па-беларуску, рабіць яшчэ нешта, акрамя таго.) Не раз яго ўгаворвалі ўступіць у партыю, абяцалі перспектывы хуткага кар’ернага росту. Ды Шашкель ветліва, але цвёрда адмаўляўся: ён ужо ведаў, якія пачварныя рэчы тварыліся воляй і імем той партыі… А вера ў яго была непарушная — Хрыстова вера, як і вера ў святы бел-чырвона-белы сцяг — увасабленне крыві Хрыста на белай плашчаніцы.

Вязень

Не радзей, чым з кнігамі, бачыла я Пятра Пятровіча ў Курапатах — з рыдлёўкай, сякерай, касой у руках. З першай жа пары, як пачаў стварацца Народны мемарыял у памяць бязвінных ахвяр масавых рэпрэсій 1937—1941 гадоў, цяжка было знайсці яму роўню па нястомнасці і спору у любой, нават самай цяжкай працы. Ставіліся новыя крыжы, ішла раскарчоўка хмызняку ці ўборка тэрыторыі ўрочышча — маладым было за ім не ўгнацца. З захапленнем глядзелі яны на гэтага чалавека — нягучнага, нешматслоўнага, засяроджанага — і без усялякіх заклікаў-павучэнняў рабілі, як ён. Ужо апошнім разам, калі, змучаны каварнай хваробай, пасля пакутнай аперацыі ён зноў з’явіўся ў Курапатах, то прыняўся шчыраваць, як раней, і знаку не паказваючы, які неадчэпны боль ён пераадольвае. “Ды не хвалюйцеся, усё будзе добра”, — заспакойваў ён сяброў.

Колькі год таму, помню, на мітынгу падчас “Дзядоў” яму далі слова, прадставілі: “Былы вязень ГУЛАГа”. Мільганула ў галаве, што, пэўна, я нешта недачула, пераблытала: які гулагавец у нестарыя яшчэ гады? Няўжо ж немаўлём закінулі ў пекла “дзеталюбцы”, што змалку прывучалі хлопчыкаў і дзяўчынак звонка выгукваць: “За детство счастливое наше спасибо, родная страна!”.

Але куды падзенешся ад праўды, нават самай неверагоднай, непадуладнай здароваму сэнсу? Што было, тое было…

…У 1946-м, хутка пасля таго, як схапілі і расстралялі бацьку (ну як жа, надта разумны быў!), расправіліся з усёй сям’ёй. Маці, Таццяну Іосіфаўну, вырвалі з роднага гнязда ў вёсцы Вялікі Карацк на Клеччыне і разам з двума сынкамі (Пецю не было і паўтара гадочка, малодшаму Толіку — усяго тры месяцы!) кінулі ў ГУЛАГ. Ніякай памылкі ці людажэрства, толькі “вышэйшая” рэвалюцыйная справядлівасць! Усё законна, “чэсць па чэсці” — па прыгаворы суда сям’і “ворага народа”. Маці далі пяць гадоў для “папраўкі здароўя” ў Сібіры, потым дабавілі яшчэ столькі. Ні голад, ні холад, ні здзекі лагернага “істэблішменту” не былі такой пякельнай пакутай для маладой маці, як разлука з дзецьмі: малых у яе адабралі і кінулі ў асобны барак… Казала потым: можа, і не вытрымала б, каб не магічна-ўратавальны голас з-за сцяны суседняга барака — голас Лідзіі Русланавай, яе таварышкі па няволі. Савецкая ўлада сапраўды ўраўняла ў праве на незаслужаныя пакуты і вялікую рускую артыстку, і простую беларускую сялянку.

За калючым дротам, без цёплых мацярынскіх рук рабілі яе сыночкі першыя крокі па зямлі, і першымі іх “выхавальнікамі” былі нейкія, не зразумелыя дзіцячаму розуму, злосныя дзядзькі і цёткі. Першымі ўражаннямі ад пазнання свету — шалёны брэх сабак, узброеныя вартавыя на вышках…

Неверагодны цуд дапамог хлопчыкам уратавацца ад наканаванай гібелі і раней мамы апынуцца на дзедавым хутары. Маці вярнулася дадому ўжо пры вызваленні вязняў пасля смерці “вялікага правадыра народаў”. Дзевяцігадовага Пецю скаланула сустрэча з незнаёмай жанчынай, якая, абліваючыся слязьмі, ціскала ў абдымках яго і Толіка. А праз некалькі імгненняў усю істоту працяла, як маланкай: “Мама!” Найсаладзейшае на свеце слова акрыліла хлапчука нечуванай радасцю, нязведаным раней пачуццём свабоды. Быццам ён ляціць над зямлёй, якая — з яе дзівоснымі лугамі, лясамі, сцяжынкамі ў жыце, паселішчамі і гарадамі — яму належыць…

Але падрастаў — пачынаў пакрысе разумець: нічога, нічога ім тут не належыць, нават уласны лёс. І маці з гулагаўскай няволі трапіла ў іншую, калгасную. З беспрасветнай працай за “палачкі”, крыкамі брыгадзіра, бяспашпартнай прывязкай да свайго “хлява”…

Яшчэ адно гняло, мучыла Пятра. Хаця маці атрымала рэабілітацыю за свае бязвінныя пакуты, ён сам усё яшчэ хадзіў з кляймом “ворага народа”. Не раз звяртаўся ў “адпаведныя органы” з просьбай перагледзець ягоную справу, і кожны раз адказ быў: не! Неверагодна, але факт: цэлых паўстагоддзя (!) мудрыя і пільныя вартавыя дзяржаўнай бяспекі ўсё вырашалі і ніяк не маглі вырашыць, ці мог з’яўляцца дзяржаўным злачынцам хлопчык, якому на час суда не было і двух гадкоў ад роду?

Нарэшце, толькі ў 1996-м — роўна праз паўстагоддзя пасля пакарання — прыйшла поўная рэабілітацыя. І занясенне сям’і Шашкеляў у кнізе “Памяць” (Клецкі раён) у спіс незаслужана пацярпелых ад масавых сталінскіх рэпрэсій. Толькі сённяшняя дзяржава не вельмі ласкавая да сваіх грамадзян, але вельмі заклапочаная перайманнем сталінскіх “традыцый”. Пра клопат аб пакутніках бесчалавечнай сістэмы калі і думае, то — у адваротным плане. На бестэрміновым пасведчанні Пятра Пятровіча Шашкеля №5651, выдадзеным 26.06.2008 г. Мінскім гарвыканкамам са словамі “с правом на льготы, установленные для лиц, необоснованно репрессированных в период 20—80-х годов и впоследствии реабилитированных”, пералік гэтых самых ільгот, у свой час прынятых Вярхоўным Саветам Беларусі, старанна выкраслены чорным чарнілам.

Ды зусім не гэтае “дзіва” не давала спакою былому гулагаўцу. Дагэтуль жа дакладна не вядома, колькі ахвяр камуністычнага таталітарызму палегла ў зямлю ад куль энкавэдыстаў ці ад не сумяшчальных з жыццём выпрабаванняў у “архіпелагу ГУЛАГ”. Хто за іх напіша заявы на рэабілітацыю чалавечай годнасці і бязвіннасці, калі ад родных і блізкіх мала хто застаўся ў жывых? У Курапатах — толькі рэдкія імянныя крыжы пастаўлены сваякамі пры атрыманні папер аб рэабілітацыі родных. Хай жа будзе ў памяць і гонар усіх, хто загінуў ад рук крывавых злачынцаў, гэты адзіны ў свеце “Лес крыжоў” пад соснамі над святымі магіламі.

Зразумела, ён не мог не прыходзіць сюды разам з сям’ёй, сябрамі. Не мог не думаць, што найлепшым помнікам змагарам за Беларусь будзе адраджэнне Бацькаўшчыны ў святле Хрыстовых запаветаў — Дабра, Праўды, Справядлівасці, Волі. Сябры згадваюць: у змаганні за Беларусь, нават у самыя драматычныя моманты ён захоўваў душэўную раўнавагу і перакананасць у тым, што праўда пераможа. Побач з ім людзі рабіліся іншымі: яго шчырасць і адданасць справе, любоў да беларушчыны глыбока краналі і перадаваліся тым, каму пашчасціла хоць раз сустрэцца з гэтым простым і незвычайным чалавекам.

— Скажу па праўдзе, — прызнаецца Аліна Канстанцінаўна, верная паплечніца мужа ва ўсім, што ён рабіў, — напачатку я не была такой адданай, як Пятро. Але “не ўстаяла”, ды хіба магло быць інакш? Разам з ім ірвала сэрца з-за таго, што робіцца ў краіне, як бядуюць людзі, што працоўным мазалём усё стваралі-будавалі, а цяпер апынуліся ні пры чым. Муж пакутаваў за пакуты лепшых людзей, кінутых за краты. Асабліва — за Сяргея Каваленку. Казаў: “Вось дзе герой — за наш сцяг, за свабоду кладзе жыццё. Аднак яму трэба жыць, быць з намі, дай Бог яму хутчэй выйсці на волю!”

Мой Пятро з Сяргеем, лічу, браты па духу. Абодва — будаўнікі, стваральнікі па прафесіі, таварышы ў змаганні за Беларусь. І згарэў муж не столькі ад страшнай хваробы, пазначанай дактарамі, колькі ад невыноснага болю душы. Паклаў жыццё за Беларусь.

Дом

У кватэры Шашкеляў, яшчэ да пакоя з кнігамі, перш за ўсё кідаецца ў вочы выява Маці Божай. Пад ёю — “Пагоня”, справа — фатаграфія вясковай хаты ў зеляніне прысад за акуратным штакетнікам. Вось яно, самае дарагое і запаветнае, чым жыла і жыве гэтая цудоўная сям’я.

— Ці не тая гэта хата, дзе рос калісьці Пятро Пятровіч? — пытаюся ў Аліны Канстанцінаўны.

— Ой, не. Ад той хаты і знаку не засталося, толькі разаранае поле. Хутар даўно раскідалі. “Вось тут быў калодзеж, тут пуня”, — паказваў Пятро, калі мы прыязджалі наведаць ягоны родны кут. Быў спахмурнела-маўклівы, ледзь стрымліваў слёзы.

Затое ж быў вясёлы, бурлівая энергія — праз край, калі гаспадарылі тут, у хаце, якая на фатаграфіі. Яе ставілі мой дзед і бацька, тут я нарадзілася. Чароўны куток — Мядзельшчына, вёска Кулікова… Яны сталі родныя і Пятру. Вучыўся ад старэйшых песціць зямлю, трымаць жытло ў парадку, ствараць ва ўсім прыгажосць. Цешыўся любімым яблыневым садам, кветкамі. Праўда, часам мы сварыліся, калі наставала пара рабіць абрэзку дрэў, кустоў, вінаградніку. Пятро, такі ўвішны, тут усяляк аднекваўся, казаў: “Ды не магу я па жывым…” А летась пчол завёў. Мы нават паспелі свой мядок пакаштаваць. А ўвесь першы салодкі “ўраджай” раздалі людзям, як і патрабуе даўні народны звычай. Вось толькі агароджу (яна ўжо не такая прыгожая, як на фота) не здолеў падправіць. Убачыў, што ў старой суседкі-ўдавы плот зусім паваліўся, дык усё сваё кінуў і ўзяўся за яго. “Наш нікуды ад мяне не дзенецца, увесну зраблю”.

А ў лютым яго не стала…

Аліна Канстанцінаўна — невысокая, танклявая, рухавая жанчына з вачамі, поўнымі разумення і спагады да кожнага, разам з дачкой Вольгай цяпер прывучаюцца гаспадарыць без гаспадара, падтрымліваць усё, як было пры ім. Цяжкавата, але і самі, бы тыя пчолкі. І землякі помняць дабро, дапамагаюць чым могуць.

— Я і выйшла за Пятра, што бачыла ў ім чуйнасць і дабрыню не толькі да мяне адной, — згадвае сваю вясновую пару Аліна Канстанцінаўна. — Ён ужо працаваў тады на Заслаўскім будпрамкамбінаце, я туды прыехала па накіраванні пасля Маладзечанскага політэхнікума. Дзяўчаты мне і падказваюць, ківаючы ў бок маладога інжынера: “Дурніца будзеш, калі ўпусціш такога хлопца: прыгажэнны, абыходлівы”. Што прыгажэнны быў — так, але што тая прыгажосць без душы? Куды больш мяне пераканала назіранне: пасылаюць якую немаладую кабеціну ці маці з малымі дзецьмі ў камандзіроўку на будаб’ект, а Пеця ёй: “Ну куды табе бетон мясіць — не жаночая гэта справа. Давай я паеду, начальству якая розніца?” Скажыце, ці можна такога не любіць? Трыццаць дзевяць год як адзін міг праляцелі, і нічога не забыць, не замяніць. І кожная драбнічка як залацінка.

Вось сядзяць яны, згадвае Аліна Канстанцінаўна, у сваёй утульнай кухні за перакусам. Але Пятро, відаць, чамусьці няўтульна пачуваецца, раз-пораз пазірае ў акно. “Нешта не бачу ўжо некалькі дзён Дзям’янаўну, ты не заўважала?” — “Ой не, мо зноў занядужала?” Дзям’янаўна — амаль 90-гадовая бабуля з суседняга дома — адным сваім мільгаценнем у акне давала ім знак: усё ў парадку. А калі не… Пятро Пятровіч адстаўляе ў бок кубак з гарбатай: “Трэба глянуць, як яна…” Несуцешна плакала старая, калі хавалі Пятра Пятровіча, яе добрага анёла. Усе суседзі высыпалі тады ў двор, запруджаны людзьмі пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Сябры Пятра Шашкеля, для якіх ён быў настаўнікам па жыцці і духу, знаёмыя і малазнаёмыя людзі развітваліся з добрым чалавекам, аддаючы яму апошні паклон.

А Дзям’янаўна з тае пары зусім занядужала, не раз у бальніцы пабывала. Цяпер Аліна Канстанцінаўна спяшаецца да яе з каструлькамі, слоікамі, пакуначкамі, падоўгу заседжваецца ля ложка. А тая слоў не знаходзіць для ўдзячнасці. І зноў плача — ужо ад радасці. Хоць нічога такога, лічыць Аліна Канстанцінаўна, яны з Пятром не рабілі — проста інакш немагчыма, калі ты нармальны чалавек, тым болей — хрысціянскай веры. Вера боская — зусім не ў словах.

Слухаю споведзь маленькай, але вялікай духам жанчыны, думаю: яна зведала шчасце быць побач з сапраўдным мужчынам і, узнімаючыся ўпоравень з ім, вырывацца з замкнёнага кола свайго жытла, клопату, дабрабыту, быць патрэбнай не толькі сваім сямейнікам. А калі  і дзеці недалёка ад “яблыні” адкочваюцца — неабавязкова ў метрычна-геаграфічным сэнсе, а ў душэўнай напоўненасці, то жыццё — як чыстая крыніца.

Іх малодшая дачушка Ніка — лінгвіст, знаўца некалькіх моў — зараз далёка ад дому, але і там сваёй сардэчнасцю і глыбокімі ведамі растоплівае недавер, знаходзіць агульную мову з людзьмі ў нязвыклых для сябе варунках. Старэйшая, Вольга, пайшла па медыцынскай лініі, дзіцячы доктар-стаматолаг. Плюс псіхолаг, педагог, ласкавая “нянька” ў адной асобе. І ўсё ў яе атрымліваецца: і дзеткі, і бацькі ледзь не абагаўляюць сардэчную жанчыну ў белым халаце.

— Напэўна, гэта вы са сваімі дзяўчатамі такі бляск у кватэры падтрымліваеце? — цікаўлюся ў гаспадыні, акунаючыся ў гармонію мяккіх, святлістых колераў сцен і мэблі, любуючыся ўладкаванасцю жытла.

— Што вы, які там бляск? У нас, як бачыце, нічога мадняцкага і лішняга, толькі самае неабходнае. Жылі ўвесь час сціпла, з чэснага заробку, ні машыны, ні якой раскошы не прыдбалі. І рамонт ужо гадоў дваццаць не рабілі, планавалі гэтым летам заняцца. Пеця быў на ўсе рукі майстар, густ меў адмысловы, мастацкі. Усё зладзіў, абсталяваў, аблашчыў у кватэры так, што здаецца, быццам з іголачкі. Сам і шпалеры падбіраў, і шторы ў тон ім, і дыван на падлозе. Дачок прывучаў да парадку, цярпець не мог раскіданых рэчаў, тут быў — ой строгі! Любіў жа іх не сказаць як аддана.

— А я скажу! — уступіла ў размову дачка Вольга. — Памятаеш, мама, як на зімовыя школьныя канікулы мы з табой і Нікай паехалі ў Кулікова на колькі дзён? Як аднойчы разгулялася страшная завіруха, к вечару ледзь не да даху хату засыпала. Замест дарогі суцэльны сумёт — ні выбрацца, ні дабрацца. Сядзім, прыціснуўшыся адно да аднаго, слухаем завыванні ветру, сумуем без бацькі. Ён у Мінску — работа… Раптам зарыпелі дзверы. Мы схамянуліся — што за дзіва, тут і бліжэйшаму суседу ў двор не прабіцца. А на парозе ўжо намалявалася дзіўная белая гурба, бы елку ў лесе снег абсыпаў. Гурба заварушылася, стала круціцца, абтрасаць снег — і мы ўбачылі твар бацькі з заледзянелымі бровамі і вусамі. Кінуліся да яго, павіслі на шыі, а ён яшчэ і смяецца: “Дзед Мароз заблудзіўся ў гэткай замеці, забрыў на агеньчык, а вы не пазналі?” Мы сталі вохкаць: як можна было адважыцца на такую дарогу ў лютую непагадзь? Ад станцыі ж восем кіламетраў. А ён: “Хоць вечар, ды пабуду з вамі, што, мне аднаму тэлевізар глядзець?”

— Помню, помню тую сустрэчу, — падхапіла Аліна Канстанцінаўна. — На раніцу Пятро неяк выбраўся з хаты, наняў у калгасе трактар, сеў за руль — і прачысціў усю дарогу да станцыі: не сядзіце, людзі, бы ў палоне! А сам — на цягнік: заўтра ж працоўны дзень.

Да слова, такім заснежаным-зледзянелым, але шчаслівым яны бачылі яго не раз. Бывала, ледзь не да ночы стаялі Шашкелі з мінчукамі ля сцен Дома ўрада, дзе біліся, як ільвы, за новыя справядлівыя законы для людзей дэпутаты Вярхоўнага Савета ад апазіцыі БНФ. Цяжка, вельмі цяжка праходзіў кожны закон праз моцны супраціў камуністычнай большасці. Але народная падтрымка дала перамогу: прынялі-такі тады чаканыя законы на карысць пенсіянераў і ветэранаў вайны, чарнобыльцаў, афганцаў, рэпрэсаваных грамадзян і шмат каго іншых. (Праўда, у хуткім часе той, хто стаў прэзідэнтам, многае паадмяняў.)

Жанчына ўздыхае — і тут жа ўсміхаецца:

— Каб жа так, як нам з Пецем, было хораша ўсім-усім, то на зямлі даўно быў бы рай. Душой ён прагнуў дабра і прыгажосці, любові родным, блізкім і далёкім.

Прагнуў, каб уся Беларусь была кожнаму ўтульным, цёплым, родным Домам. У шырокім сэнсе слова, інакш не мог. Гэта да пытання аб тым, ці хопіць кожнаму для поўнага шчасця адзінага “святла” — чаркі ды скваркі. На вачах тая скварка робіцца ўсё больш праблематычнай, а чарка не ратуе ад гаркоты.

Лес

— Неяк пайшла ў ягады далёка ад вёскі. А там — чырвоныя россыпы, так што захапілася і нічога больш не бачу. Выпадкова падымаю вочы: проста перада мной — і нада мной — раскідзістыя рогі вялізнага лася… Глядзіць на мяне, я на яго, уся аж здранцвела ад спалоху. Не варушуся, не крычу, толькі моўчкі “кажу” да яго: “Лосік, даражэнькі, ты такі магутны і прыгожы. Я цябе не пакрыўджу, і ты не чапай, ідзі сваёй дарогай”. І што вы думаеце? Звер крыху яшчэ пастаяў, “падумаў”, паглядзеў мне ў вочы і спакойна-велічна падаўся ў гушчар…

Аліна Канстанцінаўна і цяпер не ведае, ці то дзіва, ці Пецева “школа” выручыла. Ён жа настаўляў іх з дзяўчынкамі: у лесе нічога благога не рабіце і нічога не бойцеся, не лямантуйце калі што якое, не ламайце дроў. Звер не кінецца, калі не пачуе ад чалавека агрэсіі. “Тут — яго дом, а мы госці”.

— У лесе Пеця быў свой, любіў яго вельмі, чытаў як кнігу, разумеўся з ім. Ішоў асцярожна, каб не зламаць галінкі, не стаптаць травінкі, не парушыць спакой і цішыню. Дык, пэўна, за тое крамяныя баравічкі самі яму насустрач выбягалі, таямнічыя нетры адкрывалі свае дары. Гэта, падобна, яму ад дзеда майго перадалося. Той, бывала, пойдзе дрэва ссекчы па пільнай патрэбе, на замену струхлелага бервяна ў будыніне, а вяртаецца ні з чым. “Рука не паднялася жывую красу губіць”, — апраўдваўся ён перад дамашнімі.

Вось і Пятро Пятровіч быў упэўнены: толькі ў суладдзі з прыродай выжывае чалавек. Прыйдзе пагібель, калі ўсё падначаліць злачыннай сквапнасці і дурной нажыве.

— Еду нядаўна на сваю Мядзельшчыну, а ўзбоч дарогі — паваленыя красуні-бярозы, белыя пні, горы галля… І ў самім гушчары ўсё патаптана-панявечана, пляжацца ягаднікі, знікаюць грыбныя мясціны, — уздыхае гаспаданя. — Ды так у нас замест зялёнага салаўінага краю пустыня станецца альбо зусім канец свету! Ці думае хто аб гэтым там, наверсе? Гаспадары…

Так, спрадвеку лес — лёс і храм для беларуса, нават сучаснага гарадскога. Без “ляснога” светапогляду і светаадчування, без адухоўленага стаўлення да маці-зямлі самаўпэўнены дзікун з вагонам камп’ютараў такога наробіць (ужо нарабіў і працягвае рабіць) ва ўсіх сэнсах — гаспадарча-эканамічным, маральным, культурніцкім. Нездарма Уладзімір Караткевіч, сам заўзяты аматар лясных вандровак, бачыў у з’явах прыроды нейкую філасофскую субстанцыю, сімвал, знак чалавечага характару, учынкаў, натуры. Нездарма так удумна-ўрачыста пачынае ён сваю навелу “Кніганошы”.

“У сасновым лесе — маліцца, у бярозавым — любіцца, у дубовым — волю каваць, у яловым — душу д’яблу прадаваць.

Гэты лес быў яловы”.

Прайшоў ты праз лес выпрабаванняў годна, як належыць — толькі тады ты чалавек…

Пятро Шашкель — прайшоў. І праз сасновы, і бярозавы, і дубовы. І праз самы выпрабавальны — яловы. Мы зараз, калі падумаць, у ім і апынуліся. Толькі не ўсе, як ён (і, на шчасце, не ён адзін), здалі свой галоўны экзамен на выдатна, хоць мо неяк і атрымалі залік з горам напалам. Дзякуй Богу, ёсць у каго вучыцца, каго браць сабе за прыклад.

Яшчэ з выказвання Алеся Мазырскага:

“Гэты мужны чалавек, што ў самым малым узросце зведаў жудасныя выпрабаванні, якія не кожны дарослы перанёс бы, здолеў вытрываць усе ўдары лёсу і не зламацца. Да апошніх імгненняў на гэтым свеце заставаўся верны ідэалам Бацькаўшчыны, як мала хто іншы ненавідзеў здраду, хлусню, шчыра шанаваў продкаў. Проста быў Беларусам”.

Развітальныя словы аб дарагім сябры даляцелі і ад Зянона і Галіны Пазьняк: “Гэта быў чалавек абсалютна надзейны. Такіх не спакусяць ні словамі, ні доларамі, хоць бы абсыпалі з ног да галавы… На такіх людзях, адданых сэрцам, трымаецца наша Айчына, наша ідэя і наша праца дзеля волі і шчасця Беларусі”.

Такім не страшны пачварныя здані ў змрочным гушчары. Здані згінуць у промнях святла і праўды, бо па дарозе за такімі, як Пятро Пятровіч Шашкель і ягоныя сябры, пойдуць, разганяючы цемру, новыя і новыя людзі. Іх яшчэ не так многа. Але яны — проста Беларусы з ліцвінскім гартам. Як тая ціхмяная дзяўчына з Караткевічавага твора, якая пасля гібелі бацькі і брата ўпарта і не хаваючыся — ужо для сябе — ладзіць кораб кніганошы…