Савецкага Саюзу няма ўжо ледзь ня 20 год. Але нашай краіны гэта ня тычыцца. ТОП-10 самых тупых саўковых правілаў у Беларусі!

1. Пакецікі ў крамах. Хто бываў за мяжой — ведае, што ў крамах там за фасовачныя пакецікі і іншую ўпакоўку плаціць ня трэба. У нас жа вы раскашэльваецеся ня толькі за пакеты, у якіх панясеце набытае дадому, але і за фасовачныя таксама. Набываеце торцік – заплаціце дадатковыя паўтары тышчы за каробачку. Так, у Эўропе звычайныя вялікія плястыкавыя пакеты – таксама платныя. А вось экалягічныя ўпакоўкі раздаюць бескаштоўна. У нас, у тым жа «Гіпа», картонная экалягічная ўпакоўка каштуе ў 10 разоў даражэй за пакет. І што мы ў выніку выбіраем?

 

2. Талёны ў паліклініках. Кожнаму з нас калі-небудзь даводзілася стаяць у чарзе ў паліклініцы. А каб патрапіць у гэтую чаргу, трэба атрымаць талён, у якім будзе прызначаны кабінэт і час, калі вас прымуць. Толькі фіг вам! Усё адно давядзеца чакаць, пакуль пройдзе жывая чарга. І ў гэтай чарзе могуць апынуцца людзі, якія павінны былі патрапіць на прыём як 3 гадзіны таму, так і праз 3 гадзіны. А тыя, хто паспрабуе прайсьці ў кабінэт у свой прызначаны час, стоадсоткава пачуюць: «Э, куда прош, в очэрэдзь!»

 

3. Паліцы ў цягніках. Вы калі-небудзь спрабавалі набыць два ніжнія квіткі ў адно і тое ж купэ? Атрымалася? Калі так, то вы — шчасьліўчык! Існуе распараджэньне, якое забараняе касірам прадаваць адной асобе квіткі на два ніжнія ці два верхнія месцы, колькасьць свабодных верхніх і ніжніх паліцаў павінна быць аднолькавая. Яшчэ адно тупое правіла забараняе вам заняць вольнае купэ ў выпадку, калі на яго ня купленыя квіткі, а ў вашым едуць 4 чалавекі.

 

4. Замежнікі ў гатэлях. Калі-небудзь спрабавалі засяліць у гатэль замежніка? Гэта дзіўна, але замежнаму госьцю давядзецца заплаціць за нумар больш, чым калі б яго зьняў мясцовы грамадзянін. А потым яшчэ кажуць, што ў нас турызм не разьвіты! Да таго ж, перад высяленьнем да вас у нумар завітае спэцыяльна адукаваная цётачка, якая праверыць, ці ня стырылі вы чаго.

 

5. Порцыі ў кафэшках. Культура харчаваньня ў кавярнях і рэстарацыях у нас яшчэ не пранікла ў масы. Большасьць беларусаў звычайна есьць дома на кухні. Чаму? Распараджэньне мінгандлю, якое зьявілася напрыканцы 2006 году, можа ўсё патлумачыць! Пунктам харчавання загадалі… зьменьшыць порцыі, не зьніжаючы коштаў. Лягічнае пытаньне — нафіга? Каб паменшыць вашую талію ці ваш кашалёк?

 

6. Падаткі на машыны. Любы ўладальнік аўтамабіля ведае, што нельга прыгнаць з-за мяжы больш за адну машыну ў год. Не, канешне, гэта можна зрабіць, але прыйдзецца заплаціць падатак. І калі я ў студзені прыгнаў машыну свайму бацьку, то цяпер не магу паехаць і набыць машыну сабе. Тое ж самае з продажам. Прадаў больше за адну машыну за год – плаці.

 

7. 75 адсоткаў. ФМ-радыё ў Беларусі ўспрымаецца як нешта зь мінулага стагоддзя. Усё, канешне ж, дзякуючы славутым 75% “айчыннага” музла ў этэры. І ладна, калі б круцілі сапраўды беларускае! Вось таму ў цябе і няма ўлюбёнай ФМ-станцыі.

 

8. Рэгістрацыя, яна ж прапіска. Чаму чалавек з рэгіёну, пакуль не атрымае менскай рэгістрацыі, ня можа ўладкавацца на працу? І пры гэтым дэ-юрэ ён мае на гэта ўсё правы! Альбо яшчэ прыкол: калі ты зарэгістраваны ў “блізкім” Менскім раёне – калі ласка, працуй у сталіцы. Калі ў “далёкім” – фіг цябе возьмуць у дзяржкантору.

 

9. Ня фотаць, не дазволена! Сапраўды, у Беларусі можна фотаць толькі тое, што дазволена. Якім бы прыгожым ні быў будынак, якую б архітэктурную каштоўнасьць зь сябе ні ўяўляў, але калі там месьціцца якая “адміністрацыя”, на яго можна толькі зырыць, і тое здалёк. Бывае, нават прахадную якога-небуць заводу нельга сфотаць. А раптам ты шпіён?

 

10. Новы год на тры месяцы. Хто-небудзь на тым тыдні быў у ЦУМе? Усё ужо завешана цацкамі ды падарункамі, Санта-Кляўсамі і Дзядамі Марозамі. А Новы год яшчэ толькі праз два месяцы! У Віцебску ўжо нават елку на плошчы паставілі. І, канешне ж, прыбяруць усю гэтую радасьць толькі бліжэй да лютага.

 

Увага. Выбіраем самае тупое правіла! ТУТ — http://34mag.net/content/1011

 

zmagarka.livejournal.com