(Пра Брылёву мову)

 

На ўсё цяпер няпростыя акрэсьленьні.

(пра замежныя словы ў беларускай мове)

Я. Брыль

Унутры Беларусі культура мовы  застаецца  заняткам  адзінак  рупліўцаў і руплівіцаў – апантанных і ўпартых мовазнаўцаў, пісьменьнікаў і пісьменьніцаў. Гэтая заказаная зона, даступная, сапраўды, адзінкам, якія ня проста валодаюць мовай, але і ўмеюць расплятаць цудоўныя і мудрагелістыя плецівы беларускіх словаў і словазлучэньняў. Будзьма шчырымі і зразумеем адразу: такіх вельмі мала ў краіне і становіцца ўсё меней. Як бы рамантычна мы ні ставіліся да мовы і ейнага статусу, зразумела адное: Дзяржава, палітыкі прынцыпова і мімаволі адначасова вынішчаюць мову, узводзячы яе ў статус уцісканай ці загрожанай. Бо, як калісьці трапна заўважыў адзін з нашых клясыкаў – Янка Брыль: «на невуцтве – вялікая палітыка».

Дыяспара, клясыкі, вось адзіныя цяпер даступныя рэсурсы, каналы захаваньня ня толькі клясычнай лексыкі, але і наватворнай. Перачытваючы, напрыклад, Я. Брыля, дзіву даесься, як трапна і ўдала пісьменьнік, чалавек з запасной душой, папаўняў лексыку дыялектызмамі, аўтарскімі словамі, цалкам унікаючы абапіраньня на барбарызмы. Узгадаем, як аўтар “З людзьмі і сам-насам” і «Жмені  сонечных промняў» шкадаваў, што цяперашняя мова так лёгка адкрылася барбарызмам. Янка Брыль нэгатыўна ўспрымаў, напрыклад, слова “кілер” ды і процьму іншых малапатрэбных барабарызмаў. Нібыта, сапраўды, нельга было абыйсьціся простым забойца. Ці платны забойца. У няпросты час няпростыя акрэсьленьні, як зазначаў сам пісьменьнік.

Літаральна на кожнай старонцы ягоных тэкстаў знаходзіш цудоўныя перлінкі, сьмешныя і кплівыя прапановы палепшыць, захаваць мову, а часам і крытыку ў бок аўтараў, якія блага валодаюць родным словам і ўсяляк засьмечваюць яго.

Бяруся нагадаць усім аматарам беларускага прыгожага слова толькі некаторыя каліўкі лексычнага багацьця пісьменьніка, якія, на маю думку, нельга пакідаць  ў архівах, а неабходна ўсяляк несьці ў сьвет.

Пачнем з “чалавека з запасной душой”. У існасьці, ён сам такім і быў. Пісьменьнік называў так людзей некалькіх культураў, моваў, якія вярталіся ў канцы да сваёй першай культуры, мовы. М. Сяднёў, В. Пашкевіч, К. Акула, А. Надсан, многія цяперашнія беларусы замежжа – гэта людзі з запаснымі душамі. Якая вобразнасьць!

Вітацца з чмэкам”. Ня проста вітацца (з) пацалункам, а менавіта з чмэкам. У эсэ пісьменьнік прыгадвае ўсе гэтыя словы са сваёй маладосьці, якія проста ўсплывалі ў хвілі развагаў і прыпамінаў.

Цымантовы нароўні з цэмэнтным ці цэмэнтавым. Напрыклад, цымантовы ганак.

Пра котку, якая жыве на вуліцы, як бамжоўка, Я. Брыль казаў “бомжыстая котка”.

Інтрыгі зьбягаліся ў пісьменьніка ў плеціва (плеціва інтрыгаў).

Калі клясык перачытваў ужо вядомыя творы, то ён часам чытаў не цалкам, а “прыхваткамі” ці нават “выхваткамі”.

Калі некаторыя старыя дзяцініліся, то сам аўтар казаў, што ён, наадварот, юначыў (ад юначыць).

А некаторыя бабылі пад старасьць проста ўсьцярвелі (усьцярвець ад старасьці). Усьцярвелы ад праблемаў люд і г.д.

Досыць простая і натуральная прапанова пісьменьніка тычылася пашырэньня слова “падмэрак” замест намесьнік ці памочнік мэра. Наагул, словатворчасьць з гэтым -пад- вельмі багатая і адкрытая: падафіцэр, паджанішнік, падлукашаняты і г.д.

Амужычаныя мужчыны, хлапцы, якія сустракаліся Брылю ў горадзе, таксама ўдала апісваюць вядомую зьяву апусклівых, ці, як сказаў бы спадар Янка, разбрыджаных людзей. Разбрыджаны, разбрыджаная баба, дзеўка, разбрыджаныя пісьменьнікі, то бок брыдкія, апусклівыя.

Падаецца, цалкам магчыма адмовіцца ад вядомага слова “бляндзіка” ці “бландзінка” у сэнсе недалугая дзяўчына, ці наагул недалёкі чалавек, а ўзяць цудоўнае Брылёвае словазлучэньне “златавалосая дзеўка”. Якраз такая часта зьяўляецца ў ягоных тэкстах побач з “новым беларусам”.

Наступны цікавы вобраз «недагараны корч» – смачны і трапны вобраз старога, які жыве і сам радасьці ад гэтага ня мае, так бы мовіць ««чмуціць сьвет», як бы сказалі ў Воршы і Віцебску.

Нельга абмінуць і такое слова як «заложнасьць» (ад заложнік, заложніцтва), як моцная цяга і  прагнасьць чалавека да чагосьці. У Брыля яна праяўлялася ў дачыненьні да кнігаў, бібліятэкаў (заложнасьць (ад) кнігаў).

Непаўторнае і цікавае слова «сьцішнатá» сустракаецца ў пісьменьніка значна часьцей за нарматыўных, літаратурных  жуда, страх, жах.

У дадатак, варта заўважыць, што ў творах Брыля натуральна  і амаль паўсюдна падаюцца словы‐агентывы ў жаночым родзе -ільнаводка, руплівіца, мэдсястра, крамніца, ветэранка, інвалідка і процьма іншых.  Аўтара зусім не бянтэжыць, як многіх сяньняшніх аўтараў, выхаваных на расейскай мове, фэмінізаваныя вэрсыі назоўнікаў. Прыгэтым ён сьмела дазваляе сабе такія фэмінінатывы, якія не сустракаюцца ў слоўніках ((і)льнаводка, напрыклад). Сучаснае прыгожае пісьменства, такім парадкам, упарта сьведчыць аб натуральнасьці і нарматыўнасьці фэмінізацыі назваў пасадаў і званьняў у нашай мове.

Можна і далей бясконца пералічваць перлінкі, сабрадзеныя і прапанаваныя Я. Брылем. Але лепей, калі чытач і чытачка самі адкрыюць для сябе Брылёвы скарб, які дасюль усё яшчэ застаецца даступны кожнаму. Бо пакуль мы чытаем і разумеем сваіх клясыкаў на сваёй мове ў расейскамоўным пераважна сьвеце вакол нас, пабудаваным палітыкамі і тэхнакратамі, мы таксама застаемся людзьмі з запасной душой.


Чытайце таксама: Беларуская дыяспарная мова і ейны досьвед супрацьстаяньня англіцызмам, русізмам ды іншым барбарызмам