Ёсць тэксты, якія не губляюць актуальнась і праз шмат гадоў, як і тэкст «Мова і прэзідэнт», напісаны Алесем Бяляцкім у 1996 годзе.

У нядзелю, вячэраючы на кухні, уключыў я беларускую праграму тэлевізіі і ўбачыў там прэзідэнта. Расказваў ён пра чарговы рэферэндум работнікам солекамбіната ў Мазыры, у нейкім Доме культуры пад чырвона-сінім сьцягам (мой SAMSUNG, мабыць прошукі імперыялістаў, чамусьці адмаўляўся выдаць на сьцягу зялёную паласу), пра 2 мільёны даляраў, якія ён знайшоў на гэта (цікава, дае гэта «знаходзяць» мільёны даляраў?), і ўсіх — ад камуністаў да нацыяналістаў — запісваў у «ворагі» народа.

Зноў А. Лукашэнка, згадваючы мінулы «ганебны» рэферэндум — мабыць, такім ён увойдзе ў гісторыю Беларусі, «прайшоўся» па беларускай мове. Ізноў прагучаў пасаж пра тое, што яна насаджалася. І ў зале, мабыць, камбінацкае начальства ўгодліва адгукнулася: га-га-га!

«Вось вам і га-га-га, — падыграў ім Аляксандр Рыгоравіч, — калі б не ведалі зараз мову — ужо б тут не працавалі».

Вось тут Аляксандр Рыгоравіч, мякка кажучы, перабольшыў. Пэўна, што працаваў бы гэты дырэктар са сваімі намесьнікамі і пры беларусізацыі. Іншая справа, што прэзідэнту давялося б частку свайго шалёна каштоўнага часу страціць на авалодваньне беларускай мовай, каб не запінацца на беларускай ламаніне, якую ён часам дэманструе, калі толькі не чытае па паперцы. Заадно давялося б азнаёміцца зь ёй і вернай камандзе.

Гаворачы пра беларускую мову, Аляксандр Рыгоравіч у чарговы раз не мог утрымацца, каб не перабольшыць. Хоць па дробязі, але ў сваю карысьць, з абурэньнем гаворачы пра дваццаць працэнтаў надбаўкі настаўнікам, якія выкладалі па-беларуску. Хоць тут ужо ён «навёў парадак».

Па-першае, працэнтаў тых было пятнаццаць. А па-другое, мяне асабіста абурае маральны бок стаўленьня да гэтай праблемы. І школьніку зразумела, што закон аб беларускай мове, яе афіцыйны статус, іншыя меры, у тым ліку і гэтая няшчасная настаўніцкая надбаўка, былі ўведзеныя для літаральнага ратаваньня беларускай мовы.

У кожным маральна здаровым грамадстве прынятая і законам замацаваная сацыяльная дапамога хворым і нямоглым. Гэтым і адрозьніваецца маральнае грамадства ад дзікунскага. Тое ж і зь беларускай мовай. Ёй аказвалася неабходная грамадская тэрапія. І гэта было па-людску, па-еўрапейску.

А тут зьяўляецца «гаспадар», які ставіць яе ў «роўныя ўмовы» са здаровай, агрэсіўнай, мускулістай расейскай мовай, якая пасьпела займець на Беларусі значна больш трывалыя пазіцыі. Але ж беларуская яшчэ не ўзьнялася з каленяў!

Ва ўзаемадачыненьнях паміж мовамі не бывае кампрамісаў. Калі паддаецца адна — яе пачынае цясьніць іншая. Тэзіс камуністаў аб нейкай агульнай, зьлітай са шматлікіх моваў супермове, на справе прывёў да той брыдкай трасянкі, якую мы чуем, напрыклад, ад Аляксандра Рыгоравіча. Гэткая паўмова непазьбежна вядзе да рэзкага зьніжэньня інтэлектуальных магчымасьцяў яе носьбітаў. Пра гэта не раз пісалі навукоўцы.

Таму, калі я чую ад прэзідэнта, які зьвяртаецца, па ягоных словах, да дэпутатаў Вярхоўнага Савета: «Мужыкі!» — я не зьдзіўляюся. Гэта не чарговая «разборка» каля жоўтай бочкі за кухлем піва. Гэта — беларуская палітыка.

ЛіМ, 9 жніўня 1996 года.