Папярэдні роздум выклікаў шмат тэлефанаванняў. Падалося, што тэму голаду і сытасці мне трэба асвятліць шырэй. Беларусы, ухіляючыся ад грамадзянскіх абавязкаў, схаваўшыся ў хатах і кватэрах, дзе галоўным месцам выступае кухня, лічаць, што паміж страўнікам і палітыкай няма сувязі, а між тым яна — непасрэдная.

Сведчаннем справядлівасці такой думкі з’яўляецца савецкае мінулае. Пасля 1917 года бальшавікі, якія ненавідзелі сялянства за «мелкобуржуазность», пастаянна займаліся экспрапрыяцыяй харчовых запасаў у вёсцы. Яны ўтрымаліся ва ўладзе не толькі пры дапамозе масавых расстрэлаў палітычных апанентаў, падаўлення народных паўстанняў, як гэта было на Тамбоўшчыне, у Паволжы, у нас на Случчыне, але і проста пазбаўляючы людзей ежы. Бальшавікі пастаянна выкарыстоўвалі «железную руку голода» як інструмент кіравання грамадствам і краінай.

Стары метад спатрэбіўся І. Сталіну, калі праводзілася фарсіраваная калектывізацыя ў вёсцы. Заможныя сяляне не хацелі ўступаць у калгасы, развітвацца з маёмасцю. Каб «падварушыць» іх, узурпатар штучна стварыў паўгалоднае існаванне людзей у многіх рэгіёнах СССР, беспрэцэдэнтны галадамор 1932—33 гадоў ва Ўкраіне.

Збожжа было, бо 1932 год выдаўся ўраджайным. Але Сталін вымеў яго з сялянскіх засекаў гвалтоўнымі нарыхтоўкамі, а калі пачаўся голад, адхіліў дапамогу, якую прапанавалі жыхары Заходняй Украіны, многія народы свету. Пасля прызначэння П. Постышава сакратаром ЦК КП(б)У крывавы дыктатар, дэманструючы свой д’ябальскі гумар, хітра ўсміхаючыся, сказаў: «Ты, Паша, назначен нами туда в роли ГЛАВГОЛА (галоўнакамандуючага голадам. — С.З.), и этим оружием сделаешь больше, чем Семён (С. Будзённы. — С.З.) несколькими конными армиями».

Генерал У. Андэрс, які займаўся арганізацыяй польскай арміі ў СССР, піша пра падзеі жніўня 1941 года : «У вочы кідалася велізарная, нідзе не бачаная дыспрапорцыя ва ўзроўні жыцця чыноўнікаў і афіцэраў, якія мелі ўсё, і астатняга насельніцтва, якое галадала.

Толькі ідучы па вуліцах Масквы, можна было пераканацца, як мала апошнія дваццаць гадоў савецкі ўрад клапаціўся пра паўсядзённыя патрэбы насельніцтва. Амаль нічога нельга было купіць, а тое, што было, адрознівалася нечувана нізкай якасцю».

Затым у генерала была самалётная вандроўка: «Палёт праходзіў дастаткова нізка, таму было добра бачна, што робіцца на палях. Больш паловы збажыны не было скошана. Коней і жывёлы практычна не бачна. Бульбу ніхто не капае. Няма стагоў сена, няма дроў на зіму, няма нават платоў каля халупаў».

Праз 50 гадоў мне давялося назіраць такую ж занядбанасць, вандруючы па цэнтральных абласцях Расіі. Сталінская калектывізацыя, рэпрэсіі супраць сялян вынішчылі ініцыятыўнасць, самастойнасць, жаданне людзей самааддана, з любоўю працаваць на зямлі. Гэта тычыцца і беларускай вёскі.

Жыхар мястэчка Лужкі М. Конан, які ў 1948 годзе быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у падпольнай антысталінскай арганізацыі «Саюз беларускіх патрыётаў», успамінае настроі ваеннага часу: « …У мястэчку гаварылі і такое, што радзіёнаўцы (войска Гіль-Радзіёнава, якое затым перайшло на бок партызан. — С.З.) ваююць не супраць Расеі, а супраць Сталіна. Хадзіла пагалоска, нібыта адзін падпіты радзіёнавец гразіўся, што Сталіну за калгасы, за здзекі са свайго народа мала морду набіць, яго разарваць на кавалкі трэба. А нехта з радзіёнаўцаў як быццам адкрываў душу, што не прызнае ані Гітлера, ані Сталіна, хоча сапраўднай волі свайму гаротнаму народу».

Нястача прысутнічала ў СССР да канца 50-х гадоў. Затым стала крыху лягчэй, але дэфіцыт прадуктаў, тавараў і чэргі засталіся. Толькі наменклатура высокага рангу жыла, як пры камунізме, аднак і ў яе ўсё было не сваё, а казённае. Сыходзіш з пасады — прывілеі страчваеш. Неблагі дабрабыт забяспечвалі сабе цэхавікі, іншыя прадстаўнікі ценевай эканомікі, злодзеі, валютчыкі, але яны жылі пад страхам турмы або расстрэлу. А звычайнаму чалавеку свабодна працаваць, мець уласнасць, абароненую законам, было немагчыма.

Пасля распаду СССР у Беларусі ўсталяваўся аўтарытарны рэжым, вырас гібрыд былога сацыялізму з чыноўніцкім капіталізмам. Пачварная сістэма зноў не дае магчымасці нармальна жыць усім самастойным, ініцыятыўным людзям.

Беларускі правіцель, карыстаючыся метадамі Сталіна і іншых савецкіх «правадыроў», узяў на кручок кампрамату значных чыноўнікаў, сілавікоў, прыўладных бізнесменаў, даў ім сытныя пайкі або магчымасць урваць грошы, каб тыя пад страхам і за дабрабыт верна служылі галоўнаму босу, хоць сюды падыходзіць іншае слова — з зэкаўскага лексікону.

Для астатняга насельніцтва створана сістэма ўраўняльнага мінімальнага забеспячэння. Прытым людзі баяцца, што з сыходам «незаменнага правіцеля» ў іх адбяруць нават жабрачыя зарплаты і пенсіі, якія ёсць.

Па некалькі разоў мяняліся прэзідэнты, урады ў Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі, Славакіі, і катастрофы нідзе не здарылася. Краіны дынамічна развіваюцца, насельніцтва не галадае, дабрабыт лепшы, чым у Беларусі, і з кожным годам павышаецца.

Чаму ж заціхлі мы? Трэба сказаць праўду: беларусы за сваю складаную гісторыю не толькі ў большай ступені, чым іншыя народы, прыдушаны беднасцю і страхам, маюць прымітыўнае разуменне сэнсу жыцця, масава хварэюць на вясковы і гарадскі ідыятызм, але і трапілі ў смяротную пастку.

У Беларусі, каб падавіць пратэст грамадзян, якія ў 2006 годзе выступілі супраць закрытых, сфальсіфікаваных выбараў, адмысловых метадаў не прыдумвалі, міліцыя або «людзі ў цывільным» хапалі ўсіх, хто ішоў з прадуктамі на Кастрычніцкую плошчу Мінска. Голад — не цётка, тым больш, калі цісне мароз, пасядзяць дзяўчаты і хлопцы з пустымі жыватамі ў заінелых намётах, памэнчацца, ды і разбягуцца. Праўда, мардавароты душылі моладзь галоднай аблогай нядоўга, атрымалі каманду, і ў ход пайшлі кулакі, ногі, дубінкі. Лагер пратэсту быў змецены.

А ў Расіі для разгону мітынгу вынайшлі «геніяльную» падставу: аказваецца, яго ўдзельнікі парушылі закон, таму што займаліся «несанкционированным подвозом пищи». Абсурд зашкальвае: калі адзін чалавек вырашыў прывезці ежу для другога, то ён павінен прасіць дазволу. Да таго ж, хацеў бы я ўбачыць такога чыноўніка, які займаецца арганізацыяй харчавання сваіх палітычных «ворагаў»…

Вядомы літаратар Л. Разгон у пасляслоўі да кнігі А. і Г. Вайнераў «Петля и камень в зеленой траве» піша: «На наших глазах происходит упорная, часто становящаяся кровавой, борьба мафиозных кланов за власть, за привилегии, за то, чтобы быть господами «теневой экономики». Появление организованной преступности, сращивание с коррумпированными представителями власти — все это еще не преодолено. Борьба за свободу, за правовое государство идет с нарастающим накалом».

Сапраўды, каб не згніць зажыва ў аўтарытарным абсурдзе, нам патрэбны, як паветра, адкрытыя, сумленныя выбары, свабода, дэмакратыя, галоснасць, прававая дзяржава. Якраз па гэтай прычыне грамадзяне Беларусі павінны думаць не толькі пра страўнік, але і актыўна ўдзельнічаць у палітыцы.