Стварэньне прывабнага для ўсіх вобразу героя і ахвяры, новых лідэраў, якія гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць і не баяцца міліцыянтаў-хлусаў, якія пад прысягаю даюць паказаньні пра мацерную лаянку і напад на сябе ж…

Можа, я чаго не разумею… Мажліва, міма мяне праходзіць сутнасьць палітычных працэсаў… Але растлумачце мне, шаноўныя наведнікі гэтае старонкі: які сэнс у апошніх дзеяньнях нашае (калі шчыра, дык ня нашае) улады? Толькі ў тым, што будуць выбары, і трэба паказаць, «хто ў доме хазяін»?

Уражаньне супярэчлівае. Усё нагадвае самагубства ўлады. Толькі ты наладзіў адпаведна свой твар — уставіў бліскучыя зубы, блакітныя лінзы, адпрацаваў пазытыўную міміку… Я маю на ўвазе лібэралізацыю. І ўсе вынікі гэтага паказальнага працэсу цяпер кату пад хвост.

Вядома ж, што будзе міжнародны розгалас, калі брутальна разгоняць пазытыўную сьвяточную акцыю МФ. Вядома таксама, што гэтым разгонам ты даеш далейшы карт-блянш гэтай арганізацы. Проста нейкая піяр-кампанія Маладога Фронту — усе напісалі, усе прачыталі, усе суперажываюць, нават, самому захацелася прыйсьці на наступную акцыю.

І што ты дэманструеш разгонам? Не падабаюцца вулічныя акцыі? Нашто тады было забараняць пампезную дзею ў Краўн Плазе? Таксама не падабаецца? Дык а што тады трэба?

Вядома ўсім, што наезды на мас-мэдыя таксама атрымаюць міжнародны розгалас. Пасадзўілі журналіста «Белсату» на 10 сутак. Дзе галава? Пасьля гэтае акцыі тыя, хто мае талеркі, але не глядзелі вышэйпамянёны канал, наладзіліся на яго і цяпер глядзяць. Папросту нейкая піяр-кампанія «Белсату»! Усе напісалі, усе прачыталі, усе суперажываюць…

Усім вядома, што Палякаў лепей не чапаць. Яны — ня мы, за сваіх глытку перагрызуць. Дык не — брутальны захоп Польскага Дому ў Івянцы, зьбіцьцё журналістаў, 40 чалавек завінцілі… Трызьненьне. Вынік? Качыньскі запрашае Анжаліку Борыс на аўдыенцыю ў Варшаву! Такое можна было сабе ўявіць месяц таму? Што гэта, калі не шалёны піяр Саюза Палякаў? Стварэньне прывабнага для ўсіх вобразу героя і ахвяры, новых лідэраў, якія гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць і не баяцца міліцыянтаў-хлусаў, якія пад прысягаю даюць паказаньні пра мацерную лаянку і напад на сябе ж…

Чым гэта ўсё растлумачыць? Толькі тым, што ва ўладзе дзейнічае нейкая антыўрадавая арганізацыя, якая займаецца дэструкцыяй знутры, аддаючы гэтыя вар’яцкія загады. Ці растлумачце мне, неразумнаму, якая можа яшчэ быць матывацыя?

lvolski.livejournal.com