Я бачыў Крэўскі замак розным: на магніціках на халадзільнік, у 5-хвілінных роліках на тэлебачанні, на ч/б здымках фота-мастакоў, у вачах валанцёраў архітэктурных летнікаў, сярод кілаграмаў паперы зборнікаў навуковых канферэнцый, у радках Уладзіміра Някляева і Міхала Анемпадыстава, на малюнках Напалеона Орды, Язэпа Драздовіча і Яўгена Куліка. Космас Крэўскага замка – прасторны і ўтульны, толькі крыху сыраваты з-за балоцістасці. Там ёсць месца і маім вільготным фантазіям.

Крэва – мястэчка-дзіра ў часе. Ехаў сабе па віленскай трасе, ляцеў-спяшаўся, вырашыў заехаць на замак, і вось, забыў ужо куды імчаў, застаўся ўтрапёна глядзець на коніка, што мірна пасвіцца на замкавым падворку. Я вам кажу: гэта той самы, што чакаў уночы Вітаўта падчас яго ўцёкаў з замка ад Ягайлавай рукі. Ды іначай і быць не можа: уратаваць ад пагоні самаго вялікага князя! Пасля гэтага пасвіцца – толькі на замкавым дзядзінцы, да скону вякоў.
Крэўскі замак – сферычнай формы (толькі хлусы і архітэктары скажуць вам нешта іншае): ён абвалоквае вас цалкам, бярэ ў палон і самавольна замыкае ўсе брамы і праёмы, старажытныя і несанкцыянаваныя. Можаш рухацца па гарызанталі і вертыкалі – ад сажалкі ў нізіне падворка – і да фрэсак святых у Княскім пакоі, што вось-вось дамалюе прыезджы мастак, ад падлогі цокальнай вязніцы, на якую паваліўся задушаны Кейстут – да самай высокай, 18-метровай руіны, на якой спецыялісты ад Мінкульта робяць чарговыя замеры. І няхай сабе нейкі там немец – Герберштэйн – нешта сабе мармыча пад нос, пра “закінутае мястэчка з апусцелым замкам”, праязджаючы ў кіламетры. Хай едзе куды ехаў – у сваю ўлюбёную Масковію, калі ўжо яе ён вырашыў падтрымліваць ва ўсходнім пытанні (1)…

А валуны так і коцяцца! Сцеражыся іх у сваіх палётах па гэтым космасе. Іх рух – поўны хаос. Але канцавы прыпынак – заўжды прадказальны. Вось, здаецца толькі што разляталіся долу ад удараў Свідрыгайлавых ваяроў, а вось – ужо мосцяцца назад, каб праз паўвека паспець да прыходу татараў; вось абсыпаюцца ад стрэлаў маскоўскай цяжкой зброі – і вось зноў павольнай чарадой імкнуцца на сваё месца (2). Будзь асцярожны на адзнацы “1917″: расійская артылерыя на сыходзе вайны запусціла тут такі смерч з каменна-цагляных аскепак, што іх развеяла па ўсім мястэчку і далей, па падворках мясцовых жыхароў, дзе ім, безумоўна, знайшлі прымяненне. Ці знойдуць дарогу на сваё месца на гэты раз? Але стой, не вяртайся ў XXI-е, рана.
Паблукай па 1930-х, пагутары з палякамі, што ўмацоваюць сцяну контрфорсамі (3), паразмаўляй з Міхасём Ткачовым (4) (вазьмі інтэрвью!), дапамажы беларусьфільмаўцам-дакументалістам з іх цяжкімі, як наша доля, кінакамерамі… Павер, усё будзе недарма. Усё адгукнецца, калі сфера цябе вышпульне назад, да твайго аўто на ўзбочыне. Сярод кавалкаў фрэскі з загадкавай сіняй фарбай, балтоў ад арбалетаў, археолагі знойдуць і фальгу ад тваёй “Камунаркі”, і будуць доўга думаць, што яна робіць у слоі XV-га…

А цяпер – у самы цэнтр сферы – туды, скуль ідзе галоўны, пачатковы імпульс міжчасавага карагоду камянёў. Паназірай, як да расчышчанай балоцістай нізіны ў пары кілметрах ад паселішча (5) тутэйшыя мужыкі зносяць назбіраныя па ўсім наваколлі камянюкі, як абкопваюць пляцоўку даўжэзным ровам, закідваюць яго галлём і друзам, а зверху – закладаюць прынесенымі камянямі, заліваюць іх вапнавай рошчынай (6). Як на гэтых “падсцілках” узводзяць дзве тонкія “шчакі” – паралельныя адна адной цагляныя сцены, а прастору паміж імі закладаюць валунамі, заліваючы кожны слой рошчынай… “Каб ты ўсё жыццё камяні на замак цягаў!” – пачуеш раптам лаянку двух мясцовых дзесь на падворку мястэчка, якое хутка перамесціцца бліжэй да распачатай будоўлі…
Падчас гэтай вандроўкі ў тваіх вушах будуць звінець галасы на розных мовах – не пужайся, гэта не прыступ шызафрэніі. Спачатку данясецца праз слова зразумелая крывіцкая гаворка – жвава гандлюе мясцовы люд на рынку, сварыцца, як і цяпер, за кожны грош! Зрэдзь часу будзе чуваць мову з пазнавальнымі -іс і -ас на канцы – гэта князі Нальшанскія і іх прыбліжаныя (7), а мо і сам Альгерд – прыскакаў пракантраляваць распачатую будоўлю (8). Затым прарвецца рэзкае нямецкае: “хальт!”, “нім!”, “біттэ байльн зі зіхт ніх!” – гэта ўжо мітусяцца запрошаныя ганзейскія майстры, кіруюць будаўнічым працэсам на замку (9). Крычаць, сварацца нешта па-свойму на тутэйшых работнікаў-недарэкаў. А як не сварыцца, калі тыя ў першы раз чуюць слова “kachel” (“во прыдумалі немцы – печ натопіш, і каб доўга не стыла!”), першы раз – апальваюць столькі “ziegel” (немцы цярпліва вучаць складваць сфармаваную гліну ў пірамідальныя стажкі, а ўнутры стажкоў і па баках – разводзіць вогнішчы”, першы раз – кладуць “mauer” вышынёй ад 12 да 25 метраў, ды яшчэ на балоце… (10) “Келлен ім мёртэль біттэ ніхт фергессен! (11)”, – крычыць будаўнікам наверсе сур’ёзны пан знізу, у чорным жупане і прыдуркаватым як на мясцовы густ шырокаполым капелюшы. “Гы-гы-гы, хто там у келлі ім мёртвы-біты?”, – з ухмылкай перапытвае муляр Сенька такога ж знаўцу нямецкай муляра Грышку. “Гы-гы-гы”, – паціскае той плячыма ў адказ. Па звычцы кідаюць інструмент абы дзе. Пасля атрыманых на гарэхі “штрафэн” ад свайго і нямецкага начальства за згублены дарагі жалезны інструмент уся брыгада ўжо ведае, што такое гэтая іхняя “келлен” і чаму яе нельга забываць на працоўным месцы…

…З вышыні свайго касмічнага палёту ты ўбачыш кратэры вежаў і храбты муроў, пад якімі няспынна будзе цурчаць вада. Дзве імклівых стралы – рэкі Шляхцянка і Крэўлянка. Гэта стужкі Мёбіюса, вечны і бясконцы дыяметр крэўскай сферы (12,13). Беручы выток па-за яе межамі, яны – калі раптам ты ўздумаеш пацягнуцца ўслед за імі – заўжды будуць вяртаць цябе ў цэнтр загадкавай шаравіднай прасторы. Таму – пераскоквай. Або як Вітаўт – пераходзь уброд (і дзе толькі ён, доўбень, знайшоў такое глыбокае месца?).
Плёск вады будзе чуваць толькі фонам. Але вушы заложыць – калі ў касмічным эфіры раскоціцца перадсмяротны хрып Кейстута, а затым – як додж пасля грому – узрушанае шаптанне Вітаўта на вуха сваёй жонцы: “скажы, каб рыхтавалі каня… заўтра ж…” (14)
— “Тэррас суас Літваніе эт Русіе корона рэгні Полоніе перпетуо аплікарэ”, – прарвецца праз гэты дождж раптам штосьці гучнае і выразнае з Княскай вежы. Князь Лугвен з Мсціслава, які праз чвэрць стагоддзя стане героем Грунвальдскай бітвы, зараз уедліва пытаецца паляка-тлумача: што ўсё-такі дакладна азначае гэтае “аплікарэ” на лаціне? “Аплікарэ” – значыць “з’яднацца, быць разам”, – кажа паляк з хітраватай ухмылкай (15).
З вышыні палёту ты ўбачыш, што храбты замкавых сценаў “уклеены” ў россып конусавідных гор, вяршыні якіх пачаргова будуць то шугаць полымем, то блішчэць пазалочанымі крыжамі. На адной з іх – што на касмічных мапах пазначана як “Юрава” – можаш узяць паўзу, з кавай і бутэрбродамі (16). Глядзі, не падавіся, калі побач пачнуць спальваць труп пад жалобны найгрыш дуды (17).
— Да будет о сем Бог тебе судьею… Не верую, иже бы сие было Богу угодно… Да будет о сем Бог тебе судьею…, – данясуць раптам касмічныя вятры нудны працяглы зуд з замкавых сценаў. Гэта апальны князь Андрэй Курбскі змрочным ценем блукае па галерэях замка, прыдумляючы лісты Івану Грознаму, ад якога ён і ўцёк на Літву, атрымаўшы тут пасаду крэўскага старасты.
— Что же, собака, и пишешь и болезнуеши, совершив такую злобу? К чесому убо совет твои подобен будет, паче кала смердяй?, – часам данясе усходні вецер праклёны Курбскаму і ўсёй Літве ў адказ, – “собацким изменным обычаем преступил крестное целование, ко врагом християнским соединился еси…” (18)

За ўсім гэтым вэрхалам, як, зрэшты, і за тваім падарожжам, увесь час няспынна назірае чыесьці вока. Шырока расплюшчанае, яснае, добрае. Вока – барвовая фрэска на скляпенні – пазірае на лісты Курбскага і ўглядаецца глыбока ў яго самога, свідруе Ягайлу, што аддае загад задушыць свайго дзядзю. Вока выпускае вільгаць немясцовага хімічнага складу, калі бачыць, як хеўра дужых салдат накідваецца на Кейстута, і адзін з іх – відавочна, самы слабы фізічна – уссеўшыся на паваленага волата, душыць яго шнурочкам. Вока і не думае заплюшчвацца, калі крымчак-татарын раскладае прама пад ім дровы для падпалу вежы. Вока глядзіць прама і адкрыта ў дулы расійскіх карабельных гарматаў, што праз секунду ператвораць замак у друз, а “врагов християнских” – у бела-барвовыя кавалкі мяса. Вока пераводзіць позірк на нямецкія ДОТы, яшчэ поўныя жыцця. “Огонь!.. Батарея!.. Пли!..” З дулаў вылятаюць шэршні і саранча, якія ў імгненне абляпляюць старыя муры, вежы і ДОТы, пачынаюць дзерці, грызці, выядаць паверхню, жэрці плоць. Валуны, вызваленыя ад цагляных “шчок” пачынаюць свой бег. На гэты раз – безпаваротны. Сфера немінуча сціскаецца, вызваляючы гіганцкія аб’ёмы назапашанай стагоддзямі энэргіі. Валуны і аскепкі закручваюцца ў агромністую чорную варонку, узровень хаосу дасягае крытычнай адзнакі. Космас Крэва непазбежна змяншаецца, ператвараецца ў маленькую чорную кропку, імкнецца да першапачатковага нуля, нішто…

***
На дзядзінцы – усё той жа конь Вітаўта. Летняя вечаровая ціш. У вежы корпаецца студэнт-валанцёр. Пад руінай сцяны сядзіць гісторык Алег Дзярновіч, клацае па ноўтбуку, пераганяе ў свой фэйсбук фотаздымкі новых археалагічных знаходак. Толькі што чыноўнік ад Мінкульта па тэлефоне паабяцаў перавесці грошы на новы этап кансервацыйных працаў. Лапата студэнта – у трыццаці сантыметрах ад жалезнай кельні XIV ст. Чорная кропка – хрусталік добрага, празрыстага вока – як і раней – цярпліва назірае. Перпетуо аплікарэ. Біттэ байльн зі зіхт ніхт.

Аўтар шчыра дзякуе гісторыку, кіраўніку археалагічных раскопак у Крэве 2011-2013 гг. Алегу Дзярновічу за прадстаўленую актуальную інфармацыю з фотаздымкамі аб выніках праведзеных раскопак, а таксама фатографу Віктару Малышчыцу за “зорныя” фотаздымкі Крэва.


1 Сігізмунд Герберштэйн (1486-1566) – нямецкі дыпламат, меў дыпламатычную місію ў ВКЛ і Масковіі, у сваіх падарожных нататках узгадвае Крэва як мястэчка “з закінутым замкам”.
2 першае разбурэнне замка адносіцца да перыяду грамадзянскай вайны ў ВКЛ – замак быў узяты князем Свідрыгайлам у 1433 г. Таксама зафіксаваны значныя разбурэнні падчас татарскіх набегаў 1503-1506 гг., маскоўскага рэйду 1519 г. і вайны з Масковіяй 1654-67 гг.
3 у 1930 г. польскімі спецыялістамі на чале з С. Лорэнсам была зроблена спроба кансервацыі замка
4 Міхась Ткачоў (1942-1992) – беларускі археолаг, адзін з найбольш выбітных даследчыкаў Крэўскага і іншых беларускіх замкаў у 1970-80-х гг..
5 Крэўскае гарадзішча XII-XIII ст. – першапачатковае паселішча на гэтых землях – знаходзіцца ў 2,5 км. ад замка.
6 Крэўскі замак пабудаваны ў форме няправільнай трапецыі з бакамі 85*108,5*71, 5*97,2 м.
7 Паводле некаторых звестак Крэва пэўны час было цэнтрам асобнага Нальшанскага княства. Як сведчаць археалагічныя раскопкі, у Крэве яшчэ да пабудовы замка пражывала як балцкае, так і славянскае насельніцтва, прычым прадстаўнікі славянскага этнасу займаліся пераважна гандлем і рамесніцтвам, у той час як палітычная ўлада належыла балцкім князям.
8 Крэўскі замак пабудаваны князем Альгердам на мяжы 1330-40-х гг. (магчыма – закладзены яшчэ раней яго бацькам Гедымінам)
9 ням. “Nimm!” (“бяры!”), “Halt!” (“трымай!”), “Bitte beeilen Sie sich nicht!” (“калі ласка, не спяшайцеся!”). Верагодней за ўсё, будаваць Крэўскі замак дапамагалі майстры з Нямеччыны, якіх князь Гедымін у 1323 г. афіцыйнай граматай запрасіў на пасяленне ў ВКЛ, абяцаючы ім шматлікія правы і выгоды.
10 ням. “Kachel” – кафля, “Ziegel” – цэгла, “Mauer” – мур. З будаўніцтвам Крэўскага замка – аднаго з першых каменных замкаў на Беларусі – пачалося не толькі перайманне беларусамі нямецкай будаўнічай тэхналогіі, але і запазычанне адпаведнай будаўнічай лексікі.
11 ням. “Kellen im Mörtel bitte nicht vergessen!” – “не пакідайце кельні ў рошчыне!”
12 Крэўскі замак пабудаваны ў забалочанай пойме рэк Крэўлянкі і Шляхцянкі.
13 Стужка Мёбіюса – стужка, загорнутая асаблівым чынам, так што калі “ісці” па адной з яе паверхняў, то абавязкова будзе пройдзена і другая паверхня без перасячэння краёў стужкі, а “шлях” скончыцца там, дзе быў пачаты. У XIX cт. яна стала найпрасцейшым прыкладам, на якім была патлумачана тэорыя бясконцасці касмічнай сферы: пачаўшы шлях на адным “краі” космасу, можна дасягнуць яго супрацьлеглага “канца”, за якім будзе з’явіцца першапачатковы пункт адпраўлення.
14 Пасля забойства Кейстута, Вітаўт, пераапрануўшыся ў адзенне адной са сваіх служанак, здолеў уцячы з Крэўскага замка пры дапамозе сваёй жонкі.
15 “…terras suas Litvaniae et Rusiae coronae regni Poloniae perpetuo applicare” (“землі свае Літвы і Русі навечна злучыць з каронай Каралеўства Польскага”), – фрагмент тэкста Крэўскай уніі, заключанай у Княскай вежы ў 1385 г. князямі Ягайлам, Вітаўтам, Лугвенам і інш. Слова “applicare” – азначае “аб’ядноўваць, звязваць, злучаць”, але з-за шматзначнасці слова магчымы яго пераклад і з адценнем падпарадкавання, падначалення, што стала прычынай спрэчак сучасных гісторыкаў аб значэнні крэўскага акта.
16 У рэльефе Крэўскай мясцовасці выдзяляюцца некалькі пагоркаў, на якіх у Сярэднявеччы былі пабудаваны каталіцкія і праваслаўныя храмы.
17 На адным з пагоркаў, т.зв. Юравай гары, знаходзілася язычніцкае капішча.
18 З ліставання Андрэя Курбскага і Івана Грознага