У нядзелю на вуліцы Кіева выйшлі больш за 100 тысяч пратэстоўцаў. Людзі патрабуюць ад уладаў перагледзець рашэнне аб адмове падпісваць Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС. На просьбу 34mag намеснік рэдактара «КоммерсантЪ-Украина» Юры Марчанка апісвае сітуацыю і вядзе рэпартаж з вуліц Кіева, дзе праходзяць самыя масавыя акцыі пратэсту з часоў Аранжавай рэвалюцыі.

«Хто сёння да паўночы гатовы выйсці на Майдан?»

Усё пачалося з допісу ў фэйсбуку. Увечары 21 лістапада вядомы ўкраінскі журналіст Мустафа Наем напісаў: «Добра, давайце сур’ёзна. Вось хто сёння да паўночы гатовы выйсці на Майдан? Лайкі не лічацца. Толькі каментары пад гэтым пастом са словамі “Я гатовы”. Як толькі набярэцца больш за тысячу, будзем арганізоўвацца». Фармальна ўмову выканаць не ўдалося: каментарыяў было менш за тысячу, дый палову з іх складалі рэплікі ў духу «А я цяпер не ў Кіеве». Тым не менш, праз пару гадзін на галоўнай плошчы Кіева – Майдане незалежнасці – сабраліся некалькі сотняў чалавек.

Амаль усе яны былі паміж сабой знаёмыя, амаль усе былі або журналістамі, або грамадскімі актывістамі. І ўсе дружна ганьбілі ўкраінскую ўладу, якая ў гэты дзень прыняла рашэнне крыху прыкрыць акно ў Еўропу.

З 2007 года мы доўга і пакутліва дамаўляліся з Еўрасаюзам аб тым, як менавіта Украіна будзе супрацоўнічаць з Захадам. У выніку дамовіліся да Пагаднення аб асацыяцыі – базавага дакумента, згодна з якім Украіна і ЕС сябравалі б так моцна, як Еўрасаюз яшчэ не сябраваў ні з адной краінай. Акрамя прымянення разнастайных еўрастандартаў якасці ў самых розных сферах, Пагадненне мела на ўвазе яшчэ і з’яўленне зоны свабоднага гандлю з краінамі ЕС.

У апошнія месяцы ўсё ішло да таго, што лёсавызначальны дакумент будзе падпісаны ў канцы лістапада на саміце Усходняга партнёрства ў Вільні. Дэпутаты аператыўна прымалі патрэбныя законы, а прэзідэнт Віктар Януковіч рэгулярна нагадваў усім ахвотным пра неабходнасць еўраінтэграцыі. Усё псавала пытанне апальнай экс-прэм’еркі Юліі Цімашэнкі, якая з 2011 года пакутуе ў засценках і ўпарта хварэе. Еўропа патрабавала, каб яе калі і не адпусцілі зусім, то хаця б адправілі лячыць хворую спіну ў Германію. Аднак шмат каму ва ўкраінскай уладзе пакуты Цімашэнкі прыемныя, таму выконваць гэтае патрабаванне ніхто не спяшаўся.

У лавіраванні вакол пытання «адпускаць ці не адпускаць» і прайшлі апошнія тыдні, калі ў чацвер украінскі ўрад раптам ашаламіў усіх распараджэннем прыпыніць падрыхтоўку да падпісання Пагаднення. Аргументацыя Кабміна, па сутнасці, зводзілася да аднаго: зона свабоднага гандлю з ЕС сур’ёзна пакрыўдзіць Расію, якая закрые доступ на свае рынкі для ўкраінскіх вытворцаў і такім чынам пахавае важкую частку эканомікі Украіны, а кампенсаваць гэтыя траты Еўропа не спяшаецца.

«Пажадлівы міліцыянт у скураных штанах»

Зрэшты, шмат каго гэты аргумент не пераканаў, пра што яны, па старой украінскай традыцыі, і выйшлі паведаміць адзін аднаму на Майдан. Стыхійны мітынг спачатку быў мала падобны на акцыю грамадзянскага супраціву – проста некалькі сотняў людзей блукалі па галоўнай плошчы краіны і абменьваліся меркаваннямі аб тым, які ж Януковіч нягоднік. Каля 12-й ночы да Майдана, нарэшце, пад’ехала імправізаваная сцэна – грузавік са спецыяльнай апаратурай. Групы міліцыянтаў, якія аператыўна з’явіліся на месцы падзей, перагарадзілі ёй шлях машынай, аднак пратэстоўцы акуратна адсунулі тую ўбок і ўтварылі жывы калідор для праезду грузавіка.

Дарэчы, пазней рэвалюцыйны рэфлекс ва ўсім супрацьстаяць міліцыі ледзь не спрацаваў супраць саміх мітынгоўцаў. У пэўны момант да Майдана пад’ехала грузавая машына, якую неадкладна спынілі міліцыянты. Пратэстоўцы рынуліся на дапамогу, адагналі органы правапарадку і адкрылі грузавіку шлях на плошчу. Зрэшты, тут жа высветлілася, што ў машыне вязуць абсталяванне для залівання коўзанкі роўна на тым месцы, дзе быў цэнтр пратэстаў. Кіроўца трапіўся кемлівы і адразу абвясціў сябе заўзятым прыхільнікам еўраінтэграцыі.

У выніку акцыю на Майдане абвясцілі бестэрміновай. Пратэстоўцы вырашылі дамагацца склікання пазачарговага паседжання парламента, каб прыняць усе неабходныя законы і ўсё ж такі падпісаць Пагадненне з ЕС. Пачынаючы з чацвярга на плошчы дзяжурылі ад некалькіх сотняў чалавек ноччу да некалькіх тысяч чалавек – днём. На Майдане ўступіў у сілу сухі і «бяздымны» закон. Да людзей з бутэлькай або цыгарэтай тут жа падыходзілі навакольныя і ветліва прасілі не кампраметаваць пратэст шкоднымі звычкамі. Зрэшты, зусім ужо без алкаголю, улічваючы дрэннае надвор’е, вядома, не абыходзілася – людзі падаграваліся па наваколлі. Настроеныя пры гэтым усе лагодна. Нарады міліцыі ў першыя дні назіралі за падзеямі здалёк. Церусіў дождж. На велізарным відэаэкране над Майданам раз-пораз круцілася рэклама начнога клуба для жанчын «Чырвоны капялюшык» з пажадлівым міліцыянтам у скураных штанах.

На сцэну пускалі ўсіх ахвотных. Першым аратарам Майдана-2013 зрабіўся выбітны баксёр Віталь Клічко, які працягвае спробы зрабіцца выбітным палітыкам. Клічко ва ўкраінскай палітыцы ўжо некалькі гадоў, але яму відавочна па-ранейшаму лягчэй апанента адмяцеліць, чым пераканаць: прамоўца з яго так сабе. Зрэшты, гучных прамоваў хапала і без яго.

За апошнія дні на сцэну не вылазілі хіба што самыя гультаяватыя апазіцыянеры і грамадскія дзеячы. Нейкі дзядок распавёў, што ён прыехаў у Кіеў з Закарпацця. Улічваючы, што Закарпацце мяжуе адразу з чатырма краінамі ЕС, то каб наблізіць Украіну да Еўропы, самому дзядулю давялося ад яе ад’ехаць амаль на 1000 км. Масціты мастак Аляксандр Ройтбурд намаляваць на Майдане нічога не мог, таму ўварваўся ў іншую вобласць мастацтва і прачытаў са сцэны верш «Ода меланхоліі» Джона Кітса. Удзельнік гурта Mad Heads XL Вадзім Краснаокі мільённы раз у жыцці праспяваў свой адзіны хіт «Надiя є».

#Євромайдан. Знову українська революція from BIGGGGIDEA.COM on Vimeo.

«Слаўны летні бунт з бікіні, махіта і пляжнымі парасонамі быў бы значна прыемнейшым»

Зрэшты, нягледзячы на ўкрапванні творчай інтэлігенцыі на сцэне, назваць Майдан першых дзён забаўляльнай падзеяй не павернецца язык. З уласцівай сабе гаманлівасцю палітыкі і тыя, хто хоча імі стаць, гадзінамі вяшчалі з дынамікаў пра тое, што Украіне патрэбная Еўропа, а Еўропе – Украіна. А галоўнае – запрашалі ўсіх на нядзельны мітынг, які, паводле задумы апазіцыі, павінен быў паказаць уладам усю сур’ёзнасць становішча.

Увогуле, план палітыкаў пачаў працаваць: у нядзелю ў адным толькі Кіеве на вуліцы выйшлі больш за сто тысяч чалавек. Акрамя таго, акцыі пратэсту прайшлі таксама практычна ва ўсіх буйных гарадах краіны. Пры гэтым, напрыклад, у Львове яны карысталіся поўнай падтрымкай мясцовых уладаў, а кіраўнікі ВНУ абвесцілі, што паездка студэнтаў на Еўрамайдан у Кіеў будзе лічыцца паважнай прычынай для прагулу.

Тут трэба патлумачыць, што 100 тыс. чалавек для Кіева – гэта шмат. Пры тым, што ва Украіне наогул любяць пратэставаць і ахвотныя памітынгаваць могуць выбраць сабе акцыю на любы густ, столькі людзей на вуліцах не было з часоў Аранжавай рэвалюцыі, калі масавыя пратэсты вымусілі цяперашняга прэзідэнта Януковіча, а тады толькі кандыдата на гэты пост, сысці ў апазіцыю.

Тлумачэнне гэтаму простае – пасля ўсеагульнай эйфарыі 2004 года расчараванне ад наступнага правалу «аранжавых» палітыкаў было зруйнавальным. Усеагульнае меркаванне было прыкладна такое: калі тады не атрымалася, то цяпер чаго ўжо ж. Да таго ж рэвалюцыі ва Украіне чамусьці заўсёды праходзяць у халодную пору года, хаця відавочна, што слаўны летні бунт з бікіні, махіта і пляжнымі парасонамі быў бы значна прыемнейшым і больш папулярным. Такім чынам, убачыць у нядзелю на вуліцы больш за 100 тыс. чалавек, здаецца, не чакалі і самі арганізатары. Магчыма, менавіта гэтым і тлумачыцца тая бездапаможнасць, з якой яны гэтым велізарным людскім патэнцыялам распарадзіліся.

«Януковіч, мы злыя»

Палітычныя лідары ганялі калоны людзей ад цэнтральнай Еўрапейскай плошчы, дзе праходзіў асноўны сход, да размешчанага непадалёк і ў нядзелю, зразумела, пустога будынка ўрада. Там радыкальна настроеныя пратэстоўцы з радасцю ўлаштавалі бойку са спецпадраздзяленнямі міліцыі, а простыя ўкраінцы з некаторым здзіўленнем пачалі разыходзіцца па дамах. Ужо да вечара стотысячны мітынг вырадзіўся ў дзясятак намётаў, пастаўленых на Еўрапейскай плошчы.

Пры гэтым простыя ўкраінцы да акцыі падышлі з фантазіяй. Так, па вуліцах крочыў хлопец у касцюме Смерці з таблічкай «Улада, я па цябе». Хлапчук у шапцы з персанажам Angry Birds трымаў вымпел «Януковіч, мы злыя». А галоўным хітом зрабіўся плакат нейкай дзяўчыны з надпісам «Дамблдор не дазволіў бы гэтаму здарыцца».

Як бы там ні было, да вечара нядзелі ў Кіеве склаліся дзве кропкі супраціву: палітычны намётавы гарадок на Еўрапейскай плошчы і «стары» грамадзянскі мітынг на Майдане. Арганізатары гэтых дзвюх суседніх пляцовак, зразумела, тут жа перасварыліся і аб’ядноўвацца не збіраліся. Пакуль на Еўрапейскай плошчы вяшчалі палітыкі, на Майдане рэвалюцыя набыла выразны культуралагічны характар. Адна мая знаёмая напісала ў фэйсбуку: «Гэта зона азону, запоўненая дзяўчынкамі-студэнткамі з папяровымі ружамі ў валасах, кіеўскімі дамамі і інтэлігентамі ўсіх масцей, там абмяркоўваюць свае глыбока лакальныя навіны супрацоўнікі навуковых інстытутаў, архіваў і іншых баявых арганізацый. Працэнт мастацтвазнаўцаў на адзінку тэрыторыі зашкальвае».

Атмасфера ў цэнтры горада ў нядзелю ўвечары і сапраўды святочная. Натоўпы людзей са сцягамі навяваюць успаміны аб леташнім чэмпіянаце Еўропы па футболе. У прылеглым да Майдану скверы нейкі мужчына прафесійна пастаўленым басам спявае «Многие лета», людзі пляскаюць у ладкі. Са сцэны тым часам чытаюць вершы. Выступы палітыкаў асаблівага энтузіязму не выклікаюць. Мітынгоўцы спрабуюць наладзіць кантакт з «Беркутам» і прапаноўваюць байцам гарачы чай. Байцы панура адмоўчваюцца, патупіўшы позірк.

Зрэшты, бліжэй да ночы на панядзелак уся бестурботнасць выпараецца. «Беркут» спачатку зачышчае праезную частку, а потым адціскае пратэстоўцаў у самы цэнтр Майдана, каб вызваліць месца для залівання славутай коўзанкі. На Еўрапейскай плошчы ўвогуле разгортваецца пабоішча: каля 12-й ночы «Беркут» ідзе на штурм намётавага мястэчка. Вымуштраваныя дзясяткамі акцый пратэсту прафесійныя рэвалюцыянеры атаку адбіваюць і самі пераходзяць у контрнаступленне. Вельмі дарэчы для пратэстоўцаў на плошчы выяўляецца клумба. Вырванымі з яе кустамі рэвалюцыянеры закідваюць байцоў «Беркута», якія не чакалі такога павароту, і прымушаюць іх пусціцца на ўцёкі. «Кветкі перамаглі дубінкі», – хваляць сябе мітынгоўцы.

Зрэшты, пакуль больш падобна, што палітычная бездапаможнасць і адсутнасць выразнай каардынацыі перамаглі сапраўды масавы народны пратэст. Марш да будынка ўрада, запланаваны на 8-ю раніцы панядзелка, сабраў усяго некалькі сотняў чалавек. Большая частка палітыкаў яго праігнаравала.