Што рабіць, калі пад рукой няма валяр’янкі? Бадай, засталася адзіная сітуацыя, у якой бакі не паспелі абмяняцца гендарнымі ролямі. Мужчыны адваявалі права сядзець у транспарце, насіць жаночыя торбачкі і нават фарбавацца (асабіста ведаю трох аматараў танальнага крэму, і яны нават не саромеюцца).

Але складаюцца, складаюцца раз-пораз такія абставіны, у якіх мужчына пачуваецца мужчынам — моцным, спакойным і разумным (sic!), а дзяўчына — дакладна наадварот. Гэтыя абставіны называюцца “істэрыка”.

З уменнем ладзіць добрую істэрыку нараджаюцца ўсе. Але ў хлопчыкаў, як ні дзіўна, гэтая здольнасць знікае гадоў да трох-чатырох. Ну, да шасці, калі ў доме няма добрага скуранога паса. А дзяўчынкі праносяць праз усё жыццё уменне за рэкордна кароткі тэрмін вывесці з раўнавагі.

І тут ужо, даруйце, адразу ўсім без тлумачэнняў і без кансультацыяў псіхолага зразумела, чым мужчыны адрозніваюцца ад жанчын. Мужчыны, дзякуй богу, значна больш ураўнаважаныя — і гэта яшчэ мякка сказана.

Мужчыны баяцца жаночых істэрык як полымя. Не, болей. Нават землятрус, тайфун і тарнада не нясуць такой небяспекі, як жаночыя “псіхі”, бо кожны прыродны катаклізм, прынамсі, мае падставы і можа быць спрагназаваны. У адрозненне ад праяваў шырокай жаночай натуры.

Ёсць у мяне мара — стаць фалькларыстам вузкай скіраванасці. Вось кіну бізнэс, мару я, вазьму торбу, буду хадзіць па гарадах і вёсках і апытваць мужчынаў: “А з якой нагоды вашая жанчына апошні раз ладзіла вам істэрыку? На якой падставе яна, скажам так, учыніла вынас мозгу?” Запішу ўсё, а потым класіфікую па алфавіце. Можна нават будзе скласці дапаможнік для мужчынаў кшталту сонніка, такі вадэмэкум. Думаю, будзе карыстацца папулярнасцю. Хоча мужчына даведацца, з чаго б гэта яго выганяюць з дому за тое, што ён купіў не той пральны парашок, — а вось і дапаможнік. Прачытаў артыкул аб пральным парашку — і зразумеў, што час падаваць на развод, на жаль.

Я ўжо сабрала некалькі слоўнікавых артыкулаў — атачэнне дало багаты плён тэмаў і ідэяў (ну і ўласны досвед, што ўжо хавацца).

А — артыкул на сайце парадаў для жанчын

Пазваніць на працу пасярод дня, паведаміць, як прачытала надоечы ў артыкуле знанага псіхолага пра тое, што калі мужчына дорыць жоўтыя нарцысы, то яго трэба неадкладна кінуць, бо ён ніяк не можа выйсці з-пад уплыву сваёй мамы. Запатрабаваць тлумачэнняў, пакрыўдзіцца, заплакаць.

Б — білеты ў кіно

Папрасіць купіць білеты ў кіно; у кінатэатры высветліць, што яны ў апошнім шэрагу; звінаваціць хлопца ў тым, што яму патрэбны толькі сэкс, што ён ставіцца да вас несур’ёзна і наогул здраджвае з былой дзяўчынай. Запатрабаваць тлумачэнняў, пакрыўдзіцца, заплакаць.

В — ВКонтакте

Знайсці ў сацыяльнай сетцы старонкі ўсіх былых дзяўчат свайго хлопца, у тым ліку дзвюх, з якімі ён толькі цалаваўся. Разглядаць увесь дзень іх фотаздымкі, з асаблівай увагай — супольныя, трохгадовай даўніны. Увечары зладзіць страшную сцэну рэўнасці.

Т — ты мяне не слухаеш

Зрабіць раптоўную паўзу ў прамове, запытальна зірнуць на свайго візаві, не дачакацца рэакцыі, звінаваціць яго ў абсалютнай няўважлівасці, у пагардзе і наўмысным ігнараванні. Тут магчымыя не толькі слёзы, але і крыкі.

…Так, я спадзяюся, да гэтага месца ніводны мужчына не дачытаў, і таму мы з дзяўчатамі можам пагаварыць сур’ёзна. Вельмі добра, што мужчыны нічога не цямяць у жаночых істэрыках, іначай нам з вамі было б шматкроць болей сорамна. Бо для самой жанчыны не сакрэт, што так званыя істэрыкі выкліканыя адной нагодай — хісткім гарманальным фонам. Пардон, я хацела сказаць іншае. Гарманальны фон — ён на тое і фон, каб быць проста дэкарацыяй, на фоне якой адбываецца галоўная дзея. А прычына істэрыкі — прычына, а не нагода, нагода рыхтык можа быць любой — у канкрэтным нявырашаным жыццёвым пытанні.

Якія там пытанні ў нас бываюць на павестцы дня? Часцей за ўсё жанчына, якая ладзіць істэрыкі на роўным месцы, хоча або замуж, або разарваць дачыненні. Проста баіцца аб гэтым абвясціць наўпрост. Вас гоніць жонка з дому за тое, што вы прынеслі не той пральны парашок? Ідзіце, толькі не зачапіцеся рагамі за дзверы. Вашая дзяўчына плача, бо вы не пазванілі, каб пажадаць добрай раніцы? — вы сустракаецеся з ёй пяты год і нават не збіраецеся рабіць прапанову.

Ну што сказаць пра істэрыкі? Гэта дрэнна, вельмі дрэнна; і вельмі сорамна. Гэта няветліва і невысакародна. Трэба трымаць сябе ў руках і дакладна ведаць, якія ў вас жыццёвыя мэты. І мець адвагу прымаць рашэнні, а не змушаць мужчынаў усё вырашаць за вас: “Хай я паплачу і пакрычу, а далей будзе як атрымаецца”.

Звычайна чым болей жанчыне, тым яна спакайнейшая. Кажаце, пфф? Кажаце, вы ніколі так гідка не паводзіліся, нават у юнацтве? Я вам зайздрошчу.