Адзін з нядаўніх роздумаў я прысвяціў перыяду палітычнай лібералізацыі ў СССР, на што падштурхнуў прагляд фільма В. Тадароўскага «Оттепель». Той час быў вельмі важным: трэба было пераасэнсаваць савецкую гісторыю, даць ёй праўдзівую ацэнку, пакаяцца за рэпрэсіі, правесці да канца рэабілітацыю невінаватых людзей. На жаль, гэта не было здзейснена.

На ХХ з’ездзе КПСС М. Хрушчоў толькі выкрыў культ асобы Сталіна, але не кранаўся самой прыроды ягонай падазронасці, помслівасці, жорсткасці, уладалюбства, не высвятляў прычын прагі да самаабагаўлення, нараджэння адчування беспакаранасці, няўмення і нежадання крытычна адносіцца да сябе. Прытым падручныя тырана — Г. Малянкоў, В. Молатаў, Л. Кагановіч, К. Варашылаў, А. Мікаян, П. Паспелаў, А. Касыгін — не сказалі ні слова ў асуджэнне злачынстваў крывавага рэжыму. Каму хочацца публічна прызнаць разам з чужой і сваю жахлівую віну прад мільёнамі канкрэтных людзей і цэлымі народамі СССР!

Час ідзе, а міфы, якія сталінская прапаганда ўбівала ў галовы пакаленняў, засталіся, не даюць нармальна жыць сучасным людзям. Яшчэ прымаюцца на веру старонкі дзвюх кніг: «Краткий курс» і «Биография Сталина», дзе шмат недарэчнасцяў і хлусні, якія прыдуманы самім «вождем всех народов», каб выглядаць «белым і пушыстым». Пасля гэтага як не пагадзіцца са словамі незаконна рэпрэсіраванага ў 1937 годзе рускага пісьменніка С. Клычкова (сапраўднае прозвішча Лешанкоў): «Если оглянуться назад, так не отличить были от небылицы, правды от выдумки. Если про эту жизнь рассказать, так теперь уж никакой небылице не удивится никто, а правде никто не поверит». Так атрымалася са Сталіным. Сапраўды, насельніцтву цяжка змірыцца з тым, што кумір, імя якога яшчэ пры жыцці прысвойвалі гарадам, на якога маліліся, быў д’яблам. Фальсіфікацыямі стракацяць і біяграфіі ўсіх новых дыктатараў. Не выключана, што падзеі, якія адбываюцца цяпер, таксама накрые хлусня…

Сталін, недавучаны семінарыст, шмат чытаў (палітыка, гісторыя, а з мастацкай літаратуры — Л. Талстой, Ф. Дастаеўскі, М. Салтыкоў-Шчадрын, А. Франс), любіў весці інтымны дыялог з аўтарамі, рабіў заўвагі на палях кніг і часопісаў сваёй бібліятэкі, што дазваляе прарвацца ва ўнутраны свет надта скрытнага, затоенага чалавека, які ён хаваў ад усіх, адчуць рэакцыю, эмоцыі. Але прачытанае ніколі не мела ўплыву на яго характар, на дзейнасць. Пасля кантакту з гуманнымі творамі класікаў Сталін мог спакойна падпісваць смяротныя прыгаворы сваім сябрам і блізкім людзям.

Чытанне не дапамагло выкладанню думак узурпатара ўлады на паперы. Расійскі пісьменнік Д. Гранін адзначае: «Сочинения Сталина — лучшее доказательство его посредственности. Духовная бедность, невыразительный язык. От его работ не осталось оригинальных идей, ни политических, ни социальных. Он не был творческим человеком, его выступления по языкознанию, русской истории, экономике воспринимаются ныне как нечто курьезное. Пушкин бесконечно прав — гений и злодейство несовместимы. Если что и было в юности, то тщеславие, борьба за власть выжгли его способности».

З юнацкімі творчымі практыкаваннямі Сталіна можна азнаёміцца, але і яны не пакідаюць пэўнага ўражання пра здольнасці аўтара. Вось, напрыклад, верш, апублікаваны класікам грузінскай літаратуры І. Чаўчавадзэ ў газеце «Иверия», які нават увайшоў у школьныя хрэстаматыі:

«Рядом с фиалкой-сестрой
Алая роза раскрылась.
Лилия тоже проснулась
И ветерку поклонилась.
В небе высоко звенели
Жаворонка переливы,
И соловей на опушке
Пел вдохновенно, счастливо:
«Грузия милая, здравствуй!
Вечной цвети нам отрадой!
Друг мой, учись и Отчизну
Знаньем укрась и обрадуй».

Будучы «шэры кардынал» Крамля М. Суслаў хацеў надрукаваць вершы ў выдавецтве «Детская литература», звярнуўся да аўтара з лістом. Той яму адмовіў. У рэзалюцыі напісана, што вершы апублікавання не заслугоўваюць, таму што слабыя. Але «фаната» сваіх вершаў Сталін запомніў і дапамог яму зрабіць кар’еру. Гэты факт падсвечвае сучасныя інтрыгі, бойкі кланаў «за доступ да цела», якія адбываюцца пры «дварах» узурпатараў улады ў Мінску, Маскве, Астане, Ташкенце або Ашхабадзе, выкрывае сутнасць халуйства.

Расійскі пісьменнік А. Сталяроў дае азначэнне: «…Под автократическими формами власти мы подразумеваем все те политические конструкты, которые не могут быть изменены путем свободного волеизъявления граждан, — и монархии, и тирании, и различные диктатуры, и «партийные государства» китайского или советского образца, и «суверенные демократии», существующие сейчас в Белоруссии и России». Многія постсавецкія краіны вярнуліся ў сталінскі тупік, таму што грамадзяне дазволілі ўзурпіраваць уладу адыёзным, несумленным асобам.

Пасля памятнага ганебнага рэферэндуму я апублікаваў верш «Пелька», які выкрываў жульніцкую палітыку і заканчваўся страфой:

«У сабор,
у саюз,
у імперыю!
Манка з неба прасыплецца там…»
Мітусяцца маленькія Берыі,
Сталін сніцца маўклівым рабам.

Колькі тады было істэрычных, мярзотных паклёпаў у друку на мяне! Але паглядзіце, як ціхай сапай або адкрыта рэжым робіць незалежную Беларусь залежнай. Пра гэта сведчаць расійскія ваенныя самалёты на нашых базах, будаўніцтва АЭС, прадажа стратэгічных аб’ектаў. Усё скіравана на тое, каб узурпатар змог яшчэ нейкі час пратрымацца на троне пры дапамозе Расіі.

З вершам пераклікаецца свежы артыкул «Другая жизнь в СССР» першага намесніка галоўнага рэдактара часопіса «Знамя» Н. Івановай: «СССР как мечта, как иллюзия, как галлюцинация — не в красных, в розовых тонах — начал восстанавливаться. В этом вопросе лакмусовая бумажка — имя Сталина: как только оно возвращается со знаком плюс, так становится ясно — дан ход назад. /…/ Постепенно — и гимн вернулся. /…/ Вернулись и выборы по-советски, с душком, вернулось недоверие к свободо- и инакомыслящим, вернулись и политические посадки. Вернули и насаждают если не ненависть, то неприязнь к Западу и особенно США. Одновременно вернулась и прямая, нескрываемая поддержка самых подлых режимов. /…/ Вернулась «патриотическая» идеология и пропаганда, распиливающая огромные государственные деньги».

У Беларусі ўсё гэта адбылося значна раней, чым у Расіі…

Сталін да канца не знішчыў, але рэпрэсіямі падтачыў генетычны фонд, маральнае здароўе, нацыянальную годнасць беларусаў. А яны такія ўдзячныя кату за крывавыя злачынствы, што пабудавалі «Линию Сталина», паставілі помнік у г.Свіслачы, адстойваюць вуліцу Сталінскую, якая неяк дажыла да нашых дзён. Што на гэта скажаш? Можна толькі пакруціць пальцам ля скроні.

Абсурд, які запаланіў Беларусь, варты смеху, але ён — надзвычай атрутны. Яго аўтары кажуць: навошта асуджаць сталіншчыну, хай міфы застаюцца. Не, подлыя фальсіфікатары! Неасуджанае мінулае заўжды вяртаецца. Амаль 20 гадоў яно здзекуецца над здаровым сэнсам жыцця, калечыць лёсы людзей. Няўжо яго трэба трываць яшчэ 10 гадоў — да поўнага сталінскага тэрміну?

Мы жывем у краіне, якую ў свеце называюць «савецкім запаведнікам» або «сталінскім тупіком». Даўно прыйшла пара выходзіць на волю.