Калі праз 100 гадоў даследчыкі-антраполагі будуць складаць даведнікі побытавай культуры беларускага горада 1990—2020-х, асноўнай загадкай, з якой яны сутыкнуцца, будуць матывы, што вымушалі людзей па ўласным жаданні ператвараць сваё жытло ў пластыкава-ПВХшна-ДВПшныя тэрарыумы, прычым аддаваць за гэта шалёныя грошы.

«Еўрарамонт» — гэта феномен, з якога ў той ці іншай ступені корміцца не меней за дзесяць адсоткаў працоўнага насельніцтва Беларусі: «дызайнеры», гандляры кітайскімі змешвальнікамі, «італьянскай» пліткай і ўкраінскім ламінатам; вытворцы таго, што ў нас называюць мэбляй — пластыкавага пастформінгу, які добра пасуе да вычварэнскай эстэтыкі «еўрарамонтаў».

Усе астатнія дзевяноста адсоткаў насельніцтва плацяць гэтым дзесяці. Ці назапашваюць грошы, каб, нарэшце здзейсніць мару і заплаціць. Алгарытм чалавечай паспяховасці сёння ўяўляецца наступным чынам: 1) кватэра; 2) машына; 3) дача. І недзе паміж першай і трэцяй ступенню — абавязковы «еўрарамонт». Еўрарамонт пранікае ў галовы, у вушы (таму што жыць у грамадстве і быць вольным ад рамонту суседзяў немагчыма) і нават у літаратуру: нездарма ж самае страшнае, што робіцца з лірычным героем Бахарэвічавых «Шабаноў», — гэта менавіта «рамонт», які ў Беларусі без прыстаўкі «еўра-» не бывае.

Еўрарамонт — гэта калі чалавек, які набыў ці атрымаў ад бабулі файную жылую «сталінку» ці «хрушчоўку», пачынае з таго, што нахер узрывае і выкідае натуральную драўляную падлогу, ад аднаго погляду на якую любы еўрапейскі дызайнер проста абзайздройсціўся б. Бо няма нічога экалагічнейшага і эстэтычнейшага за роўныя якасныя дошкі, пафарбаваныя старасвецкім алеем. Далей чалавек замест натуральных дошак кладзе «ламінат», які выглядае як дрэва, але насамрэч ёсць прэсаванай сумессю субстратаў, пакрытай танюткім слоем шпону (у найлепшым выпадку). Яшчэ варыянт — на аголены бетон падлогі кладзецца «каўровае пакрыціе», якое адразу нівелюе розніцу паміж жытлом і офісам і забяспечвае ў хаце густы пах сінтэтыкі.

Далей чалавек пачынае знішчаць сцены. Таму што гэта ж невыносна — захаваць хату ў той канфігурацыі, у якой яе запланавалі. І вось, з’яўляюцца «нішы» пад лядоўню, уступы пад ракавіну на кухні. Калі на калідоры ёсць прастакутны праём, яго абавязкова трэба ператварыць у арачку. Любяць нашыя людзі арачкі. Далей бабуліна ванная, метр семдзесят, дабротны чыгун, выкідаецца, на яе месца ставіцца кітайская душавая кабіна з радыё, водным масажам і падсветкай. Радыё ламаецца праз тыдзень, падсветка і масаж — праз два, змешвальнік пачынае цячы праз месяц і яго даводзіцца мяняць на турэцкі (гэтага хопіць на паўгода). Калі чалавек эстэт, замест чыгуннай ванны ён паставіць акрылавую — тое самае, але не халеры не трымае цяпла і каштуе някісла. Але нельга ж пакідаць «ламачча» ў сваёй кватэры!

Пасля таго як «арачка» і ніша пад лядоўні ўжо выдзеўбленыя, штраф за несанкцыяваную перапланіроўку выплачаны, пачынаецца шызоідная барацьба за роўнасць сценаў і столі. Усе стыкі і швы хаваюцца, усе ямачкі і няроўнасці бязлітасна і шызафрэнічна тынкуюцца да поўнага белага абсалюту.

У тым, наколькі роўныя ў нас сцены, хаваецца асноўная загадка нацыянальнага характару. Я асабіста ведаю чалавека, які ледзь не зарабіў інфаркт міякарда, ваюючы з тынкоўшчыкамі, якія, на ягоную думку, ніяк не маглі вывесці адну са сценак у нуль, а адзін з кутоў зрабіць бездакорным. Ні ягоныя сябры, ні ягоная дзяўчына, ні тыя будаўнікі-тынкоўшчыкі ніякіх хібаў на сценцы не бачылі. Ён жа бачыў, і гэта яго непакоіла. Ён не спаў начамі і часаўся. Ён натуральна не мог жыць у сваёй хаце. Здаецца, праз тую няроўнасць сцяны ён нарэшце і збухаўся.

Вокны. Гэта наогул трындзец. Вось стаяць драўляныя рамы, іх канечне трэба выкарчаваць і замяніць на «шклопакеты». Добрых шклопакетаў у Беларусі проста не робяць, бо тое, што майстырыцца з дрэва, недасушваецца і хутка страчвае геаметрыю. Рамы перакручвае, утвараюцца шчыліны. А са сталі ці лістоўніцы, як у той Нямеччыне ці Францыі, у нас вокны ніхто не робіць. А таму адзіны адказ у нас — ПВХ. Што ў сукупнасці з пластыкавым ламінатам, пластыкавым постформінгам кухоннай мэблі і вінілавай столлю ўтварае такі мікраклімат, што хутка пачынаеш адчуваць сябе ўнутры гумавага паветранага шарыка.

Дарэчы, вінілавая нацяжная столь — гэта яшчэ добра. А бываюць жа яшчэ «ўступчатыя гіпсакардоны»: калі ў ампірны інтэр’ер вычварэнская фантазія калгасніка-ўладальніка ўбахвае канструкцыю з зігзагамі і хвалямі, падобнымі да прыклеенай да столі барнай стойкі. І каб выглядала па-багатаму, ва ўсё гэтае хараство трэба зафігачыць такія офісныя аднолькавыя ліхтарыкі, якімі яно будзе зверху зіхацець, калі, канечне, не адклеіцца і не шарахнецца на галаву, бо вагі там — як у тым «Тытаніку».

А гэтыя шафы з ДВП і стылізаванай пад арэхавы шпон пластмасы! А гэтыя спальні з сілумінавымі купідонамі! А сценкі самых «багатых» таварышаў, якія прыклейваюць на іх абрэзкі турэцкага пясчаніку — у Стамбуле той пясчанік прадаецца плітамі для ўпрыгожвання экстэр’ераў і фасадаў, нам жа прадаюць рэшту, якая засталася з тых пліт, і мы пляскаем яе ў інтэр’еры і яшчэ ганарымся як апошнім віскам еўрапейскай моды. А тыя люстры ў ванных пакоях з ужо згаданымі офіснымі лямпачкамі! А жырандолі! А шпалеры з золатам і цісненнем, якія ў любой краіне на Захад ад Брэста калі б і з’явіліся ў якім інтэр’еры, дык гэта быў бы інтэр’ер пакоя смеху ў тэматычным дзіцячым парку.

Рамонт — гэта заўсёды вайна, гэта голад, недахоп сродкаў, смяротная стома. Гэта немагчымасць памыцца, бо ў ваннай кладуць плітку. Гэта мара пра тое, што калі-небудзь ён скончыцца і тады ўжо зажывем! Звычайна, рамонт сапраўды калі-небудзь канчаецца. Але жыццё пасля яго лепшым не робіцца. А таму праз які год пачынаецца новы рамонт — бо «шпалеры пабляклі» ці плітка паадвальвалася.

Былы савецкі эмігрант, а цяпер англійска-расійскі мастак Максім Кантар напісаў кнігу «Савок і венік», якая некалькі гадоў таму нарабіла шуму. Ведаеце, пра якое асноўнае адрозненне ў англійскім і савецкім жытле кажа Кантар? Ён кажа, што сярод карэнных жыхароў Лондана лічыцца непрыстойным, калі дом і інтэр’еры дома выглядаюць занадта новымі. Традыцыі там — не пусты гук. Сцямнелыя ад часу шпалеры падаюцца больш высакародным аздабленнем жытла, чым навюткія з «Ікеі». Стары скрыпучы фатэль — лепшы за той, што можна набыць у краме.

Гэта не праз беднасць.

Гэта праз наяўнасць густу.

Ёсць пра што задумацца, шаноўныя суайчыннікі.