У Кіеве ўпершыню давялося пабываць напрыканцы 2011 года. Цэнтр горада тады ўразіў нечуванай пасля звыклага Менску вольніцай на вуліцах – шматлікія моладзевыя пляцоўкі, на якіх не баючыся міліцыі выступалі аматарскія гурты, нейкія міні-атракцыёны, паўсюдныя кава-кіёскі на колах.

 

Горад

У Кіеве ўпершыню давялося пабываць напрыканцы 2011 года. Цэнтр горада тады ўразіў нечуванай пасля звыклага Менску вольніцай на вуліцах – шматлікія моладзевыя пляцоўкі, на якіх не баючыся міліцыі выступалі аматарскія гурты, нейкія міні-атракцыёны, паўсюдныя кава-кіёскі на колах. І літаральна пасярод гэтага карнавалу размяшчаўся міні-майдан – намётавае мястэчка з партрэтамі Цімашэнкі на кожным намёце, з карыкатурамі на Януковіча. І людзі рознага веку, якія збіраюцца ў пераходах, каб паспяваць украінскія песні…Зусім іншы Кіеў давялося пабачыць падчас апошняй паездкі ва Ўкраіну. Горад з моманту апошняга візіту стаў нібы больш знаёмы, вуліцы асацыяваліся з нейкімі падзеямі, удзелу ў якіх я, натуральна, не прымаў, але за якімі неадрыўна сачыў. З моманту апошняй паездкі мінула дастаткова часу. Знаёмства з Кіевам працягвалася дыстанцыйна – праз навіны, якія выціснулі з інфармацыйнага поля ўсё астатняе. Да звыклай ўжо карцінкі, шматкроць бачанай у інтэрнэце, дадаліся гукі і пахі – на Майдане і прылеглых да яго вуліцах дагэтуль стаіць моцны пах гарэлай гумы. На Грушэўскага закураўленыя будынкі толькі ўзмацняюць адчуванне прысутнасці на папялішчы. Лёгкі смурод, які даносіцца з боку шматлікіх біяпрыбіральняў нагадвае, што людзі тут, у цэнтры Кіева, не толькі прагульваюцца, але і жывуць – Майдан не разыходзіцца.

Людзі

Шмат людзей у камуфляжы. Старых, маладых, хлопцаў, дзяўчат. Бачыў нават маленькага хлопчыка, гадкоў чатырох, апранутага ў камуфляжную форму. Нехта ж дадумаўся пашыць форму такога памеру! У цэнтры Кіева камуфляжная форма – гэта фон. Як і не разабраныя пакуль барыкады, акуратна складзеныя кубы пліткі, вайсковыя намёты. Людзі ў камуфляжы выглядаюць стомленымі. Як сказаў адзін маладзён у намёце побач з не разабранай дагэтуль “йолкай”, у лютым “было прасцей – быў беркут з цітушкамі, і іх трэба было неяк стрымаць. А цяпер вось сядзім нечага і чакаем”. Але рашучасці сядзець да канца людзям на Майдане пакуль не бракуе. Засталося занадта шмат пытанняў без адказу, галоўнае з якіх – за што загінула Нябесная сотня, і, галоўнае, ці не загінула  яна дарма.

Паралелі і высновы

Падчас візіту ў Кіеў пашчасціла шмат паразмаўляць з украінскімі калегамі-журналістамі. Натуральна, беларускіх журналістаў ці не ў першую чаргу цікавілі перспектывы далейшых беларуска-ўкраінскіх узаемадачыненняў. Часта гучалі пытанні пра тое, хто будзе наступным прэзідэнтам Украіны, ці здолее Ўкраіна выйсці пераможцай з расейска-ўкраінскага канфлікту. Парадаваў асцярожны, але цвёрды аптымізм украінскіх калег – адчуваецца, што ўкраінцы не маюць асаблівых ілюзіяў наконт магчымых цяжкасцяў на шляху выхаду з крызісу, але значная частка гатовая цярпець дзеля лепшай будучыні. Украінцы праз два дзясяткі гадоў незалежнасці нарэшце наважыліся самастойна будаваць свой украінскі дом. Ледзьве не паўтарыўшы памылку беларусаў у выбары моцнай рукі. І заплаціўшы за выпраўленне гэтай памылкі крывёй сваіх грамадзянаў.Кіеў 2011 сустрэў пахам кавы і гукамі аматарскіх гуртоў. Кіеў 2014 пахне гарэлай гумай і прысутнасцю вялікай колькасці людзей. Часам свабода пахне не вельмі прыемна, але без паху папялішча часам цяжка заўважыць водар вясны і квітнеючых каштанаў.